::
2019.09.21 — Ці стане бортніцтва “беларускай ёгай”? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Ці стане бортніцтва “беларускай ёгай”?
Спасылка
Дата публікацыі
21.09.2019
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

Яшчэ ўчора пра традыцыі ляснога бортніцтва не ведаў ніхто (варта адзначыць, што “К” звярнулася да гэтай тэмы адной з першых), а ўжо заўтра пра іх, верагодна, дазнаюцца не раўнуючы ўсе. У наступным годзе традыцыя, што бытуе на глухім ускрайку Беларусі, мае шансы атрымаць статус элемента культурнай спадчыны чалавецва. А любы наш “прарыў” у спіс UNESCO выклікае цалкам апраўданы ажыятаж. Аднак ці не стане шырокае прызнанне сконам патаемнага аўтэнтычнага ўмельства? Як “прасоўваць” свае культурныя феномены на сусветны ўзровень, і што рабіць пасля таго, як гэта атрымалася? Такія няпростыя пытанні мы абмяркоўвалі з прадстаўніком Беларусі ў Міжурадавым камітэце UNESCO Алай СТАШКЕВІЧ і ініцыятарам намінацыі, бортнікам ХХІ стагоддзя Іванам ВОСІПАВЫМ.

Поўны тэкст

Праява ментальнасці

А.С.: Я нават не сумняюся, што гэты файл пройдзе. Каб вы ведалі, колькі ён шліфаваўся... Гэта велізарная двухгадовая работа польскіх і беларускіх экспертаў. Дый тое, што мы намінуемся супольна з Польшчай, істотна павялічвае шанцы і забяспечвае дадатковую падтрымку. Урэшце, наша намінацыя трапляе ў сусветны трэнд: летась ААН абвесціла Міжнародны дзень пчалы. Людзі зразумелі, што калі мы не звернем на гэта ўвагу, будзе сапраўдная катастрофа. На пчолах шмат у чым трымаецца экалагічная раўнавага.

— Ці лёгкім было супрацоўніцтва з польскімі калегамі?

І.В.: Гэта быў міжкультурны дыялог, які ставіў за мэту растлумачыць нашы каштоўнасці і
падыходы да бортніцтва ды зразумець іхнія. Чаму ён доўжыўся два гады? Бо літаральна па кожным слове ўзнікалі дыскусіі. Выпрацоўка агульнага разумення тэмы была складанай.

А.С.: Справа ў тым, што ў нас захавалася архаічная традыцыя бортніцтва. А вось у палякаў яна была страчаная. Але дзяржаўныя і няўрадавыя арганізацыі правялі велізарную працу, каб яе аднавіць у тых супольнасцях, дзе яна некалі існавала.

І.В.: Бортніцтва і дасюль у нас у крыві. Засталіся ад дзядуль успаміны, нават рэчы. Гадоў сто таму бортнік быў амаль у кожнай вёсцы! Таму многае не трэба тлумачыць — гэта як праява ментальнасці. У Польшчы ж сітуацыя зусім іншая.

А.С.: Проста шчасце, што ў Беларусі засталіся цэлыя супольнасці, якія працягваюць традыцыйны промысел — тыя ж шапавалы або траўнікі. Мы маем аўтэнтыку, але ў палякаў нам трэба пераняць сістэму яе захавання на ўзроўні інстытуцый. І тут многаму варта павучыцца.

— А як паставіліся да вашай працы самі носьбіты традыцыі з палескіх вёсак?

І.В.: Мы ездзілі і пыталі ў бортнікаў, ці згодныя яны. У выніку, сабралі каля 200 подпісаў “за”. Так што намінаванне ў спіс UNESCO — было рашэнне самой супольнасці. Галоўная мэта — засведчыць нам самім і ўсяму свету, што нага справа мае каштоўнасць. Бо часам нават носьбітам не хапае гэтага разумення.

— Іван, вы жыхар сучаснага мегаполіса, працуеце фінансавым аналітыкам. Што ж вас натхніла на такое захапленне? Няўжо мульцік пра Віні-Пуха?

— Не такі я ўжо і гарадскі… Памятаю, як у вёсцы чакаў, пакуль мне споўніцца шэсць гадоў — гэта нібы першы этап ініцыяцыі, калі табе даручаюць простыя гаспадарчыя справы: пасвіць кароў або набіраць у калодзежы ваду. Ужо гадоў з 12 — 13 пачаў збіраць мясцовую этнаграфію і фальклор. Імкнуўся сам патрапіць у тое ўрочышча, пра якое чуў — нават калі яно за пяць — дзесяць кіламетраў — і самому паспрабаваць усе ўмельствы. І калі я ўжо паступіў у сталічны ўніверсітэт, у мяне была звычка быць у лесе — лясная хвароба, як бортнікі кажуць. А потым і ў само бортніцтва з галавой акунуўся.

“Дзе знайсці васю”

— Ці лёгка было засвоіць усе тыя мудрагелістыя прылады і навыкі?

І.В.: Тэхнічны бок — насамрэч, не так і складана. Думаю, яго можа засвоіць, кожны, хто здатны забіць цвік і мае цярплівасць. Але я адразу зразумеў, што бортніцтва — гэта найперш іншая сістэма адносінаў чалавека і прыроды. Навучаючыся яму, важна пераймаць не толькі навыкі, але і пачуцці. Бортніцтва — гэта калі чалавек не адаптуе наваколле, але адаптуецца да яго сам. Бортнік не прыручае пчалу. Надварот, ён ёй служыць! Дапамагае выжываць узімку, чысціць калоды, назірае за станам лесу, абараняе ад дзікіх жывёлаў. А мёд атрымлівае ў якасці платы за сваю работу.

А.С.: Гэта як ёга, як усходнія адзінаборствы: ты ніколі не станеш майстрам, не спасцігнуўшы глыбінных асноваў.

І.В.: Супольнасць у тых палескіх мясцінах вельмі замкнёная. Скажам, калі ты прыйдзеш у чыюсьці хату ды спытаеш, дзе тут можна знайсці Васіля (ведаючы, што ён дакладна ў той вёсцы жыве), людзі будуць запэўніваць цябе, што ніколі пра такога не чулі. Таму адкрыць свае таямніцы камусьці не “са сваіх” ніхто не пагодзіцца. Я амаль цэлы год дапамагаў аднаму старому бортніку па гаспадарцы, пакуль ён урэшце не сказаў: “Хадзем”.

А.С.: У Канвенцыі аб біялагічнай разнайнасці ёсць артыкул пра традыцыйныя веды і практыкі. Раслінны і жывёльны свет не можа без іх існаваць, бо яны ўсталёўваюць гармонію паміж чалавекам і прыродай.

І.В.: Скажам, бортнікі рабілі кантраляваныя пажары ўзімку, спальваючы стары верас. А калі малады пачынаў разрастацца, ён даваў ежу не толькі для пчол, але і для жукоў і матылькоў. Бортніцтва ў пэўны час паспрыяла засяленню чорнага бусла на Палессі: птушка ўпадабала для гнездавання старыя калоды. У прыродзе ўсё ўзаемазвязана, кожная дробязь

А.С.: Сёння мы разумеем, што мала захоўваць прыроду — трэба захаваць і традыцыйныя веды, звязаныя з яе ўстойлівым існаваннем і развіццём, асабліва тыя, якія лёгка адаптуюцца да сучанасці і могуць стаць рэсурсам для развіцця сваіх рэгіёнаў — праз агратурызм або крэатыўны бізнес. Мэта ахоўных мерапрыемстваў — абараніць тое натуральнае жыццё ад урбанізацыі і стандартызацыі, ад стварэння цывілізацыйных рамак. Задача дзяржавы і экспертаў — проста дапамагаць людзям жыць так, як яны прызвычаіліся. Бо свет загіне, калі ён будзе аднолькавым.

— Наколькі дасканалае ў нас заканадаўства ў сферы НКС?

А.С.: Я выступіла з прапановай унесці ў Кодэкс аб культуры такія паняцці, як “традыцыйныя веды і практыкі” і “носьбіты традыцыі і мясцовыя супольнасці”. На жаль, сёння гэты
паняційны апарат там не распрацаваны. Думаю, варта стварыць асобны раздзел, прысвечаны ахове нематэрыяльнай спадчыны. І прапісаць там, скажам, тыя ж этычныя кодэксы, якія рэгулююць доступ да нематэрыяльных здабыткаў — калі гэтага жадаюць іх носьбіты.

— Відавочна, такая сістэма можа працаваць толькі з “ручным кіраваннем”: кожны элемент НКС патрабуе індывідуальнага падыходу. Параўнайма бортніцтва з тым жа Будслаўскім фэстам…

А.С.: Гэта праўда. Але ж паміж імі ёсць і нешта агульнае. У абодвух выпадках носьбіты ніяк не датычныя да ўстановаў культуры. Вось і ў Будславе ні абласныя, ні раённыя метадцэнтры ці ўстановы культуры не імкнуцца далучыцца як актыўныя ўдзельнікі, у Будславе падчас фэсту — і не толькі — адметны культурны кантэнт. Хаця Каталіцкі Касцёл не супраць таго, каб фэст абрастаў новымі свецкімі праектамі, якія не супярэчаць яго духоўнай сутнасці. Мы ж наогул рабілі гэтае дасье ў UNESCO найперш дзеля таго, каб фэст стаў асновай для ўстойлівага развіцця вёскі Будслаў, у тым ліку, і эканамічнага, сацыяльнага, турыстычнага… Але патэнцыял гэты пакуль не выкарыстаны.

— У выпадку з бортніцтвам, падазраю, усё будзе яшчэ складаней…

А.С.: Калі даць бортнікам маркетынгавыя інструменты, наданне статусу можа стаць штуршком для развіцця іх рэгіёна. І асобныя прыклады ўжо ёсць. Скажам, на Магілёўшчыне з’явіліся людзі, якія гадуюць авечак і прадаюць шапавалам воўну, некаторыя траўнікі адкрываюць свае аптэкі. Той жа турызм можа паспрыяць устойліваму развіццю, калі захоўваць этычныя нормы. Але ў нас спрацоўвае стэрэатып: калі UNESCO, значыць трэба туды адразу скіраваць несупынную турыстычную плынь. А вёска да гэтага не гатовая. Людзям найперш трэба патлумачыць, што гэта можа прынесці ім карысць — у тым ліку, і эканамічныя выгоды.

І.В.: У выпадку з бортніцтвам, трэба разумець: гэта не забава на публіку, гэта жыццё. Носьбіты традыцыі — не турыстычныя гіды, а людзі, якія займаюцца тым, чым займаліся іх бацькі. І гэтыя людзі павінны мець магчымасць працягваць свой натуральны лад жыцця.

Дазвол правадыра племені

— Можа аўтэнтыка і маскульт — гэта проста розныя рэчы? Балгарскае несцінарства ў аўтэнтычным выглядзе захавалася толькі ў адной вёсцы, але на шоу з танцамі на вуглях турыстаў завабліваюць
паўсюль.

А.С.: Мы ўжо павінны бачыць сітуацыю на крок наперад. Што здарыцца, калі бортніцтва атрымае сусветны статус? Думаю, на рынку адразу з’явіцца “сапраўдны” бортны мёд — хаця, насамрэч, увішныя камерсанты здабывалі яго на вялізных пасеках. А уласна бортнікі апынуцца… за бортам. Адсюль выснова: трэба ствараць сертыфікацыю аўтэнтычных нацыянальных прадуктаў. Абараняць інтэлектуальнае права носьбітаў традыцыйных умельстваў.

Ніхто не супраць доступу турыстаў да традыцыйных ведаў, але толькі з пэўнымі абмежаваннямі. За мяжой ёсць механізмы, якія працуюць, скажам, у дачыненні да карэнных народаў: складаецца своеасаблівы пратакол паміж супольнасцю, мясцовымі ўладамі, тураператарамі, дзе прапісваецца, як, куды і калі могуць патрапіць староннія людзі. Прыкладам, каб наведаць індзейскае пуэбла, мы мусілі прасіць дазвол у правадыра племені. А ў Беларусі з гэтым проста катастрофа! Журналісты са сваімі камерамі лічаць дапушчальным умешвацца ў “Юраўскі карагод” з вёскі Пагост, дасье якога сёлета будзе разглядацца на сесіі камітэта НКС UNESCO. Таму, разам з мясцовымі жыхарамі Пагоста, мы плануем упершыню ў Беларусі стварыць этычны кодэкс, які б рэгламентаваў паводзіны наведвальнікаў абраду.

— Як падаецца, больш-менш кардынальным вырашэннем справы магло б стаць стварэнне экспертнага цэнтра, спецыялісты якога здатныя прымаць кваліфікаваныя рашэнні, зыходзячы з сітуацыі.

— Як была, так і засталася патрэба ў такім нацыянальным цэнтры, які б распрацоўваў метадалогію, арганізоўваў семінары і трэнінгі, ствараў базу для міжнароднага супрацоўніцтва, аб’ядноўваў у агульную сетку розных энтузіястаў. Экспертная база вельмі важная, і ў нас, на жаль, не ўсе гэта разумеюць. На сёння многае робіцца, лічы, на валанцёрстве — а яно мае свае межы. Гадоў праз пяць наступае выгаранне, з’яўляецца думка “А навошта я гэта раблю?”

— Раней на ролю такога цэнтра мог прэтэндаваць той аддзел у Інбелкульце, які вы, спадарыня Ала, узначальвалі. А цяпер?

— Сёння сістэма Нацыянальнага інвентара НКС, які ў свой час заснаваў аддзел, працуе, лічы, па інерцыі. Тое самае тычыцца і многіх іншых накірункаў нашай дзейнасці.

— На вашу думку, якія яшчэ беларускія аўтэнтыкі могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс UNESCO? Ці вядзецца ўжо работа над гэтымі намінацыямі?

— На жаль, гэта вельмі балючае пытанне. Цяперашнія намінацыі — і “Юраўскі карагод”, і бортніцтва — адгалоскі працы нашага аддзела. А што будзе далей, пакуль невядома.

І.В.: Я звярнуўся да спадарыні Алы ў апошні год існавання аддзела. І ў гэтым сэнсе мне пашчасціла.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 27.02.2020 02:39:40

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.