::
2015.01.17 — Народныя абрады: ці ўсе ім рады? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Народныя абрады: ці ўсе ім рады?
Спасылка
Дата публікацыі
17.01.2015
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст
Пры чым аптымізацыя да захавання традыцыі?Не сакрэт, што імклівае развіццё сродкаў камунікацыі, павышэнне мабільнасці насельніцтва, такія ўжо звыклыя працэсы глабалізацыі ды ўрбанізацыі прыводзяць да трансфармацыі, перараджэння, а часам і знікнення народных абрадаў. Для беларускай культуры сёння гэта асабліва актуальна. Прыняцце хрысціянства ў даўнія часы, савецкая ўлада, затым разбурэнне “жалезнай заслоны” і плынь моды на іншаземнае — усё гэта знішчальным віхраслупам прайшлося па вытоках нашай культуры, разбураючы яе падмурак, выціскаючы з народнай памяці ды жыцця глыбінныя сэнсы абрадавых і рытуальных дзеянняў, прадметаў, сімвалаў.

 

/i/content/pi/cult/513/11076/4-3.jpg

У пачатку ХХІ стагоддзя гэтая праблема паўстала вельмі востра, і на чарговай канферэнцыі UNESCO была прынята Канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На тэрыторыі нашай краіны гэтая Канвенцыя ўступіла ў сілу ў 2006 годзе. З гэтага часу пачалося актыўнае супрацоўніцтва работнікаў культуры і навукоўцаў па пошуку і захаванні тых іскрынак, што яшчэ нясуць святло культурнай спадчыны.

Тым абрадам, што трапілі ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, можна сказаць, пашанцавала: за іх бытаваннем сочаць і навукоўцы, і работнікі культуры, і СМІ. Так, калядны абрад “Цары” ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна штогод збірае не адну сотню гледачоў, і, прыемна адзначыць, не толькі беларусаў. Напрыклад, 13 студзеня шматлікія тураператары прапаноўвалі замежным вандроўнікам зазірнуць на беларускія Каляды ў Семежава.

Не менш вядомыя калядныя абрады “Шчадрэц” вёскі Рог Салігорскага раёна і архаічны абрад “Цягнуць Каляду на дуба” вёскі Новіны Бярэзінскага раёна. А на Будслаўскі фэст (Мядзельскі раён) у гонар ушанавання Маці Божай Будслаўскай збіраюцца пілігрымы з усіх куткоў Беларусі ды бліжняга замежжа.

Такіх абрадаў, якія найбольш яскрава адлюстроўваюць самабытнасць нашай культуры, захавалася не так шмат. І, нягледзячы на тое, што некаторым з іх нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і яны ўзяты “пад ахову дзяржавы”, на тое, што інтэлегенцыяй вядзецца пастаянны пошук вартых увагі культурных з’яў, наша спадчына — пад пагрозай знішчэння.

Існуе некалькі асноўных прычын такой сітуацыі. Адна з іх — знікненне сельскай супольнасці. Вёскі “старэюць” і “выміраюць”, дый проста не стае людзей, каб праводзіць абрады. Разбураецца грамада. У сувязі з аптымізацыяй устаноў культуры закрываюцца клубы і бібліятэкі — часам адзіныя агмені культурнага жыцця на сяле…

Яшчэ адной праблемай у справе захавання старажытных абрадаў у жывой традыцыі з’яўляецца стаўленне Праваслаўнай ды Каталіцкай цэркваў да культурнай спадчыны беларусаў. Не сакрэт, што многія абрады маюць вытокі ў язычніцкай традыцыі, але, на маю думку, удзел у такіх абрадах — не паказчык веравызнання: гэта ўжо культурна-гістарычная, а не рэлігійная з’ява. І песні-вяснянкі ці абрадавыя шэсці — даніна памяці продкаў і намаганне захаваць сваю аўтэнтычную культуру, перадаць як мага больш багатую спадчыну наступным пакаленням. Але ў некаторых раёнах забараняюць удзельнічаць у старажытных абрадах. Мне гэта падаецца несправядлівым, бо адметнасць нашай культуры і заключаецца ў такіх абрадах, і мы не маем права страціць нашы культурныя каштоўнасці, не захаваўшы іх для нашчадкаў.

І калі вышэйназваныя прычыны маюць пад сабой названы падмурак і паўплываць на іх спецыялістам ды аматарам беларускага фальклору даволі складана, то ўзнікненне трэцяй прычыны мяне проста здзіўляе і непрыемна ўражвае. Я маю на ўвазе раз’яднанасць і нескаардынаванасць дзяржаўных інстытутаў ды грамадскіх аб’яднанняў у справе захавання нашай агульнай культурнай спадчыны.

Апантаныя асобы і аб’яднанні кшталту Студэнцкага этнаграфічнага таварыства робяць вялікую працу па зборы этнаграфічнага матэрыялу, яго апісанні і сістэматызацыі, рэканструкцыі традыцыйных строяў, побытавых танцаў і г. д. Але сабраныя матэрыялы цыркулююць толькі ў пэўным асяродку, у вузкім коле “сваіх”. Да людзей “афіцыйных” тут ставяцца з насцярогай і крытыкай. А дзяржаўныя ўстановы таксама не палаюць жаданнем плённага супрацоўніцтва, ставячыся да падобных арганізацый як да сапернікаў, ледзь не ворагаў.

Гэта вельмі дзіўна, бо ў беларускай традыцыі — вырашаць “вялікія і важныя справы” талакой. А адраджэнне і захаванне нашай агульнай культурнай спадчыны ў такі складаны час і ёсць вялікая ды важная справа.

За мінулы год на Міншчыне было прыкладзена нямала намаганняў па пераадоленні вышэйзгаданай раз’яднанасці: арганізаваны супольны праект з радыё “Мінская хваля” пад назвай “Продкі.by” — цыкл радыёперадач пра святы і абрады беларускага народнага календара. Наладжаны кантакт з Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту — ужо другі год запар мы сумесна праводзім рэканструкцыі калядных абрадаў, што бытуюць на Міншчыне. Сёлета імпрэза, прысвечаная провадам Каляды, адбудзецца сёння, 17 студзеня. Так што ўсе, неабыякавыя да роднай культуры, далучайцеся! Разам мы зможам больш!..

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці

 

 

У тэму

/i/content/pi/cult/513/11076/5-1 (2).jpg

Пабачыўшы на сайце аднаго з айчынных музеяў прэс-рэліз культурна-масавага мерапрыемства “Старажытныя Каляды”, я вырашыла пацікавіцца падрабязнасцямі.

Завітала ў адміністрацыю музея за два тыдні да імпрэзы. Але пракаментаваць прэс-рэліз дырэктар установы культуры… адмовіўся. Маўляў, загадчык культурна-адукацыйнага аддзела, які займаецца мерапрыемствам, адсутнічае, сцэнарый не гатовы, і ўвогуле, мы журналістаў пакуль не запрашалі…

Вось такі піяр… Увогуле, нармальная практыка — калі ўстанова публікуе і рассылае прэс-рэлізы. Але ні адно выданне, што сябе паважае, прэс-рэліз слова ў слова перадрукоўваць не стане. Таму пачынаюць тэлефанаваць, ездзіць, прасіць дадатковую інфармацыю. Калі музей адмаўляецца каментаваць прэс-рэліз, то мэта апошняга зусім не зразумелая. Ну, добра, не гатовы сцэнарый. Але ж можна распавесці, якія прапановы разглядаюцца, даць інфармацыю па апошніх зменах у экспазіцыі.

Пачытаем сам прэс-рэліз. Вось напрыклад: “Але за дзень да нараджэння новага сонца найбольшую моц набывалі сілы Наві”. Ну, гэта ўжо зусім не навуковая лексіка. А ў функцыі музея, адпаведна з Кодэксам музейнай этыкі ICOM, уваходзіць даследчая дзейнасць. Музей — гэта навуковая ўстанова. Усяму, што там паказваюць, наведвальнік верыць, лічыць, што так і было. Дык ці варта на сайце навуковай установы пісаць пра сілы Наві? Сумняваюся…

Файна было ў мінулыя гады, калі ў шэраг музеяў пакалядаваць запрашалі носьбітаў традыцый з рэгіёнаў. І выдумляць нічога не патрабавалася, і ўвага публікі была гарантавана. І носьбітам традыцый увага ды пашана прыемныя. Шмат зацікаўленых і хацелі б пабачыць калядаванне ў вёсцы, але не маюць магчымасці паехаць. А калі сапраўдныя вясковыя калядоўшчыкі прыязджаюць, то атрымліваецца імпрэза, якую нельга не наведаць…

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі

 Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"
СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 26.03.2020 10:49:15

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.