::
2019.08.01 — Гараньскі Мэт Дэйман. На Смаргоншчыне жыве самабытны музыка, які адыграў больш за сто вяселляў / Светлы шлях shliah.by (раённая газета Смаргонь)
Загаловак
Гараньскі Мэт Дэйман. На Смаргоншчыне жыве самабытны музыка, які адыграў больш за сто вяселляў
Спасылка
Дата публікацыі
01.08.2019
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
«Выліты Мэт Дэйман у маладосці”, - першае што прыйшло на розум, калі ўбачыла фотаздымак маладога Пятра Драгуна з Гараняў. З такой знешнасцю можна быць альбо вядомым на ўсю акругу самабытным музыкам, альбо “зоркай” Галівуда. Трэцяга не дадзена. 

мэт дэймон 1.jpg

Мэт ДЭЙМАН


 

IMG_20190404_0006.jpg

Пётр ДРАГУН (1965 г.)


 

Стаць акцёрам першай велічыні, нарадзіўшыся ў Гаранях у гады ваеннага ліхалецця, напэўна, немагчыма. А вось стаць першым гарманістам у сваёй ваколіцы – яшчэ як можна.

Кіно з музычнай паўзай

Такіх, як Пеця, называюць “дзіця вайны”: ён нарадзіўся ў 1943 годзе. У трохгадовым узросце хлопчык захварэў на поліяміэліт. Цяпер ад гэтай хваробы робяць прышчэпкі, а тады – хто іх рабіў? Поліяміэліт – адно самых цяжкіх інфекцыйных захворванняў, якое асабліва не шкадуе малых дзяцей са слабым імунітэтам (а дзе яго было ўзяць пасля вайны?). У выніку хвароба моцна паралізуе чалавека. Часам, пасля яе можна і памерці.

Трохгадовы Пеця выжыў. Але перажыў неймаверныя мукі:

- Калі мясцовы ўрач убачыў, як за ноч мае ногі хвароба выкруціла практычна на 180 градусаў, адразу накіраваў у сталічную бальніцу. Мяне туды завезлі і пакінулі аднаго – бацькам не дазволілі застацца. Там ногі адварочвалі назад. Без наркозу. Балела – горш як пасля аперацыі. Крычаў нема.

Да дванаццаці гадоў я толькі поўзаў. А пасля стаў на мыліцы. Яшчэ нейкі апарацік мне зрабілі: як стаю, замок на калені трэба замыкаць, як саджуся – адмыкаць.

Сяброў у мяне было шмат, ніхто нада мной не насміхаўся. Наадварот, увесь час падтрымлівалі, бывала, складуць рукі крыжам, я сяду зверху – і нясуць мяне куды трэба. Ці на плячах. Калі ў вайну гулялі, я заўсёды камандзірам быў. У маім падпарадкаванні заўсёды быў Аркадзь (вядомы беларускі пісьменнік Аркадзь Жураўлёў родам з Гараняў, менавіта ён прапанаваў напісаць матэрыял пра музыку – аўт.). Калі хлопцы паб’юцца – я іх заўсёды міру, - мой суразмоўца смяецца, успамінаючы былое.

IMG_20190404_0002.jpg

Старэйшы брат Міша, які працаваў асфальтоўшчыкам у Мінску і граў на трубе ў заводскім духавым аркестры, купіў для брата гармонік. Пецю было тады дваццаць гадоў.

- Граць я навучыўся сам праз сябе. Ніхто мне нічога не паказваў – не было каму, -удакладняе мой суразмоўца. – Калі пачаў вучыцца, мяне сталі папракаць: “Надаеў ты, пішчачы, кідай”. Пасля гэтага сядаў вучыцца граць, калі заставаўся дома без людзей. Надумаю песню якую сыграць, пікаю-пікаю – і напікаю. Першай развучыў “Рябину кудрявую”. Па радыё яе пачуў. З патэфона таксама развучваў мелодыі.

IMG_20190404_0001.jpg

Вясковыя танцы (канец 60-х гг.)


 

Пасля і танцы вясковыя навучыўся граць – польку, вальс, кракавяк, падыспан, факстрот, танга. Польку-Енку дзеўкі надта любілі. А я вельмі любіў вальс з кінафільма “Весна на Заречной улице”. Увогуле, шмат песень з кінафільмаў развучыў, бо ў нашым доме кіно круцілі. 

 

На кухні апаратуру ставілі, а ў сенцах – экран і людзі сядзіліся. Пасля таго, як кіно скончыцца, “кіншчык” апаратуру пакідаў, за ёй прыязджалі іншыя людзі і адвозілі яе ў Смаргонь. Наша вёска крайняя ў раёне, “кіно” аб’язджала па дарозе ўсе вёскі, а ў нас завяршаўся паказ фільма. Апаратуру маглі не забіраць некалькі дзён, тады ў мяне была магчымасць уключыць фільм і некалькі разоў слухаць мелодыі, пакуль не запомню іх.

Аднойчы так сталася, што хлопцы не знайшлі музыкаў для вечарынкі і прычапіліся да Пеці, каб пайграў.

- А я засаромеўся: бабы яшчэ абгавораць. Мне здавалася, як зайграю, яны ўсе на мяне глядзець будуць… Чарку тады не піў. Таму і хваляваўся моцна. Упрасілі. Як пачаў граць польку – усе ў скокі кінуліся. Ну, мне і палягчэла. Пасля гэтага пастаянна на вечарынкі звалі. Меў за гэта нейкую капейку. Праўда, калі ў сваёй вёсцы граў – ніколі грошай не браў.

У гарадах кіначасопіс паказвалі перад фільмам, а ў Гаранях  пакуль аператар рыхтаваўся да паказу, дзеці пад Пецеў гармонік танцавалі, бабы частушкі спявалі. Вёска адзначала рэлігійнае свята – гармонік і песні на ўсё Свірскае возера гучалі.

Пан Васалоўскі

Хутка Пётр і на вяселлях стаў граць. У якасці кампаньёнаў меў пяць скрыпачоў. Яны жылі ў розных месцах. Едзе за Свірскае возера – адтуль заве музыку, у Малінаўку – другога, у Вішнева – трэцяга… Усе скрыпачы былі старэйшыя за гарманіста. Пятру было трыццаць гадоў, а яго напарнік Стась Тумаш (самы сталы скрыпач) - пенсіянер.

IMG_20190404_0015.jpg

Скрыпач Стась ТУМАШ і гарманіст Пётр ДРАГУН (1968 г.)


 

Як заўважыў мой бацька, калі ён быў маладым, важнейшым лічыўся гарманіст, які граў адначасова на дудачцы – невялікай чарацянай трубачцы з доўгім надрэзаным язычком і раструбам. Гэты інструмент Пётр рабіў сам і іншых вучыў. Валя Шкель, пляменніца Пятра, успамінае, як дзеці на ўсе Гарані пішчалі ў гэтыя дудачкі.

IMG_20190404_0016.jpg

Пётр Драгун сыграў больш за сотню вяселляў. Пачаў дзесьці ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя. На вяселлі маіх бацькоў у 1965 годзе гэты музыка таксама граў. Апошні яго вясельны акорд прагучаў у 1976, калі Пецева сястра выдавала замуж дачку. На той час ужо мала хто зваў самабытных музыкаў, папулярнымі сталі інструментальныя ансамблі.  

- Помню, на вяселлі граў за Оршай, а там адны жанчыны, мужыкоў амаль няма, так вайна там прайшлася па людзях, - успамінае Пётр Андрэевіч. – У “польскім” баку мяне звалі пан Васалоўскі, там песню “Сто лят” асабліва любілі. А самым папулярным танцам на ўсіх вяселлях была мясцовая полька. Зайграю – госці як дадуць нагамі, пыл слупам!

IMG_20190404_0018.jpg

Вяселле (1973 г.)


 

«Тяжела и неказиста жизнь «народного артиста», - у гэтым, дарэчы, ёсць праўда. Начаваць нам даводзілася, дзе прыйдзецца: і на падлозе са сватамі, і ў хляве на сене. А бывала і культурна пасцеляць – на ложак. Раніцай заўсёды пахмяліцца прыносілі. Праўда, на самім вяселлі мы спіртным не злоўжывалі. Крыху толькі – каб весялей гралася.

Акрамя танцаў, музыкі гралі на выкупе нявесты, як сустракалі маладую, калі вялі да жаніха і калі маладыя выходзілі з касцёла. Як бабы жалобныя абрадавыя песні спявалі – таксама падыгрывалі.

IMG_20190404_0019.jpg

Вяселле (1967 г.)


 

Канкрэтную суму за вяселле Пётр не вызначаў. Праўда, існавала адна традыцыя, якая патрабавала ад жаніха пэўных матэрыяльных укладанняў – выкуп у гарманіста гармоніка. Гралі музыкі “за маршы”, падчас якіх трэба было падысці да кожнага госця і павіншаваць замоўленай асабіста ім песняй. Маршы добра вымотвалі музыкаў, бо на некаторыя вяселлі запрашалі па сто і больш чалавек. Некаторыя госці заказвалі па дзве, а то і па тры песні.

Бывала, што з вяселля Пётр вяртаўся ажно ў сераду (ад’язджаў у суботу). Ён быў чалавекам вольным, без сям’і, таму ніякіх папрокаў з боку родных не меў. Наадварот, бацькам падабалася, што іх сын запатрабаваны, заўсёды з людзьмі. А мог бы застацца сам-насам са сваёй хваробай.

Пётр быў яшчэ і заўзятым рыбаком. Ад яго дома да Свірскага возера – рукой падаць. І калі музыка часам для Пятра была пэўнай напругай, то рыбалка – поўны рэлакс.

IMG_20190404_0005.jpg

За жыццё Пётр Андрээвіч адыграў на трох гармоніках. Апошні аддаў у рамонт некалькі гадоў таму. З рамонту інструмент не вярнуўся. Застаўся музыка без сваёй гармошкі… Але любімыя гукі прадаўжаюць гучаць у доме Пятра Драгуна. Толькі не ўжывую, а ў запісы. 

IMG_20190404_0020.jpg

Штотыдзень музыка ўключае тэлевізар, галоўную перадачу свайго жыцця “Грай, гармонік” (глядзіць яе больш за трыццаць гадоў) - і, як на машыне часу, вяртаецца ў сваё музычнае жыццё.

IMG_3925.JPG

Пётр ДРАГУН разам са сваёй старэйшай сястрой цяпер жывуць у адным доме


 

***

Гаранскія вёсны  

Гучыць напеў ля хаты роднай,

Ён для мяне як сон, як зман –

Замуравелай сцежкі тайны

Пятроў разгадвае баян.

Застыла поўня па-над вёскай,

Дзе шмат не свеціцца акон.

Ад роднай хаты сцежка ў вёсны,

Да родных, дарагіх імён. 

І возера гайдае лодку

На хвалях роздумаў старых,

Там пе кахання асалоду

Чыёсь юнацтва да зары.

За вёскай дзесь пяюць дзяўчаты,

І бэз дурманіць сэрца зноў...

А на душы сляпыя хаты,

Самотны жаль глухіх двароў. (Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ)

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Пятра ДРАГУНА.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.05.2020 18:35:52

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.