::
2020.02.15 — Гаспадыня вясельнай кухні / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Гаспадыня вясельнай кухні
Спасылка
Дата публікацыі
15.02.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Чытаць на галодны страўнік не рэкамендуецца

З юнацтва Ангеля любіла пячы пірагі і хвораст. Духмяны пах поўніў хату, ад дзіўнага водару кружылася галава. Неўзабаве кухня для дзяўчыны стала месцам сакральным. Ангелю ніхто не вучыў гатаваць. У адзіночку яна магла кашаварыць гадзінамі. Не, не кашаварыць — тварыць! Калі ў Свінцы (пазней вёска стала называцца Малінавай) адкрылася школа, шаснаццацігадовая Ангеля пайшла гатаваць ежу школьнікам. Сорак два гады адпрацавала ў школьнай сталовай. Суп “ад Ангелі”, пухнатыя катлеты, кашы з падлівамі і аладкі ўспамінаюць з настальгіяй тыя, хто хадзіў у Малінаўскую “альма-матэр”. Ужо ў васямнаццацігадовым узросце Ангеліна Драгун дапамагала вясельнай кухарцы. Але нядоўга. Хутка дзяўчына пайшла на вольны хлеб — сама стала шэф-поварам на вяселлі. Умелай і спрытнай. Без Ангеліны Андрэеўны не абыходзіліся і вясковыя провады ў войска, і сямейныя юбілеі. Яна карміла лектараў, якія прыязджалі ў мясцовы калгас, нават вялікіх начальнікаў, праваслаўных і каталіцкіх святароў.

 

Сват з чырвонай кніжкай

“Вясельная паварыха” славілася не толькі ў сваёй вёсцы, але і за межамі раёна. Вільнюс, Вілейка, Маладзечна, Мінск, Мінская вобласць (што за Свірскім возерам) — геаграфія яе прафесійнага перамяшчэння багатая. “Вяселле зрабіць — не поле перайсці, — філасофскі зазначае жанчына. — Цяжкая гэта справа, але я яе любіла. У чацвер ужо пачыналі гатаваць. Уся пятніца і выхадныя — адпачываць не было калі. Як я тады жыла?! Не спала, і спаць не хацелася”.

/i/content/pi/cult/785/16924/11_1.jpg

Бабуля Ангеліна і яе жыўнасць.

Па словах Ангеліны Андрэеўны, першыя вясельныя сталы былі, зразумела, не надта багатыя. З гадамі з’яўляліся ўсё новыя і новыя стравы. Увайшоў у моду салат “Гарошак”, госці елі — наесціся не маглі. Ляпілі катлеты, круцілі галубцы ў цэлыя вялікія чыгуны, каструлі. Рулеты — вараныя, печаныя, рэбры тушаныя, шчупакі фаршыраваныя, вугры, куры і свіныя паляндвіцы вэнджаныя… Заліўное ўпрыгожвалі лебедзямі і лілеямі з яйкаў. Торты, грыбкі, арэшкі, кошыкі, кветкі, качкі і нават бараны печаныя з цеста, снежкі з узбітых бялкоў. Ад пераліку вясельнага меню 60 — 70 гадоў мінулага стагоддзя я толькі слінкі глытала. Вось не падумала б, што тады такія сталы на вяселлях былі.

Шмат часу вясельная кухарка і на ўпрыгожванні траціла. У яе руках кветкі “распускаліся” — з бурака, бульбы, яйка, морквы і цыбулі. Нават для мяне майстар-клас правяла, як кветкі з бульбы выразаць і ў якой вадзе варыць, каб форму не страцілі.

Прыгадала жанчына, як у Сыраватках на вяселлі збіраліся рабіць шашлыкі. Мяса замарынавалі, а тут дождж пайшоў. Таму вырашылі шашлыкі па-беларуску гатаваць — на блясе.

— А мужыкі нецярплівыя, аж сварыцца пачалі, каму першаму пакаштаваць дадуць. Тут адзін крычыць: “У мяне кніжка чырвоная… Мне заўсёды без чаргі”. Дастаў — і трасе гэтай кніжкай”, — аж смяецца Ангеліна Андрэеўна.

Але я гэтаму мужчыне кажу: “Можа, ваша кніжка і добрая. Але ў мяне на вяселлі — усе роўныя. І з белай кніжкай, і з чорнай”. І не дала без чаргі. “Што ж ты зрабіла? Гэта ж самы важны госць”, — пачалі мне шаптаць. Лепшы госць — а я яго ў чаргу! Вось ужо рагаталі потым.

Помню, літоўцы на вяселлі гулялі. Жаніх быў з Літвы. Я тады ўпершыню пачула, што галубцы са смятанай ядуць. Не магла адразу ўцяміць: як гэта да мяса смятану падаваць. Мы ж заліўку рабілі з цыбулькі і морквы ды жыжачкай ад галубцоў палівалі. А тут смятана. Некаторыя літоўцы галубцы са смятанай елі, але многія і не захацелі, наша заліўка больш спадабалася”.

Дачку “ў бабы” аддаць

Расказала жанчына пра страву “Катлеты ў кашульках” (сама прыдумала — сама назвала): бяром катлетнае мяса без хлеба, дадаём соль, часнок, спецыі. Катлеты фаршыруем сырам з морквай і цыбулькай, можна з грыбамі, са шматкамі сала. Катлеты абвальваем у муцэ і яйку, смажым. Яны становяцца такімі жоўценькімі, пухнаценькімі, як піражкі. Пасля датушваем.

/i/content/pi/cult/785/16924/11_2.jpg

Гэта вясельнае фота зроблена ў 1958 годзе.

Бліны з тварагом — таксама традыцыйнае вясельная страва. Болей за сто бліноў трэба было спячы. Бабуля Ангеля падзялілася рэцэптам: “Яйкаў набіць, малака дадаць, трохі вады цёплай, каб былі мяккія, масла поснага ды мукі. Начынка — тварог і яйкі мяшаць доўга, дадаць цукар ванільны і звычайны. Начыненыя бліны ў посуд пакласці, сметанковага масла крыху дадаць — і ў духоўку ці ў печ. Смаката атрымліваецца”.

Каравай — самы важны атрыбут вяселля, сімвал шчасця, дабрабыту, багацця. Дзялілі каравай напрыканцы вяселля. Кожны госць “купляў” кавалачак свайго “шчасця” і нёс яго дадому, каб падзяліцца з роднымі.

“Вясельны пірог — не тая размазня, што падаецца сёння ў рэстаранах напрыканцы вяселля і нікому не патрэбна, а нешта сакральнае, свяшчэннае, што з’яўлялася квінтэсенцыяй родавай філасофіі”, — заўважыў у адным інтэрв’ю фалькларыст Янка Крук.

Мая суразмоўца сцвярджае, што на вяселле пяклі не адзін, а некалькі пірагоў. Маладых трэба было сустрэць пірагом. Яшчэ адзін маці нявесты прыносіла жанчынам з вёскі — такім чынам дачку “ў бабы” аддавала. У сумку клалі і іншыя вясельныя прысмакі (абавязкова халадзец) і віно. Тым дзяўчатам, што прыходзілі спяваць вясельныя абрадавыя песні, жаласлівыя, якія на слёзы прабівалі, маці нявесты давала “плаксу” ці лусту (пірог). Па словах бабулі Ангелі, абрадавыя вясельныя песні апошнія гадоў з дваццаць, а то і больш ужо не пяюць.

Мужчынам пірог і халадзец не давалі, ім рыхтавалі трохлітровы слоік гарэлкі ці самагонкі і добра паесці. Гэта ўсё трэба было падрыхтаваць вясельнай паварысе. За тое, што мужыкі зробяць вясельную браму, сумку накладалі асобна.

Для ксяндза ці бацюшкі таксама трэба было падрыхтаваць гасцінец. У сумку часам клалі віно ці шампанскае. Ксяндзу маглі падрыхтаваць і добры кавалак сырога мяса, калі ў яго была памочніца па гаспадарцы. Калі не было, клалі толькі варанае ці вэнджанае. Тым, хто на хорах пяюць падчас вянчання, цукеркі куплялі, кілаграмы два.

Гатавала без выхадных

Больш за паўтысячы вясельных сталоў накрыла Ангеліна Андрэеўна. Па тры — чатыры вяселлі ў адной хаце рабіла. Летам ні адных вольных выхадных не было. За месяц — два прыязджалі бацькі маладых і замаўлялі вясельную кухарку. Калі госці не былі запрошаны, то і вяселле адкладалі да таго часу, калі шэф-повар будзе не занятая.

Аднойчы Ангеліна Андрэеўна рабіла вяселле “за возерам” (далёка). Ёй падалося, што жанчыны-памагатыя неяк дзіўна сябе паводзілі. Аказалася, сачылі, дзе кухарка свой сшытак з запісамі хавае. Не вытрымалі, пацікавіліся. “Во дзе мой сшытак”, — паказала Ангеліна Андрэеўна на галаву. Не мела яна ніякіх запісаў. А сваю кухарскую справу як творчасць успрымала. Ніколі не баялася фантазіраваць.

Будуць маладыя багаты, як кажух касматы

Самае вялікае вяселле, якое давялося ёй рабіць, — у сталовай на заводзе аптычнага станкабудавання. Казалі спачатку, што будзе 120 чалавек, а сабралася 200. У Вільнюсе гатавала на 30 гасцей. А ў Беларусі малых вяселляў не было. 80 гасцей — гэта такая, сярэдняя гулянка.

Вясельнае застолле — сімвал нараджэння новай сям’і, “вянец” усеагульнай радасці. У вясельных песнях славіліся маладыя, іх бацькі, сваты. Багаты вясельны стол — сімвал заможнасці будучай сям’і. Як зазначыла мая субяседніца, і бяднейшыя, і багацейшыя гаспадары, што ладзілі вяселле, стараліся, каб сваты не галадалі. Бедныя апошняе аддавалі на стол. Бывала, мяса маглі купіць менш. Тады кухарка клёцкі гатавала, іх заўсёды госці добра елі.

Падчас вяселля жаніх і нявеста гарэлку маглі толькі прыгубіць. Калі маладыя прыязджалі з храма і ЗАГСа, бацькі сустракалі хлебам-соллю і спіртным. Але спіртное не пілі — вылівалі праз левае плячо. Лічылася, што на левым плячы сядзіць чорт-спакуснік, а на правым - анёл-абаронца. Такім сімвалічным жэстам маладыя аддавалі чорту гарэлку, адмаўляліся ад яе і тым самым адганялі спакусніка.

Знаходзіліся назойлівыя сваты, якія надта хацелі выпіць з маладымі. Каб не было спрэчак, для нявесты з жаніхом на стол ставілі бутэльку з-пад гарэлкі, у якую налівалі звычайную ваду.

Раней лічылася, што сядзець новаспечаныя муж і жонка павінны на адной лаўцы. Ніякіх разрываў у выглядзе асобных крэслаў. Каб у сям’і вадзіліся грошы, маладых садзілі на кажух і казалі: “Хай будуць маладыя багаты, як кажух касматы”.

Напрыканцы вяселля некаторыя сваты і часам Ангеліна пераапраналіся ў цыганоў, бралі прысмакі і хадзілі ў вёсцы па хатах — частавалі суседзяў.

Ангеліна Андрэеўна ўдакладніла, што магла з лёгкасцю разлічыць “банкетнае меню”. І ніколі не памылілася, яе сваты заўсёды былі накормлены і напоены. “Дзякуй Богу, у мяне ніколі не было такога, каб было нясмачна, — кажа бабуля Ангеля, і ў гэтых словах няма ні грама хвальбы. — У канцы вяселля, бывала, клікалі мяне да сватоў, падарункі дарылі і на лаве ледзь не да неба падкідалі. І ў руку цалавалі, а я бянтэжылася і гаварыла: “Ой, паночак, паночак, не трэба мне ў руку цалаваць. Вы мне лепей “дзякуй” скажыце”.

Апошняе вяселле Ангеліна Андрэеўна зрабіла, калі ёй было ўжо за 70 гадоў. Цяпер ёй — 80. Зухаватая, даволі актыўная (толькі вось ногі баляць), вельмі жартаўлівая і гаваркая. З гадамі кулінарыць усё менш і менш. Але адчуваецца, што жанчына яшчэ ў добрай “кухарскай” форме. І калі трэба было б майстар-клас на кухні правесці, такі б яшчэ правяла… Маладыя пазайздросцілі б.

Галіна АНТОНАВА

Смаргонь

Фота аўтара і з архіва Ангеліны Драгун

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.06.2020 01:29:18

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.