::
2017.07.30 — Беларуская дуда прэтэндуе на званне нацыянальнай культурнай з’явы і ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА / СБ. Беларусь сегодня / Советская Белоруссия / Рабочий
Загаловак
Беларуская дуда прэтэндуе на званне нацыянальнай культурнай з’явы і ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА
Спасылка
Дата публікацыі
30.07.2017
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

Гукі мінулых стагоддзяў

Той, хто аднойчы чуў дуду, не забывае яе ніколі. Кажуць, гэты музычны інструмент нельга параўнаць ні са скрыпкай, ні з гармонікам, ні з цымбаламі. Быццам у гуках дуды ёсць нешта містычнае і незямное: тут і голас жывёлы, і гул даўно адгрукацеўшых бітваў, і пляскі старадаўняй карчмы... Штогод дуда вабіць да сябе ўсё больш майстроў, музыкаў, арганізатараў фестываляў, даследчыкаў. А нядаўна ўпершыню была абаронена дысертацыя на тэму беларускай дуды. Яе аўтар — кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, майстар і папулярызатар дуды Аляксандр Сурба. Ён упэўнены, што гэта значны крок да ўсенароднага прызнання дуды як сімвала беларускай культуры.
Аляксандр Сурба: “Дуда канчаткова вярнулася ў беларускую культуру, і нішто не можа ёй перашкодзіць тут быць, натхняць  нас на творчасць і памятаць пра сваіх продкаў і свае традыцыі”
Размаўляючы з Аляксандрам, які, здаецца, можа гаварыць пра беларускую дуду бясконца, прыходзіш да высновы, што мы зусім не горш за шатландцаў! Яшчэ пару гадоў працэсу, які зараз ідзе ў краіне, — і можна будзе смела сцвярджаць, што дуда — гэткі ж нацыянальны інструмент для Беларусі, як і валынка для Шатландыі.

Раней гэты старажытны музычны інструмент прысутнічаў у жыцці кожнага беларуса. Хрэсьбіны, пахаванне, жніво, Купалле, Каляды — дуда гучала падчас розных свят і абрадаў. Гучала аж да пачатку ХХ стагоддзя, пакуль на яе змену не прыйшлі цымбалы і гармонік. Мабыць, мы сёння і вывучалі б дуду толькі па музейных экспанатах, калі б некалькі дзясяткаў гадоў таму не пачалося яе адраджэнне.

— Адраджэнне дуды пачалося ва ўсім свеце ў 60—70-я гады мінулага стагоддзя. Звязана гэта было перш за ўсё са з’яўленнем субкультуры хіпі, якая праяўляла цікавасць да ўсяго старажытнага, у тым ліку да дуды, — тлумачыць Аляксандр Сурба. — Гэты працэс прыкладна супаў з працэсам, які адбываўся ў Беларусі ў 1970-я гады. Гэта таксама быў інтуітыўны пошук нечага сакраментальнага, сакральнага, міфічнага. Некаторыя пошукі выліліся ў першыя спробы вырабу дуды.

Спачатку з’явіліся майстры — Алесь Лось, Уладзімір Пузыня, Тодар Кашкурэвіч. Затым музыкі і калектывы пачалі ўключаць дуду ў свой інструментарый. Паступова пачалося навуковае даследаванне дударскай культуры: асобныя артыкулы, навуковыя працы, дысертацыя...

— Працэс, які цягнецца ўжо трыццаць гадоў, падышоў да лагічнага апагея. Сёння ў краіне каля 300—400 дудароў, 6 майстроў, якія вырабляюць дуду, некалькі дударскіх фестываляў, якія ладзяцца ў Мінску і рэгіёнах. Дуда сёння не проста музычны інструмент, — упэўнены Аляксандр. — Гэта культурная з’ява. Хаця і пачыналася яна як натхненне і рамантычны вобраз нашага мінулага.

Каб адбылося канчатковае прызнанне дуды як сімвала культуры, павінна прайсці яшчэ колькі часу. На думку даследчыка, дуда павінна натуральна ўвайсці ў культуру беларусаў “па ўсіх франтах”:

— Трэба, каб з’явілася некалькі пакаленняў майстроў, музыкаў, прычым як прафесіянальных, так і вулічных. Каб дуда стала выкарыстоўвацца не толькі фальклорнымі калектывамі, але і з’явілася на эстрадзе і ў класічнай музыцы. Зараз інструмент досыць стандартызаваны, тэхналогія яго вырабу ўжо адпрацавана, матэрыялы падабраны. Наступае этап напаўнення гэтай дакладнай формы зместам. Ужо сёння назіраецца пошук такога новага зместу. Добры доказ таму — дударскія фестывалі, дзе прадстаўлены розныя напрамкі, — ад аўтэнтычнага фальклору да хард-року і розных авангардных эксперыментаў.

Пасля прызнання дуды нацыянальнай культурнай з’явай можна пайсці яшчэ далей. Беларускую дуду, хаця яна і мае агульныя карані з усходнееўрапейскімі аналагамі, адрозніваюць унікальныя асаблівасці: форма ражкоў-раструбаў, плаўна закручаных на 180 градусаў, наяўнасць на іх дэкору волавам у выглядзе стылізаванай галавы казы, тачэнне трубак з малюнкам “тор — бочачка — тор”. Гэтыя асаблівасці робяць беларускую дуду адметным інструментам, каштоўным не толькі для нашага народа, але і сусветнай культуры. Нядзіўна, што ўжо каля года ў беларускай дударскай суполцы вядзецца дыскусія аб уключэнні дуды ў Спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Вось так з небыцця — на п’едэстал вядомасці.

У стылі продкаў

Аляксандр Сурба вырабляе не толькі беларускую дуду. Для Музея музычных інструментаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, які з’яўляецца ўнікальным у краіне, асабліва дзякуючы вялікай калекцыі старадаўніх музычных інструментаў, Аляксандр вырабіў і рэканструяваў з дзясятак дуд розных краін. Ёсць тут шведская, французская, балгарская, эстонская дуды. Некаторыя экзэмпляры адноўлены майстрам па фотаздымках 1920—1930-х гадоў. Тут жа, ва ўніверсітэце, у Аляксандра маецца майстэрня, дзе ў вольны ад вядзення заняткаў час ён вырабляе гэты інструмент. Сурба прызнаецца, што вельмі моцна адчувае падрымку ў справе папулярызацыі і рэканструкцыі дуды з боку кіраўніцтва ўніверсітэта, у прыватнасці рэктара Юрыя Бондара, які лічыць, што сучаснае мастацтва павінна цвёрда грунтавацца на традыцыйным.

Каб зрабіць адзін інструмент, Аляксандр траціць каля месяца. Раней дуды абавязкова вырабляліся з дрэва, паваленага бурай альбо пабітага маланкай, і са скуры, знятай з казы на Каляды. Сёння, вядома, выкарыстоўваюцца больш цывілізаваныя спосабы. Сярод матэрыялаў, якімі карыстаецца Сурба, — гатовая цялячая або казіная скура, драўніна ясеню або клёну, волава. Апошняе выконвае дэкаратыўную, міфалагічную і тэхналагічную функцыі. Волава, якое заліваецца расплаўленым у выразаны ўзор трубак, не дае дрэву расшырацца і растрэсквацца. Часам выкарыстоўваюцца і сучасныя матэрыялы.

— Ёсць шмат прыбамбасаў, якія дазваляюць выкарыстоўваць інструмент больш проста, не мучыцца з яго настройкай. Да прыкладу, для вырабу пішчыкаў майстры выкарыстоўваюць сёння карбон, метал, а надуўную трубу, якая пастаянна згрызаецца, робяць з пластыку. Але не даходзіць да таго, каб поўнасцю зрабіць дуду з пластыку. Нават вар’іруючы спосабы дэкору. Жадаючы надаць дудзе аўтарскі стыль, майстры стараюцца не адыходзіць ад традыцыі. Наша дуда ўваходзіць у сям’ю еўрапейскіх дуд, таму і важна не згубіць сваёй мясцовай адметнасці, рабіць інструмент у пэўным стылі.


ДАВЕДКА


Дуда — духавы язычковы музычны інструмент, які складаецца з некалькіх трубак, устаўленых у скураны мех. Інструмент вядомы практычна ўсім народам Еўропы — шведам, немцам, французам, італьянцам, палякам, чэхам, балгарам... Аднак у кожнага народа дуда мае свае канструктыўныя і меладычныя асаблівасці.

Містыка, ды і толькі

Чаму дуда выклікае сёння такую цікавасць? У Аляксандра Сурбы, які займаецца вывучэннем, майстраваннем і папулярызацыяй гэтага інструмента ўжо больш за дзесяць гадоў, ёсць асабістае тлумачэнне:

— Дуда не падобная ні на які іншы інструмент. Яна нясе больш глыбокі сэнс. Як мне падаецца, дуда дае магчымасць пэўнага перараджэння, вызваляе заснулыя вялізныя пласты памяці і старыя сівыя архетыпы. Нешта адбываецца з чалавекам, які пачынае граць на дудзе. Нешта дзіўнае, цікавае, што цяжка растлумачыць.
СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 17.05.2020 04:21:42

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.