::
2019.10.03 — Даследчыкі сучаснага паганства пра Беларусь / Інвентар НКС / livingheritage.by
Загаловак
Даследчыкі сучаснага паганства пра Беларусь
Спасылка
Дата публікацыі
03.10.2019
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

У Вільні 27 – 29 верасня прайшоў VIII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Больш за 400 ўдзельнікаў з 20 краін дзяліліся напрацоўкамі па розных гуманітарных дысцыплінах. Навукоўцы з’ехаліся з усёй Еўропы, а таксама з Канады, ЗША, Сярэдняй Азіі. Даклады гучалі на беларускай, англійскай, украінскай, рускай, польскай мовах. Кангрэс успрымаецца як форум “другой беларускай акадэміі”, то бок незалежных даследчыкаў (шмат хто з іх працуе за мяжой, ці ў Беларусі, але па-за дзяржаўнымі акадэмічнымі інстытутамі).

Адзін з арганізатараў, Русціс Камунтавічус, распавядае: “У нас абсалютна дэцэнтралізаваны кангрэс. Людзі самі заяўляюць тэму панэлі, і пад яе збіраюцца іншыя даследчыкі. Як яны зарганізуюцца, так усё і будзе. Што хочуць, тое і робяць, ніякага рэгулявання. Гэты аспект вельмі істотны: дэмакратыя, свабода і разнастайнасць”.

Заяўнікам і мадэратарам панэлі “Еўрапейскае паганства ХХІ стагоддзя: напрамкі, арганізацыі, лідары” быў Раман Шыжэнскі з Ніжагародскага педагагічнага ўніверсітэта. Там ён кіруе навукова-даследчай лабараторыяй “Новыя рэлігійныя рухі ў Расіі і краінах Еўропы”. У дакладзе Раман паказваў створанную ў лабараторыі 3D-мадэль храма валхва Багуміла ў Разанскай вобласці. Капішча мае дадатковыя пабудовы, якія па аздабленні нагадваюць беларускія аграсядзібы, зробленныя “ў народным стылі”. Яшчэ Шыжэнскі выдзеліў новыя тэндэнцыі “славянскага паганства”, якія з’явіліся ў 2018 – 2019 гг. Пад “славянскім” мелася на ўвазе рускае сучаснае паганства, арыентаванае на славянскія карані (у адрозненні ад прыхільнікаў скандынаўскага асатру ці ўніверсальна-еўрапейскага віканства).

Дык якія ж навіны? Расійскае паганства сёння знаходзіцца ў стане трансфармацыі. Прапагандуецца “індывідуальнае паганства”, так званы “шлях левай рукі” – ідэалогія для людзей, якія дэкларуюць прыхільнасць да паганскага светапогляду, не ўваходзячы ў нейкія суполкі ці абшчыны. Даследчыкі часам завуць іх “несеткавымі паганцамі”. Разгортваецца паганскае храмавае будаўніцтва і паганскае пустэльніцтва. Вядзецца актыўная прапаганда ў інтэрнэце, патэнцыйных адэптаў бачаць у тым ліку ў носьбітах сумежных светаглядаў: неашаманізму, тэнгрыянства (ад Тэнгры – імя вярхоўнага боства народаў цюркска-мангольскага паходжання), рэлігій нью-эйдж. Паганцы робяць уласныя даследчыя праекты, напрыклад, па вывучэнні свету сну ці правільным выхаванні дзяцей у паганскай сям’і. Адбываецца мірная палеміка язычнікаў з прадстаўнікамі аўрамічнай рэлігійнасці, напрыклад, дыспуты на канале “Спас”. Ледзь не кожны саюз паганскіх абшчын мае ўласнае бачанне рэфармавання сучаснага язычніцтва, прапануюць новыя азначэнні для яго, напрыклад, “неатрадыцыя”. Ідуць размовы пра пабудову ў гарадскіх абшчынах сваёй прасторы, паралельнай вонкаваму соцыуму. Раман Шыжэнскі робіць выснову, што ў сённяшняй Расіі варта казаць пра “язычніцкую дыяспару”, а не пра моладзевую субкультуру. У прамове даследчык часам выкарыстоўваў тэрмін “раднавер’е” як сінонім да “славянскае паганства”.

Сяргей Нікіфараў з лабараторыі, якой кіруе Шыжэнскі, даводзіў, што “раднавер’е” – гэта толькі частка сучаснага расійскага паганства, і некаторыя абшчыны свядома трымаюць ад яго дыстанцыю. Галоўная рыса раднавераў – пакланенне богу Роду, кніжнаму канструкту акадэміка Барыса Рыбакова (1908 – 2001). Яго тэорыя, выкладзенная ў кнігах “Язычніцтва старажытных славян” (1981 г.) і “Язычніцтва старажытнай Русі” (1987 г.) у навуковых колах прызнаная памылковай. Аднак, павагай карыстаюцца працы Рыбакова, дзе ён выступае толькі як археолаг, не спрабуючы выходзіць за межы сваёй вузкай спецыялізацыі. Што цікава, першай кнігай будучага акадэміка было даследаванне “Радзімічы” (1932 г.).

Як на панэлі “Еўрапейскае паганства ХХІ стагоддзя” была прадстаўлена Беларусь? Філосаф Святлана Карасёва з БДУ распавядала аб сваёй працы ў складзе экспертнай групы, якая ацэньвала ступень прыхільнасці да сатанізму ўладара “катэджа з чарцямі” ў Ратамцы. На прадпрымальніка ўвесь час скардзяцца суседзі, гісторыя мела рэзананс у СМІ. Тэолаг Сяргей Шатраўскі з БДУ таксама прадстаўляў экспертны кейс. На плоце адной з лякарняў пад Мінскам з’явіліся выявы паганскіх багоў, змаляваныя з драўляных скульптурак сучаснага расійскага майстра, у атачэнні беларускага арнаменту. Па экспертызу звярнуўся праваслаўны святар, які праводзіць службы ў гэтай лякарні, з пытаннем, ці не ёсць гэты наіўны стрыт-арт праявай паганства. Калі быў атрыманы адказ, што першакрыніца выяў – фігуркі, якія робяць у тым ліку для сучасных хатніх паганскіх алтароў (але, здаецца, больш для дэкору), плот зафарбавалі.

Яшчэ Беларусь згадалі з літоўскага і рускага боку. Раса Пранскевічутэ-Амасон з Віленскага універсітэта распавядала пра спробы руху старажытна-балтыйскай веры “Ромува” атрымаць статус рэлігіі, якая прызнаецца дзяржавай. Гэта не дзяржаўная рэгістрацыя, наступны этап. Статус дазволіў бы здзяйсняць абрады заключэння шлюбу, якія маюць юрыдычную сілу, як гэта ёсць з касцёльнымі вянчаннямі. Святары “Ромувы” займелі б афіцыйны статус, арганізацыя магла б разлічваць на фінансаванне ад дзяржавы, на трансляцыі на дзяржаўным тэлебачанні LRT сваіх абрадаў. Рэлігія, якая прызнаецца дзяржавай, можа стаць прадметам вывучэння ў школах. Усё ішло добра, але ў апошнім чытанні Сейм Літвы адхіліў пастанову. Сябры арганізацыі падалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН за парушэнне літоўскай дзяржава іх права на свабоду сумлення.

У гэтым дакладзе Беларусь прагучала як арэал старажытнай балцкай дахрысціянскай веры разам з Літвой і Латвіяй. Абшчыны Ромувы дзейнічаюць і за межамі Літвы, дзе жывуць літоўцы на эміграцыі. Потым у прыватнай размове Раса паведаміла, што і беларусы могуць стварыць такую абшчыну, асабліва ў паўночна-заходняй частцы краіны, ці калі заснавальнікам будзе чалавек, родам адтуль.

Аляксей Гайдукоў з пецербургскага педагагічнага ўніверсітэта разглядаў праблему самаідэнтыфікацыі паслядоўнікаў новага паганства ў Расіі і Беларусі. У асноўным ён даследуе прыхільнікаў славянскага язычніцтва. Навуковец адзначыў: “найбольш радыкальныя беларускія паганцы кажуць, што яны не славяне”. Адносна балцкага паганства ў Беларусі заўважыў: “канцэпты, звязаныя з ідэнтычнасцю, выходзяць на праблему вялікай палітыкі”. Наведваючы адзін са з’ездаў, арганізаваных кобрынскім прыхільнікам ідэі славянскага адзінства Уладзімірам Сацэвічам, Аляксей праводзіў там апытанне: “Нехта называў сябе беларусам. Але на простае пытанне “Ці можаце Вы назваць сябе рускім?” усе адказалі “Так”. Значыць, выснова па гэтай супольнасці… напэўна, прарасійскай арыентацыі, прынцыпы адзінства такога, савецкага, імперскага… Прытым ёсць асобныя нацыяналісты, якія прынцыпова з рускімі мець мала агульнага хочуць”.

Арганізатары Кангрэса – Інстытут “Палітычная сфера” (Беларусь), Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня), Інстытут Вялікага княства Літоўскага (Коўна). Спонсары – Фонд імя Конрада Адэнаўэра (Германія), нямецкі фонд Маршала (ЗША), фонд Matra, Літоўская навуковая рада, Міністэрства замежных спраў Літвы. Усім удзельнікам аплочвалася жытло, частцы – дарога. Аргкамітэт часткова кампенсаваў выдаткі на харчаванне. Сёлета ўпершыню быў уведзены арганізацыйны ўнёсак. Русціс Камунтавічус тлумачыць: “Канферэнцыйны ўнёсак ёсць паўсюль. Ідэя таксама троху “цывілізаваць”, бо ў СССР усё было задарма. А еўрапейская традыцыя – што людзі плацяць самі. Ідэя краўдфандынгу, “Талакі”, “Улья”, так папулярных у Беларусі – таксама ў тым, што мы павінны ствараць і плаціць самі, а не чакаць, пакуль нешта ўпадзе з неба. Трошку памяняць менталітэт. На Кангрэсе збіраецца беларуская эліта, каб “думаць Беларусь”. Яны павінны разумець, што ствараюць гэту Беларусь самі”.

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі праходзіў з 2011 да 2016 г. у Коўне, у 2017 г. у Варшаве. У 2018 г. была спроба правесці яго ў Мінску, але не атрымалася ўзгадніць на афіцыйным узроўні. Замест Кангрэса прайшоў літоўска-беларускі форум у Клайпедзе, нашмат меншага маштабу. Налета зноў плануецца паспрабаваць арганізаваць Кангрэс у Мінску.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя сэрыі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 18.11.2019 07:45:20

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.