Гомельская філія БАЖ арганізоўвае прэс-тур на свята Юр’я ў вёску Пагост Жыткавіцкага раёна. Юр’я — адно з традыцыйных святаў, што пазначала старажытнае вясновае навалецце. У гэты дзень рознымі магічнымі дзеяннямі “праграмавалі” на наступны год ураджай, дабрабыт, прыплод жывёлы. Здзяйснялі ахоўныя абрады, варажылі.
Адметная форма свята захавалася ў жывой традыцыі вёскі Пагост дзякуючы фальклорнаму гурту “Міжрэчча” і яго лідарцы, Кацярыне Аляксееўне Панчэні. Вельмі раю з ёй пазнаёміцца, узяць каментар. Кацярына Аляксееўна вырасла ў творчай сям’і, яе бацька быў музыкам, маці спявала. У хаце заўсёды было поўна народу, на вачах дзяўчынкі здзяйсняліся ўсе абрады гадавога кола. Добра іх запомніўшы, Кацярына Аляксееўна выкарыстоўвала веды, набытыя ў дзяцінстве, падчас працы ў якасці работніцы культуры. Цяпер яна на пенсіі, але застаецца галоўнай арганізатаркай традыцыйнай часткі свята Юр’я ў Пагосце. Клуб арганізоўвае канцэрт.
Юр’я пачынаецца выпечкай каравая, які ў Пагосце завецца “карагод”. Звычайна гэта адбываецца 5 траўня. Калі ёсць магчымасць, прыедзьце загадзя, каб зафіксаваць працэс, Кацярына Аляксееўна заўсёды рада гасцям. Свята 6 траўня распачынаецца ўпрыгожваннем каравая ў адной з хат Пагоста (адразу па прыездзе ўдакладніце, дзе гэта будзе адбывацца сёлета). Затым з хаты ўрачыста выносяць упрыгожаны каравай, абраз Маці божай, граблі з павязаным на іх зялёным фартушком, зорку, якую носяць у Пагосце і на Каляды.
Раней замест грабляў выкарыстоўвалі крыж, але падчас савецкай барацьбы з рэлігіяй яго забаранілі.
Удзельнікі юр’еўскага абыходу ідуць з песнямі на поле, дзе водзяць карагод. Там жа мяняюць фартушок на граблях з зялёнага на чырвоны. Што гэта значыць — спытайце ў жыхароў Пагоста.
Потым абыходзяць некалькі вуліц вёскі, спыняючыся ля кожнай жылой хаты і водзячы карагод. Гаспадары за гэта даюць пачастунак. Свята завяршаецца канцэртам у клубе.
Падчас абыходу імкніцеся не замінаць удзельнікам і адно аднаму. Жыхары вёскі ўжо звыкліся да журналістаў, пагашчанскае Юр’е мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, таму ездзяць сюды шмат. Не саромцеся звяртацца да мясцовых, яны з радасцю з вамі пагавораць, папазіруюць на камеру, патлумачаць, што да чаго і як далей будзе.
Калі будзеце мець час, акрамя абраду раю звярнуць увагу на іншыя цікавосткі Пагоста. У царкве знаходзіцца адзін з тураўскіх каменных крыжоў, што быццам бы прыплылі па Прыпяці ў ХІІ ст. з Кіева. Побач з царквой — старыя могілкі, дзе на дрэвах можна пабачыць борці. Пагост знаходзіцца ў міжрэччы Прыпяці і Сцвігі, адкуль і назва гурта, што здзяйсняе абрад Юр’я.
Тут шалёна прыгожыя пейзажы, выйдзіце да вады, не пашкадуеце! Частка мясцовага ландшафту — прыдарожныя крыжы, упрыгожаныя тэкстылем.
Пагост варта наведаць не толькі на Юр’я. Тут ладзіцца таксама Жаніцьба коміна 11 верасня, Каляды 7 і 13 студзеня, Масленіца, Саракі, Вялікдзень.
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.