::
2019.10.10 — Зьнікла, але зафіксавана. Страчаная гісторыя Беларусі на здымках салдатаў Германскай імпэрыі / Радыё Свабода (svaboda.org)
Загаловак
Зьнікла, але зафіксавана. Страчаная гісторыя Беларусі на здымках салдатаў Германскай імпэрыі
Спасылка
Дата публікацыі
10.10.2019
Катэгорыя
публіцыстыка
Анатацыя

Мноства незахаваных архітэктурных помнікаў, храмаў і нават цэлыя вёскі Беларусі засталіся на папяровых выявах дзякуючы салдатам і афіцэрам арміі Германскай імпэрыі.

Поўны тэкст

Мноства незахаваных архітэктурных помнікаў, храмаў і нават цэлыя вёскі Беларусі засталіся на папяровых выявах дзякуючы салдатам і афіцэрам арміі Германскай імпэрыі.

11 лістапада традыцыйна ўшаноўваецца памяць ахвяраў Першай усясьветнай вайны. У гэты дзень 1918 году было падпісанае Камп’енскае замірэньне, якое паклала канец глябальнаму процістаяньню тагачасных імпэрый. Зрэшты, для Беларусі кампанія скончылася значна пазьней — германцы сыходзілі адсюль усю першую палову наступнага году.

Бясцэнная германская хроніка

У савецкіх рэспубліках тагачасным падзеям не надавалася асаблівай увагі, бо роля бальшавікоў у той вайне была досыць непрывабная. Беларусь ня стала выключэньнем — пры тым, што тры гады яе падзяляла лінія фронту, а насельнікі прайшлі праз самую гарлавіну «Вялікай вайны».

Нямецкі салдат перад палацам у Кабыльніку (цяпер аграгарадок Нарач на Мядзельшчыне), 1915. Сядзіба збудаваная ў другой палове ХІХ стагодзьдзя. Палац спалены партызанамі ў 1943-м
Нямецкі салдат перад палацам у Кабыльніку (цяпер аграгарадок Нарач на Мядзельшчыне), 1915. Сядзіба збудаваная ў другой палове ХІХ стагодзьдзя. Палац спалены партызанамі ў 1943-м
 
Першаі на Валожыншчыне, 1916. Драўляны храм, пабудаваны яшчэ Юрыем Радзівілам, неаднаразова цярпеў ад пажараў і рамантаваўся. У 1933 годзе замест яго ўзьведзены каменны будынак, ад другой паловы ХХ стагодзьдзя выкарыстоўваўся як вытворчае памяшканьне. У 1990-х вернуты вернікам. Іншых выяваў драўлянага касьцёлу амаль не засталося

Сотні тысяч тутэйшых мужчын былі мабілізаваныя ў царскую армію, кожны дзясяты палёг на фронце. Мільёны ўцекачоў пакінулі свае дамы, вярнулася толькі палова.

Асобнай згадкі вартыя матэрыяльныя страты — па ўсёй Беларусі былі зраўнаныя зь зямлёй гарады і вёскі, зьнішчаныя гістарычныя помнікі.

Царква ў Дабромысьлі пад Івацэвічамі, 1916. Драўляны храм быў пабудаваны ў XVIII стагодзьдзі, страчаны у ХХ-м
Царква ў Дабромысьлі пад Івацэвічамі, 1916. Драўляны храм быў пабудаваны ў XVIII стагодзьдзі, страчаны у ХХ-м
 
Царква ў Баранавічах, 1915. Драўляны храм быў пабудаваны ў 1908 годзе, згарэў у 1921-м. Пазьней на ягоным месцы ўзьведзены каменны Сьвята-Пакроўскі сабор
Царква ў Баранавічах, 1915. Драўляны храм быў пабудаваны ў 1908 годзе, згарэў у 1921-м. Пазьней на ягоным месцы ўзьведзены каменны Сьвята-Пакроўскі сабор

Беларускую храналёгію таго пэрыяду аднаўляе сябра фонду памяці «Крокі» Ўладзімер Багданаў. Калекцыянаваньне трафэйных фатаграфій паступова перарасло для яго ў дасьледчую працу. На сёньня ў творчым даробку шэраг кніг і фотаальбомаў, тысячы дакумэнтальных сьведчаньняў таго часу — фатаграфіі, паштоўкі, карціны, літаграфіі, палкавыя кнігі.

Найчасьцей аўтары фатахронікі — нямецкія салдаты і афіцэры, на чыю радзіму тэхнічны прагрэс прыйшоў значна раней, чым у Расейскую імпэрыю. Фармаваліся адмысловыя мастацкія роты, якія спэцыялізаваліся на самай разнастайнай друкаванай прадукцыі, у тым ліку з рэаліямі прыфрантавога жыцьця.

Палац у Кабаках каля Бярозы-Картускай, 1915. Пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі. Быў моцна пашкоджаны ў 1939 годзе, у 1950-я разабраны насельніцтвам на будматэрыялы
Палац у Кабаках каля Бярозы-Картускай, 1915. Пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі. Быў моцна пашкоджаны ў 1939 годзе, у 1950-я разабраны насельніцтвам на будматэрыялы
 
Сядзібны дом ў Шэметаве, 1916. Пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі. Спалены партызанамі ў 1943 годзе разам з апошнімі гаспадарамі
Сядзібны дом ў Шэметаве, 1916. Пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі. Спалены партызанамі ў 1943 годзе разам з апошнімі гаспадарамі

Самыя каштоўныя — тыя, на якіх зьніклая спадчына Беларусі: храмы, палацы, мястэчкі. Не заўсёды прычынай разбурэньняў была вайна — у мірны час шчыравалі савецкія майстры навадзелаў. Але важна, што іх пасьпелі зафіксаваць на стужку армейскіх фотаапаратаў.

Як тлумачыць Уладзімер Багданаў, усё страчанае можна падзяліць на дзьве часткі: тое, што зьнішчана падчас баявых дзеяньняў, і тое, чым сьвядома ахвяравалі пасьля абедзьвюх войнаў.

Касьцёл у Задзеўі на Пастаўшчыне, 1915. Пабудаваны ў 1911 годзе. Значна пашкоджаны артылерыяй у 1915-1916, пасьля чаго разабраны немцамі на цэглу
Касьцёл у Задзеўі на Пастаўшчыне, 1915. Пабудаваны ў 1911 годзе. Значна пашкоджаны артылерыяй у 1915-1916, пасьля чаго разабраны немцамі на цэглу

«Напрыклад, Задзеўе пад Паставамі. У 1911 годзе, незадоўга перад вайной, там пабудавалі касьцёл. Ён апынуўся на лініі фронту, па ім лупіла расейская артылерыя і ўшчэнт разьбіла. У выніку немцы яго разабралі на цэглу для акопных печак. Аналягічным чынам зьнішчаны каталіцкі храм у Смаргонях, гэтым разам ужо немцамі. Скажам, касьцёл Сьвятога Станіслава ў Пінску, які на момант пабудовы ў XVII стагодзьдзі лічыўся самым вялікім у Рэчы Паспалітай, выстаяў Вялікую вайну. Затое пасьля Другой усясьветнай яго зьліквідавалі праз „аварыйнасьць“, хоць былі пашкоджаныя толькі вежы. Два тыдні падрывалі».

Прыдарожная капліца каля Шэметава, 1916. Год пабудовы і лёс сьвятыні невядомыя
Прыдарожная капліца каля Шэметава, 1916. Год пабудовы і лёс сьвятыні невядомыя

Паводле нямецкіх здымкаў, недзе паміж вёскамі Воўчына і Насовічы, што каля Шэметава на Мядзельшчыне, стаяла адна з самых вялікіх вядомых прыдарожных капліцаў, сягала яна ўверх мэтраў на 15. А цяпер дасьледчыкі ня могуць знайсьці хоць якія ўскосныя прыкметы, абсалютна ніякіх сьлядоў.

Бальшавікі руйнавалі хутчэй, чым войны

А вось Менск не стаяў на лініі фронту, ваенных дзеяньняў тут не вялося. Германцы сюды зайшлі толькі ў 1918 годзе, але пасьпелі пакінуць нашчадкам тагачасных месьцічаў дакумэнтальныя сьведчаньні таго, як выглядаў іхні горад на пачатку ХХ стагодзьдзя. Напрыклад, незвычайнай архітэктуры будынак вакзалу.

Чыгуначны вакзал у Менску (Віленскі), 1918. Пабудаваны ў 1873 годзе. Значна перароблены ў 1930-я і зьнесены пры будаўніцтве новага вакзалу ў 1990-я
Чыгуначны вакзал у Менску (Віленскі), 1918. Пабудаваны ў 1873 годзе. Значна перароблены ў 1930-я і зьнесены пры будаўніцтве новага вакзалу ў 1990-я
 
Касьцёл Марыі, Дом губэрнатара і вежа-званіца калегіюму езуітаў, 1918. Комплекс калегіюму будаваўся цягам XVIII стагодзьдзя. У сярэдзіне ХХ-га касьцёл пераабсталяваны ў спартовую залю (адноўлены ў 1990-я), Дом губэрнатара перабудаваны ў музычную школу, на месцы калегіюму і вежы-званіцы паўстаў жылы дом

«Многіх помнікаў гісторыі, якія немцы ня толькі пабачылі, а і зафіксавалі, у Менску ўжо няма, — працягвае дасьледчык. — І зусім ня ў выніку войнаў, а пастараліся новыя ўлады. Мячэт, сынагога, кірха, Пакроўская, Казанская цэрквы — нічога не засталося, усё наступствы бальшавізму. Савецкая ўлада разабралася з тымі, хто не даспадобы, і іх матэрыяльнай спадчынай хутчэй, чым войны. І перадусім гэта тычыцца храмаў. Зрэшты, гаворка ня толькі пра Менск. Так, перабудаваную ў рускім стылі фару Вітаўта ў Горадні немцы яшчэ пабачылі, а мы ўжо ні ў якім выглядзе не засталі».

Менскі мячэт, 1918. Пабудаваны ў 1902 годзе, канчаткова зьнішчаны пры пабудове гатэлю «Юбілейны» у пачатку 1960-х
Менскі мячэт, 1918. Пабудаваны ў 1902 годзе, канчаткова зьнішчаны пры пабудове гатэлю «Юбілейны» у пачатку 1960-х
 
Менская Сьвята-Казанская царква, 1918. Узьведзеная ў пачатку ХХ стагодзьдзя на месцы сучаснай плошчы Мясьнікова. Узарваная бальшавікамі ў 1936-м
Менская Сьвята-Казанская царква, 1918. Узьведзеная ў пачатку ХХ стагодзьдзя на месцы сучаснай плошчы Мясьнікова. Узарваная бальшавікамі ў 1936-м

Аналягічны лёс напаткаў шматлікія палацы, маёнткі, панскія сядзібы па ўсёй Беларусі. За савецкім часам яны ў лепшым выпадку стаялі разрабаваныя і занядбаныя, а часьцей ішлі пад знос неўзабаве пасьля таго, як былі дэклясаваныя іх гаспадары.

«Пры немцах там звычайна былі штабы, і камандаваньне да нерухомасьці ставілася досыць дбайна. Некалькі маёнткаў сапраўды можна сьпісаць на ваенныя наступствы: Макрыца каля Нарачы ці Мыса на Смаргоншчыне. Але значную ролю ў зьнішчэньні адыгралі партызаны Вялікай Айчыннай, якія палілі безабаронныя сядзібы ў рамках тактыкі “выпаленай зямлі”. Як правіла, тыя, дзе на той момант немцаў не было (Кабыльнікі, Шэметава, Косаўскі палац). Астатняе — савецкая безгаспадарнасьць і беднасць: іх разьбіралі на будаўнічыя патрэбы. Зрэшты, калі надмагільлі вырывалі з коранем і клалі ў падмуркі фэрмаў, дык што казаць пра будынкі з цэглы, якой катастрафічна не хапала?».

Сядзіба ў Вялікай Мысе пад Смаргонямі, 1916. Пабудаваная ў ХІХ стагодзьдзі. Разбураная рускай артылерыей у сакавіку 1917-га
Сядзіба ў Вялікай Мысе пад Смаргонямі, 1916. Пабудаваная ў ХІХ стагодзьдзі. Разбураная рускай артылерыей у сакавіку 1917-га
 
Германцы ў Шчорсах, 1916. Палацавы комплекс Храптовічаў узьведзены ў другой палове XVIII cтагодзьдзя. Пацярпеў у Першую сусьветную вайну, палац цалкам разабраны ў 1950-я
Германцы ў Шчорсах, 1916. Палацавы комплекс Храптовічаў узьведзены ў другой палове XVIII cтагодзьдзя. Пацярпеў у Першую сусьветную вайну, палац цалкам разабраны ў 1950-я

Зь нямецкіх фатакартак пазіраюць тады яшчэ даволі шматлюдныя беларускія вёскі, будучыя ахвяры індустрыялізацыі і ўрбанізацыі. Дзеля справядлівасьці, там, дзе стаялі немцы, адбываліся істотныя цывілізацыйныя зьмены: клалі ходнікі, асушвалі дарогі, праводзілі электрычнасьць, запрацавалі першыя кінатэатры.

Шмат якія паселішчы ў недалёкім савецкім будучым чакаў лёс «непэрспэктыўных». Таму здымкі, якія немцы рабілі ў вёсках, самі па сабе ўнікальныя, лічыць Уладзімер Багданаў.

Вёска Інтока (цяпер не існуе) на Пастаўшчыне, 1916. Зьнікла як непэрспэктыўная ў другой палове ХХ стагодзьдзя
Вёска Інтока (цяпер не існуе) на Пастаўшчыне, 1916. Зьнікла як непэрспэктыўная ў другой палове ХХ стагодзьдзя
 
Рыбацкая вёска Атокі, 1917. Стаяла на самым беразе памежнага з Польшай Бугу і зьнікла ў ХХ стагодзьдзі
Рыбацкая вёска Атокі, 1917. Стаяла на самым беразе памежнага з Польшай Бугу і зьнікла ў ХХ стагодзьдзі

«У гарадах гістарычныя помнікі, будынкі калі-нікалі фатаграфавалі, а вось ад некаторых вёсак хіба пару малюнкаў засталося. Як, скажам, на Пастаўшчыне. Наогул, быў такі панятак за савецкім часам: пэрспэктыўныя і непэрспэктыўныя. Відаць, многія з тых вёсак, якія існавалі ў Першую ўсясьветную, з калектывізацыяй трапілі ў шэраг непэрспэктыўных і, як вынік, выжыць ня здолелі. Таму па гэтых выявах можна паназіраць, як ХХ стагодзьдзе катком пракацілася па Беларусі, якую колькасьць самабытнага багацьця мы страцілі».

Мост праз рэчку Ластаянку, на другім беразе — сядзібны дом ў вёсцы Куты. Сядзіба страчаная ў ХХ стагодзьдзі
Мост праз рэчку Ластаянку, на другім беразе — сядзібны дом ў вёсцы Куты. Сядзіба страчаная ў ХХ стагодзьдзі
 
Сядзіба ў Кушлянах, 1916. Страчаная пасьля далучэньня заходняй часткі Беларусі да БССР у 1939 годзе
Сядзіба ў Кушлянах, 1916. Страчаная пасьля далучэньня заходняй часткі Беларусі да БССР у 1939 годзе

Часьцей перадавая праходзіла ўдалечыні ад населеных пунктаў, таму руйнаваньні былі не такія значныя. Аднак абмінуць гарады ды вёскі ўдавалася не заўсёды. Найбольшыя разбурэньні — у Смаргонях, Паставах, Ляхавічах, Баранавічах.

Імпэрская тактыка «выпаленай зямлі»

Гэтаксама разбураны шэраг архітэктурных помнікаў, якія апынуліся па розныя бакі лініі фронту і рэгулярна абстрэльваліся. Напрыклад, Крэўскі замак і былы касьцёл у суседнім Наваспаску: у замку хаваліся немцы, у храме — расейцы. Адны адных «выкурвалі» масіраваным агнём.

Разбураны касьцёл у Крэве, 1916. Пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі, пасьля Першай сусьветнай вайны на ягоных падмурках узьведзены драўляны каталіцкі храм. У савецкі час перароблены ў шпіталь, канчаткова зьнесены ў 2002-м

Зьнішчаны храм у Смаргонях, 1918. Пабудаваны ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Пасьля Першай сусьветнай вайны не аднаўляўся
Зьнішчаны храм у Смаргонях, 1918. Пабудаваны ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Пасьля Першай сусьветнай вайны не аднаўляўся

Вялізныя страты інфраструктуры нанесла тактыка «выпаленай зямлі», якую ўжывала расейская армія. Ва ўмовах, калі авіяцыя яшчэ не была разьвітая, для немцаў сур’ёзнай праблемай было забесьпячэньне войска.

Харчы, матэрыялы, жывую сілу для розных работ немцы мусілі шукаць на акупаванай тэрыторыі. Адступаючы, расейцы нішчылі ня толькі стратэгічныя аб’екты (як фарты Берасьцейскай і Гарадзенскай крэпасьцяў), а і камунікацыі — масты, чыгункі, вытворчыя будынкі, заводзкае абсталяваньне.

Велічны касьцёл у Пінску, 1916. Будаўніцтва завершанае ў 1648 годзе. Узарваны як «аварыйны» у 1953-м
Велічны касьцёл у Пінску, 1916. Будаўніцтва завершанае ў 1648 годзе. Узарваны як «аварыйны» у 1953-м
 
Храм у Асташыне (цяпер Карэліцкі раён), 1915. Кальвінскі збор пабудаваны ў XVI стагодзьдзі, зьнішчаны ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя
Храм у Асташыне (цяпер Карэліцкі раён), 1915. Кальвінскі збор пабудаваны ў XVI стагодзьдзі, зьнішчаны ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя

Вызваленьне беларускіх земляў пачалося пасьля перамогі саюзьнікаў у Эўропе і зьвязана з падпісаньнем Камп’енскага пагадненьня 11 лістапада 1918 году. Па яго ўмовах Нямеччына павінна была вывесьці свае войскі з занятых тэрыторый.

Зь Менску кайзэраўцы сыходзяць у сьнежні таго ж году, але заходнія рэгіёны канчаткова пакідаюць аж да сярэдзіны 1919-га. Так што фармальна для Беларусі 100-годзьдзе заканчэньня Першай усясьветнай вайны надышло толькі сёлета.

Страчаная традыцыя гарадзкіх кірмашоў. Ліда, 1917 год
Страчаная традыцыя гарадзкіх кірмашоў. Ліда, 1917 год
СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя сэрыі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.05.2020 16:04:10

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.