::
2018.04.13 — Якія фальклорныя фестывалі адбудуцца ў бліжэйшы час у рэгіёнах / СБ. Беларусь сегодня / Советская Белоруссия / Рабочий
Загаловак
Якія фальклорныя фестывалі адбудуцца ў бліжэйшы час у рэгіёнах
Спасылка
Дата публікацыі
13.04.2018
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

Адрасы добрага настрою

Мясцовымі традыцыямі вельмі ганарацца, а таму прапагандуюць на фестывалях, святах і конкурсах народнай творчасці. У рэгіёнах штогод праводзяцца сотні такіх мерапрыемстваў. Мы падкажам цікавыя лакацыі, дзе гэтай вясной будзе цікава, дзе паднімуць настрой і добра накормяць. Далучайцеся!

Брэсцкая вобласць

• Белавежская пушча здаўна славіцца не толькі шматвяковымі лясамі і магутнымі зубрамі, але і беражлівым стаўленнем да народных абрадаў і традыцый. Бліжэй пазнаёміцца з імі можна будзе 26 мая на фестывалі “Добрыя суседзі”, які пройдзе на тэрыторыі нацыянальнага парку і збярэ самадзейных артыстаў з Беларусі, Расіі і Польшчы. На “Царскай паляне” будуць спяваць, танцаваць, паказваць тэатральныя прадстаўленні і вучыць старадаўнім рамёствам.

ФОТА БЕЛТА

Віцебская вобласць

• Глыбокае запрашае на фэст “Дударскі Рэй”, які пройдзе 4—6 мая. Гукі старажытнага інструмента будуць разлівацца над Глыбоччынай аж тры дні. Сёлета свята дуды пройдзе пад міжнародны акампанемент гасцей, запрошаных з розных дударскіх рэгіёнаў Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Шатландыі, Латвіі, Бельгіі, Сербіі і Харватыі.

• Найстарэйшы ў краіне міжнародны фестываль традыцыйнага мастацтва “Браслаўскія зарніцы”, які летась адсвяткаваў 50-годдзе, адбудзецца 26—27 мая. У праграме — спаборніцтвы хароў, тэатралізаваныя прадстаўленні, папулярнае сярод моладзі свята сярэдневяковай культуры “Меч Брачыслава”. Акрамя таго, на свяце можна будзе навучыцца старадаўнім танцам, песням, гульням, а таксама падсілкавацца стравамі кухань розных нацыянальнасцей.

ФОТА БЕЛТА

Гродзенская вобласць

Аматараў смачна паесці запрашаюць 12 мая на “Пікнік па-беларуску” на Аўгустоўкі канал. На свяце беларускай кухні абяцаюць пачаставаць аўтэнтычнымі стравамі, спячы вялізны “Мегадран”, правесці конкурс на паяданне дранікаў і арганізаваць займальныя кірмашовыя атракцыёны “Яблычныя начоўкі” і “Гарадзенскі слуп”.


• Нераўнадушныя з дзяцінства да лялек, напэўна, ацэняць рэгіянальны фестываль батлеечных тэатраў “Чароўны свет батлейкі”, ён пройдзе 19 мая ў Залессі Смаргонскага раёна. Жывыя гісторыі ў драўляных скрынях, якія распавядаюць на тэрыторыі нашай краіны з канца ХVI стагоддзя, не пакідаюць абыякавымі ні дарослых, ні дзяцей. Акрамя батлеечных спектакляў, падчас фестывалю можна бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй Залесся і адрэстаўраванай сядзібай кампазітара Міхала Казіміра Агіньскага.

• Любіце танцаваць? Значыць, вам варта прыехаць 26 мая ў Слонім на фестываль “Паланэз”. Веданне тэхнікі старажытнага танца прадэманструюць не толькі беларускія калектывы, але і танцоры з Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Расіі.

• Плануецца, што папулярнае рэгіянальнае свята народнай творчасці “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”, якое сёлета пройдзе 27 мая, збярэ не менш за 3,5 тысячы гасцей. Тут можна будзе набыць вырабы беларускіх майстроў, паўдзельнічаць у забаўляльных анімацыйных і гульнявых праграмах, прадугледжаны і канцэртныя.

ФОТА БЕЛТА

Гомельская вобласць

• “Калі вы любіце аўтэнтыку і хочаце з галавой акунуцца ў народную творчасць, даведацца аб яе вытоках, прыязджайце на Гомельшчыну, — запрашае загадчыца аддзела інфармацыйна-аналітычнай і рэпертуарна-выдавецкай дзейнасці Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Алена Прадко. — Сёлета ў нас адбудзецца нямала адметных падзей”. Сярод іх — Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, Усебеларускі фестываль народнага гумару “Аўцюкі”. А ў бліжэйшы час можна завітаць у Ельск на свята ручніка “Як сімвал матчынай любові, як знак людское дабраты”. У Ельскай раённай цэнтральнай бібліятэцы створана экспазіцыя “Ельскі фартушок”, якая займае 72 квадратныя метры і налічвае больш за 300 экспанатаў. У маі гасцям прэзентуюць новыя экспанаты, прадэманструюць цікавыя работы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, жадаючых запросяць на выступленні фальклорных калектываў і майстар-класы мясцовых вышывальшчыц.

ФОТА БЕЛТА

Магілёўская вобласць

• Слаўгарадская зямля славіцца моцнымі сырнымі традыцыямі. Нездарма тут атрымаў прапіску фестываль сельскага турызму “Гаспадарчы сыр”, які пройдзе ўжо ў сёмы раз. Па традыцыі цэнтральнай падзеяй кулінарнага свята 28 красавіка стане кірмаш-продаж хатніх сыроў з дэгустацыямі, майстар-класамі і розыгрышамі. Сыравары прадставяць больш за 50 відаў сыроў на любы густ. Госці змогуць не толькі пакаштаваць мясцовыя далікатэсы, але і навучыцца іх гатаваць. Арганізатары падрыхтуюць таксама цікавую анімацыйна-забаўляльную праграму з канцэртам, тэматычнымі экскурсіямі, гульнямі і конкурсамі.

Мінская вобласць

• Абласное свята-конкурс “Млечны шлях ад рук бабулі” нездарма праводзіцца ў Семежаве Капыльскага раёна. Дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская тлумачыць, што гэта месца здаўна славіцца сваімі ткацкімі традыцыямі, якія цяпер унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Свята звычайна праводзіцца ў маі пад адкрытым небам. Яго кульмінацыя — конкурс ткачоў рознага ўзросту на хуткасць і якасць працы.

ФОТА БЕЛТА

Мінск

• Верхні горад для мінчан і гасцей сталіцы даўно стаў модным месцам. Джаз, брэйк-данс, вулічны тэатр і іншыя сучасныя напрамкі мастацтва прыцягваюць сюды і моладзь, і старэйшае пакаленне. Рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Вясновы букет”, які павінен тут адбыцца ў маі, носіць іншы характар. Але арганізатары ўпэўненыя, што і ён зацікавіць многіх. Фестываль збярэ больш за 400 беларускіх майстроў, якія прадставяць практычна ўсе віды традыцыйных рамёстваў. Наведвальнікі змогуць убачыць творчыя працэсы, прыняць у іх непасрэдны ўдзел, а таксама набыць у майстроў гатовыя вырабы.

ФОТА БЕЛТА

МЕРКАВАННЕ

Іван Галабурда, кансультант упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры:

— Фестывалі, святы, конкурсы вельмі добра дэманструюць дасягненні нацыянальнай культуры. Важна адзначыць, што ў рэгіёнах праходзяць мерапрыемствы вельмі высокага ўзроўню. Іх адрознівае комплексны характар. У адным фестывалі спалучаюцца канцэртныя праграмы, конкурсы, майстар-класы, творчыя лабараторыі, навукова-практычныя канферэнцыі, кірмашы, інтэрактывы і гэтак далей. А значыць, кожны, хто наведвае такія святы, знаходзіць для сябе пэўныя цікавосткі.

mila@sb.by

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.09.2020 07:58:51

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.