::
2019.01.10 — Стаць музыкам у 50 год: mission possible / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Стаць музыкам у 50 год: mission possible
Спасылка
Дата публікацыі
10.01.2019
Катэгорыя
інтэрвію
Поўны тэкст

Гомельскі гурт «Ягорава гара», што спалучае народныя песні і гучанне традыцыйных інструментаў з электроннымі сэмпламі, 11 студзеня адзначыць шасцігоддзе канцэртам. Дзень народзінаў святкуе таксама лідар гурта Ігар Архіпаў (сцэнічны псеўданім Ягор Паляшук). Музыка распавядае, як заснаваў праект у свой юбілей, не маючы ні спецыяльнай адукацыі, ні вопыту выступленняў.

 

 

— Чаму ў 50 год Вы раптам пачалі ствараць музыку, ды яшчэ ў стылі фольк?

— Менавіта тады пачаў слухаць замежныя гурты этнічнага накірунку, «Dead Can Dance», «Deep Forest». Зацікавіўся нашымі выканаўцамі таго ж стылю. Ведаў толькі «Палац», «Тройцу» і «Старога Ольсу». Узгадаў «Песняроў», якіх слухаў у юнацтве, яшчэ на вініле. Падумаў: «А што ў нас ёсць больш сучаснага?» Нейкага праекта, цікавага для моладзі, не знайшоў. Тады не было яшчэ гурта Pawa. Захацелася ствараць нешта актуальнае, пайшоў нейкі імпульс знутры. Сам здзіўляюся дасюль сваім памкненням рабіць музыку, як сам не музыка.

— Ці складана было без музычнай адукацыі?

— Сабраў музыкаў, і неяк пайшло. Але было складана, бо я сам не разумеў канцэпцыі. Набыў акустычную гітару, пайшоў у школу для дарослых. Займаўся паўтара месяца. У маладосці я граў ля пад’езда на гітары, так, тры акорды, гэтым мой музычны вопыт і абмяжоўваўся.

Ну і вось я пачаў рабіць песні, першую «Дубе», потым — «Проці бацькавых варот». Паказаў іх сябрам, ім спадабалася. Запрасіў вакалістку Наталлю Дуброву (цяпер ужо з «Ягоравай гарой» не выступае). Сталі нешта спрабаваць, з намі яшчэ дударка Валянціна Міронава з гурта «Млын сонца». Потым набыў вялікі бубен, што стаў адной з візітных картак «Ягоравай гары». Паглядзеў, што такі інструмент ёсць шмат у якіх народаў, павінны быў быць і ў нас, а «этнаграфічны» маленькі бубен з калатушкай — мабыць, яго трансфармацыя. Падумаў, калі ў нас быў такі бубен, то як гучалі пад яго песні? «Разбушуйце-ка вы, буйныя ветры» — спроба такой рэканструкцыі.

Мне вельмі падабалася гучанне сапелак, дудак, жалеек. Сам стаў нешта спрабаваць. Потым набыў гуслі ў музыкі і майстра Алеся Чумакова з гурта «Стары Ольса», ездзіў да яго займацца. Потым месяцы два займаўся па Скайпе з гусляром гурта Hvarna Максімам Анухіным з Санкт-Пецербурга. Ён не проста выконвае музыку, а робіць рытмічны малюнак, і ад гэтага гуслі гучаць цікава.

У Юрася Панкевіча, які тады толькі-толькі стаў рабіць праект Pawa, замовіў дуду і жалейку. Палічыў, што калі мы беларускі праект, трэба беларускія інструменты мець. Колавую ліру яшчэ набыў... Да «Ягоравай гары» далучылася вакалістка Ірына Глушэц, таксама грае на цымбалах. У мяне быў інструмент вытворчасці барысаўскай фабрыкі, спачатку на іх грала, потым Ірына замовіла сабе традыцыйныя, дыятанічныя цымбалы.

 

 

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

У канцы 2015-га з «Ягоравай гарой» стала выступаць Кацярына Магонава. Яна спявае і грае на сінтэзатары. Працуе настаўніцай фальклорных спеваў, таксама шмат чаму мяне навучыла. І апошнім стаў з намі граць гітарыст Уладзімір Чаюкоў. Музыкі не затрымліваюцца, чалавек дзесяць прайшло праз гурт. Мы хацелі б бубнача яшчэ.

Атрымліваецца, музыка патрабуе вялікіх выдаткаў, на інструменты, запісы... Як да гэтага ставіцца Ваша сям’я?

— Мая жонка, Зося Музычка, ставілася даволі лаяльна, а потым сказала, што хоча таксама ўдзельнічаць у праекце. Стала спяваць, мы разам вучыліся, Ірына Глушэц нам дапамагала. Зося пайшла ў музычную школу граць на флейце і скрыпцы. У іх ёсць праграма працы з насельніцтвам, таму ўхваляецца, калі прыходзяць вучыцца дарослыя людзі. Цяпер мы з Зосяй больш граем на розных духавых. Агулам у нашым гурце кожны ўмее граць мінімум на трох музычных інструментах.

Я маю інструменты, якія набыў яшчэ год з дзесяць таму, нават не думаў, што будзе ў мяне гурт. Калі б мне хто сказаў — не паверыў бы. Сам сабе слухаў музыку, пастукваў на дарбуцы. Відаць, ужо тады былі нейкія ўнутраныя імпульсы. Пэўна, душа шукала магчымасць неяк развярнуцца. Мне здаецца, у кожным ёсць нешта кшталту зярнятак, якія трэба паліваць, каб прараслі. Калі я пачынаў, было адчуванне, што гэта маё, таму рабіў упарта.

А як шукалі матэрыял, песні, на аснове якіх рабіць кампазіцыі?

— Спачатку ў інтэрнэце. А потым узгадаў фільм 1970-х гадоў пра «Песняроў». Там удзельнікі гурта ездзілі на машыне па вёсках, запісвалі песні ад бабулек на такі стары магнітафон. І потым яны вярталіся ў Мінск, слухалі гэтых бабулек, разам з кампазітарам Ігарам Лучанком. Натхняліся, стваралі ўласныя кампазіцыі. Ну, і я зразумеў, з чаго пачынаць: трэба слухаць. У інтэрнэце, канечне, шмат чаго можна знайсці, калі ведаеш, што шукаеш. А як пазнаёміўся з Ірынай Глушэц, з грамадскай арганізацыяй «Талака», супрацоўнікамі Веткаўскага музея, даведаўся, што яны ездзяць у этнаграфічныя экспедыцыі... Напрасіўся ў паездку з музеем. Мяне вельмі кранулі словы бабулі-спявачкі, якая сказала, што яе дзеці не пяюць, бо лічаць гэта несучасным. Мяне ўразіла, што я, чужы чалавек, забіраю з сабой песні, якія яна павінна была перадаць дзецям. Адчуў адказнасць, бо калі не вазьму — песні памруць разам з носьбіткай. Цяпер ужо мы ездзім у экспедыцыі гуртом.

Калі зразумеў, што слухаць трэба шмат, то, бывала, на працы проста ставіў песні бабулек — і яны гралі ціхенька цэлы дзень. Кажуць, так рэкамендуюць і замежныя мовы вучыць, проста слухаючы... Потым «чапляўся» за некаторыя запісы, і мне неяк само адкрывалася, як песню можна зрабіць для «Ягоравай гары». Паступова стаў чуць рэгіянальныя адрозненні, а спачатку ўспрымаў усё як адно. Заўважыў, што ніхто не спалучае розныя песні ў адной кампазіцыі, а ў нас бывае да пяці, атрымліваюцца цікавыя аранжыроўкі.

Мне як слухачцы, заўважаю, падабаецца творчасць музыкаў фальклорнага накірунку, калі яны працуюць не з чужымі матэрыяламі, а самі ездзяць у экспедыцыі. Мо гэта фармуе пэўны густ?

— Густ — гэта істотна. Я слухаў заўсёды вельмі шмат музыкі, розных жанраў: і рок, і метал, і рэп, і папсу, і электроншчыну. Не падзяляю па стылях, што вось гэта — добра, а вось гэта — не вельмі. Шмат купляў плыт, потым касет, дыскаў... Дыскатэкі вёў пэўны час. Мы і цяпер з жонкай, бывае, ходзім патанчыць у начны клуб. Як распачаў уласны праект, не хапала навыкаў грання, уяўляў, што хачу, але не мог увасобіць. І ў беларускіх традыцыйных спевах пачуў нешта такое, што дазволіла ўсё ж нешта рабіць...

— А як без навыкаў публічных выступаў пераадольвалі боязь сцэны?

— Хваляванне — яно заўсёды ёсць. На пачатку, калі толькі авалодваеш пэўным інструментам, нават пальцы нямеюць. Можна пагутарыць са сталымі музыкамі... Гэта нармалёва. У нармалёвага чалавека — нейкая адказнасць, трэба зрабіць добра. Бывае па-рознаму, і лёгка выходзіш, адзін выступ, другі, трэці... А потым бац — і не вельмі вялікая пляцоўка, а хваляванне адчуваецца. Гэта здаецца, што музыка можа ў любы момант выканаць любую песню. Мо калі ён выступае сольна — то так. А калі гэта гурт — тут усё складаней.

Ці можна сказаць, што ў родным горадзе вы ўжо вядомыя і скараеце іншыя сцэны?

— У Гомелі часам выступаем, і нас пытаюць, адкуль мы прыехалі. Апошнім часам нас упадабала гомельскае тэлебачанне, дык мне знаёмыя кажуць «Бачылі цябе». Канечне, і гастралюем шмат.

 

 


— Якія ў вас планы?

 

— У «Ягоравай гары» ўжо ёсць адзін альбом, і шмат нявыдадзенага матэрыялу. Наступны праект плануем у псіхадэлік-эмбіентнай стылістыцы, трошку з трансам... Хочацца, каб быў не проста фольк.

Сёлета зрабілі фальклорны фэст «Прамень», каб шукаць таленты і дапамагаць ім прабівацца. Пераможца, чатырнаццацігадовая Улада Філіповіч з Мінска, ужо выступала з «Ягоравай гарой». Вельмі працавітая дзяўчына, што істотна. Шмат з кім з музыкаў я развітаўся менавіта праз тое, што хацелі прыйсці і штосьці пайграць, а сур’ёзна займацца — то не. Планую таксама стварыць уласную студыю гуказапісу.

Прыходзьце на канцэрт! Будзе цікава.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 02.11.2019 19:27:19

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.