::
2020.01.28 — Баба Каця ў UNESCO / Народная воля http://www.nv-online.info/
Загаловак
Баба Каця ў UNESCO
Спасылка
Дата публікацыі
28.01.2020
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

За нафтавымі жарсцямі, навагоднімі ды каляднымі святамі неяк малазаўважнай засталася вялікая культурніцкая падзея – беларускі народны абрад “Юраўскі карагод” з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна ўключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Адбылося гэта ў снежні на другім, так бы мовіць, канцы планеты – у сталіцы Калумбіі Багаце, дзе праходзіла 14-я сесія спецыялізаванай установы ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.

У каго ключы, якія “адмыкаюць” зямельку

Так далёка культурніцкія справы Беларусі сталі вядомыя, дзякуючы дасціпным палешукам з Пагосту, і найперш захавальніцы абраду Кацярыне Панчэні.

“Ой, не называй ты мяне Кацярынай Аляксееўнай, – адказвае на вітанне Папчэня. – Мне Знаёмы мы з бабай Кацяй даўно, зноў-такі праз той самы “Юраўскі карагод”.

Унікальны веснавы абрад ладзілі ў Пагосце спрадвеку. Шостага траўня, у Юр’еў дзень, уся вёска ад малога да вялікага, большым ці меншым складам выходзіць у поле на маладое жыта, каб “адамкнуць” зямельку, узяцца за рукі ў карагод , уславіць першую зеляніну і жыватворныя сілы прыроды. Традыцыя звязаная з ушанаваннем нашымі продкамі паганскага персанажа Ярылы, які апекаваўся свойскай і дзікай жывёлай, сялянскай нівай і пачуццёвым каханнем. У кожнай абрадавай рэчы, што выкарыстоўваецца ў Пагосце на Юр’е, ёсць сваё прызначэнне. У каравай, напрыклад, тут уторкваюць тры галінкі заквітнелай яблыні ці грушы, якія маюць па тры плодныя парасткі з кветачкамі – усяго дзевяць, акурат столькі месяцаў цягнецца цяжарнасць у жанчыны, зрэшты, як і сцельнасьць у каровы, вясковай карміцелькі.

Ніколькі не перабольшваю, кажучы, што прыгожы абрад апошнія амаль чатыры дзесяцігоддзі трымаецца менавіта на Кацярыне Панчэні, кабеце няпростага лёсу, але з няўрымслівым і надзвычай песенным характарам. Раней яна загадвала мясцовым клубам, была тут мастацкім кіраўніком, але і пасля перадачы вясковай культустановы ў маладзейшыя рукі не ацуралася спрадвечнай традыцыі. Больш таго, вазіла аднавясковак паказваць свой абрад нават у Нямеччыну, не кажучы ўжо пра бліжэйшыя краіны. І вось цяпер аўтарытэтная міжнародная арганізацыя прызнала каштоўнасць “Юраўскага карагоду”: гэта арыгінальна, непаўторна, прыгожа, такога няма ў іншых народаў свету. Гэта наша нацыянальная адмеціна, наш гонар, наша ідэнтычнасць.

Найлепшая ўзнагарода

Цікаўлюся ў Кацярыны Аляксееўны, атрымала яна хоць нейкі знак увагі з боку афіцыйных органаў?

“Віншавалі з раёна, з Міністэрства культуры. Знаёмыя журналісты тэлефанавалі”, – кажа самабытная народная артыстка.

— Можа Аляксандр Лукашэнка ці яго адміністрацыя якую тэлеграму даслалі – усё ж такі не проста вёску ці раён, а цэлую краіну на стагоддзі ўславілі?

“Не, ад кіраўніка дзяржавы ніякага знаку. Ды я за славаю не ганюся, – тлумачыць Панчэня. – Людзі слухаюць нашы песні, моладзь далучаецца да нашага абраду – гэта мая найлепшая ўзнагарода”.

Мала-памалу гаворка наша скіравалася да новай вясны і будучага свята ў Пагосце.

Юр’я, устань рана,
Паязджай у поле, адмыкай зямлiцу, выпускай расiцу!

“Мне да новага Юр’я хоць бы вычухацца, сілаў набрацца. На ўколах ды пігулках жыву”, – нечакана замаркоцілася Кацярына Аляксееўна.

Шорт-ліст нацыянальнай прэміі без Кацярыны Панчэні

Захавальніца “Юраўскага карагоду” ў мінулым годзе моцна хварэла, перанесла аперацыю на сэрца, якую рабілі ў цэнтры кардыялогіі ў Мінску. У Пагост яна вярнулася літаральна за тыдзень да прызнання ў калумбійскай Багаце вялікай каштоўнасці беларускага абраду. Цяпер жанчыне, каб рэабілітавацца і падмацаваць свае жыццёвыя сілы, патрабуюцца пігулкі і ледзь не штодня ўколы. Адзін патрэбны укол – гэта ўжо 6 рублёў з капейкамі.

“Пасля аперацыі мяне прызналі інвалідам другой групы. На лекі ёсць зніжкі, але чамусці не на тыя, якія мне патрэбны”, – зазначае жанчына. І дадае: “Не зразумей гэта як крыўду, але мне пасля прызнання нашага карагоду UNESCO ніхто і капейчынай у руку не плюнуў”.

Словы дасціпнай вяскоўкі ўзрушылі і не адпускаюць, як і яе беражлівасць да свайго культурнага набытку, што некалі нарадзіўся і дагэтуль шануецца на палескай зямлі. І вельмі шкада, што ў спісе лаўрэатаў нацыянальнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” сёлета не было бабы Каці, Кацярыны Аляксееўны Панчэні, жанчыны сціплай, але надзвычай адданай сваім беларускім караням.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 28.03.2020 15:14:21

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.