::
2019.11.18 — 5 унікальных драўляных цэркваў, якія абавязкова трэба пабачыць / Наша Ніва / nn.by
Загаловак
5 унікальных драўляных цэркваў, якія абавязкова трэба пабачыць
Спасылка
Дата публікацыі
18.11.2019
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

5 унікальных драўляных цэркваў, якія абавязкова трэба пабачыцьРазам з Samsung Galaxy A50 мы запрашаем у падарожжа да культавых драўляных храмаў Берасцейшчыны, якія могуць увайсці ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Здзітава: царква ў бацькаву памяць

З культурных набыткаў чалавецтва лепей за драўляныя архітэктурныя шэдэўры гараць толькі кнігі. І гэта проста дзіва, што за апошнія чатырыста вогненных гадоў у Беларусі тыя шэдэўры захаваліся. Мы пачынаем падарожжа ад самай старой драўлянай царквы краіны, што ў вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна.Царква Святога Мікіты ў вёсцы Здзітава (Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці). Найстарэйшая драўляная царква ў Беларусі. Пабудавана ў 1502 па фундацыі Івана Гурына на правым беразе ракі Мухавец, магчыма, на месцы яшчэ ранейшага храма. Непадалёк ад царквы – двух'ярусная званіца. Помнік драўлянага дойлідства.

Вёскі Здзітава фармальна ўжо няма: яе далучылі да Жабінкі. І царква Святога велікамучаніка Мікіты таксама стала гарадской. Невялікі храм на Спаса поўны людзей, у сярэдзіну цяжка прабіцца. «Да нас і жабінкоўцы ездзяць, тут атмасфера асаблівая», – кажа прыхаджанка.

Пяцьсот год таму гэтая невялікая гарманічная цэркаўка была самым высокім будынкам наваколля.

У 1502 годзе царкву фундаваў шляхціц Іван Гурын, паставіўшы ўмовай асвяціць яе імем святога Мікіты – у гонар уласнага бацькі, Мікіты Гурына. Той Мікіта і выслужыў у свой час Здзітава ў вялікага князя Аляксандра.

З фундушовага запісу можна зразумець, што царква была пастаўленая на месцы нейкага старога храма XV стагоддзя – бо згадваецца ранейшы святар, які збег са Здзітава з грашыма і дакументамі.
«У нас хацелі вуліцу імем Гурына назваць, але назвалі Стараздзітаўская», — кажуць людзі. Дзіўная сарамлівасць мясцовай улады: чаму не назваць вуліцу імем чалавека, які падараваў нашчадкам помнік архітэктуры еўрапейскага значэння?Прапорцыі
Здзітаўскую царкву будавалі не «на вока»: вышыня храма роўная палове дыяганалі прастакутніка, у які яе можна ўпісаць. А даўжыня яе апсіды роўная палове шырыні яе нефа.
Неф
асноўная, цэнтральная частка храма

Апсіда
алтарная частка храма, у якой месціцца алтар або іканастас

Бабінец
уваходная частка храма

Рызніцы
бакавыя, ніжэйшыя памяшканні, прыбудаваныя да царквы
«Дубэ» – так па-мясцоваму называюць дубы, у множным ліку. Царква стаіць над Мухаўцам, у засені старых дрэваў. Самы аграмадны дуб разбіў пярун, давялося зрэзаць: пра яго нагадвае толькі пень у чатыры абхопы. Зялёны пагорак навокал – на самай справе могілкі канца XVIII стагоддзя, ад якіх не засталося следу. Асцярожней ступайце вакол старых цэркваў…Храм уражвае. Строгія лініі вертыкальнай шалёўкі.

Нашчыльнікі, прыбітыя тоўстымі каванымі цвікамі.  Такую ж шалёўку, мяркуючы па пасляваенных фота, мела і званіца, што стаіць за царквой. Але пару дзясяткаў год таму яе крыва абабілі бляхай. Зрэшты, падставы для аптымызму можна знайсці і тут: дрэва лепей захаваецца, а бляху можна ў любы момант адарваць. Адкрыты ніжні вянок зрубу царквы – брусы часаныя з дубу, які рос яшчэ мо ў часы паганства. Пад імі з зямлі відаць спіны нарожных камянёў.

«Традыцыйны» сіні колер

Усе царкоўныя будынкі, уключна нават з бляшаным кіёскам-крамкай, пафарбаваныя ў густы сіні колер. Сіні лічыцца традыцыйным колерам драўляных палескіх храмаў. Тым больш у хрысціянскай сімволіцы – гэта колер Багародзіцы. Але яго гісторыя не такая даўняя: некалькі соцень год цэрквы стаялі нефарбаваныя – шэрыя. Як і дагэтуль стаяць драўляныя храмы Закарпацця. Засінелі палескія цэрквы толькі ў савецкі час, пасля з'яўлення ў продажы таннай алейнай фарбы.

Падымаеш позірк угару – і мружышся міжволі: блішчыць, як танная кітайская цацка, макаўка-цыбуліна. Яе ўжо ў 2000-я самавольна паставіў мясцовы святар. Быў скандал, і з тае пары, відаць, «бацюшка журналістаў не любіць».

Вернікі залатую макавіну ўспрымаюць спакойна: «Як можна, каб царква без рамонту была? Рамонт трэба».

Такія макавіны на многіх старажытных цэрквах Беларусі з'явіліся не з-за адсутнасці густу ў асобных святароў. Гэта, хутчэй, жаданне замацаваць за сабой тэрыторыю: сённяшнія гаспадары памятаюць, што некалі многія з гэтых храмаў былі ўніяцкімі цэрквамі, а часам і касцёламі.

Уніяцтва

У выніку царкоўнай Уніі, укладзенай у 1596 годзе ў Брэсце, праваслаўныя жыхары Рэчы Паспалітай перайшлі пад юрысдыкцыю Рыма. Гэтая рэформа была выкліканая жаданнем пераадолець раскол паміж праваслаўнымі і каталікамі ў краіне, а таксама кар'ернымі памкненнямі праваслаўных іерархаў (вышэйшыя пасады ў Рэчы Паспалітай маглі займаць толькі каталікі). Уніяты прызнавалі вяршэнства Папы, каталіцкія дагматы і некаторыя элементы абраду (напрыклад, ва ўніяцкіх цэрквах Беларусі былі арганы), але ў цэлым захоўвалі ўсходнюю абраднасць. Унію ліквідавалі ў 1839 пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі. Уніятаў масава пераводзілі ў праваслаўе.

Служба сканчаецца, стракатанне нашага дрона (ці не рой ляціць?) прыцягвае ўвагу вернікаў, якія выйшлі з храма і паселі на лавах, чакаючы асвячэння яблыкаў ды груш. Строгія дзядзькі пытаюцца: ці ёсць блаславенне бацюшкі на палёты? Але месца публічнае, і «блаславенне» трэба толькі ад Генштаба Узброеных сілаў.

Протаіерэй Сцяпан так і не знайшоў хвіліны выйсці, хоць памочнік, які раздзьмухваў кадзіла пры малых дзвярах рызніцы, казаў, што «бацюшка зараз вызваліцца». Наадварот, вернікам паступіла каманда вяртацца ў царкву: асвячэнне адбудзецца ўсярэдзіне. Людзі з кошыкамі рушылі ў цесны храм.

Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская

Абраз XVI стагоддзя, які знаходзіўся ў Здзітаўскай царкве. Цяпер у Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук у Мінску.

Сцяпанкі: звон-вандроўнік

Некалі старажытныя грэкі, аздабляючы каменныя храмы, імітавалі з мармуру элементы драўляных канструкцый. Нашы продкі былі грэкамі наадварот: будуючы драўляныя цэрквы, яны імітавалі мураваныя. Таму храмы ў Сцяпанках, а асабліва ў Дзівіне, падобныя да класічных помнікаў віленскага барока.

Царква Святога Міхала ў вёсцы Сцяпанкі (Жабінкаўскі раён). Пабудаваная ў 1780, парамантаваная ў 1858. Помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. У 1914 да царквы прыбудаваная трох'ярусная званіца. У царкве ёсць вялікі звон пачатку ХХ ст., адліты на ахвяраванні вернікаў.

Праўда, у Сцяпанках да пазнавальнага барочнага двухвежавага фасада Міхайлаўскай царквы ў пачатку ХХ стагоддзя дабудавалі спераду вялікую квадратную званіцу. На прыкладзе сіняга колеру мы ўжо ўпэўніліся: тое, што лічыцца аўтэнтычным, часта бывае канструктам з розных часоў, традыцый і стыляў.

Гэтая званіца – нібы аправа для сцяпанкаўскай славутасці: вялікага звона. Трапляем наверх, каб падзівіцца на яго, з дазволу матушкі Любові.

Мы пазнаёміліся, калі яна, спяшаючыся, перастаўляла каля варот царквы чыйсьці скутар, што загарадзіў выезд яе чорнаму «Хюндаю»: трэба да будаўнікоў, дазнавацца, колькі фарбы закупляць на рамонт. Фарбаваць будуць, ясна, у сіні: «У іншы нам не дазволена».

Гісторыя сцяпанкаўскага звона нібы апокрыф. 

Звон адлілі ў пачатку ХХ стагоддзя на ахвяраванні вернікаў, а найбольшы ўнёсак зрабіў селянін Сцяпан Аксюцік. Яго імя выбітае ў бронзе на баку звона. У часе савецка-польскай вайны звон рэквізавалі чырвонаармейцы, каб вывезці ў Расію, але ў выніку хуткага наступу палякаў каштоўнасць памяняла гаспадароў. Палякі таксама не збіраліся вяртаць яго вернікам і завезлі аж у Варшаву. Там, на чыгуначнай платформе, звон пабачыў сцяпанкаўскі чалавек. Пасля доўгіх перамоваў і ўпрошванняў удалося вярнуць каштоўнасць у Сцяпанкі.

Наступная небяспека напаткала яе ў часе Другой сусветнай, калі немцы рэквізавалі паўсюль званы. Але ўжо навучаныя досведам сцяпанкаўцы здолелі перахаваць свой. І ён маўчаў да канца савецкай эпохі.

Мы часта забываем: усе культурныя каштоўнасці Беларусі – храмы, званы, абразы – створаныя на народныя грошы. У іх нібы акамуляваныя намаганні і энергія пакаленняў продкаў. І ніякі пустадомак не мае права іх забіраць ці нішчыць. Гэта абраза ўсім нам.

Ад языка сцяпанкаўскага звона ідзе вяроўка аж да долу, у бабінец. Каб можна было званіць, не ўздымаючыся па крутых сходах. Калі ж гулкі ўдар заспее цябе на версе званіцы, можна атрымаць ад нечаканасці лёгкую кантузію.

Мала хто бывае на званіцы: глядзіце, што з яе можна пабачыць.   Традыцыйнае палескае сонца на вокнах і старыя каваныя завесы царкоўных дзвярэй.Зямля КасцюшкіМіж Здзітавам і Сцяпанкамі ляжаць Малыя Сяхновічы – колішні родавы маёнтак Касцюшкаў, дзе некалькі гадоў гаспадарыў сам герой двух кантынентаў, славуты Тадэвуш Андрэй Банавентура.

І ў Здзітаве, маёнтку яго бацькі, і ў Сцяпанках, і ў Збірагах Тадэвуш Касцюшка безумоўна бываў. І бачыў храмы, якія мы сёння наведваем.

І наконт таго, што Касцюшка – беларускі герой, у Малых Сяхновічах сумневаў няма. Яго вобраз засвойваецца нават у прыкладным мастацтве: каля мясцовага музея можна пабачыць плён леташняга пленэра народных майстроў. Стаяць драўляныя скульптуры трохі лубочнага Тадэвуша пры генеральскіх рэгаліях, Людвікі Сасноўскай, з якой Касцюшку так і не выпала ажаніцца, ды вусатых мужыкоў-касінераў.

Збірагі: асіметрыя

У Збірагах, што таксама недалёка ад Жабінкі, мы заспяваем царкву замкнёнай. Святар па тэлефоне загадвае нас «не пускаць», але потым адтайвае. Адмыкаецца царква вялізнымі старымі ключамі. 

Царква Святой Параскевы ў вёсцы Збірагі (Брэсцкі раён). Упершыню згадваецца ў 1610 ў сувязі з фундацыяй княгіні Агаты Соф'і Сапежанкі з Пацаў як уніяцкая Траецкая царква. Ад 1886 праваслаўная. У 1920 ператворана ў касцёл. Пасля Другой сусветнай вайны зноў праваслаўная. Помнік драўлянага дойлідства.

Храм Святой Параскевы Сербскай нагадвае здзітаўскі, хоць і маладзейшы на стагоддзе. Паводле дакументаў. Яго фундавала ў 1610-м княгіня Агата Соф'я Сапежанка з Пацаў. Але, звяртаюць увагу краязнаўцы, гаворка ў яе тастаменце магла ісці пра ўжо наяўную царкву, а не пра тую, якую трэба збудаваць. Тым больш, прыгадваў ранейшы настаяцель Пятро Бабіч, яго папярэднік бачыў лічбу «1502», высечаную дзесьці на кроквах. Шкада, што не давялося застаць айца Пятра: 90-гадовы бацюшка адышоў сёлета ў сакавіку.

Магіла Пятра Бабіча. далей – пахаванні мясцовай святарскай дынастыі Малашкаў.Пасвячэнне ён атрымаў у 52 гады, у 1980-м, калі прафесія праваслаўнага святара была, мякка кажучы, не мэйнстрымавай. Да апошняга айцец Пятро служыў у Збірагах, прыязджаючы ў непагадзь да храма на скутары.

На хорах царквы стаіць партрэт айца Пятра – і наш праважаты хрысціцца на яго як на абраз.

Калі пашчасціць трапіць у Збірагах на хоры, абавязкова звярніце ўвагу на парэнчы балкона, зробленыя з цэльнага выгнутага бруса.

Іканастасы

ў беларускіх цэрквах масава з'явіліся ў 1830-я, калі рыхтавалася ліквідацыя Уніі ды перавод мільёна беларускіх уніятаў у праваслаўе маскоўскага ўзору. Дзе-нідзе былі нават пратэсты вернікаў – так, у вёсцы Рэчыца Пінскага павета сяляне зламалі іканастас: ім не падабалася, што цяпер таямніца Еўхарыстыі (ператварэнне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыстову) адбываецца за зачыненымі царскімі варотамі, а не на іх вачах.

Іканастас у Збірагах – тых самых 1830-х, але з ранейшымі элементамі: анёлкамі, карункавай разьбой, абразамі XVIII стагоддзя, у якіх выразна чатаецца жыццялюбная традыцыя беларускага барока.

Царква ў Збірагах унікальная і сваёй асіметрычнасцю: апсіда прыбудаваная не роўна па цэнтры нефа, а з невялікім сыходам улева.

Званіца ў Збірагах: аркавыя праёмы закрытыя шчытамі з дошак. Хоць на іх і намаляваныя вокны, у рэальнасці адчыняецца толькі адно.

Чэрск: званіца і кенатафы

Толькі з прыходам тэлеграфіі-тэлефаніі ды электрычнага гучнамаўлення званіцы сталі часткай выключна храмавай архітэктуры. А ў Сярэднявеччы яны стаялі і над брамамі гарадоў, здалёк абвяшчаючы пра пажар, набліжэнне ворагаў ці прыезд высокай урадавай дэлегацыі. Тыя надбрамныя званіцы, мусіць, выглядалі так, як чэрская.

Чэрск – вёска ў паўднёва-заходнім кутку Беларусі, да Польшчы – 15 кіламетраў, да Украіны – 8. Званіца пры мясцовай Міхайлаўскай царкве нібы захавалася з часу татарскіх нашэсцяў – можна ва ўяўленні дабудаваць справа і злева ад яе абарончыя сцены. Над маленькім уваходам – штосьці кшталту баявой галерэі.

«Тут маліліся, калі яшчэ царквы не было. Яна ж старэйшая за царкву», – пераказвае нам народнае паданне бабуля Поля, захавальніца ключоў ад чэрскага храма.Ці сапраўды званіца старэйшая за пачатак XVIII стагоддзя? Ці яна выглядае так – зробленая з дрэва-векаўшчыны, змацаваная драўлянымі шпількамі, а не цвікамі – у параўнанні з падноўленай царквой?

На апошнім фота бачна, што ў званіцы захоўваюцца і знятыя некалі з царквы традыцыйныя каваныя крыжы.На царкву ж яшчэ ў ХІХ стагоддзі ўссадзілі два несувымерныя купалы-цыбуліны.

Царква Святога Міхала ў вёсцы Чэрск (Брэсцкі раён). Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная на мяжы XVII—XVIII ст. (да 1701), відазмененая ў 1860-я, тады да галоўнага фасада быў дабудаваны большы квадратны прытвор. Асобна стаіць трох'ярусная званіца аднаго веку з царквой – на сёння адзіная ў Беларусі званіца такой канструкцыі.

Прыбудавалі таксама квадратны, шырэйшы за саму старую царкву, бабінец, баковачку-рызніцу злева. Праз тую рызніцу, зламаўшы дзверы, у сярэдзіне 2000-х у царкву ўлезлі зладзеі.

«Ключы ў мяне былі, – расказвае бабуля Поля. – У той дзень у клубе насупраць была гулянка, дык не чулі, як дзверы ламалі». Скрадзеныя абразы так і не знайшлі.

Адметнасць Чэрска – кенатафы вакол царквы. Кенатафамі старажытныя грэкі называлі сімвалічныя магілы – іх рабілі, калі блізкі чалавек загінуў у моры ці на чужыне: каб было куды прыйсці паплакаць.

Шэрагам стаяць цагляныя помнікі сынам чэрскіх людзей, забітым на вайне, чые магілы раскіданыя па ўсёй Еўропе. Але мода на кенатафы пачалася тут, відаць, у 1928-м, ад жадання сям'і захаваць памяць пра памерлага ў Амерыцы на заробках чалавека.

Дзівін: алтаром на захад

Адна з прычынаў, чаму на Палессі так добра захоўваецца архаіка, – палескія дарогі. Асабліва мясцовага падпарадкавання. І не хлусіў навігатар, які адвёў нам паўтары гадзіны на пераадоленне 96 кіламетраў ад Чэрска да Дзівіна праз Маларыту.

Гравійка змянілася палявой дарогай з ямамі. Нездалёк відаць былі памежная вышка і слупы з нацягнутым дротам, а за кукурузным полем – Украіна.

У Дзівін трапляем на змярканні. Храм Параскевы Пятніцы – нібы ўзнагарода за турботы 500-кіламетровага шляху. Двухвежавая царква-карабель з лёгкімі васьмерыкамі макавак, побач – традыцыйны цяжкі палескі крыж.

Царква Святой Параскевы Пятніцы ў вёсцы Дзівін (Кобрынскі раён). Пабудавана ў 1740 як уніяцкая на месцы храма, вядомага з 1566. У 1869 абноўленая і перададзеная праваслаўным. Помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. Каля царквы ёсць званіца ХІХ стагоддзя.

Царквы ў Дзівіне дзве – другая навейшая, рэтраспектыўна-рускага выгляду. «Наша царква стаіць прастолам на захад, бо была ўніяцкая, а тая, што далей па вуліцы – на ўсход», – тлумачыць нам жыхарка Дзівіна. Яна ж падказвае, у каго пытаць ключоў.

Бабуля СтэфанІя жыве ў канцы вуліцы 17 Верасня, дзе ўсе адзін адному нейкія сваякі. Знаходжу яе на сяле ў суседкі. Яна ідзе па ключы ў сваю невялікую хатку, адганяючы з дарогі – «Воны мэнэ заколупалы!» – харошых, ціхіх на выгляд кацянят. Яны надта не баяцца.

Бабуля пры царкве ўжо 19 год, ад самага часу яе новага асвячэння. Ад 1960-х тут быў клуб, таму ўсё царкоўнае начынне і абразы новыя.   Апошняе фота – бабуля СтэфанІя паказвае ікону, што нібыта засталася ад старога ўбрання.«І ўсё адно наша царква – сама хароша», – кажа яна, зачыняючы за намі шклопакетныя дзверы. За самавольную замену дзвярэй архітэктурнага помніка (старыя не зачыняліся ўзімку) прыходу далі штрафу.

Адны дзверы – малая ахвяра за 250 год, цягам якіх на гэтых землях памянялася пяць дзяржаў ды прайшоў дзясятак войнаў і паўстанняў.

Але, з іншага боку, царква XVI стагоддзя, парамантаваная ў XVIII-м, з дабудаванай да яе званіцай XIX-га, з пастаўленым у 1830-я іканастасам, крытая бляхай і пафарбаваная ў сіні ў 1970-я, з шклопакетамі і залатой цыбулінай 2000-х – помнік не менш цікавы за «проста» царкву XVI стагоддзя, аўтэнтычна захаваную. Бо дае магчымасць узірацца не ў аддалены пункт часу, а бачыць панарамна ўсю гісторыю краіны за чатырыста год. І тут дапамог бы просты інфармацыйны стэнд з сумленна расказанай гісторыяй храма. А што там у ЮНЕСКА вырашаць – іх справа.

Андрэй Скурко тэкст
Надзея Бужан фота
Антон Сурапін здымкі з дрона

Спецпраект «Драўляныя цэрквы Палесся» мы стварылі разам з кампаніяй Samsung Electronics ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 14.01.2020 13:20:29

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.