::
2018.10.05 — Мастер белорусской дуды Александр Сурба представил свою первую скрипку / СБ. Беларусь сегодня / Советская Белоруссия / Рабочий
Загаловак
Мастер белорусской дуды Александр Сурба представил свою первую скрипку
Спасылка
Дата публікацыі
05.10.2018
Катэгорыя
інтэрвію
Поўны тэкст
ПРЭМ’ЕРА РУБРЫКІ

“Унікум” — гэта размовы з цікавымі людзьмі, якія праславіліся ў нейкай сферы. Асобы з унікальным вопытам раскажуць пра сваю дзейнасць, паразважаюць на актуальныя для грамадства тэмы і прыадчыняць дзверы ў свой унутраны свет.

Аляксандра Сурбу ведаюць у першую чаргу як майстра і папулярызатара дуды. Вывучэннем і вырабам гэтага духавога інструмента ён займаецца больш за дзесяць гадоў. Па тэме беларускай дуды нават абараніў дысертацыю. А нядаўна Аляксандр прадставіў сваю першую скрыпку. Выклік вырабіць беларускую “гварнеры” майстар атрымаў ад самога Прэзідэнта падчас вясновай сустрэчы з творчай моладдзю, калі было пастаўлена пытанне аб аднаўленні вытворчасці айчынных музычных інструментаў. Брацца за няпростыя задачы, шукаць нестандартныя рашэнні і вучыцца новаму — у духу кандыдата мастацтвазнаўства, а з нядаўняга часу і дэкана факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

— Аляксандр, першыя звесткі пра беларускія музычныя інструменты знаходзім у летапісах часоў сярэдневякоўя. Свістулькі, трашчоткі, грэбні, дудкі, скрыпкі на працягу стагоддзяў суправаджалі беларусаў. Можна казаць, што даручэнне Прэзідэнта па стварэнні айчынных музычных інструментаў — у духу традыцый?

— Сапраўды, музычныя інструменты суправаджалі ўсе святы і відовішчы беларусаў. Гэта быў неад’емны атрыбут усіх мерапрыемстваў. У Беларусі існавала традыцыя вырабаў інструментаў. Народныя дуды, цымбалы, скрыпкі вырабляліся асобнымі майстрамі, акадэмічныя інструменты, да якіх адносяцца і скрыпкі, і віолы, і лютні, — спецыяльнымі мануфактурамі. Можна прывесці да прыкладу майстэрню Бальтазара Данкварта XVII стагоддзя, чые інтрументы былі вядомы па ўсёй Еўропе. Новая хваля ўвагі да музычных інструментаў — безумоўна, пазітыўны трэнд. Яна накіравана на тое, каб аб’яднаць майстроў, якія ёсць у нашай рэспубліцы па розных інструментах, мэтанакіраваць іх, дапамагчы ім у рэалізацыі прадукцыі. Але галоўнае — захаваць школу вырабу акадэмічных і народных музычных інструментаў, набраць вучняў, якія б працягвалі гэту справу. Сёння нават не ўсе ведаюць, што ў краіне ёсць майстры, якія вырабляюць тыя ці іншыя музычныя інструменты. Да прыкладу, лютні – досыць рэдкі сёння рэнесансна-барочны інструмент. А між іншым Юрый Дубнавіцкі вырабляе іх у Пінску з пачатку 90-х гадоў. Можа, хтосьці з маладых людзей, даведаўшыся пра такіх майстроў, працягнуў бы іх справу. Гэта хваля дакладна будзе спрыяць і захаванню інструментальных традыцый, і развіццю выканальніцкай школы. 

— І ў якім кірунку, на ваш погляд, нам варта рухацца? Падтрымліваць індывідуальных майстроў ці развіваць прамысловасць?

— Усё залежыць ад тых аб’ёмаў, якія будуць планавацца Міністэрствам культуры. Вядома, усе інструменты патрабуюць пільнай працы майстра. Але некаторыя могуць вырабляцца і масава. Як піяніна, да прыкладу. Сёння існуе вялікая патрэба ў гэтым інструменце. Больш за 20 гадоў ён у нас не вырабляецца, хоць калісьці беларускія піяніна былі вядомы ва ўсім Савецкім Саюзе і нават у некаторых частках Еўропы. І зараз пачынаецца адраджэнне гэтага брэнду, ужо ёсць два першых піяніна, якія тэсціруюцца ў Акадэміі музыкі і атрымалі, наколькі мне вядома, высокую адзнаку. Плануецца іх выраб у больш шырокіх маштабах. Што датычыцца гітар, ёсць высакапрафесійны майстар Андрэй Кібінь з Гродна, які арганізаваў невялікую мануфактуру па вырабе гэтага інструмента. Яго гітары маюць сапраўды высокі агульнаеўрапейскі ўзровень. І галоўнае, Андрэй з задавальненнем навучае гэтай справе іншых. Лічу, вельмі важным падтрымаць вось такіх майстроў, якія не замыкаюцца на сабе, не трымаюць усё ў сакрэце, але дзеляцца сваімі ведамі з іншымі. 

— Навучыць вырабу музычных інструментамў можна любога? Ці без пэўнай унутранай патрэбы чалавек не здолее засвоіць гэту тэхналогію?

— Выраб інструментаў — адна з формаў рэалізацыі чалавечага патэнцыялу. І калі чалавек адчувае патрэбу ў рэалізацыі, то ён заўсёды будзе шукаць справу, якая будзе ў поўнай меры яго раскрываць. Мне падаецца, людзей, якія маглі б займацца вырабам інструментаў, вельмі шмат. Другая справа, незаўсёды ў іх ёсць магчымасць знайсці настаўніка, майстэрню. Мне ў свой час пашчасціла. Калі зразумеў, што хачу вырабляць музычныя інструменты, звярнуўся да майстра Алеся Уладзіміравіча Лася, які з задавальненнем узяў мяне ў вучні і паказаў усё, што ведаў, не хаваючы ніякіх сакрэтаў. Вельмі ўдзячны яму. І калі да мяне прыдуць вучні, буду шчыра радавацца, калі мой вучань пойдзе далей, чым я. Гэта самая лепшая пахвала настаўніку. Настаўнік перадае вучню свае веды, а той у сваю чаргу ўдасканальвае тэхналогію, прыўносіць нешта сваё. І калі ёсць такі ланцужок перадачы ведаў, то з цягам часу, можа, праз стагоддзі, тэхналогія дасягае свайго ідэальнага стану. Так было са скрыпкамі. Ведаем, што ўжо 400 гадоў яны вырабляюцца амаль па нязменнай класічнай тэхналогіі, якая была яшчэ пры Страдзівары, вучні Амаці.

— І такі шлях удасканалення перажывае беларуская дуда, якой вы займаецеся больш за дзесяць гадоў…

— Дударская традыцыя, на жаль, спынілася ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. І толькі ў пачатку 80-х гадоў пачала сваё адраджэнне. На шчасце, сёння мы маем ужо тры пакаленні майстроў, якія займаюцца вырабам дуд. У кожнага свае падыходы і сакрэты, але ў цэлым мне падаецца нарадзілася новая дударская традыцыя. Тэхналогія вырабу дуд, на мой погляд, ужо адпрацавана, матэрыялы падабраны. Наступае этап напаўнення гэтай дакладнай формы зместам. Гэтаму спрыяе вялікая колькасць дудароў у краіне — каля 300-400 — і правядзенне дударскіх фестываляў.

— Узяцца за скрыпку падштурхнула менавіта сустрэча з творчай моладдзю, ці і раней былі такія задумкі?

— Яшчэ некалькі гадоў таму ў мяне ўзнікла ідэя зрабіць струнны інструмент. Разам з яшчэ адным маладым майстрам Цімафеем Палуніным вырабілі дзве скрыпкі-даўбанкі. Гэта спрошчаны народны варыянт скрыпкі з суцэльнага кавалка дрэва, без якой у свой час не абыходзіўся ні адзін кірмаш, як, дарэчы, і без дуды. Адну скрыпку падаравалі Музею музычных інструментаў Універсітэта культуры, другую — настаўніку Алесю Ласю для яго прыватнага музея. Быў такі эксперымент. Але рабіць скрыпку акадэмічную па крэмонскай класічнай тэхналогіі з тонкімі і дакладнымі дэталямі, з абавязковым захаваннем профіляў, выгібаў, было страшнавата. Але паколькі на сустрэчы з моладдзю Прэзідэнт даў такое даручэнне, то трэба было выконваць. Правялі кансультацыю з рэктарам Алінай Анатольеўнай Корбут. Я склаў план, які яна падтрымала, і ўзяўся за працу. Чытаў літаратуру, кансультаваўся са знаёмымі мастрамі, ездзіў у камандзіроўку у Пінск — нашу беларускую Крэмону. Там сапраўды вельмі шмат майстроў, якія робяць і цымбалы, і віолы, і калёсныя ліры, і клавісіны, і лютні… Калегі падзяліліся і вопытам, і матэрыяламі. Асабліва ўдзячны Андрэю Шклёдзе — выдатнаму майстру шырокага профілю па рэнесансных і барочных інструментах. Пачаў рабіць. Не хачу сказаць, што было лёгка. Нават фізічна было складана — прыходзілася працаваць па дзесяць гадзін у дзень, здымаць маленькую стружачку па паўміліметра, каб зрабіць усё дакладна. Але калі ёсць добры настаўнік і дарадчык, можна зрабіць любую справу. Тым больш вопыт вырабу музычных інструментаў у мяне быў. Праз паўтара месяца скрыпка была гатова. Праўда, інструмент яшчэ павінен выспець. Патрэбны 2-3 гады пастаяннага грання на скрыпцы, каб яна загучала па-сапраўднаму.


— Што далей? Наступныя скрыпкі, а, можа, і зусім новы інструмент?

— Скрыпка была выраблена як навукова-практычны інструмент. Мая місія ў гэтай справе — навучыцца рабіць гэты інструмент. Зараз ідзе абмеркаванне пытання, каб аб’яднаць майстроў, якія вырабляюць скрыпкі, у нейкую артэль. Бо пакуль усе працуюць разрознена, няма ярка выражанай школы і, адпаведна, вучняў. З верасня прыступіў да абавязкаў дэкана факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва. І з гэтай нагоды не так шмат часу займацца інструментамі. Але ёсць пэўны азарт і думаю ў летнім адпачынку займуся новым праектам. А яшчэ хочацца паспрабаваць усё, што робіцца на нашым факультэце асабістымі рукамі. Мне вельмі падабаюцца такія вырабы — у іх ёсць душа, яны валодаюць пэўнай энергетыкай. На мой погляд, вельмі важны ў наш час інфарматызацыі і глабалізацыі зварот да традыцыйных рамёстваў. Гэта натуральная цяга чалавека ўмець нешта рабіць, гэта праца, якая мае сэнс, гэта сувязь з пакаленнямі. 

— Свае веды па вырабу музычных інструментаў вы ўжо сёння перадаеце студэнтам універсітэта?

— Выкладаю дысцыпліну “Рэстаўрацыя і выраб беларускіх народных духавых музычных інструментаў”. Гэта невялікі курс, але тым не менш дапамагае народнікам, духавікам зразумець пэўныя законы будавання акустыкі музычнага існтрумента, яго прафілактыкі,  наладжвання. Спецыфіка курса, які я сам распрацоўваў, заключаецца ў тым, што я не даю адказы. Студэнты іх шукаюць самі — я толькі задаю пытанні. Бо каб нешта зразумець, трэба вырашыць задачу самастойна. Так вучылі мяне мае настаўнікі. Так вучу сёння я. Сістэма адукацыі змяняецца, яна павінна не толькі даваць веды, але стымуляваць дзеля самостойнага пошуку інфармацыі, вучыць арыентавацца ў гэтай інфармацыі. Бо з кожным годам яе становіцца ўсё больш, і чалавек непадрыхтаваны проста патоне ў гэтым патоку. Сёння на першы план выходзіць развіццё аналітычных якасцей. 

mila@sb.by

Фота аўтара.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 10.01.2021 08:11:07

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.