::
2014.05.13 — Чалавек, які вучыць дудачку граць / Будзьма Беларусамі (budzma.org)
Загаловак
Чалавек, які вучыць дудачку граць
Спасылка
Дата публікацыі
13.05.2014
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Фёдар Уладзіміравіч Муравейка з вёскі Тычыны Салігорскага раёна Мінскай вобласці — бадай, апошні з сельскіх майстроў, які вырабляе такі праслаўлены ў беларускай літаратуры і фальклоры музычны інструмент, як дудка. У 6 гадоў ён ужо пасвіў кароўку, а з 12-ці працаваў пастухом за бацьку кожнае лета, бо той меў слабае здароўе пасля фашысцкага канцлагера. Уладзімір Лаўрэнцьевіч вельмі любіў музыку, сам спяваў разам з жонкай, таму ацаніў музычныя здольнасці Федзі, які змалку прыслухоўваўся да ігры мясцовых скрыпачоў і нават змайстраваў для сябе прымітыўную скрыпачку. Бацька купіў сыну гармонік, і хлопец стаў гарманістам-самавукам, пераймаў мелодыі на слых.

Разумеючы, што з музыкі гаспадар невялікі, бацька прывучаў яго да мужыцкай працы, шматлікіх рамёстваў, якія сельскаму чалавеку проста неабходныя. Разам яны выпраўляліся ў лес шукаць матэрыял для клёпак: бацька рабіў бочкі, цэбры для сям’і і аднавяскоўцаў, хто папросіць. Фёдар ад яго навучыўся гэтаму рамяству, сталярнай і цяслярскай справе. Лес быў побач з вёскай Карчаватка, дзе рос хлопец (гэта ў суседнім Жыткавіцкім раёне). Змалку назіраў паводзіны дзікіх звяроў, птушак, з часам зрабіў калоды і пачаў займацца бортніцтвам. Пчолы яго заварожвалі сваёй працавітасцю, арганізаванасцю. Ды і сам ён прозвішча Муравейка нездарма насіў — змалку быў працавітым, мэтанакіраваным, упартым у дасягненні мэты. Адслужыўшы на флоце, ажаніўся і збудаваў сабе хату. Бацька плакаў ад радасці, што сын стаў сапраўдным майстрам, нават у чымсьці лепшым за яго. Пражыў бацька мала, на 53-м годзе жыцця яго не стала. А маці, якую клікалі Уроння (поўнае імя — Браніслава) жыла 92 гады, захоўваючы добрую памяць і любоў да жыцця, да людзей.

Фёдар Уладзіміравіч у свае амаль 75 гадоў чытае на памяць вершы і цэлыя паэмы, якія вучыў у школе, ведае шмат анекдотаў, песень, гісторый з жыцця вёскі, прыказак і прымавак, загадак. Працаваў трактарыстам, але праз хваробу вымушаны быў змяніць прафесію і пасля некалькіх месцаў працы ўрэшце стаў дырэктарам сельскага дома культуры ў суседняй вёсцы Грычынавічы. Яго суседам быў пастух Міхаіл Сямёнавіч Глушань, знакаміты дудар, выдатны танцор, які разам з іншымі спевакамі і музыкамі выступаў нават у этнаграфічным канцэрце ў Маскве. Ад яго Фёдар Уладзіміравіч і навучыўся выкручваць дудку. Разам яны на Каляды “хадзілі ў казлы” — шчадравалі з казой. Міхаіл Сямёнавіч граў на дудцы і муштраваў Казу, а Фёдар Уладзіміравіч суправаджаў абрад на гармоніку і спяваў. Іх аднавяскоўцы апраналіся ў Цыгана і Цыганку, якія прадавалі Каня, у Жураўля, Дзеда і Бабу, якія сімвалізавалі продкаў. Нават аднойчы давялося музыкам выкручваць дудку зімой, бо жонка Міхаіла Сямёнавіча ўзлавалася на яго і спаліла любімы інструмент мужа. Адагрэлі загатоўку ў печы і выкруцілі — выдатная дудка атрымалася! Але гэта шчаслівы выпадак, бо дудку па ўсіх правілах трэба выкручваць вясной, у пачатку мая, калі ствол хваіны напоўнены жывіцай.

Сёлета мы сустрэліся з Фёдарам Муравейкам менавіта ў гэтую пару. А яшчэ да яго прыехалі культработнікі: Антаніна Данілевіч, раённы метадыст па этнаграфіі і фальклоры, і Аляксандр Бародка з Салігорска (ён кіруе хорам народнай песні “Родны напеў”), а таксама Міхаіл Усовіч з вёскі Крывічы. Як і нас з фатографам Аляксеем Сталяровым, іх цікавіў працэс вырабу дудкі. Гэта быў любімы інструмент пастухоў. Труба толькі склікала каровак, а на дудцы можна было іграць розныя мелодыі, нават танцы, яе гучанне падыходзіла і пад галасы асобных спевакоў. Але часцей музыка сам для сябе рабіў дудку, граў на ёй і спяваў, весяліў іншых. У пастухоў было шмат вольнага часу, і яны маглі чымсьці заняць рукі. Зрабіўшы дудку, вучыліся граць на ёй. Праўда, каб зрабіць дудку з добрым гучаннем, трэба не адну хваінку ссячы.

Як і на клёпкі, матэрыял на дудку трэба было выбіраць на імшарынах, у вільготным месцы. Найперш на вока трэба палічыць узрост хваіны. Фёдар Уладзіміравіч лічыць галіны зверху: колькі радоў галінак, столькі гадоў хваіне. Для дудкі патрэбнае дрэва 10-12 гадоў. На ім выбіраюць адрэзкі без сучкоў, каб можна было зрабіць 3-4 загатоўкі. Сярэдні памер палескай дудкі — 50-60 сантыметраў, таўшчыня — 6-7 сантыметраў, мае 6 ігравых адтулін, з якіх адна глухая. Вось майстар ссек хваінку і шукае клешч — месца, дзе блізка зрасліся 2 дрэвы. Устаўляе туды хваінку і, зняўшы кару, паслойна зразае вострым ножыкам ствол сантыметраў на 10, каб дабрацца да стрыжня. Ён націскае тулавам на ствол, і той патрэсквае, аддзяляючы верхнюю частку драўніны. А вось і стрыжань — ён трохі жаўтаваты, адрозніваецца па колеры. Цяпер добра відаць, што ён патрэбнай таўшчыні, можна выкручваць. Хлопцы дапамагаюць майстру круціць ствол, у выніку чаго стрыжань застаецца ў загатоўцы, а аснова дудкі — у руках Фёдара Уладзіміравіча. Ён зразае з яе кару, зачышчае ствол ножыкам і робіць адну адтуліну, якая будзе знізу. Трэба прапячы яе наскрозь. Для гэтага майстар разводзіць вогнішча і, прапаліўшы на агні галінку, прапякае дзірачку, затым зачышчае адтуліну ножыкам на адлегласці 5-6 см ад канца. Сюды трэба будзе ўставіць душнік. Яго робяць са стрыжня, адразаючы кавалачак 5-6 см, зразаюць яго па баках і ўстаўляюць у ствол. Затым трэба адмераць сярэдзіну дудкі, і ад яе на роўнай адлегласці выразаць і прапячы 5 ігравых адтулін. Апошняя, шостая, толькі выразаецца, але не прапякаецца, яна патрэбная для пальца, які будзе падтрымліваць дудку. Толькі калі ўсё зроблена, можна паспрабаваць, які ж гук выдае інструмент. Добра дудку акунуць у ваду. Не толькі перад першай спробай, але і тады, калі на ёй даўно не ігралі. Вось дудка і гатовая.

Фёдар Уладзіміравіч радуецца, што гучанне ў яе добрае, грае на ёй з задавальненнем. З надзеяй глядзіць на маладых адукаваных хлопцаў — ці ацэняць яны такі да болю родны гук, ці змогуць пераняць нескладныя прыёмы вырабу дудкі, каб яна зноў загучала над полем і лесам, на гарадскіх пляцоўках, стала забаўлянкай для дзяцей. Хай малыя вучацца на ёй іграць і развіваюць свае музычныя здольнасці. А сам выводзіць мелодыю песні, затым спявае: “Ой Раман ды валы пасе, яму дзеўка абед нясе…” За ёю спявае радкі жартоўнай песні: “У майго брата п’юць, мяне не завуць. Ой, выйду я на вулачку дай зайграю ў дудачку — ці не пазавуць…”

Госці, якія цікавяцца дудкай, прыехалі да Фёдара Уладзіміравіча не ўпершыню. Была экспедыцыя Студэнцкага этнаграфічнага таварыства з Мінска, прыязджаў хлопец са Светлагорска, студэнты Мінскага педуніверсітэта, іншыя маладыя людзі. Паказваў, расказваў, дарыў дудкі. Няхай іграе моладзь і вучыцца іх рабіць. Фёдару Уладзіміравічу гэта нескладана, бо ён майстар на ўсе рукі: бочкі, цэбры, кошыкі ў яго сваёй работы, майструе драўлянае і жалезнае гаспадарскае начынне. А яшчэ сад і агарод з дапамогай дачок і зяця апрацоўвае. Усё яму цікавае, усё любае, бо ён, чалавек ад зямлі, ад лесу, пераняў ад продкаў багатую спадчыну. Любіць гумар і стараецца весяліць людзей, проста прыцягвае да сябе ўсёй сваёй шматбакова таленавітай асобай. Пад канец нашай сустрэчы было відаць, як пільна і з надзеяй майстар узіраецца ў прасветленыя ад сустрэчы з ім маладыя твары: хто ж з іх панясе далей гэтую спадчыну, каб перадаць нашчадкам?

 

Рэгіна Гамзовіч

Фота Аляксея Сталярова

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.09.2019 15:36:35

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.