::
2019.04.21 — Жыхары Клічава хочуць запрасіць Стывена Тайлера выступіць на «Ночы музеяў» / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Жыхары Клічава хочуць запрасіць Стывена Тайлера выступіць на «Ночы музеяў»
Спасылка
Дата публікацыі
21.04.2019
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

Клічаўцы, жыхары невялічкага райцэнтра ў Магілёўскай вобласці, хочуць запрасіць лідара гурта «Aerosmith» Стывена Тайлера выступіць на «Ночы музеяў». Чаму яны вераць, што ў іх атрымаецца?

 

 

Фелікс Чарнышэвіч з унукам Стывенам Тайлерам. Крыніца: geni.com. 

Пісьменнік Фларыян Чарнышэвіч апісаў у рамане «Надбярэзінцы» побыт шляхецкіх засценкаў Усходняй Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. Кніга — гэта фактычна яго мемуары (увасобіў сябе ў галоўным героі Станіславе Балашэвічы).

Фларыян Чарнышэвіч нарадзіўся ў 1900 годзе ў сям’і дробнага шляхціца Бабруйскага павета. Быў шчырым католікам і лічыў сябе палякам, змагаўся з бальшавікамі спачатку як польскі разведчык, потым як салдат. У 1924 годзе эміграваў у Аргенціну, дзе ў 1942 годзе і выдаў раман «Надбярэзінцы», а потым яшчэ 3 кнігі, заснаваныя на ўласных успамінах. Пісьменнік, вядома ж, «шыфраваў» імёны і назвы мясцін, але з дапамогай Ірыны Рэвы, унучатай пляменніцы Фларыяна Чарнышэвіча, і польскага даследчыка біяграфіі пісьменніка Барташа Байкува, мы даведаліся падрабязнасці сямейнай гісторыі.

 

 

Фларыян і Фелікс Чарнышэвіч


 

 

Сям’я Чарнышэвічаў. Франц, яго жонка Апалонія. За імі стаяць: сын Франца Бярнард, яго жонка Ядвіга (у дзявоцтве Сікорская). Побач з ёй — дачка Франца Вікторыя. З другога боку — дзяўчынка-сіротка, што жыла ў сям’і Чарнышэвічаў. Пачатак 1920-х гадоў. Фота з сямейнага архіву Ірыны Рэва.

Паводле словаў Ірыны, бацьку пісьменніка звалі Франц. Сайт geni.com, дзе нашчадкі стварылі родавае дрэва Чарнышэвічаў, дае варыянт «Францішак», і імя яго жонкі, маці пісьменніка, — Апалонія. Спачатку сям’я жыла на хутары Тучы ля вёскі Перасопня Клічаўскага раёна. Потым пераехала ў Перасеку (цяпер не існуе, знаходзілася ў кірунку Клічаў — Бёрда — Убалацце).

На могілках у Перасецы спачывае бабуля Фларыяна Чарнышэвіча Агнешка, жонка «старога Балашэвіча» з «Надбярэзінцаў» (адпаведна сямейнаму дрэву, яго звалі Ксаверы). Выходзіць, апісаныя ў «Надбярэзінцах» Рогі — гэта хутар Тучы, вёска Ніты, з якой сяляне рабілі набегі на шляхту ў Рогах — Перасопня, а Смалярня, у якой жывуць галоўныя героі «Надбярэзінцаў», — Перасека.

 

 

Могілкі ў вёсцы Убалаць

 

 

На могілках ў Перасецы


Хутчэй за ўсё, падчас калектывізацыі Франц і Апалонія пераехалі ў вёску Убалаць. Франц памёр перад Другой сусветнай вайной, а Апалонія — неўзабаве пасля. Паводле словаў Віктара Чарнышэвіча, іх праўнука, яны пахаваныя на мясцовых могілках, і там жа — бацька Франца Ксаверый. Ідэнтыфікаваць іх магілы пакуль не атрымалася.

Франц меў 5 дзяцей. Фелікс нарадзіўся ў 1892 годзе (на яго надмагіллі недалёка ад Філадэльфіі — 1899 год), Фларыян — у 1900 годзе, Бярнард — у 1902 годзе (у дакументах месцам яго нараджэння пазначана вёска Перасека). Год нараджэння малодшага сына Франца, Станіслава, невядомы. Дачка Вікторыя нарадзілася ў 1905 годзе.

 

 

Старэйшы брат пісьменніка Фелікс у 1914 годзе з’ехаў у ЗША. Яго дачка С’юзан — маці вакаліста «Aerosmith» Стывена Тайлера і бабуля галівудскай акцёркі Лів Тайлер, найбольш вядомай па ролі Арвен Ундаміэль у фільме «Валадар пярсцёнкаў».

Супрацоўніца Клічаўскага краязнаўчага музея Лідзія Ачыновіч лічыць, што ў свеце глабальных камунікацый запрасіць Стывена Тайлера выступіць на радзіме яго дзеда — цалкам рэальна, патрэбны толькі адпаведны менеджмент. Пакуль што музей не рабіў крокаў у гэтым кірунку. Але вельмі верагодна, што яны будуць сустрэтыя прыхільна. Прынамсі, пра Клічаў у сям’і Стывена ведаюць. 

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 29.05.2019 08:12:41

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.