::
2019.03.23 — Вязынка запрашае адзначыць 20-годдзе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Вязынка запрашае адзначыць 20-годдзе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства
Спасылка
Дата публікацыі
23.03.2019
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

Грамадскай арганізацыі «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» споўнілася 20 год яшчэ летась, але святкуюць толькі цяпер. Істотны накірунак працы арганізацыі – этнаграфічныя экспедыцыі. Пра выезд у Смаргонскі раён распавяла кіраўніца экспедыцыі Ірына Паўловіч.

Фота Дзіяны Філіпчык


Студэнцкае этнаграфічнае таварыства (СЭТ) сваё існаванне адлічвае таксама ад экспедыцыі, у Лепельскі раён у жніўні 1998 года. З таго часу арганізацыя правяла больш за 30 буйных і безліч кароткіх экспедыцыйных выездаў. Кароткія паездкі звычайна прымяркоўваюцца да мясцовых каляндарных святаў. У буйных экспедыцыях даследчыкі-аматары комплексна вывучаюць матэрыяльную і духоўную традыцыйную культуру раёна.

Смаргонская экспедыцыя прайшла ў ліпені 2018 года. Рэгіён цікавы шматканфесійнасцю: сярод пераважна каталіцкага насельніцтва жывуць праваслаўныя. Па ўспамінах старэйшых жыхароў, у некаторых вёсках вялікай розніцы між імі не адчувалася: хадзілі адно да аднаго ў госці, жаніліся. У той жа час, літаральна ў суседняй вёсцы, яшчэ пасля Другой сусветнай вайны маглі прытрымлівацца забароны на міжканфесійныя шлюбы і ўсяляк адасабляцца. За савецкімі часамі ў Смаргонскім раёне касцёлы практычна не зачыняліся. Мала дзе вернікам так пашанцавала. Пад Смаргонню амаль усе католікі лічаць сябе палякамі ў адрозненні, напрыклад, ад Ляхавіцкага і Пружанскага раёнаў, дзе католікі называюць сябе беларусамі. Солы, Крэва і Жодзішкі былі мястэчкамі, там жылі габрэі і татары. З імі таксама былі мяшаныя шлюбы ў хрысціян. Узгадваюць пра татарскія музычныя капэлы.

Фота Аляксандры Паплыка


Цікава складаліся адносіны між сялянамі і шляхтай. Напрыклад, у вёсках Крыўск і Загор’е жылі праваслаўныя сяляне, а побач былі каталіцкія шляхецкія ваколіцы. Сяляне і шляхта кантактавалі між сабой, дзеці гулялі разам, але вечарыны былі асобныя, хаця шляхта запрашала вясковых музыкаў. Імёны і прозвішчы сялянаў і шляхты адрозніваліся, усе адразу пазнавалі, дзе чые. Жаніцца між сабой сталі толькі пасля ўтварэння калгасаў, дзе ўсе былі роўныя.

У Смаргонскім раёне добра памятаюць вясельныя і хрэсьбінныя песні. У традыцыйных строях у ХХ стагоддзі ўжо не жаніліся, адзенне куплялі ў горадзе. Аднак ход цырымоніі захоўваўся цалкам традыцыйны: гулялі тры дні, здымалі маладой вянок і зашывалі яго ў падушку ці пускалі на ваду, пераапраналіся ў цыганоў. На вясельных здымках можна пабачыць адмысловыя вясельныя брамкі, аплеценныя зелянінай. Іх робяць дасюль. За савецкім часам маладыя ездзілі вянчацца ў Вільню, каб пазбегнуць магчымай пагалоскі пасля цырымоніі ў мясцовым касцёле, бо ўладамі гэта не віталася.

Вясельная брама ў в. Шутавічы, фота Кацярыны Аракчэевай

У Вільню таксама вазілі хрысціць дзяцей. На хрэсьбіны бабку каталі і “тапілі”, месцамі нават па-сапраўднаму, ці проста вазілі да вады. Падчас застолля праз стол перадавалі скручанную з анучак ляльку і дзіця, часам іх нават блыталі.

Міфалагізацыя Вільні праяўляецца і ў расповедах аб падземных хадах, якія нібыта вялі туды з Крэва.

З каляндарных святаў у Смаргонскім раёне добра памятаюць Юр’я (23 красавіка / 6 мая). Да яго прымяркоўваліся “запаскі” (першы выган жывёлы ў поле). Пры гэтым кароў пераганялі праз свянцонае яйка, ці ім качалі па скуры жывёл. Ушаноўвалі ў гэты дзень пастухоў. На Вялікдзень спявалі касцёльнае “Wiasioły nam dziś dzień nastał”. Запісана таксама шмат валачобных песень. Дасюль і на праваслаўны, і на каталіцкі Вялікдзень па вёсках ходзяць дзеці, “малыя жачкі”. Яны дэкламуюць вершыкі, за што атрымліваюць пачастункі. Сярод католікаў часта ўзгадвалі асвячэнне хлеба ў Дзень святой Агаты (5 лютага). Бохан захоўвалі цэлы год, верылі, што ён дапамагае патушыць пажар. Такі традыцыйны вогнетушыльнік. Падчас жніва ніву пасыпалі соллю, прыкопвалі яйка, рабілі снапок-“гаспадар”. Яшчэ памятаюць бясчынствы, што моладзь рабіла на Каляды. Узгадваюць і калядныя абыходы: з каляднікамі хадзілі музыкі, аднак, выконвалі яны не традыцыйныя калядкі, а касцёльныя песні. Распавядалі таксама як у вёсцы Арляняты на мяжы з Ашмянскім і Валожынскім раёнамі пасля шэсця Трох каралёў 6 студзеня ў католікаў хадзілі “Гырады” (Ірады): пераапраналіся ў розных персанажаў, у тым ліку ў чарцей.

Вельмі шмат тэкстылю, зробленнага ў тэхніках васьмінітовага і перабіранага ткацтва. Да таго ж, усё гэта акуратна захоўваецца, застаецца сямейнымі каштоўнасцямі. Частак традыцыйнага строю не знайшлі ні ў жыхароў, ні ў клубных установах: яго перасталі насіць вельмі рана, рэгіён вельмі ўрбанізаваны. Пабачылі толькі адзін андарак і куплёныя хусты-абхінанкі, якія выкарыстоўваюць дасюль. Швачкі найбольш узгадвалі пра мужчынскае адзенне, што ім замаўлялі: галіфэ, шапкі. Як хатняя спроба зрабіць нешта моднае – блузкі з вышыўкамі, мярэжкамі, зашчэпамі. Затое посцілак і ручнікоў у клубных установах адфатаграфавалі даволі. Да тога ж, усе экспанаты клубных пакояў-музеяў добра апісаныя, да іх прышытыя цэтлікі з інфармацыяй.
Пад Крэвам узгадвалі пра ганчарства, аднак жывога ганчара ніводнага не знайшлося. У некаторых вёсках дасюль жыве па некалькі гарманістаў. Прыгадваюць масткоў-самавучак, якія размалёўвалі дываны і шафы.

Посцілка працы Казакевіч Яўгеніі Міхайлаўны, в. Сівіца, фота Аляксандры Паплыка

в. Краснаазёрнае, фота Аляўціны Копаць


в. Рудалі, фота Кацярыны Аракчэевай


У вёсцы Лісічына распавядалі пра папараць “Чортава барада”, якая дапамагае ад хвароб унутраных ворганаў. Лічыцца, што католікі значна менш за праваслаўных вераць у забабоны, але ў Смаргонскім раёне гэта не пацвердзілася: людзі ўсіх канфесій расказвалі і пра чараўніцтва, і пра вядзьмарства, і пра чарцей з вадзянікамі…
Акрамя экспедыцый СЭТ арганізуе лекцыі, гурткі і летнікі па традыцыйных спевах і рамёствах, выданне фальклорных матэрыялаў. У супрацоўніцтве з Музеем Янкі Купалы штогод праводзіць у Вязынцы святы Гукання вясны і Багач. Сёлета ахвочых паўдзельнічаць у Гуканні вясны чакаюць у Вязынцы 24 сакавіка. Пачатак свята а 13.00.
У праграме – веснавыя песні на гары і карагоды разам з усімі ўдзельнікамі свята, гульні для моладзі і дзяцей, традыцыйныя танцы і кірмаш рамёстваў, выстава, прысвечаная дзейнасці СЭТ, фотазона, майстар-класы. Будзе дзейнічаць традыцыйная кухня.
У свяце прымуць удзел спеўныя гурты "Горынь", "Dainava", "Guda", "Гаманіна", "Варган", "Рутвіца", "Калыханка", "Явар", "Мярэжа", спявачкі з этнаграфічнага клуба "Кола" і аўтэнтычныя выканаўцы з в. Раеўшчына Маладзечанскага раёна (гурт "Крынічанька"), капэла "На Таку", капэла "Колісьнія", а таксама музыкі Вольга Фёдарава (цымбалы), Антаніна Емяльянчык (скрыпка), Яна Храмцова (бубен), Кастусь Путронак (гармонік), Мікола Кашкан (гармонік), Наста Шпілеўская (акардэон) і ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.


Уваход на тэрыторыю музея, дзе адбудзецца свята, – па музейным квітку.
в. Сукневічы, фота Ірыны Паўловіч

Фота з архіву Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 10.06.2019 20:44:46

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.