::
2018.10.20 — Тысяча гадоў на службе ў пчалы. Восем цытат зь лекцыі босага бортніка / Радыё Свабода (svaboda.org)
Загаловак
Тысяча гадоў на службе ў пчалы. Восем цытат зь лекцыі босага бортніка
Спасылка
Дата публікацыі
20.10.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

Іван Осіпаў — фінансавы аналітык, які захварэў на бортніцтва. У вольны час ён спрытна лазіць па дрэвах, даглядае калоды. Бортніцтва для яго — лад жыцьця, філязофія.

Поўны тэкст

«Гэта не здабыча мёду. Бортніцтва — практыка, веды, стасункі зь лесам як цэлым сьветам», — кажа Іван. У гомельскім філіяле Веткаўскага музэю ён прачытаў лекцыю пра тысячагадовы промысел беларусаў.

Самае складанае — зразумець мову пчалы

Калоду зрабіць ня так цяжка, маючы сучасны інструмэнт. Важна, каб пчолы ўпадабалі гэтае месца. Ідэальная калода, ідэальнае месца — а пчала не ляціць. Перавесіў калоду вышэй ці на суседняе дрэва — і пчолы будуць раіцца. Вось гэта самае складанае — зразумець мову пчалы, самой прыроды.

Бортніцтва перадусім назіраньне за ўсімі працэсамі ў прыродзе. Гэта стасункі зь лесам як цэлым сьветам.
Бортніцтва акумулюе ня толькі практыку (як сябе паводзіць з пчоламі, як калоду зрабіць), гэта энцыкляпэдыя ўсяго жыцьця чалавека з прыродай. Спадчынныя бортнікі ўсімі гэтымі ведамі гэтым валодаюць.

Бортнік служыць пчале

Раней пчолы сяліліся ў дупле. Зьявіўся чалавек з прыладамі працы, бортнік, які вырашыў не падпарадкоўваць сьвет, а дапамагчы сабе і пчолам стаць больш культурнымі. Так зьявілася борць.

Бортнік глядзіць пчол, паслугоўвае ім. Ён стараецца захаваць іх на наступны год. Бортнік кажа: «Я гаспадару ў лесе». Ён гаспадар там, але ня проста прыйшоў і што захацеў, тое і зрабіў. Бортнік глядзіць, дзе што ня так, дзе трэба прыбраць, пачысьціць. Пчала любіць ахайнасьць. Ёй пагражаюць шкоднікі — мурашкі, мышы, васковая моль, куніцы, жоўны.

Мэта — дапамагчы пчале выжыць. Гэтыя навыкі, веды варта захаваць, перадаць наступным пакаленьням — цікавасьць да роднага краю, прыроды, да працэсаў, якія адбываюцца.

Падыходы бортнікаў да лесу — гэта ўстойлівыя формы разьвіцьця навакольнага асяродзьдзя.

У адрозьненьне ад пчалярства, у бортніцтве ўся практыка, усе дзеяньні накіраваныя на тое, каб палепшыць жыцьцё пчалы, каб ёй было добра, цёпла, суха, чыста. Гэта ня проста што прыйшоў і забраў мёд — гэта цэлая гісторыя стасункаў чалавека з прыродай, жывым сьветам.

Калі сустрэнеш мядзьведзя — выкапай ямку, засунь туды нос і рот і дыхай

Пчала працуе ад сьнегу да сьнегу. З усёй сваёй працоўнай гвардыяй дабывае мёд. Узімку яна, як мядзьведзь, засынае і паціху ліжа свой назапашаны мёд. А супраць мядзьведзя ў бортнікаў была такая прылада — самабітка. Яна вядомая з XVI стагодзьдзя. Дайшла да нас у розных формах. Бортніцтва і мядзьведзь ня тое, што блізкая тэма, а неаддзеленая. Мядзьведзь — татэмная жывёла, імя якой ня варта вымаўляць уголас. Называецца ён так, бо мёд ведае, дзе шукаць. Борці ідуць глядзець пасьля таго, як мядзьведзі лягуць спаць, пасьля Узьвіжаньня.

У нас больш трапляюцца транзытныя мядзьведзі, якія прыйшлі на выведку — шукаюць кармавую базу. Найбольш вядомы ў нашых мясьцінах загінуў у 1983 ці 1984 годзе. Палез мёд шукаць у калоду, яна сарвалася і забіла яго. Пазьней сустракаліся сьляды іншых, якія лезьлі ў калоды за мёдам. У спадчынных бортнікаў неяк спытаўся: што рабіць пры сустрэчы зь мядзьведзем? Не ўцячэш жа, не залезеш на дрэва. Адзін казаў: падай, капай ямку для галавы, носа і рота, і дыхай. Калі ён захоча цябе зьесьці, то зьесьць.

Бяз хлеба ў лес не хадзі, у нядзелю і сьвята не працуй

Раней забойства пчалы прыраўноўваліся да забойства чалавека і каралася. Бортніцтва ня толькі праца рукамі, гэта цэлы пласт сакральных ведаў пра жывёльны і расьлінны сьвет. Без аброку — хлеба, у лес ня варта ісьці. У нядзелю і сьвяты нельга працаваць. Ёсьць легенда, што адзін бортнік працаваў у сьвята — выдзёўбваў калоду. Дык Бог яго пакараў — ператварыў у чорнага дзятла, жаўну. І вось цяпер птушка з моцнай дзюбай і вялікім языком робіць шкоду пчолам.

Як знайсьці дрэва для борці? Каб так было проста. Бортнік можа і год, і два шукаць. Дрэва для калоды шукаюць, як жонку — якая самая лепшая і прыгожая. Відаць, калі дрэва падыходзіць, што будуць тут вадзіцца пчолы.

Летам — легчы пад дуб і глядзець, як пчолы працуюць

Бортнік адчувае сябе нават не багатым, а радасным, калі ў яго многа пчол. Нават сёньня некаторыя, калі прыйшлі пасьля зімы і бачаць, што пчолы памерлі — плачуць. Многія спадчынныя бортнікі ведаюць, адчуваюць пчол. Для многіх ня мёд галоўнае, а адкрыць борць і паглядзець, як яны лётаюць, паслухаць, як гудуць. Вясной — убачыць, што жывыя. Улетку — легчы пад дубам і глядзець, як яны працуюць.

Кожны бортнік мае свае рэцэпты і сакрэты, як прывабіць вясной пчол. Гэта і духмяныя травы — мэліса, мята, і крушына. Некаторыя кажуць, што найлепшы сродак прывабіць пчол — мача немаўляці. Калоду ўпрыгожваюць кветкамі. Пчала будзе ляцець — і пах прывабіць яе, а яшчэ і прыгожа тут!

Хрост бортніка праз уменьне супакоіць пчол

І сёньня ёсьць дрэвы, на якіх стаяць стогадовыя калоды. Пры добрым доглядзе такое магчыма. Калоды перадаюцца ў спадчыну. Але як памірае іх гаспадар, то і борці доўга не працягнуць.

Калі спадкаемца гатовы лезьці на дрэва, глядзець калоды — гэта як хрост. Ён лезе, адчыняе драўляны брусок на калодзе, пчолы пачынаюць лятаць, бортнік вісіць на сваім лязіве, а бацька ці дзядзька зьнізу ў гэты момант хвост лязіва прыціскае да зямлі. І чалавек, які наверсе, ня можа нічога зрабіць — ні ўгору падняцца, ні ўніз спусьціцца. Пчолы лётаюць, джаляць, ён увесь абкусаны і плача. Але мусіць супакоіць пчол.

Ад мёртвых пчол — сьвечкі нябожчыкам, ад жывых — жывым людзям

Бортнікі топяць воск і робяць сьвечкі. «Для нябожчыкаў — з сотаў ад мёртвых пчол, для жывых — з жывых», — такое казалі на Палесьсі пра выраб сьвечак. Гэта калі бортнік прылез увесну на борць, а пчолы не перажылі зіму. Соты ад мёртвых пчол адкладаюцца асобна, зь іх робяцца сьвечкі на пахаваньне. Лічылася, што чым больш на хаўтурах гарыць сьвечак, тым сьвятлей душы будзе ісьці на той сьвет.

Босы чалавек адчувае адказнасьць за кожны свой крок

Летась было заснавана Братэрства Босых бортнікаў. Мэта — пашырэньне традыцый бортніцтва. У вёсцы, у лесе і полі я ў дзяцінстве хадзіў босы. Калі ты босы ходзіш па лесе, лугу і можаш пракалоць нагу, наступіць на нешта, ты адчуваеш адказнасьць за кожны свой крок. Бо ў ботах ты можаш ісьці куды хочаш, а босы ты ідзеш канкрэтна, ведаеш напрамак і ўвогуле кожны крок вымяраеш — куды ступіць, што зрабіць.

Гэта стала адным з асноўных матываў назвы. Першыя мае крокі на дрэва былі босыя — гэта дазваляе адчуваць дрэва.
Калі гэты промысел не загібеў за тысячу гадоў — традыцыі варта працягваць.

СМІ
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.01.2020 03:24:32

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.