::
2015.05.23 — Філасофія гаршкалепа / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Філасофія гаршкалепа
Спасылка
Дата публікацыі
23.05.2015
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст
Юрый БОЎДА, народны майстар Беларусі (Бабруйск)Мне знаёмыя і земляробства, і садоўніцтва: я ж нарадзіўся ў вёсцы! Не магу сказаць, што гэтая справа была вельмі даспадобы. Але, па-першае, мой задыякальны знак — зямны, а па-другое, мама мне і зараз прыгадвае: нават у самае сухое надвор’е, пры поўнай адсутнасці бруду, я дзіцем усё роўна яго знаходзіў. Цяпер яна так шкадуе, што карала мяне за гэта. Кажа: “Сынок, я ж не думала, што ты станеш ганчаром”.

 

/i/content/pi/cult/534/11597/6-1.jpgУ суседнім мястэчку, Цітоўка, такіх, як я, заўсёды называлі гаршкалеп. Хтосьці крыўдуе. А мне — нармальна: гаршчкі ж лепіць! Чалавек быў створаны з гліны, як кажа Біблія. Я ж упэўнены, што яна — матэрыял будучыні, бо знаходзіцца ў нас пад нагамі: штых, два штыхі рыдлёўкай, і вось яна — гліна. Гэта субстанцыя бадай больш распаўсюджаная на планеце, чым якая-небудзь іншая. Японцы змаглі з парцаляны зрабіць нават рухавік, а яна — тая ж гліна, толькі без аксіду жалеза. Яшчэ на Беларусі кажуць: хто на гліне, той не згіне. А я дадаю ад сябе: а хто круціць, той жыве.

Адчуваю, што іншаземцы вельмі шануюць нашы народныя вырабы. Для замежжа гэтыя прадметы надта ўнікальныя, як мне падаецца, паколькі іх там прыціснуў прагрэс. Кажуць, што японец, калі ён нешта робіць сваімі рукамі і яно атрымліваецца ў яго ідэальным, адмыслова той выраб крывіць, каб было відаць, што створана ім самім, каб паказаць, што гэта ручная работа, якая там у вялікай пашане. Вось мяне некалі адпужала праца, дзе я доўга займаўся толькі вырабам збаноў: яны сталі выходзіць дасканалымі, але — аднолькавымі. І я сышоў з той дзялянкі, бо заўсёды быў супраць рабатызацыі, якая ўсё ж “прытупляе” пэўныя здольнасці чалавека. Дайшло ж да таго, што збан я рабіў за 45 секунд. Я мог размаўляць з кімсьці, а рукі рабілі сваю справу! Урэшце, у свой час, не самы сыты, гэты аўтаматызм дапамог.

Я прыйшоў да высновы, што керамікай трэба займацца гадоў з пятнаццаці, у тым юным узросце, калі ў рук ёсць і адчувальнасць, і памяць. Кераміка ж — не празрыстая, а выконваць нормы ў такіх умовах больш складана: таўшчыню сценкі, да прыкладу, вызначыць. Калі ігнараваць гэтыя законы, дык пры сушцы і абпале выраб можа парэпацца. Таму адчувальнасць ганчара знаходзіцца на кончыках пальцаў. Вачыма ж адчуваеш лінію, сочыш за каардынацыяй, за сувяззю рук і вачэй.

Формы і матывы ў творчасці я бяру па большай частцы з прыроды. Шмат маіх прац падобныя да раслін, напрыклад. Лічу нармальным такое “запазычванне”, нават больш за тое: падабаюцца нейкія рэалістычныя прататыпы, а не фантастычныя матывы. Яшчэ бывае, што нешта цікавае падгледзеў, да прыкладу, у фільме. А здараецца і адваротнае: прыдуманае табой заўважыў яшчэ недзе. Усё гэта можна звязаць з незразумелым працэсам “супрацы” думак, пачуццяў і ручной работы. А наогул, прырода — гэта мая муза, я яе вельмі люблю, жыву з ёй у гармоніі.

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

 Аўтар: Аліна САЎЧАНКАжурналіст
СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 26.03.2020 10:53:36

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.