::
2019.04.23 — Валачобнікі з-пад Шчучына едуць у Мінск (фота, відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Валачобнікі з-пад Шчучына едуць у Мінск (фота, відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
23.04.2019
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Гурт з Танявічаў Шчучынскага раёна адзначыў дома каталіцкі Вялікдзень, а цяпер збіраецца выступіць у Мінску. Канцэрт пройдзе 26 красавіка ва Універсітэце культуры ў межах канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор».Вёска Танявічы знаходзіцца на самай мяжы з Літвой. Калісьці тут жыло некалькі соцень чалавек, а цяпер засталося толькі пад 20 жылых хат. Усе танявічцы — католікі. У побыце карысталіся беларускай мовай, але маліліся па-польску і па-польску ж спраўлялі хатнія абрады. У Танявічах не было ўласнага касцёла, таму хадзілі ў суседнюю вёску Новы Двор. Цяпер пабудавалі капліцу, куды з Новага Двара прыязджае ксёндз.



Адбыўшы імшу на каталіцкі Вялікдзень, танявічцы разыходзяцца па хатах на святочнае застолле. Гуляюць у біткі, частуюцца смачнай і разнастайнай ежай, ды рыхтуюцца сустракаць «валакайнікаў» — валачобнікаў. Даўней гэта былі мужчыны рознага ўзросту, што віншавалі аднавяскоўцаў з Вялікаднем. Асобна хадзілі жанатыя і нежанатыя. Пачыналі абыход каля дзявятай вечара ў нядзелю, а сканчвалі толькі ў панядзелак каля палудня. «Па слядах» дарослых у панядзелак ішлі дзеці, якім давалі яйкі ды цукеркі.



Гурт «валакайнікаў» вітаўся з гаспадарамі на двары (тыя вызіралі ў вокны ці дзверы) і спяваў «святую» (касцёльную) песню «Вэсолы нам дзісь дзень настаў». Спявалі ўсе разам, не было яўнага падзелу на пачынальніка, які выконвае куплеты, і падхватнікаў, што далучаюцца толькі на прыпеве, як ва Усходняй Беларусі. Спевакам дзякавалі ежай і грашыма. 



Праспяваўшы гаспадарам, гурт імкнуўся трапіць у хату, каб спець іх дзецям. Тыя хаваліся, бо за кожную песню трэба было асобна плаціць. Часам пошукі тых, каго трэба павіншаваць, ператвараліся ў цэлую прыгоду: «валакайнікі» пераварочвалі ўсю хату, залазілі ў шафы і зазіралі на печ…

У гурце, што сёлета на Вялікдзень абыходзіў Танявічы, — пераважна жанчыны. Так склалася дэмаграфічная сітуацыя. Большасць удзельнікаў ужо не жывуць у Танявічах, але з’язджаюцца ў родную вёску на святы, спяваюць разам, ездзяць на фестывалі (некаторыя сем’ямі). 

 Кіраўніца фальклорнага гурта вёскі Танявічы Тэрэса Антонаўна Адамовіч

Кіруе гуртом Тэрэса Адамовіч. Жанчына нарадзілася ў Танявічах, скончыла мінскі Універсітэт культуры і ўсё жыццё працуе ў Гродзенскім раёне, дзе арганізавала яшчэ два фальклорныя гурты. Рэпертуар танявічцаў папаўняецца песнямі з-пад Гродна. Нават раскіданыя па ўсёй Гродзенскай вобласці, амаль што без рэпетыцый, землякі вельмі зладжана і прыгожа спяваюць.


Фальклорны гурт вёскі Танявічы выступіць 26 красавіка ў Мінску. Канцэрт адбудзецца а 18.00 у камернай зале (аўдыторыя 123) галоўнага корпуса Універсітэта культуры. У імпрэзе возьмуць удзел таксама гурты «Берагіня» з вёскі Мётча Барысаўскага раёна і «Ажыначкі» з-пад Полацка.



Канцэрт пройдзе ў межах канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання». 27 красавіка з 11 да 13.00 падчас майстар-класаў (аўдыторыя 106 галоўнага корпуса Універсітэта культуры) можна будзе даведацца аб творчасці латышскіх гуртоў Banga і Radi, а таксама гурта «Свети-цвет» з Санкт-Пецербурга. У той жа дзень з 16 да 18.00 у мінскім клубе «Гудвін» пройдзе вечарына традыцыйных танцаў, спеваў і музыкі. Поўную праграму канферэнцыі можна паглядзець тут.

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 06.10.2019 03:42:23

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.