::
2019.04.17 — «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры»: як даводзіць справы да канца / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
«100 выдатных дзеячаў беларускай культуры»: як даводзіць справы да канца
Спасылка
Дата публікацыі
17.04.2019
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Завершаны выдавецкі праект Інстытута беларускай гісторыі і культуры. За шэсць з паловай гадоў выдадзены ўсе 100 кніжак.

 

 

 

Мэтай было ў папулярнай форме (сцісла і цікава) распавесці беларускаму чытачу пра ўнёсак выбітных дзеячаў у развіццё нацыянальнай літаратуры, гісторыі, мастацтва, этнаграфіі, краязнаўства і іншых навуковых дысцыплін. 17 снежня 2012 года выйшлі першыя тры брашуры — пра мастака Міхала Андрыёлі, творцу беларускага тэатра Фларыяна Ждановіча і бацьку нацыянальнай гістарыяграфіі Мітрафана Доўнар-Запольскага. Планаваласязавяршыць серыю ў канцы 2018 года — і план быў амаль выкананы. Апошнія кніжкі выйшлі ў красавіку 2019-га. Гэта жыццяпісы паэта Уладзіміра Жылкі, гісторыка Генадзя Кісялёва, пісьменніка Аляксея Карпюка, фалькларыста Арсеня Ліса, археолага Міхася Чарняўскага.

 

 

 

 

Анатоль Тарас і Уладзімір Арлоў

 

Анатоль Тарас, рэдактар серыі, навуковы сакратар Інстытут беларускай гісторыі і культуры, распавёў, што да 80-й кніжкі праект здзяйсняўся Інстытутам сумесна з мінскім выдавецтвам «Харвест». Выданні пабачылі свет у выглядзе 64-старонкавых ілюстраваных брашур кішэннага фармату. Наклады даходзілі да 1.500 асобнікаў, вялікую іх частку куплялі бібліятэкі. Пасля 80-й кніжкі «Харвест» адмовіўся ад супрацоўніцтва. Апошнія 20 выданняў серыі Інстытут выдаў за ўласныя сродкі, усяго па 40 асобнікаў, пераважна для бібліятэк. Ёсць планы перавыдаць гэтыя 20 кніжак пад адной вокладкай, пакуль шукаюць сродкі.

 

 

 

 

 

Серыя ўнікальная тым, што была завершана, выйшла ўсіх 100 кніжак. На выданне Анатоля Тараса натхніў падобны праект «100 выдатных дзеячаў Расіі», але той не здзейсніўся нават на палову. Спроба часопіса «Полымя» на пачатку 1990-х заснаваць серыю пра выдатных беларусаў таксама была не вельмі паспяховай.

 

 

«Выдатнасць» асоб вызначалі тым, ці згадваюцца людзі ў «Беларускай энцыклапедыі» і «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Адбіралі па здзяйсненнях, іх жа (а не біяграфічныя звесткі) імкнуліся адлюстроўваць у тэкстах. «Напрыклад, Сачанка вельмі добры чалавек, але гэта не прафесія, — казаў Анатоль Тарас. — Мы хацелі паведаміць больш пра яго творчасць». Пра сучаснікаў пісалі толькі тады, калі яны паміралі. З усіх ста толькі імёнаў даследчыка біяграфій рэпрэсаваных паэтаў Леаніда Маракова і Віктара Сташчанюка, які ўратаваў мінскі Верхні горад, прабіўшыся разам з Караткевічам да Машэрава, не было ў энцыклапедыях. Прыкладна пра палову асоб не было асобных кніжак.

Агулам серыю стваралі 30 аўтараў, 4 з іх напісалі 61 брашуру: сам Анатоль Тарас — 24, гісторык Андрэй Мельнікаў — 17, рэжысёр Уладзімір Арлоў і пісьменнік Алесь Марціновіч — па 10. Некаторыя з аўтараў таксама выступілі на прэзентацыі.

 

 

 

 

Падчас прэзентацыі

 

 

 

 Выступае рэжысёр Уладзімір Арлоў

 

 

 

 

Выступае Андрэй Мельнікаў

 

Уражвае працаздольнасць Анатоля Тараса. Па яго ўласных падліках, 536 кніг ён напісаў і адрэдагаваў з 1989 года. А да таго, як стаў весці падлік, — яшчэ каля 100. Пры гэтым, беручы прыклад з Сёрэна К'ёркегора, карыстаўся чатырнаццаццю псеўданімамі. Усё ж каб дакладна па плане падрыхтаваць 100 кніжак, маючы паралельна іншыя праекты, трэба быць не проста мэтаскіраваным, а вельмі мэтаскіраваным.

 

 

 

 

Выступае Анатоль Тарас

 

І яшчэ кідаецца ў вочы, што сярод 100 дзеячаў — усяго чатыры жанчыны: паэткі Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Канстанцыя Буйло і Элаіза Пашкевіч (Цётка). Ну добра, апошняя акрамя вершаў пісала прозу, публіцыстыку, навукова-папулярныя артыкулы, Канстанцыя Буйло — п’есы, а Наталля Арсеннева — лібрэта да опер. Але ўсё роўна жанчыны тут выступаюць у межах адвечнай патрыярхальнай мадэлі — музамі, што ўпрыгожваюць жыццё. У той час як мужчын шмат з больш «сур’ёзных» (умоўна кажучы, канечне) сфер: гісторыкі, рэжысёры, стваральнікі буйных празаічных форм… І гэта не закід стваральнікам серыі. Згадваючы тэкст амерыканскай феміністкі Лінды Нохлін «Чаму не было вялікіх жанчын-мастачак?», зразумела, што іх і праўда было мала, выбітных жанчын. Можна, канечне, шукаць, раскопваць напаўзабытыя імёны, спрачацца, чаму яны не трапілі ў энцыклапедыі… Але ў патрыярхальным грамадстве, якім беларускае застаецца дасюль, жанчыне і праўда складана аб сабе заявіць.

Многія са 100 выдатных дзеячаў аддавалі свой час у тым ліку і вывучэнню традыцыйнай культуры. Так ці інакш гэтым займаліся Ян Баршчэўскі, Ян Булгак, Змітрок Бядуля, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Язэп Драздовіч, Карусь Каганец, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Мулявін, Мікалай Нікіфароўскі, Аркадзь Смоліч, браты Тышкевічы. 

 

 

 

Падчас прэзентацыі


 

Інстытут беларускай гісторыі і культуры — грамадская арганізацыя, зарэгістраваная ў Латвіі. Большасць яго актыўных сяброў жывуць у Мінску. Інстытут займаецца зборам і папулярызацыяй інфармацыі на беларусацэнтрычных пазіцыях, развівае міжнароднае супрацоўніцтва. Акрамя праекта «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» выдае серыю «Невядомая гісторыя», гістарычны альманах «Дзяды», ладзіць круглыя сталы і канферэнцыі. Інстытут кіруе працай Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага, якое выдае ўласныя «Запіскі» ў выглядзе часопіса, штогод прысуджае прэмію імя Вацлава Ластоўскага за лепшую гістарычную працу года на Беларусі. Таварыства ў 2016-м г. на ахвяраваныя неабыякавымі людзьмі сродкі паставіла ў Курапатах 5-метровы крыж памяці Вацлава Ластоўскага.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 04.05.2019 02:34:56

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.