::
2020.02.22 — “Ягорава Гара”: узыходжанне працягваецца / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
“Ягорава Гара”: узыходжанне працягваецца
Спасылка
Дата публікацыі
22.02.2020
Катэгорыя
інтэрвію
Поўны тэкст
У 2013 годзе фальклорны гурт з Гомеля “Ягорава Гара” пачаў канцэртную дзейнасць. У 2014-м “К” змясціла артыкул “Узняцца на Ягораву Гару”. З таго часу шмат падзей адбылося. У стваральніка праекта, якому цяпер — 58, значна пасівела барада. Але ўражваюць не змены аблічча. Гурт здолеў стаць прадзюсарскім цэнтрам, а экспепрыменты з музыкай набылі характар прынцыповай пазіцыі. Вось гэта і стала галоўнай тэмай для гаворкі з Ягорам Палешуком, які спарадзіў “…Гару” і паспрабаваў узняцца над светам будзённасці. У яго атрымалася.

 

— Давайце нагадаем спачатку, што паўплывала на тое, каб бізнесовец Ігар Архіпаў стаў музыкантам Ягорам Архіпавым.

— Так абставіны склаліся. З пяцідзесяці гадоў пачаў задумвацца над стварэннем ансамбля. Што паробіш, калі спеўная душа ў беларуса. І музыку рабіць хацелася, і спяваць. Апошнім штуршком вось што стала. Пачуў некалькі канцэртаў гомельскага песеннага фальклору і вырашыў сам заняцца гэтым ушчыльную. Усё адно да аднаго ідзе: сустрэў выкладчыцу дзіцячай школы мастацтваў Наталлю Дуброву (Багданаву), якая даўно займалася аўтэнтыкай і спявала ў фальклорным гурце. Запрасіў яе. Працаваў спачатку з рознымі музыкантамі, спрабаваў апрацаваць некалькі песень. Нібыта атрымалася. Рэпетыцыямі вельмі сур’ёзна заняліся. Дзень нараджэння “Ягоравай Гары” — 11 студзеня. У красавіку — маі штосьці ўжо зладзілася: зрабілі пяць — шэсць песень.

 

/i/content/pi/cult/786/16949/13_1.jpg

 

— У якім вы сёння складзе?

— Ірына Глушэц, Кацярына Магонава і Ягор Паляшук… Хачу яшчэ чалавека ўзяць у склад гурта. Інструментаў шмат. Неабходна іх выкарыстоўваць шырэй. А дзяўчаты, між іншым, — майстрыхі традыцыйнага спеву. Такой манеры няма ў іншых фольк-гуртоў. Музыка прыстасавана пад сучаснага слухача, а манера спеву — тая ж, спрадвечная.

— Наконт інструментаў патлумачце, калі ласка.

— У маёй калекцыі — увесь набор народных беларускіх традыцыйных інструментаў. Трэба іх асвойваць, каб не былі музейнымі экспанатамі, а працавалі.

— Што зрабіла “Ягорава Гара” за гэты час?

— Набылі, па-першае, вялікі вопыт. Заўважце, мы ж музыкантамі ўвогуле не былі. Прыйшлося вучыцца аўральнымі тэмпамі. Вучыліся і вучымся. У 2016 годзе выдалі першы дыск зборных песень, якія мне тады найбольш прыйшліся даспадобы. Цяпер працуем над двума альбомамі. Не спяшаемся, бо хочацца, каб вынік быў істотным і важкім… Ну і канцэртнай дзейнасцю пастаянна займаемся.

— Як эканамічныя пытанні вырашаеце?

— Ёсць у нас, натуральна, платныя канцэрты. Шмат і запрашэнняў: на адкрыццё і закрыццё Еўрапейскіх гульняў, на свята “Александрыя збірае сяброў”, на піцерскі фэст “Славянскі кірмаш”. Безумоўна, бывае, што і свае грошы ўкладаеш. Да прыкладу, студыйнае абсталяванне набыў — некалькі песень зрабілі самастойна. Майстэрынг імкнуся рабіць сам, бо прасіць — шмат грошай укладаць. Словам, імкнёмся быць ва ўсім самастойнымі.

— Прадзюсарскім цэнтрам сталі пасля таго, як набылі студыйнае абсталяванне?

— Абсталяванне абсталяваннем. Галоўнае ў тым, што кола майго музычнага сяброўства значна павялічылася за гэтыя гады. Я адчуў магчымасць рабіць з сябрамі-музыкантамі штосьці яшчэ і па-за межамі фальклору. Эсперыменты гэтыя прыносяць мне мора задавальнення. Спрабую рабіць інструментальную музыку. Самыя розныя стылі выкарыстоўваю: эстрадны поп, псіхадэлік, індастрыял… Сам слухаю вельмі розную музыку. Канкрэтнай прывязанасці тут няма. І гэта не класічны рок, а, скажам, сучасны ф’южн… Другі складнік дзейнасці нашага прадзюсарскага цэнтра — правядзенне адкрытага міжнароднага фальклорнага фестывалю-конкурсу “Прамень”. Гэта вынік, так бы мовіць, сяброўства з цудоўным музыкантам і педагогам Іванам Кірчуком. Аднойчы ён завітаў у Гомель, і я выклаў яму думку пра фальклорны фэст, які хацеў зладзіць менавіта на роднай Гомельшчыне. Ён падтрымаў ідэю, і напрыканцы 2018 года ў Гомельскім гарадскім цэнтры культуры прайшоў першы “Прамень”. Людміла Паніна — кіраўнік ГЦК — цалкам нас падтрымала. Другі фэст, што правялі днямі, прайшоў таксама ў гарадскім цэнтры культуры.

— Фестываль становіцца для вобласці брэндавым. Мяне, напрыклад, вельмі ўразіла тое, што Гран-пры на другім “Прамяні” атрымаў інклюзіўны гурт “Вясёлка” з Мазыра.

— Праграма другога фэсту была больш цікавай. Справа зразумелая: “Прамень” развіваецца. Былі і танцы, і вакал, і змешаныя віды мастацтва, і інструментальная музыка. Думаю, што фальклорная традыцыя і аўтарскія перастварэнні фальклорнай стылістыкі былі прадстаўлены вельмі яскрава… Крыўдна, што два калектывы не выпусцілі з Украіны па прычыне эпідэміі.

— “К” у інтэрв’ю з Алегам Скрыпкам, Святаславам Вакарчуком гаварылі пра магчымасць правядзення сумеснага, беларуска-ўкраінскага фальклорнага фэсту пад назвай, скажам, “Сівы конь” (песню гэтую і па-ўкраінску спяваюць, і па-беларуску). У вас думкі наконт такой узаемакарыснай калабарацыі ўзнікалі?

— Прыглядаюся да Украіны вельмі ўважліва, бо тамтэйшае музычнае жыццё на дзіва стракатае і цікавае. Планую і на Польшчу выйсці. Тут трэба зацікаўленую асобу знайсці. Як, да прыкладу, Іван Кірчук у дачыненні да нашага фэсту “Прамень”.

— А са сталічнымі фальклорнымі гуртамі супрацоўнічаеце?

— Усё ж найперш хацелася б ахапіць сваім уплывам менавіта родную Гомельшчыну, якая надзвычай багатая на песенна-мастацкія традыцыі.

— Як ураджэнец Веткі я абедзвюма рукамі за!

— Нашы вельмі блізкія сябры — “Стаўбунскія вячоркі” з Веткаўшчыны.

— Ведаю, што яны цудоўна выступілі на другім “Прамяні”. Кіраўнік гурта Святлана Парашчанка падчас аднаго з інтэрв’ю прасіла мяне прыдумаць для “…вячорак” які-небудзь сумесны праект, бо былі яны з канцэртамі паўсюль, і ў Беларусі, і ў Расіі, а хочацца развівацца. З такой неўтаймоўнасцю “Стаўбунскім вячоркам” яшчэ зрываць ды зрываць апладысменты…

— Паспрабуем з імі выканаць разам некалькі песень… Трэба ўсё рабіць, каб наш фальклор быў запатрабаваным.

— Ягор, наступнае пытанне ў мяне правакацыйнае. Хочаце, можаце не адказваць… Я штосьці не знайшоў пісьмовых крытычных водгукаў на вашу дзейнасць. Кепска шукаў?

— Не, чую па размовах, што крытыкуюць. За тое, найперш, што часам, маўляў, здраджваю акапэльным аўтэнтычным спевам і раблю зусім іншую музыку. Я ў першую чаргу арыентуюся на маладзёжную публіку. Але, цікава, у розныя сезоны, узрост публікі мяняецца. Як паказвае стытыстыка сацыяльных сетак, асноўны наш “зімовы” слухач — ад 35 да 50 гадоў. Летам “памаладзеем”.

— На адкрытых пляцоўках моладзь успрымае вашы эксперыменты “на ўра”.

— А як толькі пачыналі, дык крытыкаваць спрабавалі менавіта за аўтэнтыку. Гэта цяпер мы прыдбалі папулярнасць… У мяне адносна нядаўна была размова з адным з музычных крытыкаў, які настойліва сумняваўся ў творчых дасягненнях. Я параіў яму зайсці на міжнародны партал “Этнаклауд”, дзе ў TOP-40 мы займалі восенню першае і другое месца. Крытык пасля кліку нават твар згубіў ад сораму.

— Аргумент!

— Мне нядаўна лісты прыйшлі з Англіі, Канады, Амерыкі з просьбай выслаць наш музычны матэрыял. Пачатак — абнадзейваючы.

— Будзем спадзявацца, што і фінал будзе адпаведным.

 Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"
СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.03.2021 21:30:23

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.