::
2015.04.04 — Ручніковы шлях / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Ручніковы шлях
Спасылка
Дата публікацыі
04.04.2015
Катэгорыя
інтэрвію
Поўны тэкст
Этнаэкспедыцыя на тры гады: тэхналогія і эксклюзівыТры гады спатрэбілася супрацоўніку Падлескага сельскага дома культуры Сяргею ШПАКУ для этнаграфічных даследаванняў ў ткацкай калысцы Беларусі — на Случчыне. Ён прызнаўся, што спачатку планавалася працу адлюстраваць у буклеце, але пераканаўся: атрымліваецца цэлая кніга альбомнага фармату. Пра тое, якой яна будзе і калі можа з’явіцца, спадар Сяргей распавёў карэспандэнту “К”. Падаём яго адказы на нашы пытанні ў фармаце маналогаў. 

 

/i/content/pi/cult/527/11402/14-1.jpg

 

Адкуль штуршок?

— Думка пра кнігу ўзнікла пасля таго, як трапіў на вочы шэраг выданняў, — прынамсі, некаторыя пад аўтарствам Вольгі Лабачэўскай. У іх матэрыял ахоплівае ўсю Беларусь агулам і яе рэгіянальныя традыцыі. Случчына ў гэтых кнігах прадстаўлена часткова, бо даследчыкамі скарыстоўвалася збольшага музейная інфармацыя (пачынаючы з канца XIX стагоддзя).

З калегамі мы вырашылі сабраць матэрыял як пра найстарэйшыя, так і пра сучасныя нашы ручнікі, якія ў гэтых кнігах не апісаны. Адзначылі ў сваёй працы, што лакальная традыцыя не абмяжоўваецца Слуцкім раёнам, бо такія ручнікі вырабляліся на тэрыторыі ўсяго Слуцкага павета, а яго межы распасціраліся на цяперашнія Слуцкі, Капыльскі, Салігорскі, Клецкі раёны, палову Нясвіжскага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага.

Непасрэдна зборам займаўся я пры дапамозе Раённага метадычнага цэнтра. Таксама ў працэсе пошукаў звярнуліся па неабходныя матэрыялы ў сталічныя і раённыя музеі. Там жа, дзе музейных устаноў няма, мясцовыя метадысты раілі нам кантактаваць з вясковымі жыхарамі, а лепш — з клубнымі работнікамі, якія ведаюць сваіх людзей.

Еднасць і разнастайнасць

— Трэба патлумачыць, чаму на такім вялікім абшары захоўваецца стылістычнае падабенства, чаму мастацка-тэхналагічныя і арнаментальна-кампазіцыйныя асаблівасці ручнікоў настолькі блізкія. Ведаеце, іх нават можна блытаць, сцвярджаючы, што яны паходзяць з аднаго сяла. А насамрэч, паміж месцамі паходжання асобнікаў могуць быць дзясяткі і нават сотні кіламетраў.

Традыцыі на Случчыне шматпластавыя. Вучоныя прыйшлі да высновы, што гэтыя тэрыторыі былі зямлёй, памежнай для розных культур. Апошняе адбілася і на выглядзе ручнікоў: часцей за ўсё, гарызантальныя палосы, прычым гладкія і чырвоныя, — адна з характэрных рыс ручнікоў Слуцкага павета. (Іншым мясцовасцям, напрыклад Усходняй Беларусі, больш уласцівыя ромбы.) “Паласатасць” ідзе з даўніх часоў. Чырвоныя палосы (яны паходзяць з тых часоў, калі нашы землі засялялі праславянскія плямёны зарубінецкай і мілаградскай археалагічных культур) лічыліся першым дэкорам. Больш семантыкі можна адшукаць у ромба-геаметрычных ручніках.

Да канца XIX стагоддзя дамінуе на ручніковай тканіне ў асноўным чырвоны колер, а вось на пачатку ХХ-га з’яўляецца паліхрамія, а таксама аздабленне канцоў ручнікоў. Пазней іх увогуле пачалі вышываць. З матываў і тэхнік у мінулым стагоддзі можна было сустрэць гладкую паласатасць, фактурнае, выцяганае, шматнітовае, ажурнае, закладное ткацтва, а дэкор праяўляўся ў наяўнасці карункаў, мохрыкаў, кутасаў. Ткацкі вопыт многіх стагоддзяў і таленты нашых людзей дазвалялі досыць свабодна эксперыментаваць з тканінай. Менавіта таму поле ручніка паступова стала не проста белым, як, 
напрыклад, на Палессі і Падняпроўі, а ўзорным.

Спынюся на закладным ткацтве, якое больш старажытнае, чым шматнітовае. Яно з’явілася ў сялянскім асяроддзі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Ткаліся ў гэтай тэхніцы ў асноўным посцілкі і ручнікі. Некаторыя матывы пайшлі ад кралявецкіх ручнікоў, што выраблялі на Украіне, дзе працавала вядомая мануфактура. Траплялі яны на нашы тэрыторыі праз паломнікаў, якія адпраўляліся ў Кіева-Пячэрскую лаўру. Папулярным матывам на гэтых ручніках былі арлы.

Нават у адной вёсцы не атрымаецца знайсці ручніковых паўторак. Ніводная майстрыха не хацела рабіць “дубль” у сваёй творчасці.

Складанасці працэсу

— Нярэдка ручнікі даводзілася далікатна “прыводзіць у парадак”, бо стагоддзе для тканіны — сур’ёзнае выпрабаванне: плямы, дзіркі, складкі... А на альбомных здымках усе дэфекты бачны яшчэ лепш. Жыхарка горада Слуцка Людміла Мальцава вырашыла мне дапамагчы і выступіла ў ролі так званага рэстаўратара. Яе залатыя рукі проста рэанімавалі гэтыя тканыя вырабы. А здымкі на аднолькавым фоне нам зрабілі ў мясцовым фотасалоне, дзе яшчэ і апрацавалі кадры.

Рабіліся па маёй просьбе і этнаграфічныя рэканструкцыі таго, што сёння ў вясковых хатах не пабачыш. А заможнасць, традыцыі праваслаўя адбіліся нават на інтэр’еры. Цуд жа ручніка ў тым, што гэта не проста прыгожая антуражная рэч, патрэбная ў побыце, але і абрадавы прадмет.

 

/i/content/pi/cult/527/11402/14-2.jpg

 

Становішча рамяства

— Да канца ХХ стагоддзя ткачыхі яшчэ сустракаліся і ў сёлах, але зараз — толькі ў цэнтрах і дамах рамёстваў. У асноўным, нашы майстрыхі — паважнага ўжо веку. Некаторыя прадстаўнікі малодшага пакалення лічаць, што гэта ўжо і не патрэбна. Былі нават выпадкі, калі прадметы выкідваліся з хаты. Але ёсць і тыя, для каго ручнікі — фамільная каштоўнасць. На жаль, наша экспедыцыя паказала, што гэтых прадметаў у вёсках засталося мала. Ды і носьбіты традыцыі сыходзяць: вось два гады таму я здымаў гэтую жанчыну, а ў хуткім часе яна пайшла з жыцця…

Таму я вельмі ўдзячны кіраўніцтву за тое, што падтрымалі прапанову са зборам этнаграфічнага матэрыялу.

Калі ж чытаць?

— У кнізе альбомнага тыпу мае быць, прынамсі, 242 прыклады. Да кожнага ручніка ўжо гатовы кароткі каментарый-даведка. Мы вырашылі, што арганічна на яе старонках будуць глядзецца і здымкі ручнікоў, выкарыстаныя ў абрадах. Таму ў нас ёсць і рэканструкцыі, і інсцэніроўкі, і жывыя фотарэпартажы, як, напрыклад, па Клецкім раёне ў вёсцы Морач, калі ў працэсе пагадзіўся паўдзельнічаць нават мясцовы святар. (Дарэчы, у Слуцкім павеце вельмі цікава “хадзілі” на радзіны, у адведкі. І ніколі нельга было завітваць з пустымі рукамі, а падарункі абгортвалі, укладалі ў ручнікі. Так рабілі ад Слуцка і да Ляхавічаў.) Таксама вырашылі паказаць сам тэхналагічны працэс вырабу ручніка: ад пачатку апрацоўкі лёну і да гатовага прадукта. Вось тут яго труць, там — трэплюць, гэтак аддзяляюць кароткія валокны, прадуць, снуюць, а вось і вячоркі, дзе збіраліся для калектыўнай працы.

Пакуль у працэсе падрыхтоўкі некаторыя дэталі адзення для чарговай рэканструкцыі. Але засталося няшмат працы: можа, да сярэдзіны лета. А потым паўстане іншы клопат: як выдаць кнігу. Нам, дарэчы, параілі паказаць матэрыялы спецыялісту. Пасля кансультацыі доктара мастацтвазнаўства, старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена Сахуты і яго калег не змянілася ў нашых напрацоўках амаль нічога. Гэта цешыць.

Грошы для завяршэння працы кіраўніцтва паабяцала знайсці. Балазе 2016-ы — юбілейны для Слуцка: горад адзначыць 900 год з часу першай летапіснай згадкі. Альбом, прысвечаны ручнікам абшару колішняга Слуцкага павета, што ўкладаецца на сённяшняй Случчыне, сапраўды можа стаць яркай з’явай і прыкладам па фіксаванні памятак матэрыяльнай спадчыны на ўзроўні асобна ўзятага рэгіёна. Прапануем чытачам “К” азнаёміцца з некаторымі ўзорамі арыгінальных тканых вырабаў канца ХІХ — ХХ стагоддзяў, а таксама з сучаснымі рэканструкцыямі, дзе ручнікі паказаны ў працэсе іх выкарыстання. Дарэчы, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама шукае спонсараў для выдання альбома!

 

 

Фота Сяргея ШПАКА і з архіва Падлескага СДК Слуцкага раёна

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 08.05.2021 07:08:31

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.