::
2018.11.01 — Чатыры гады пошукаў – бортны “дуб Мінтус” ля Рэчыцы адшуканы! / Свайкста - svajksta.by
Загаловак
Чатыры гады пошукаў – бортны “дуб Мінтус” ля Рэчыцы адшуканы!
Спасылка
Дата публікацыі
01.11.2018
Катэгорыя
навіны
Анатацыя

Чатырохгадовыя пошукі “дубоў Мінтусаў” у Рэчыцкім раёне завяршыліся. Цяпер бортнік Іван Восіпаў хоча знайсці Перуноўскі востраў.

Поўны тэкст

На сайце, прысвечаным тутэйшаму бортніцтву, даследчык і практык Іван Восіпаў распавядае сваю гісторыю чатырохгадовых пошукаў дуба Мінтуса (або дубоў Мінтусаў) ля Рэчыцы, ля Белага балота.

* * *

Першыя згадкі пра дуб Мінтус з’явілася яшчэ тады, калі мяне не было на свеце гэтым. Упершыню я даведаўся пра яго ў 16 год. І толькі праз чатыры гады мэтанакіраваных пошукаў ён быў знойдзены. Гэты дуб належаў славутаму бортніку, а цяпер дуб – сведка высакароднай традыцыі бортніцтва ў Беларусі. За ўвесь час росшукаў было наезджана больш за 60 км дарог, пройдзена больш за 20 км сцежак і лясных гушчароў.

Перадгісторыя

Першыя згадкі пра гэты дуб зафіксавалі слынныя даследчыкі бортніцтва ў Беларусі – Гуркоў і Цярохін у сваёй найбольш вядомай і грунтоўнай кнізе, што распавядала пра бортніцтва і пчалярства ў Беларусі ад найдаўнейшых часоў да пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. На адной са старонак у кнізе чытач бачыў невялікае апісанне і фотаздымак бортнага знака на “дубе Мінтусе” – яго аўтарам паказаў спадчынны бортнік, якому належыў гэты дуб. Пасля таго дуб нібы схаваўся ў старым лесе і доўга не паказваўся нікому.

Першыя пошукі

Сведчанне абмяжоўвалася толькі часткай інфармацыі пра бортніка і яго месца жыхарства. Пры гэтым аўтары кнігі пазначылі толькі тое, што “старажытны, 500-гадовы дуб узвышаецца пасярод леса”. З такім апісаннем знайсці дуб пасярод леса – гэта як у ігліцы сасновай шукаць іголку. Але таго паселішча, якое апісанае ў кнізе, не было ні ў якіх базах населенных пунктаў! Першай справай было знайсці вёску. Праз нейкі час старая вёска з новай назвай была знойдзеная.

Першая вандроўка

Яшчэ ў далёкім 2014 годзе ў самую восень, калі лісце з дрэваў ужо спала, адбылася першая вандроўка. Мэтай было знайсці вёску і, калі ўдасца, апытаць жыхароў. Да апошняга не было вядома, ці будуць жывыя тыя, хто памятае свайго мясцовага бортніка. Высветлілася, што за такі працяглы час у памяці тутэйшых жыхароў засталося мала сведчанняў пра слыннага бортніка і пра дуб Мінтус. Аднак памяць захавала іншую інфармацыю. Мясцовы старажыл не ўзгадаў пра бортніка, аднак на пытанне пра дуб Мінтус адказаў: “Я сам ні бачыў, а ось кажуць, што тыя Мінтусы дубы во-о-сь там”. І паказаў у напрамку балота. З гэтага пачалася першая вандроўка, што працягнулася аглядам бліжэйшага наваколля – густы вольхавы лес з парасткамі дубоў, з дубамі і хвоямі.

Другая вандроўка

Перад другой вандроўкай была праведзеная выведка. З дапамогай спадарожнікавых здымкамў быў вызначаны квадрат памерам 3х3 км. Давялося скарыстаць дэдукцыйныя метады, каб вызначыць прыдатнасць мясцовасці дзеля патрэбаў бортніка, аддаленасць паселішча ад прыдатнай мясцовасці, наяўнасць дарог і сцежак. Так пачалася другая, вялікая вандроўка: 30 км дарог на машыне, 1 кв. км прагледжанага леса і зноў апытанне жыхароў суседніх вёсак пра бортніка і дуб.

Старыя жыхаркі вёскі расказалі, што калісьці каля балота быў дуб, а на ім віселі 2 “вульлі”. Але сказалі, што няма таго дуба мо гадоў 20 ці 30. Тады падумалася: можа, больш ніхто і ніколі не пабачыць дуб Мінтус… Але ж таксама сказалі, што той дуб, тоўсты і стары, стаіць у самой вёсцы. Але дуб у вёсцы быў не той, не Мінтус, бо не той узрост. Далей быў пачуты яшчэ успамін, што ледзь не ля ракі стаіць такі дуб, і рыбакі яго добра ведаюць… Ізноў надзея, аднак гаворкі з рыбакамі ні да чаго не прывялі. На гэтым скончылася другая вандроўка.

Трэцяя вандроўка

Прайшоў год, пытанне пра дуб не выходзіла з галавы. Папярэдняя выведка пацвердзіла, што трэба шукаць не толькі ля самага балота – бо там такі лес, які не прыдаўся б для бортніка – занадта вільготна. Значыць, шукаем у іншым баку ад вёскі, да таго ж бортнікі сапраўды так размяшчалі вуллі.

З гэтага пачалася чарговыя вандроўка – каля 10 км дарог на машыне і яшчэ 10 км пешшу. Лес быў зусім малады, старых дрэваў не было бачна, як і слядоў таго, што яны раней тут былі. Але на адваротным шляху быў заўважаны незвычайны лес, дзе разам раслі грабы, вязы, клёны, ліпы, дубы, бярозы, вольха, асіна і іншыя дрэвы і кустоўе. Хуткі агляд паказаў, што шукаць варта ў гэтым лесе.

Вандроўка чацвёртая, і не апошняя

Позняя восень 2018 года. Ужо было моцнае адчуванне, што ехаць трэба ў “той лес”. Лес не звычайны, ён цягнуў далей у самыя гушчары. Быў знойдзены дуб – вялікі, тоўсты, з роўным камлём, вышыня больш за 25 метраў. Але аніякіх слядоў “бортніцтва” не было знойдзена. Расчараванне… Добра, што хоць паехаў у вандроўку не адзін, а з бацькамі і сынам – кожны з іх паўдзельнічаў у пошуках. Вярнуўшыся, вырашылі пашукаць глыбей у лесе, каля таго самага вялікага дуба.

Першая знаходка – дубовы ці грабавы астроў, такое спецыяльнае прыстасаванне, сукаватае дрэўца з сечанымі галінамі, каб падымацца на дрэва, традыцыйнае для бортнікаў прыстасаванне. Ляжаў астроў недалёка ад знойдзенага ўжо дуба. Ажно бацька з гушчароў кліча паглядзець на яшчэ адзін дуб. Пасля блукання лазою мы выйшлі да яшчэ аднаго велічнага дуба. Ён быў пяць метраў у ахопе, вышыня каля трыццаці метраў.

Гэта і былі тыя самыя дубы Мінтусы. На адным з іх былі добра бачныя дубовыя спіцы, што паўрасталі ў жывы дуб. Бортны дуб Мінтус велічна ўзвышаецца па-над лесам, дубу каля 500 год, і ён размешчаны каля вёскі. Гэта і было тое, што напісана ў кнізе. Праўда, ёсць яшчэ адно адчуванне, што існуе і трэці дуб, які трэба яшчэ знайсці… Мінула сорак з гакам год з таго часу, як бачылі бортны знак, таму ён мог значна зарасці і зрабіцца нябачным. А вярнуўшыся, знайшлі да таго ж бортную сасну і яшчэ большую тэрыторыю, дзе могуць хавацца сляды бортніцтва.

Пасля такой знаходкі можна смела ісці шукаць Перуноў востраў. Там былі бортныя дубы, сведчанні пра якія датуюцца сярэдзінай 16-га стагоддзя.

* * *

Svajksta: Адзначым, што корань mint– сапраўды ў балцкіх і літоўскіх тапонімах і гідронімах сустракаецца. Напрыклад, у назвах – Mint-upis (upė – рака), Mint-a-raistė (raistis – балота), Mint-laukiai (laukas – поле) і нават Minta – назва поля. У старапрусаў вядомыя некалькі назваў, тыпу Mintieyten (Мінтэйты).

Сам Іван Восіпаў пракаментаваў для “Свайксты”: на жаль, прозвішча таго бортніка, чый быў той “дуб Мінтус”, людзі не памятаюць.

СМІ
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.02.2020 21:10:19

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.