::
2009.10.10 — Дастаць шэдэўры з запаснікаў. Пакуль — віртуальна / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Дастаць шэдэўры з запаснікаў. Пакуль — віртуальна
Спасылка
Дата публікацыі
10.10.2009
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Ці ведае, а дакладней, ці зможа, пры жаданні, даведацца замежнік пра такі брэндавы ўзор нашага мастацтва, як слуцкія паясы, рэнесансныя творы жывапісу, што знаходзяцца ў калекцыях айчынных музеяў? Адказ, здавалася б, просты: варта толькі наведаць Беларусь і ўбачыць усё на ўласныя вочы. А вось гэта ўжо і не зусім проста: як-ніяк, аддзяляюць нас тысячы кіламетраў. Дый перш чым прыехаць у незнаёмую краіну, хочацца віртуальна пазнаёміцца з яе скарбамі. Сёння ва ўсім свеце назіраецца тэндэнцыя да стварэння агульнанацыянальных баз даных музейных прадметаў з адпаведным прадстаўленнем іх у Інтэрнеце, што дазваляе віртуальна і вельмі танна “падарожнічаць” па лепшых мастацкіх галерэях ды музеях.

Якія ж напрацоўкі ў гэтай галіне ў нашай краіне? Найперш, можна прыгадаць мультымедыйныя выданні з серыі "Культура Беларусі. Лепшыя старонкі", у тым ліку "Беларускі іканапіс", "Архітэктура і пейзаж Беларусі", "Традыцыйны беларускі касцюм", "100 рарытэтаў з музеяў Беларусі", каталог "Ювелірная пластыка старажытнага Бярэсця IX - XV стагоддзяў" ды шэраг іншых. Аднак гэта - толькі першыя спробы...

Стандарт павінен быць адзін

Цяпер распачынаецца праца па стварэнні больш глабальнага праекта - Дзяржаўнага каталога музейных каштоўнасцей, прадугледжанага Законам "Аб музеях і музейным фондзе" і "Палажэннем аб музейным фондзе". Дзейнасць каардынуецца калектывам у складзе ўсяго трох чалавек на базе Нацыянальнага гістарычнага музея пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара ўстановы Вольгі Мірончык. Як адзначыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш у гутарцы з карэспандэнтам "К", на першым этапе ў каталог увойдуць найбольш каштоўныя, знакавыя для краіны музейныя прадметы, што створаць своеасаблівую аснову праекта. Сярод яго найпершых задач вылучаецца вядзенне цэнтралізаванага ўліку музейных калекцый, кантроль за станам музейных фондаў, ідэнтыфікацыя і папулярызацыя нацыянальных каштоўнасцей нашай Айчыны. Яшчэ на пачатковым этапе ў распрацоўшчыкаў праекта з'явілася праблема стварэння уніфікаванай дакументацыі і стандартызацыі апісання музейных прадметаў. Таму, на думку намесніка міністра, першасная задача на сённяшні дзень у гэтай важнай справе - якраз у стварэнні уніфікаваных слоўнікаў для музейных супрацоўнікаў, што дапаможа ва ўключэнні скарбаў у Дзяржаўны каталог. Да таго ж, нельга не пагадзіцца з кіраўніком праекта Вольгай Мірончык, што Дзяржкаталог паспрыяе пашырэнню прафесійнага абмену ў музейнай сферы. Не выпадкова на сайце Каталога мяркуецца змяшчаць метадычкі, праекты заканадаўчых актаў, будуць там разглядацца і найбольш актуальныя пытанні дзейнасці музеяў. Цягам года інтэнсіўна вядзецца распрацоўка метадалогіі Дзяржаўнага каталога, ствараецца шэраг даведнікаў. Дзякуючы намаганням рабочай групы, супрацоўнікам музеяўне трэба ўручную ўводзіць характарыстыку прадмета - у самой праграме варта толькі выбраць з прапанаваных варыянтаў дакладнае апісанне. Дарэчы, перш чым зрабіць свой сучасны праграмны прадукт, спецыялістамі быў праведзены маніторынг міжнародных фарматаў апісання музейных прадметаў.

Напоўніць тэрміналы і... выявіць нястачы

 Яшчэ адным станоўчым і надзвычай важным аспектам стварэння Каталога з'яўляецца прадухіленне нелегальнага вывазу каштоўнасцей за межы краіны, бо пункты мытнага кантролю, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў атрымаюць доступ да поўнай базы даных, што дазволіць аператыўна выяўляць скрадзеныя музейныя прадметы. Стварэнне Дзяржаўнага каталога дапаможа ў паўсядзённай дзейнасці музейных супрацоўнікаў, дасць магчымасць спрасціць напаўненне сэнсарных інфармацыйных тэрміналаў для наведвальнікаў, дастаць віртуальным чынам шэдэўры з запаснікаў, ствараць віртуальныя выстаўкі. Ды і, канешне ж, нельга забывацца пра фінансавы прыбытак ад продажу кампакт-дыскаў з базамі даных калекцый асобных музеяў. З "плюсаў" каталагізавання можна вылучыць і неабмежаваны аб'ём электроннага зводу, магчымасць аператыўнага абнаўлення інфармацыі ў ім. Таксама камп'ютэрызацыя музейнай сферы дазваляе ствараць электронныя каталогі і базы даных з багатай мультымедыйнай інфармацыяй для самай рознай аўдыторыі: навукоўцаў, навучэнцаў і звычайных аматараў гісторыі і мастацтва. Пры гэтым самы хуткі, танны і масавы спосаб зрабіць музейны электронны каталог агульнадаступным - размясціць яго ў Інтэрнеце. Ужо сёння многія даследчыкі і аматары мастацтва, айчыннай гісторыі з нецярплівасцю чакаюць інфармацыю Каталога пра прадметы з так званых "запаснікаў", некаторыя з якіх ніколі не былі прадстаўлены ў экспазіцыях. Але тут будуць і пэўныя расчараванні. Справа ў тым, што стварэнне падобнага зводу - гэта своеасаблівая рэвізія ўсіх музейных фондаў краіны з адпаведным выяўленнем нястачы (якая, часцей за ўсё, выклікана, хутчэй, не крадзяжамі, колькі стратамі ад уздзеяння на прадметы часу ды ўмоў захоўвання). Затое пасля рэалізацыі праекта значна лягчэй можна будзе прасочваць за захаваннем як асобнага прадмета, так і цэлых калекцый.

 Тры ўзроўні каталога

 Што ж будзе ўяўляць з сябе Дзяржаўны каталог? Па словах Вольгі Мірончык, гэта трохузроўневая сістэма. На "ніжнім" знаходзяцца лакальныя электронныя каталогі 145 дзяржаўных ды вялікай колькасці ведамасных і нават прыватных музеяў, якія, згодна з заканадаўствам, мусяць перадаваць даныя ў дзяржкаталог і павінны весці сваю ўліковую дакументацыю па агульнай стандартызаванай схеме. На другім узроўні размяшчаецца цэнтральны сервер, на які ў кругласутачным рэжыме будзе сцякацца інфармацыя, так званыя абменныя файлы, з усіх музеяў. На гэтым этапе інфармацыя рэдагуецца, перакладаецца на англійскую мову. Наступны ўтрымлівае звесткі пра каштоўныя прадметы, а дакладней - гэта найбольш прэзентатыўная частка Каталога, якая размесціцца ў Інтэрнеце на беларускай, рускай і англійскай мовах для ўсеагульнага доступу. Нельга не ўлічваць і магчымыя надзвычайныя сітуацыі. На гэты выпадак, па словах Вольгі Уладзіміраўны, сёння прадумваецца пытанне пра варыянты рэзервовага капіравання інфармацыі. Аднак зразумела: усё больш-менш праясніцца на гэты конт толькі пасля эксперыментальнай тэставай эксплуатацыі сервера.

86 праблем з Інтэрнетам

 Зразумела, тры чалавекі ніколі не змогуць самастойна стварыць Каталог падобнага маштабу. Тут, бясспрэчна, патрэбна калегіяльнасць, праца з музейшчыкамі ў рэгіёнах. Аднак напрошваецца пытанне: ці ва ўсіх установах ёсць спецыялісты, падрыхтаваныя для рэалізацыі праекта на лакальным узроўні? Па ідэі, адзначае Вольга Мірончык, адказны за апісанне прадметаў і ўвядзенне ў базу даных галоўны захавальнік - абавязковая штатная адзінка нават у самых малых музеях. Іншая справа: нядаўна высветлілася, што 86 дзяржаўных музеяў краіны не маюць магчымасці карыстацца Інтэрнетам. Пра якую перадачу інфармацыі на сервер тады можа ісці гаворка? У той жа час, выхад заўсёды магчыма знайсці. Галоўнае ў гэтай унікальнай справе - падтрымка. Менавіта з такой прычыны, паведаміла Вольга Уладзіміраўна, на ўзроўні Міністэрства культуры створана Рада галоўных захавальнікаў фондаў абласных і рэспубліканскіх музеяў, куды ўвайшлі 30 чалавек. Яны, у сваю чаргу, прадстаўляюць інфармацыю пра стварэнне Дзяржаўнага каталога супрацоўнікам у рэгіёнах. Тым не менш, можна казаць ужо і пра некаторыя дасягненні. Возьмем, да прыкладу, Вілейскі краязнаўчы музей. У ім, па словах дырэктара ўстановы Сяргея Ганчара, за два гады з 22 тысяч музейных прадметаў з дапамогай праграмы "Музей-4" ужо апісана 13 тысяч. А з мэтай больш якаснага захавання штодня ўведзеная інфармацыя капіруецца на кампактдыскі. Лідэрамі ж у гэтым плане з'яўляюцца Нацыянальны мастацкі музей і Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, якія практычна завяршылі працу над стварэннем сваіх баз даных.

У тэставым рэжыме

 На які перыяд разлічана праграма? У Расіі з 1996 года вядзецца аналагічная праца. На 2007 год было ўведзена толькі 13 працэнтаў. Там запланавана да 2030 года завяршыць працу. У нас, калі ўсё атрымаецца, у планах пазначаны 2015 - 2016 гг. У той жа час, паводле даных расійскіх калег, на апісанне аднаго прадмета электроннага каталога навуковаму супрацоўніку патрабуецца 20 - 30 хвілін. Музейны ж фонд Беларусі складае больш за тры мільёны прадметаў. Думаецца, каб справіцца з такім аб'ёмам працы, спатрэбіцца і дапамога валанцёраў, у тым ліку школьнікаў, студэнтаў, пенсіянераў, якія змаглі б з цікавасцю для сябе і карысцю для грамадства правесці свой вольны час за вывучэннем і апісаннем музейных каштоўнасцей. Іншая справа, што і для іх, відаць, неабходна стварыць спрыяльныя ўмовы, у тым ліку забяспечыць неабходнай тэхнікай. Нельга абысці ўвагай і яшчэ адзін аспект: музейшчыкаў у рэгіёнах, сярод іншага, хвалюе пытанне аховы музейных калекцый. Справа ў тым, што пасля стварэння Дзяржаўнага каталога кожны зможа даведацца пра характарыстыкі таго ці іншага каштоўнага прадмета і яго месцазнаходжанне. Абараніць жа вясковы музей, у якім, да прыкладу, працуе толькі два чалавекі, ды і тыя ўжо ва ўзросце, даволі праблематычна... Што і казаць, аб'ём працы - велізарны, але, як з аптымізмам зазначае Вольга Мірончык, пачынаць абавязкова трэба. Тым больш, першыя вынікі можна будзе ў хуткім часе ўбачыць на адмысловым сайце Дзяржкаталога, тэставая версія якога ўжо распрацавана.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 26.08.2019 12:55:58

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.