::
2019.09.16 — Восеньская фольк-недастатковасць ліквідаваная: у Мінску прайшоў фестываль «Раёк» (фота, відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Восеньская фольк-недастатковасць ліквідаваная: у Мінску прайшоў фестываль «Раёк» (фота, відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
16.09.2019
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

У дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея 14–15 верасня прайшоў фестываль традыцыйнай музыкі «Раёк». Мінчукі пабачылі і вясковыя гурты, і гарадскіх пераймальнікаў, і гурты, якія інтэрпрэтуюць традыцыйную музыку ў сучасных стылях. Можна сказаць, восеньская фольк-недастатковасць праз тое, што сёлета няма фестывалю «Камяніца», «Райком» ліквідаваная!


Фестываль «Камяніца» летась прайшоў дзясяты раз, а сёлета святкаваў бы дзесяць год з першай імпрэзы, але ў галоўнага спонсара, банка БелВЭБ, памяняліся прыярытэты ў галіне дабрачыннасці. У выніку — няма грошаў, дык няма і фестывалю. А «Раёк» пайшоў іншым шляхам. Абвясцілі збор сродкаў праз краўдфандынг, можна было перадзамовіць квіткі на фестываль ці новы CD праекта «Традыцыя», прысвечаны застольным песням. Грошы паспяхова сабралі. Па словах галоўнага арганізатара фестывалю «Раёк» Сержука Доўгушава, шмат падтрымкі было ад беларусаў замежжа. Яны проста хацелі, каб быў такі фэст, хоць самі і не збіраліся на яго. У выніку з тых, хто падтрымаў «Раёк» праз краўдфандынг, на імпрэзу прыйшла добра, калі палова, а асноўная частка наведвальнікаў фестывалю набывала квіткі на ўваходзе.

Карэспандэнтка «НЧ» трапіла толькі на другі дзень фестывалю і з абеда назірала рост колькасці наведвальнікаў у геаметрычнай прагрэсіі. Дзіцячая праграма ад каманды Vir-vir і гурта «Калыханка» ва ўнутраным дворыку гістарычнага музея, потым выступленні музыкаў Дударскага клуба, свята габрэйскіх песень і танцаў Zingeray. 



Публіка з энтузіязмам спявала на ідыш і вучыла габрэйскія танцы беларускіх мястэчак. Сюрпрызам стаў беларускі танец «Мяцеліца», сыграны ў клезмерскай манеры (клезмер — габрэйскі музыка). Праўда, ходзяць чуткі, што папулярная на сённяшніх танцавальных вечарынах мелодыя «Мяцеліцы» не так даўно прывезена з Украіны, а як гучала беларуская «Мяцеліца», ніхто не ведае… Карацей, жыве братэрства народаў!


Яшчэ больш народу падцягнулася на канцэрт палескіх гуртоў, што праходзіў у адной з выставачных залаў музея. Выступілі гурты з Дзятлавічаў Лунінецкага раёна, Церабня Пінскага, Хатынічаў Ганцавіцкага. Яны спявалі песні сваіх родных вёсак і трошку распавядалі пра даўнейшыя абрады. За палешукамі выступалі лірнікі Алесь Лось, Сяргей Чубрык, Кацярына Радзівілава і Алесь Жукоўскі. Публіка даведалася, што беларуская колавая ліра мае арабскае паходжанне, у Заходняй Еўропе выкарыстоўвалася для забаў (на ёй гралі пераважна танцы), а ў нас на ліры акампанавалі, выконваючы псальмы. Але беларускія танцавальныя мелодыі на колавай ліры падчас «Райку» таксама прагучалі.

Потым у фармаце сапраўднага застолля прайшла прэзентацыя дыска бяседных (застольных) песень, а пасля яе — танцавальны сэт ад любанскіх музыкаў, якія даволі часта прыязджаюць у Мінск. Як паведаміў Сяржук Доўгушаў, шмат людзей наведала фестываль «Раёк» таксама 14 верасня, калі выступалі сучасныя гурты, значнае месца ў творчасці якіх мае традыцыйная музыка.

Ці ёсць «Раёк» мінскай рэінкарнацыяй «Камяніцы», якая праходзіла ў вёсцы Азярцо, на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту? І так, і не. Некалькі гадоў на «Камяніцы» працавала пляцоўка для аўтэнтычных гуртоў і гуртоў-пераймальнікаў, асобна ад галоўнай сцэны з больш сучасным гучаннем. Гэта пляцоўка, можна сказаць, увасобілася цяпер у Мінску. Але ўсё ж сучасная музыка з этна-матывамі, па якую большасць наведвальнікаў, напэўна, і ехала на «Камяніцу», на «Райку» не стала галоўнай. У фестывалю іншая канцэпцыя. Арганізатары хацелі паказаць мінчукам беларускую традыцыйную музыку ў максімальна набліжаным да першакрыніц выглядзе. І, здаецца, першы блін атрымаўся зусім не комам.

 

               


Фота і відэа Алены Ляшкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 25.10.2019 09:04:10

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.