::
2019.12.13 — В Логойском районе умеют вызывать дождь / СБ. Беларусь сегодня / Советская Белоруссия / Рабочий
Загаловак
В Логойском районе умеют вызывать дождь
Спасылка
Дата публікацыі
13.12.2019
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Божыя слядкі

Святы камень, Дажбог, Цудатворны камень, Божыя слядкі... Па-рознаму называюць невялікі па памерах пляскаты валун, які з даўніх часоў ушаноўваюць жыхары Крамянца і навакольных вёсак Лагойскага раёна. Апошняя назва, дарэчы, выдатна адлюстроўвае яго знешнія адметнасці: на плоскай паверхні каменя ёсць некалькі паглыбленняў, падобных на слядкі. Мясцовыя жыхары вераць, што гэта «сляды Богавы» — Божай Маці і маленькага Ісуса.


Паглыбленні гэтыя амаль заўсёды напоўнены дажджавой вадой, нават у спякотнае надвор’е. Лічыцца, што яна валодае гаючымі ўласцівасцямі, у прыватнасці дапамагае лячыць хворыя вочы. Вераць у гэта не толькі мясцовыя жыхары. Пакланіцца каменнаму цуду, што хаваецца ў лесе недалёка ад вёскі Крамянец, прыязджаюць з усёй Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, краін Балтыі, паведамляе livingheritage.by. Ушаноўваюць камень круглы год, для тутэйшых людзей ён стаў своеасаблівым храмам пад адкрытым небам. Абавязкова прыходзяць да яго ў першы велікодны дзень, на Сёмуху, Яблычны Спас, Пакроў. Наведваюць падчас сямейных урачыстасцей — у дзень нараджэння, вяселля і гэтак далей. Некаторыя ходзяць да каменя ў нядзелю, чыста апрануўшыся, як у царкву. І заўсёды прыносяць дары. На Вялікдзень нясуць асвячоныя булкі і чырвоныя яйкі, на Спас — яблыкі. У іншыя дні прыносяць цукеркі, печыва, хлеб, кветкі, ягады. Калі нехта не можа сам прыйсці да валуна, то перадае ахвяраванне таму, хто ідзе, і той прамаўляе, ад каго яно і аб чым гэты чалавек просіць.



Звычайна ж просяць здароўя, дабрабыту, шчасця… А яшчэ часта звяртаюцца да каменя з просьбай аб дажджы ў сухое надвор’е. Традыцыйна жанчыны, абавязкова ўдовы, ідуць да каменя і, адкаціўшы з-пад яго невялікія каменьчыкі, падважваюць валун драўлянымі калкамі ў рост чалавека. Калкі так і пакідаюць уторкнутымі ў зямлю пад каменем — да таго часу, пакуль не пойдзе дождж. А пайсці ён павінен не пазней як на трэці дзень. Калі дождж ужо не патрэбны — калы вымаюць і дробныя каменьчыкі падкочваюць назад пад камень. Тры гады таму ўнікальны абрад быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

mila@sb.by

Фота Максіма Вечара
СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.01.2021 22:11:49

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.