::
2019.11.02 — Танцавальныя вандроўнікі / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Танцавальныя вандроўнікі
Спасылка
Дата публікацыі
02.11.2019
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

Побытавыя танцы могуць “жыць” не толькі на сцэне, а і на сапраўдных вечарынках, якія праходзілі ў беларускіх клубах яшчэ ў 1970-х. Танцы гэты сацыяльныя, не патрабуюць вялікага майстэрства і сталага партнёра, даюць магчымасць перазнаёміцца з вялікай колькасцю людзей. Фігурныя Лявоніха і Лысы, нефігурныя полькі, вальсы, факстроты, што даюць прастору для імправізацыі… Як гэта ўсё ўпісваецца ў сучаснае жыццё? Прапануем агляд шэрага восеньскіх танцавальных імпрэз, якія прайшлі па ўсёй Беларусі.

Ноч танцаў пад Гародняй

Улетку Капэла гарадзенскіх дворыкаў ладзіць вечарыны проста ў цэнтры горада, а ўвосень запрашае сяброў на цэлую ноч. 19 — 20 кастрычніка прайшла ўжо трэцяя гарадзенская Ноч танцаў. Сёлета танцораў прытуліла аграсядзіба “Гэлена” ў вёсцы Казіміроўка Гарадзенскага раёна. Прыехалі больш за 100 гасцей, каля 50 музыкантаў і майстроў па вырабе музычных інструментаў з усёй Беларусі і (дзякуй бязвізаваму рэжыму!) суседніх краін.

Мерапрыемства адкрыла экскурсія па Гародні. Бліжэй да вечара на аграсядзібе прайшоў кірмаш майстроў музычных інструментаў. А сёмай вечара пачаліся танцы. Акрамя гаспадароў, Капэлы гарадзенскіх дворыкаў, гралі капэлы “На таку” і “Колісьнія” (Мінск, Беларусь), Капэла Нівіньскіх і Kanka Franka (Польшча), Bricka (Лавія), От-туда (Расія). Прыкладна з трэцяй гадзіны ночы сцэна працавала па прынцыпе вольнага мікрафона. У розных закутках сядзібы збіраліся музыканты на джэм-сэйшны. Вольная сцэна падчас імпрэзы і джэм-пляцоўкі — гэта магчымасць для маладых музыкантаў паспрабаваць сябе. Старэйшым музыкам таксама можа быць цікава сабрацца незвычайным складам. Стомленыя танцоры, прыхапіўшы дыванкі і спальнікі, клаліся спаць у сядзібных пакоях на падлозе. Самыя няўрымслівыя разышліся каля дзявятай ранку.

Ноч танцаў прайшла без падтрымкі дзяржавы і спонсараў. Вядома, арэнда сядзібы каштуе дорага і, падавалася б, чаму не дамовіцца пра памяшканне ў якім сельскім Доме культуры. Аднак, фармат мерапрыемства для дзяржаўнай установы можа быць нязвыклы. Галоўны арганізатар імпрэзы Андрэй Бароўскі агучвае і іншыя праблемы: “Нам вельмі істотна, каб захоўвалася нефармальная атмасфера. Не хацелася б на Ночы танцаў слухаць афіцыйныя прамовы, а без гэтага, бадай, складана абысціся, калі памяшканне дзяржаўнае”.

Арганізатары Ночы танцаў зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з майстрамі музычных інструментаў і капэламі, якія працуюць пры афіцыйных установах культуры. Праўда, ёсць нюансы. Андрэй Бароўскі тлумачыць: “На першую Ноч танцаў да нас прыязджала капэла з ракаўскага Дома фальклору. Гэта той рэдкі выпадак, калі музыканты адразу “ў тэме”. Калі капэла пачне ляпіць сцэнічна-нотную музыку па паўтары — дзве хвіліны, то гэта зусім не для танца. Музыка для танцаў — гэта паразуменне з танцорамі. Пачынаеш, глядзіш, як рэагуюць, разварушваеш іх патроху, пасля на сёмай — дзясятай хвіліне можаш і прыпячы. Сцэнічна-нотныя капэлы не разумеюць, як можна тую самую мелодыю 50 разоў паўтараць, і каб не выглядала аднолькава. Традыцыйныя танцы — гэта імправізацыя на пэўным узроўні. А музыка для традыцыйных танцаў — яшчэ большая імправізацыя, таму што трэба, каб і музыканты адзін аднога адчувалі, і трымалі ўвагу танцораў”.

На Віленскім шляху ў Плябані

Удзельніца маладзечанскага этнаграфічнага клуба “Кола” Вольга Трубач працуе метадыстам па фальклоры ў Цэнтралізаванай клубнай сістэме Маладзечанскага раёна. Дзякуючы ёй неафіцыйныя моладзевыя ініцыятывы знаходзяць падтрымку ў афіцыйных установах культуры. Улетку вулічныя танцы адбываліся на пляцоўцы ля Мінскага абласнога краязнаўчага музея, у чэрвені ўдзельнікі зладжанай клубам “Кола” этнаграфічнай экспедыцыі збіраліся ў будынку Цэнтралізаванай клубнай сістэмы, а 27 кастрычніка танцоры завіталі ў Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту вёскі Плябань. Адметнае само месца: недалёка ад касцёла (цяпер царква Успення Найсвяцейшай Багародзіцы), поруч з могілкамі паўстанцаў 1863 года, у пабудове, дзе месцілася плябань, потым школа. На імпрэзе гралі мінскія музыканты Аляксей Крукоўскі, Таццяна Матафонава і Ганна Клімашэўская.

У Плябані працавала фотавыстава са здымкамі з той самай летняй этнаграфічнай экспедыцыі. З чэрвеня выстава экспануецца ўжо чацверты раз. Да таго яна выстаўлялася каля будынка Цэнтралізаванай клубнай сістэмы, у абласным драмтэатры, на маладзечанскай вуліцы стрыт-фуду. Вольга Трубач тлумачыць: “Вырашылі зрабіць танцавальную вечарыну ў Плябані, бо хочацца чагосьці новага. Вялікі плюс, што тут драўляная падлога, на ёй файна танчыць. У кожным месцы — свая атмасфера. Да таго ж, сюды зручна дабірацца: і з Маладзечна, і з Мінска: электрычкі, маршруткі. Я так сабе ўяўляю: нядзеля, хочацца кудысьці паехаць. І вось пара, ці кампанія сяброў плануе маршрут. Аб’язджае славутасці Маладзечанскага раёна, Ракуцёўшчына тут побач, напрыклад. Згадваюць, што ў Плябані нейкія танцы — чаго б не завітаць? Заадно і мясцовасць паглядзець.

На першую вечарыну сабралася каля 20 танцораў. Спадзяюся, наступным разам далучацца мясцовыя жыхары. Цяпер толькі дзве бабулі зазірнулі ненадоўга, але, зразумеўшы, што гэта не канцэрт, сышлі. Кажуць, пабачылі абвестку ў газеце “Мінская праўда”.

Зноў у Крупскім

Пра тое, як мінская танцорка Антаніна Малама пасялілася ў пасёлку Крупскі і запрашала туды на вечарыны сяброў з усёй Беларусі, мы пісалі ў № 43 за 2015 год, № 4 за 2016 год, № 12 за 2017 год. Прайшло шэсць імпрэз, але ў верасні 2016 года чамусьці ўсё спынілася. І вось праз тры гады танцы ў Крупскім вяртаюцца! Першая вечарына прайшла 26 кастрычніка. Туды прыехала каля 20 танцораў з Мінска, Барысава. Завіталі таксама ўдзельніцы фальклорнага калектыву з вёскі Перасады пад Крупкамі, жыхары пасёлка Крупскі. Сяргей Выскварка, кіраўнік танцавальнага ансамбля “Верабейкі”, адмыслова прыехаў з Любані, каб даць майстар-клас. Гралі мінскія гарманісты Уладзімір Ганчароў і Мікола Кашкан, а таксама дырэктарка Крупскай школы мастацтваў Надзея Дзенісенка. Работнікі культуры запусцілі танцораў у клуб і далей ніяк не ўплывалі на ход вечарыны. Гасцямі яны засталіся задаволеныя і запрашалі прыязджаць яшчэ, раз на месяц.

Антаніна Малама кажа: “Як усім усё спадабалася, будзем ладзіць яшчэ імпрэзы. Не хочацца разлічваць толькі на мінскіх музыкантаў, іх для вечарын па ўсёй Беларусі не хопіць. Спадзяюся, нас і далей падтрымае Надзея Дзенісенка, будзе прыязджаць капэла “Жыдовачка” з Барысава. У Крупскім дзейнічае самадзейны калектыў “Рэтраном”: хлопцы-самавукі спяваюць хіты 1970-х пад электрагітары. Можа, яны зацікавяцца. Ёсць у нас яшчэ жаночы гурт “Крупчанка”. Дарэчы, абодва калектывы ў свой час заснавала Надзея Дзенісенка”.

Нягледзячы на складанасці даезду (электрычка са сталіцы ідзе больш за дзве гадзіны, на хуткасныя лініі складана набыць квіток) вечарыны ў Крупскім маюць сваю аўдыторыю. З Мінска сюды падцягваюцца навучэнцы танцавальнай школы з гурта “Гуда” і гуртка “Мілавіца” пры адным з цэнтраў пазашкольнай працы сталіцы. З Барысава прыязджаюць удзельнікі суполкі “Барысаўская мыза”. Збіраюцца таксама мясцовыя краязнаўцы.

Як жа без сталіцы

Усё лета па нядзелях праходзяць танцы ў мінскім Верхнім горадзе. На зіму танцоры перабіраюцца ў мінскія клубы, а часам наведваюць дзяржаўныя ўстановы культуры. Апошнія пару гадоў раз на два тыдні праходзяць вечарыны ў Міханавічах, да таго — у Ракаве. У гэтым сезоне вымалёўваецца прывабная перспектыва: амаль кожныя выхадныя — танцы на выездзе: два разы на месяц у Міханавічах, па разе ў Плябані і Крупскім. Супрацоўніцтву з калектывамі і асобнымі музыкантамі, якія граюць танцы, арганізатары заўжды радыя. Для работнікаў культуры далучэнне да такіх вечарын — магчымасць пераняць вопыт ды набрацца новых ідэй. Таму — усе на танцы!

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.01.2020 10:31:57

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.