::
2019.07.23 — Іркуцкія беларусы выступілі ў Мінску (фота, відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Іркуцкія беларусы выступілі ў Мінску (фота, відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
23.07.2019
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

У Музеі гісторыі беларускай літаратуры 22 ліпеня прайшла сустрэча з іркуцкімі беларусамі Алегам Рудаковым і Вольгай Галанавай. Аказваецца, у сібірскіх вёсках дасюль гавораць на добрай беларускай трасянцы і захоўваюць у куфрах традыцыйныя строі.Алег Рудакоў нарадзіўся ў Беларусі, быў вайскоўцам, служыў у Іркуцку і застаўся там жыць. У Сібіры ён арганізаваў моладзевы клуб “Крывічы”, якім цяпер кіруе Вольга Галанава. Арганізацыя даволі вядомая, пра яе любіць рабіць сюжэты мясцовая і цэнтральная прэса. “Крывічы” далучаюць нашчадкаў перасяленцаў у Сібір (некаторых ажно ў трэцім пакаленні) да беларускай культуры: ладзяць традыцыйныя святы, гурткі, этнаграфічныя экспедыцыі. А беларусаў у Іркуцкую вобласць на пачатку ХХ ст. перабралася шмат. Напрыклад, у Тулунскім раёне са 157 вёсак, утвораных падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы, 124 заснавалі беларусы.


Абрадавыя песні для каляндарных святаў сібірскія беларусы вучаць з запісаў “матэрыковай” радзімы: у іркуцкай вобласці гэты пласт фальклору ўжо не запішаш. “Крывічы” ладзяць Каляды, Грамніцы, Гуканне вясны, Купалле. На святы выязджаюць у беларускія вёскі Іркуцкай вобласці. Старэйшыя жыхары яшчэ памятаюць каляднікаў і шкадуюць, што больш яны не ходзяць. Быў выпадак, калі сям’я даведалася аб прыездзе гарадской моладзі, дастала з куфроў традыцыйныя кашулі, вышытыя бабуляй, і сустрэла каляднікаў “пры парадзе”.


Хоць беларускія каляндарна-абрадавыя песні ў Іркуцкай вобласці не захаваліся, дасюль можна запісаць лірычныя і жартоўныя. Вольга і Алег выканалі некалькі твораў, сабраных імі ў экспедыцыях. Па асаблівасцях гаворкі і распеву яшчэ можна здагадацца, адкуль у свой час “прыехалі” гэтыя песні. На сустрэчы ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры гучалі ўзоры, носьбіты якіх на пачатку ХХ стагоддзя выехалі пад Іркуцк з беларускага Падзвіння і Заходняга Палесся. Узровень выканання Алега і Вольгі высока ацаніў фалькларыст Сымон Барыс, які прысутнічаў на сустрэчы.

У беларускіх сібірскіх вёсках ведаюць танцы, пра якія рэдка пачуеш на “матэрыковай” радзіме: “Падгорная”, “Па чацвёра”, “Па шасцёра”. Могуць не памятаць, як танцавалі, але па назвах “апазнаюць” і скажуць: “Так, у нас былі!” Некаторым з гэтых танцаў Алег і Вольга навучылі прысутных.

Вялікая штогадовая падзея ў Іркуцку – беларускі кірмаш, на які запрашаюць розных артыстаў, у тым ліку сучасных выканаўцаў з Беларусі. За апошнія гады горад над Байкалам наведалі Зміцер Сасноўскі, Алесь Камоцкі, Зміцер Вайцюшкевіч, капэла “Колісьнія”. Прадстаўнік апошняй Ігар Жаўткоў падзяліўся ўражаннямі: “Мы выступалі разам з беларускімі гуртамі з усёй Іркуцкай вобласці. Пасля канцэрта жанчыны гутарылі між сабой, я слухаў – і здавалася, што з Беларусі нікуды не выязджаў. Такая смачная трасянка, наша!

Алег Рудакоў і Вольга Галанава наведалі Беларусь з дапамогай згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Перад сустрэчай у Музеі гісторыі беларускай літаратуры яны выступілі на фестывалі “Наш Грунвальд”. Імпрэза прайшла ў зале літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “У сэрцы з Радзімай”, прысвечаннай спадчыне беларускіх эмігрантаў ХХ ст. На выставе прадстаўлены матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю беларусаў у Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і арганізацый у Беларусі, што каардынуюць сувязь з дыяспарай у свеце. Сярод фота на экспазіцыі ёсць і здымкі іркуцкіх беларусаў. На імпрэзе Алег Рудакоў перадаў у фонд музея некалькі выпускаў газеты “Маланка”, якую беларусы выдавалі ў Іркуцку, пакуль папяровая прэса не саступіла месца электронным выданням.


Фота і відэа Алены Ляшкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 27.11.2019 04:52:23

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.