::
2020.03.14 — Як мы “пабудавалі” Школу фалькларыстаў / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Як мы “пабудавалі” Школу фалькларыстаў
Спасылка
Дата публікацыі
14.03.2020
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст
Прафесійныя нататкі пасля семінара-практыкумуУ Гродзенскім раёне ёсць кола людзей, якія адзначаюць даты народнага календара прыблізна так, як іх святкавалі нашы продкі. Не пакарыстацца гасцінным запрашэннем Тарэсы Адамовіч, галоўнага рэжысёра народнага тэатра народнай песні “Матуліна песня”, пагукаць вясну “па-старому” спецыялісты Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра не змаглі. Таму ў апошні дзень лютага арганізавалі семінар “Старажытныя народныя святы і абрады, сакральныя язычніцкія і хрысціянскія месцы, традыцыйныя іміджавыя культурныя мерапрыемствы і іх пазіцыянаванне як аб’ектаў турыстычнага бізнесу”.

 

/i/content/pi/cult/789/17003/020.JPG

На семінар-практыкум былі запрошаны не толькі кіраўнікі фальклорных калектываў, спецыялісты аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў, біблятэкары, але і маладыя перспектыўныя людзі, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў, а таксама — актывісты аматарскіх аб’яднанняў для старэйшага пакалення.

Цэнтр па даследаванні традыцыі

/i/content/pi/cult/789/17003/021.JPG

У першую чаргу гаворка ішла пра неабходнасць арганізацыі работы Школы фалькларыстаў, адкрыццё якой якраз і прымеркавалі на дзень семінара. Новае ўтварэнне павінна стаць своеасаблівым цэнтрам фальклору ў раёне, а яго супрацоўнікі (не толькі работнікі культуры ў галіне народнай творчасці, але і проста актывісты, якія цікавяцца народнай творчасцю) будуць планамерна і мэтанакіравана весці працу па даследаванні традыцыйнай культуры краю, распаўсюджванні рэгіянальнага мастацтва ў розных яго формах.

Прэзентацыя “Развіццё работы этнаграфічных музеяў, музейных пакояў, экспазіцый і выстаў як сродак захавання лакальных культурных традыцый” была скіравана на тое, што сёлета музеі і музейныя экспазіцыі ў аграгарадках Індура, Адэльск, Абухава, гарадскім пасёлку Сапоцкін і ў вёсцы Зарачанка прыступяць да рэалізацыі новага праекта “Музей і дзеці”. Задача яго — адраджэнне нацыянальнай аўтэнтычнай культуры і традыцый. І першым мерапрыемствам стане арганізацыя “Школы батлейкі” ў Індурскім цэнтры культуры, дзе размешчаны Музеі лялькі.

Калі лялька — у пашане

/i/content/pi/cult/789/17003/022.JPG

Зраблю невялічкі адступ, каб нагадаць чытачу, што ў раёне калісьці ўзнікла тэндэнцыя да стварэння пры клубных установах арыгінальных музеяў. На сёння ў вёсцы Зарачанка, да прыкладу, існуюць экспазіцыі беларускага ручніка і ваеннай формы, у Сапоцкіне — музей пісанкі. А ў 2019 годзе ўзнікла музейная экспазіцыя ў Індуры.

Чаму менавіта лялькі? Усё тлумачыцца проста. Майстар Ірына Рынкевіч разам са сваімі гурткоўцамі вырабляла традыцыйныя лялькі-абярэгі. Выкарыстоўвалася пры гэтым салома, а кожная фігурка была апранута ў нацыянальны касцюм. І калі дыскатэкі перасталі быць запатрабаванымі, у раёне вырашылі стварыць у танцавальнай зале музей лялькі. Іх збіралі ўсёй раённай грамадой. Цяпер у экспазіцыі — каля 300 музейных прадметаў.

Семінар прыйшоў ды высновы: інтэрактыўнасці музею надасць Школа батлейкі.

Батлеечная адукацыя

Натуральна, што дзяцей і моладзь трэба далучаць да захавання і вывучэння аўтэнтычнага фальклору і народных традыцый, паколькі духоўна-культурная пераемнасць вельмі важная для фармавання гарманічна развітай і адказнай асобы.

Народныя каляндарныя абрады, якія адлюстроўваюць тысячагадовыя ўяўленні нашых продкаў пра навакольны свет — гэта свайго роду духоўны падмурак, сховішча каштоўнасных арыенціраў, і работнікі культуры павінны выкарыстоўваць адукацыйны і выхаваўчы патэнцыял мясцовай культурнай спадчыны ў працы з падрастаючым пакаленнем.

Вывучэнне гісторыі батлейкі, яе рэпертуару — таксама дзейсны сродак усведамлення беларускай традыцыі.

Гара надзей і не толькі

Якія ж ёсць у раёне сакральныя язычніцкія і хрысціянскія месцы, а ў сувязі з гэтым — традыцыйныя іміджавыя культурныя мерапрыемствы? Для таго, каб адказаць на гэтае пытанне, мы наведалі аграгарадок Капцёўку.

Загадчык мясцовага цэнтра культуры Эльвіра Чыжанкова разам з ксёндзам Міхалам Ластоўскім запрасілі ўдзельнікаў семінара ў касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Панны Марыі з цудадзейнай іконай Божай Маці Яснагурскай, расказалі пра “гару надзей” — другое па велічыні ўзвышша ў Гродзенскім раёне, і алею памяці з магільных камянёў.

Прадоўжыла экскурс па гісторыі Капцёўкі супрацоўніца мясцовай бібліятэкі Алла Варанко, якая адзначыла, што пошук краязнаўчай інфармацыі — няпростая справа, таму што асноўнай яе крыніцай з’яўляюцца ўспаміны старажылаў, запісы ў архівах мясцовых школ і бібліятэк. Большасць жа матэрыялаў і сур’ёзных навуковых даследаванняў знаходзяцца ў фондах Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі і архівах Польшчы, да якіх не заўсёды ёсць доступ.

Зрабі шпакоўню

Заглыбіцца ў атмасферу народнай песеннай і танцавальнай культуры ўдзельнікі семінара змаглі падчас этнавандроўкі ў глыбінку, у вёску Жытомля, дзе змаглі паўдзельнічаць у “Гуканні вясны”. У рамках творчай майстэрні “Жывая традыцыя” ад народнага фальклорнага гурта “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці ды народнага тэатра народнай песні “Матуліна песня” Жытамлянскага дома фальклору ўдзельнікі семінара, жыхары і госці невялікай вёскі навучыліся выконваць гукальныя абрадавыя песні і карагоды, прынялі ўдзел у інтэрактыўных майстар-класах па традыцыйных беларускіх веснавых гульнях, побытавых танцах.

Лепшыя гаспадыні-кухаркі раёна Ірына Стральчэня з Абухава, Лілія Розмысла і Галіна Міклашэвіч з Жытомля напяклі такую колькасць “жавароначкаў” і бліноў, што хапіла ўсім прысутным.

Новенькія рознакаляровыя шпакоўні, якія зрабілі бібліятэкары раёна і чытачы ў рамках эколага-літаратурнай акцыі, развесілі ў парку Жытомлі.

Прысутныя не толькі спявалі “вяснянкі”, вадзілі карагоды, забаўляліся гульнямі, але і займелі папяровыя і саламяныя птушкі-вяснянкі, вясновыя паштоўкі, лялькі-абярэгі, якія зрабілі ў творчай майстэрні адзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў.

Расклад на заўтра

А вынікам вандроўкі-рэпартажу стане выпуск невялікага відэароліка.

Па народным звычаі, ад таго, як сустрэнеш вясну, залежыць дабрабыт хатняй гаспадаркі. Падчас семінару было ўрачыста, весела і шумна, значыць багацце, дабрабыт і шчасце Школе фальклору забяспечаны.

Як вы зразумелі, фальклорная школа прывязана да нашага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра фармальна. Я супраць доўгіх пасяджэнняў. Я — за выезды, экспедыцыі, за практычнае абагульненне досведу. У бліжэйшай перспектыве — наведванне Сапоцкіна падчас Вялікдня, потым — візіт у Азёры. І ў віры нашых агульных спраў будуць знаходзіцца не толькі клубнікі, але і бібліятэкары і, самае галоўнае, — людзі сталага веку, якія любяць спяваць, танцаваць, ведаюць рамёствы і памятаюць сівыя легенды нашага краю. І эфектыўнасць папулярызацыі фальклору — у аб’яднанні нашых намаганняў.

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст па рабоце ў галіне традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 03.01.2021 16:04:55

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.