::
2020.03.05 — Не залежваўся гармонік, не ржавелі струны (+АЎДЫА) / Светлы шлях shliah.by (раённая газета Смаргонь)
Загаловак
Не залежваўся гармонік, не ржавелі струны (+АЎДЫА)
Спасылка
Дата публікацыі
05.03.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Свае цымбалы васямнаццацігадовы Бронька Дэбесь змайстраваў сам. Напрыканцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя ўбачыў хлопец інструмент у аднаго музыкі з Ашмяншчыны, паглядзеў, памацаў яго, “сфатаграфаваў” вачыма і – зрабіў новы. Свой. Галасістыя цымбалы атрымаліся.  Хутка малады вясковы майстра і граць навучыўся на самародным інструменце. 

трио.jpg

Браніслаў ДЭБЕСЬ, Сцяпан ПІМЕНАЎ і Генрых БЯРНАТ


 

Шмат вады выцекла з таго часу, як павесіў на шыю скураны паясок цымбаліст Браніслаў Дэбісь. Надзейна служыў інструмент музыку. Пакуль не пачалася вайна…

На кушлянскай зямлі гучалі полькі і вальсы

У народзе лічылася, што цымбалісту ў музыцы патрэбны “брат”, які ведае яго характар, звычкі, танцы, песні. Звычайна, у “браты” бралі скрыпача ці гарманіста. Але ж дзе яго знайсці, калі ў радні не было больш музыкаў?

дэбесь 2.jpg

Браніслаў ДЭБЕСЬ


 

Знайшоўся “сваяк” напрыканцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Браніслаў Дэбісь служыў у польскай арміі. Сцяпан Піменаў – прайшоў усю вайну. Жывым выйшаў з блакады Ленінграда. Пяць ран на целе – памятныя знакі аб франтавых баях. Адразу пасля вайны пасяліўся ў Кушлянах, уступіў у мясцовы калгас.

“Цяжка было разжывацца, - расказваў у адным інтэрв’ю “Светламу шляху” Сцяпан Яфімавіч. – Жонка мая са шматдзетнай сям’і. Пачыналі жыццё звычайна: я – у салдацкім шынялі, яна – у даматканай спадніцы. Самі будавалі хату, самі зараблялі на хлеб. Гадавалі дзяцей. Былі рады, што мір на зямлі, што маладыя. У многім выручаў гармонік. Хоць кажуць, з музыкі заробак невялікі, але ў пасляваенныя гады, хоць людзі жылі і бядней, а весяліцца ўмелі лепш, чым зараз. Бывала, граеш на вяселлі. Моладзі збіраецца вунь колькі. І пяюць, і танцуюць, і гульні розныя прыдумваюць, пакуль мы адпачываем, пальцы “прастаем”.

Сышліся-сыграліся рускі Сцяпан Піменаў і беларус Браніслаў Дэбесь практычна адразу пасля вайны. Гралі па вёсках – беларускія, рускія, польскія, нават літоўскія мелодыі. Людзі і дагэтуль памятаюць, як цудоўна Піменаў граў і спяваў “Кацюшу” – з усёй акругі людзі сыходзіліся паслухаць. Але і яго старэйшы “калега” не саступаў ў артыстызме. Дуэт быў – што трэба.

Пажылыя кушлянцы ўспамінаюць: “Бывала, на вяселлях музыкантаў госці выпрабоўвалі, як на экзаменах. Заказвалі розныя песні, танцы. І калі не можаш сыграць, то нуль цана табе, музыка! Ніхто потым і не запросіць. А пра добрых музыкаў слава далёка ішла. Пра Дэбеся і Піменава многія ведалі”.

дэбест и пименау.jpg

Браніслаў ДЭБЕСЬ і Сцяпан ПІМЕНАЎ


 

Гралі музыкі доўга. За іх плячыма – сотні вяселляў, хрысцінаў, імянінаў… Калі сталі пенсіянерамі, інструменты не закінулі. Хоць на вяселлі пачалі клікаць папулярныя на той час ВІА, але не залежваўся на шафе ў Піменава гармонік , не іржавелі струны на цымбалах Дэбеся.

 

Мясцовыя “зоркі”

Яны б можа, і закінулі гране, але без такой музыкі… Хіба маглі абысціся без такой музыкі Кушляны? “Вось музыкі і гралі, гасцей у Кушлянах сустракалі, на ўрачыстасцях розных у мясцовым клубе. Браніслаў Дэбесь спяваў вельмі добра і ў камедыйных сцэнках удзельніцаў, і байкі расказваў - шмат іх ведаў, асабліва на беларускай мове. Любіў творчасць Багушэвіча, чытаў на памяць многія творы паэта. Жывы, эмацыянальны, лёгкі ў зносінах”, - толькі самыя лепшыя словы падбірае, малюючы партрэт мясцовай “зоркі”, Тэрэза Дэбесь, нявестка музыкі.

дэбесь 1.jpg

Браніслаў ДЭБЕСЬ


 

“Піменаў таксама добра спяваў. І гарманістам быў цудоўным. З імі мы і “Дажынкі” ладзілі, і святочныя “агеньчыкі”, і на поле ездзілі ўшаноўваць хлебаробаў. Музыкі гралі і на святах, што ладзілі ў музеі-сядзібе  Францішка Багушэвіча, і на раённых імпрэзах яны выступалі”, - дадае ўспамінаў былая загадчыца Кушлянскага клуба Ірына Варановіч.

дэбесь.jpg

Браніслаў ДЭБЕСЬ 


 

Браніслаў Дэбесь жыў у Рудалях, нападалёку ад Кушлянаў. Ад сядзібы Францішка Багушэвіча  да дома Сцяпана Піменава – рукой падаць. Крыху далей напачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя пасяліўся Генрых Бярнат. Нашмат маладзейшы за Піменава і Дэбеся. “Але ж для людзей з агульнымі інтарэсамі няма ўзроставых межаў. Вельмі гарманічна ўпісаўся ў дуэт цымбалаў і гармоніка барабан Бярната. Да таго ж Бярнат ведаў шмат прыпевак. Стварылася выдатнае трыа. Мы іх называлі ансамблем народнай музыкі”, - удакладняе Ірына Варановіч. 

IMG_7854.JPG

Браніслаў ДЭБЕСЬ і Генрых БЯРНАТ


 

Перасталі гучаць цымбалы Браніслава Дэбеся недзе толькі напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У маі 1999 года музыка памёр. Праз тры тыдні пасля Дэбеся пайшоў на той свет і Сцяпан Піменаў. А вось з Генрыхам Бярнатам летась мне ўдалося сустрэцца. Хударлявы, рухавы барабаншчык аказаўся нешматслоўным. Затое ахвотна падзяліўся цікавымі фотаздымкамі. 

IMG_7867.JPG

Генрых БЯРНАТ


 

А нядаўна я даведалася, што апошні ўдзельнік трыа памёр. Дэбесь і Бярнат знайшлі спачын на кушлянскіх могілках, Бярнат – на жупранскіх.

IMG_7868.JPG

Пасля сябе яны пакінулі не толькі добрыя ўспаміны, але і музычную спадчыну – запісы, якія паспелі зрабіць у свой час музыкі і фалькларысты Уладзімір Бярбераў і Алесь Лось. Народная музыка прадаўжае жыць... 

 

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара, з архіва Генрыха БЯРНАТА і Тэрэзы ДЭБЕСЬ.

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.05.2020 12:10:54

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.