::
2013.12.16 — Сіла духу творчасці Зінаіды Мажэйкі. Да 80-годдзя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Зінаіды Мажэйкі. / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН РБ)
Загаловак
Сіла духу творчасці Зінаіды Мажэйкі. Да 80-годдзя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Зінаіды Мажэйкі.
Спасылка
Дата публікацыі
16.12.2013
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

6 снежня 2013 года адзначыла свой юбілей вядомы этнамузыколаг і этнакінематаграфіст, доктар мастацтвазнаўства, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Зінаіда Якаўлеўна Мажэйка.

З гэтай нагоды, а таксама да 50-годдзя навуковай і творчай дзейнасці 5 снежня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя кніг – «Мажэйка Зінаіда Якаўлеўна. Да 50-годдзя навуковай і творчай дзейнасці» (2013), «Экалогія традыцыйнай народна-музычнай культуры» (2011).

У прэзентацыі выданняў удзельнічалі прадстаўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, БДУ культуры і мастацтваў і іншых устаноў і грамадскіх аб’яднанняў. Калегі і паплечнікі прыгадалі падчас імпрэзы навуковыя і творчыя дасягненні Зінаіды Якаўлеўны, агучылі асноўныя этапы жыцця і працы юбіляра, акцэнтавалі ўвагу на большасці навуковых адкрыццяў даследчыцы, прадставілі храналогію яе практычнай дзейнасці.

Як зазначыў адзін з удзельнікаў прэзентацыі, доктар філасофскіх навук Энгельс Дарашэвіч, З.Мажэйка прыўнесла новы погляд у айчынную навуку, шмат зрабіла для развіцця беларускай этнамузыкалогіі, а таксама візуальнай культурнай антрапалогіі. Аб чым яскрава сведчаць тры шырокія этнамузыкалагічныя тэмы ў межах Дзяржаўных комплексных праграм навуковых даследаванняў, якія выконваліся пад кіраўніцтвам З.Мажэйкі.

Сама Зінаіда Якаўлеўна ў сваёй прамове зазначыла актуальнасць развіцця беларускай акадэмічнай навукі ў галіне этнаэкалогіі і этнакінематаграфіі. Даследчыца згадала дасягненні калег, агучыла спадзяванне на далейшы росквіт і захаванне аўтэнтычнай культуры Беларусі, выказала асабістыя словы падзякі даследчыкам, якія падтрымлівалі і дапамагалі на працягу 50 год. Асаблівай павагі і ўдзячнасці, на думку З.Мажэйкі, варты вядомы навуковец Іван Саламевіч. Яшчэ пры жыцці ў нарысе да выдання «Мажэйка Зінаіда Якаўлеўна. Да 50-годдзя навуковай і творчай дзейнасці» ён напісаў: «Асаблівы дар бачання ключавых праблем этнамузыказнаўства ў сістэме гуманітарнай беларусістыкі (мовазнаўства, этнапсіхалогіі, сацыялогіі, культуралогіі), як і маштабнасць задач, што патрабуюць рашэння ў межах культурна-экалагічнай бяспекі, увесь час стваралі вакол асобы З.Мажэйкі нейкае гравітацыйнае поле з пульсуючай сілай духу творчасці».

Падрабязней пазнаёміцца з дзейнасцю З.Мажэйкі ўдзельнікі і госці прэзентацыі змаглі на выставе яе навуковых прац, прымеркаванай да імпрэзы і падрыхтаванай супрацоўнікамі ЦНБ НАН Беларусі.

Уяўленне аб палявой рабоце этнамузыколага і этнакінематаграфіста прысутныя маглі скласці па сродках відэафільма «А я песню сваю дапяю» з цыкла кароткаметражных стужак У.Гасцюхіна «Агульны дом – Мінск» (Тэлефільм, 2001).

Знаёмства з этнакінематаграфічнай дзейнасцю З.Мажэйкі будзе працягнута 16 снежня 2013 года ў Музеі гісторыі беларускага кіно, дзе адбудзецца паказ дакументальных музычна-этнаграфічных кінафільмаў па сцэнарыях і палявой рэжысуры выдатнай даследчыцы.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 05.12.2019 00:30:51

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.