::
2020.02.22 — Статус каштоўнасці вымагае іныцыятывы / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Статус каштоўнасці вымагае іныцыятывы
Спасылка
Дата публікацыі
22.02.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Усё больш актыўна ідзе апошнім часам праца па пашырэнні Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў у частцы нематэрыяльных праяў творчасці чалавека. 12 лютага адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, на якім разглядаліся пытанні аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці цэламу шэрагу такіх элементаў.

 

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір адзначыла, што разгляду пытанняў аб наданні статусу каштоўнасці нематэрыяльным праявам творчасці чалавека члены рады заўжды чакаюць з асаблівым нецярпеннем. Нядзіўна, бо такія пасяджэнні — цудоўная магчымасць для сустрэчы з народнымі майстрамі з рэгіёнаў. А яны, да таго ж, зазвычай дэманструюць на радзе плён сваёй працы — мастацкія вырабы альбо традыцыйныя стравы.

Нацыянальны брэнд

Першай разглядалася прапанова аб наданні статусу нематэрыяльнай каштоўнасці беларускім мастацкім практыкам саломапляцення. Асаблівасць гэтага элемента палягае ў тым, што такія практыкі існуюць не ў пэўным асобным рэгіёне краіны, а па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Прычына захаванасці і распаўсюджанасці гэтага мастацтва не ў апошнюю чаргу палягае ў тоеснасці самога матэрыялу з народнай міфалогіяй, традыцыйнымі сакральнымі ўяўленнямі аб хлебе і ўсім, што звязана з яго вытворчасцю. Мастацкія практыкі саломапляцення — гэта комплекс ведаў не толькі аб прыёмах апрацоўкі саломкі, але і аб уяўленнях пра іх духоўную каштоўнасць і сімвалізм матэрыялу ды саміх вырабаў, а таксама аб абрадавых практыках, з імі звязаных.

 

/i/content/pi/cult/786/16937/4_1.jpg

 

Гісторыя саломапляцення такая ж даўняя, як гісторыя земляробства, і першыя вырабы з саломы нашыя продкі пачалі ствараць неўзабаве пасля таго, як упершыню выпеклі хлеб. Хаця саломапляценне вядомае ў многіх народаў, тым не менш, даследчыкі падкрэсліваюць, што толькі ў Беларусі яно атрымала такое шырокае распаўсюджанне, дасягнула высокага мастацкага ўзроўню, захавалася і паслядоўна развіваецца да нашых дзён. Нездарма прыгадваюць шматлікія выпадкі, калі майстэрства саломапляцення выратоўвала людзей падчас апошняй вайны - умельцы плялі скрыначкі, аздобленыя дэкорам, і абменьвалі іх на ежу, выраблялі абутак — традыцыйныя лапці, а партызаны — адмысловыя прыстасаванні для праходу па багне.

Дакладчыкам па гэтым элеменце выступіў доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. Ён адзначыў, што ў беларусаў здаўна былі распаўсюджаныя плеценыя з саломы вырабы як аграрна-абрадавага прызначэння, так і побытавыя прадметы: саламяны посуд спіральнага пляцення, капелюшы, брылі…

Вяршыняй майстэрства мастацкага саломапляцення можна лічыць саламяныя іканастасы вясковых храмаў Палесся, якія дайшлі да нашых дзён з канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя (варта адзначыць, што саломка — даволі трывалы матэрыял, які дастаткова добра захоўваецца). Прычым прымяненне саломы ў манументальна-дэкаратыўным дэкоры — унікальная з’ява, характэрная выключна для Беларусі.

На жаль, практыкі саломапляцення пачалі сыходзіць у нябыт са знікненнем ручнога жніва ў другой палове ХХ стагоддзя. Працэс заканамерны — але яго цудам удалося спыніць. Рэдка можна вылучыць канкрэтную асобу, з якой было б звязана адраджэнне цэлай з’явы традыцыйнай культуры. Але ў гэтым выпадку можна сказаць, што саломапляценне было ўратаванае ад заняпаду дзякуючы намаганням народнай майстрыхі Веры Гаўрылюк, якая аднавіла вырабы з саломы, знаёмыя ёй з дзяцінства, на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў у 1970-х гадах. Пасля гэтага саломапляценнем заняліся многія іншыя майстры, і яно зноў пачало пашырацца.

 

/i/content/pi/cult/786/16937/4_2.jpg

 

Зручнасць гэтай тэхнікі палягае ў тым, што яна не патрабуе прымянення фізічнай сілы, таму займацца саломапляценнем могуць усе — пачынаючы ад дзяцей у садках. У нашыя дні саломапляценне ў Беларусі набыло надзвычайную папулярнасць і зрабілася сапраўды народным мастацтвам. Саломка ў сённяшніх гарадскіх умовах стварае сувязь з сялянскай традыцыяй вырошчвання хлеба, не дае адарвацца ад каранёў. Многія майстры адмыслова сеюць на сваіх прысядзібных участках збожжа, каб атрымаць матэрыял для вырабаў, альбо набываюць яго, захоўваюць старажытныя гатункі — бо сучасныя маюць занадта жорсткае сцябло, нязручнае для творчасці.

Мастацкімі вырабамі з саломы славіцца наша краіна і далёка за сваімі межамі. У 2003 годзе Беларускі саюз майстроў народнай творчасці правёў у Мінску першы Міжнародны фестываль саламянага мастацтва, у якім удзельнічалі каля сарака майстроў з усяго свету. Але, як адзначаюць спецыялісты, у іншых краінах, зазвычай, вырабы майстроў саломапляцення чыста дэкаратыўныя, яны не маюць ні такой традыцыі побытавага і абрадавага выкарыстання, як у Беларусі, ні настолькі ж высокага мастацкага ўзроўню.

Для падачы прапановы аб наданні статуса каштоўнасці, былі прадстаўленыя звесткі пра 200 майстроў з усёй краіны, якія займаюцца мастацкім саломапляценнем. З Гродзенскай вобласці пададзеныя звесткі аб 50 майстрах, з Віцебскай — аб 44, з іншых абласцей — прыкладна аб 25 у кожнай.

Важная ўмова для атрымання статусу каштоўнасці — наяўнасць пераемнасці майстэрства. Гэтае ўменне ў многіх сем’ях майстроў па ўсёй краіне перадаецца ад бабуль і дзядоў да ўнукаў. Але не толькі — многія ўмельцы асвоілі саломапляценне самастойна, па кнігах. І даследчыкі гэтага мастацтва, і майстры прызнаюць яго папулярнасць, але адзначаюць, што для абмену досведам і развіцця саломапляцення неабходна паклапаціцца аб правядзенні пастаянных конкурсаў — як сярод дзяцей, так і між дарослых.

Праўда, штогод адбываецца конкурс “Папараць-кветка” на “Славянскім базары ў Віцебску”, дзе можна азнаёміцца з найлепшымі ўзорамі саломапляцення, многія майстры пастаянна працуюць таксама пры аграсядзібах — але адкрытым застаецца пытанне стварэння пастаяннай экспазіцыі, дзе можна было б азнаёміцца з найлепшымі мастацкімі вырабамі — музея беларускай саломкі. Важна, каб найлепшыя ўзоры саломапяцення былі годна прадстаўленыя на радзіме, а не сыходзілі за мяжу ў якасці сувеніраў і не асядалі там у прыватных калекцыях. Майстры спадзяюцца, што ўключэнне практык саломапляцення ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў будзе спрыяць з’яўленню такіх пляцовак і новых магчымасцяў для развіцця іх мастацтва.

Вытокі Шагала і спадчына Драздовіча

Наступным разглядалася пытанне аб наданні статусу каштоўнасці традыцыям інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны. Вытокі гэтай плыні даследчыкі адсочваюць у цэхавым малярскім мастацтве, царкоўным мастацтве, набліжаным да народнага, а таксама творчасці мастакоў, якія ў пачатку ХХ стагоддзя малявалі на замову рэкламныя шыльды, дэкарацыі для фатографаў, пакаёвыя дываны і гэтак далей. Для інсітнага мастацтва характэрныя ідылічная карціна свету, гратэскны рэалізм, містычныя вобразы, міфалагічны светапогляд.

 

/i/content/pi/cult/786/16937/4_3.jpg

 

Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт культуралогіі, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Людміла Вакар адзначае, што спадчыну, прыёмы і светапогляд мастакоў-самавукаў Віцебшчыны пераасэнсоўваў у сваёй творчасці славуты Марк Шагал, а найбольш знакаміты з прадстаўнікоў наіўнага мастацтва, Язэп Драздовіч, спалучыў з народнай традыцыяй рамантычны ўплыў віленскай мастацкай школы і стылістыку мадэрну.

У 1947 годзе ў Віцебску пры абласным Доме народнай творчасці з’явілася студыя выяўленчага мастацтва, якая сёння дзейнічае як клуб народных творцаў, што дасюль забяспечвае пераемнасць традыцый мастакоў-самавукаў. У 1991 годзе ў Віцебску адбылася першая выстава мастакоў-прымітывістаў, на якой былі прадстаўленыя 22 творцы — а сёння іх лічба дасягае амаль 50 у 27 населеных пунктах Віцебскай вобласці. З таго часу ўжо адбылося пяць нацыянальных выстаў інсітнага мастацтва. Гэтая плынь патрабуе належнага асэнсавання і захавання перадусім таму, што ва ўмовах сучаснай цывілізацыі ўспрыманне свету, уласцівае мастакам-прымітывістам, можа быць цалкам страчанае.

Хлеб са смакам гісторыі

На радзе былі разгледжаныя дзве лакальныя традыцыі выпякання хлеба — у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці і Любанскім раёне Мінскай. У кожным рэгіёне — свае асаблівасці і тэхналогіі, але аб’ядноўвае іх аднолькавая павага да самага галоўнага і шанаванага кампанента традыцыйнага беларускага стала.

Грачаны хлеб на Маларытчыне вядомы з канца ХІХ стагоддзя, грэчка ў тыя часы была там адным з асноўных відаў збожжа. Называюць такі хлеб у ваколіцах Маларыты па-рознаму: грачанікі, бабка, хлеб з дзіркамі. Унікальнасць жа мясцовай традыцыі ў тым, што больш у Беларусі грачанага хлеба не пякуць нідзе.

А на Любаншчыне ў вёсках Жораўка і Кузьмічы гатуюць хлеб з жытняй і пытляванай белай пшанічнай мукі. Пры кузьміцкім сельскім Доме культуры працуе аб’яднанне “Кузьміцкія прысмакі”, агулам тут выпякаюць хлеб больш за 20 гаспадынь. Яны дбайна захоўваюць традыцыйныя рэцэпты і выпякаюць хлеб штодзённы, святочны і нават… “партызанскі”, з дадаткам жалудоў, мякіны, кары дрэў — яго гатуюць, напрыклад, да Дня Перамогі. Ёсць рэцэпты з дадаткам гарбуза, сушаных яблыкаў. Вядома, трэба захоўваць і традыцыйную тэхналогію вырабу, выпякаць хлеб у печы — але, кажуць напаўжартам, адна з гаспадыняў знайшла выйсце: калі пакласці ў газавую пліту цагліну, то хлеб набывае патрэбны водар.

Па ўсіх чатырох прапановах навукова-метадычнай радай былі прынятыя станоўчыя рашэнні, на падставе чаго Міністэрствам культуры гэтыя элементы будуць уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Прычым элемент “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення” цяпер плануюць прапанаваць для ўключэння ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Удзельнікі пасяджэння падкрэслілі, што для захавання падобных практык трэба, каб ініцыятыва аб наданні ім статусу каштоўнасці перадусім сыходзіла з месцаў, ад саміх майстроў. Будзем спадзявацца, што захавальнікі і носьбіты традыцый прыслухаюцца да гэтай парады, і спіс нематэрыяльнай спадчыны будзе надалей дапаўняцца новымі скарбамі нашай народнай культуры.

Фота аўтара

На здымках: Вырабы майстроў беларускага саломапляцення.

 Аўтар: Антон РУДАК
СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 13.01.2021 08:03:29

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.