::
2019.01.14 — Калядныя «Цары»: самы папулярны абрад Беларусі / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Калядныя «Цары»: самы папулярны абрад Беларусі
Спасылка
Дата публікацыі
14.01.2019
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Гурт калядных персанажаў «Цары» 13 студзеня здзейсніў абыход вёскі Семежава пад Капылём. Сёлета спаўняецца 10 год з унясення абраду ў ахоўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Што памянялася за гэты час і якія падобныя драмы бытавалі ў Беларусі ды за яе межамі?

 

 


Семежаўскія калядныя Цары — бадай, самы папулярны сярод турыстаў традыцыйны абрад Беларусі. Госці пачалі масава наведваць яго пасля ўнясення абыхода ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова (складаецца UNESCO).

 

 

Сёлета ў Семежава прыехала больш за 300 турыстаў. Гэта каля чвэрці ад насельніцтва самой вёскі, дзе жыве 1250 чалавек. Прэсы было настолькі шмат, што складана было пабачыць спектакль у хаце.

 

 

 

 


Гурт «Цароў» у Семежаве складаецца, уласна, з сямі Цароў, Лекара, Дзеда, Бабы, механошы і гарманіста. Двое з Цароў маюць імёны — Цар Мамай і Цар Максіміліян. Шасцёра семежаўскіх Цароў апранутыя у белыя кашулі, белыя штаны, падперазаных чырвонымі паясамі з герметычным арнаментам. Грудзі таксама перавязваюцца крыж-накрыж паясамі, на шыі — вялікая жаночая хустка-«тарыноўка» ў буйныя краткі або ў кветкі. На нагах — чорныя боты, на галаве — высокія папяровыя шапкі з рознакаляровымі стужкамі, выявамі сонца і месяца. На Цары Мамаі — чырвонае шоўкавае адзенне і цёплая шапка. Ва ўсіх Цароў злева прымацавана шабля. Лекар апрануты ў ваенную форму, за спінай носіць вялікі кардонны градуснік, праз плячо — медыцынскую сумку. У руках трымае барабан, на якім адбівае рытм, заадно камандуючы Царамі. Апісаныя персанажы лічацца «чыстымі» ці «красівымі».

 

 

Дзед і Баба — наадварот, персанажы «нячыстыя», яны апранутыя ў старызну, выпацканую сажай. У Дзеда пераапранаецца дзяўчына, а ў Бабу — хлопец. Задачай гэтых персанажаў было смяшыць гледачоў, рабіць усялякую шкоду, абдымацца і цалавацца паміж сабой і з прысутнымі, красці рэчы ў гаспадароў. Праўда, цяпер Дзед і Баба паводзяць сябе даволі прыстойна.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Цары збіраюцца ў Доме культуры і апранаюцца ўсе разам. Раней гэта рабілі ў якой-небудзь хаце. На прыступках установы даюць прадстаўленне для турыстаў, бо праз іх вялікую колькасць не ўсе могуць трапіць у хаты, дзе драму паказваюць для гаспадароў. Па вуліцы першым ідзе Цар Максіміліян, за ім — Мамай. Астатнія Цары выстройваюцца па росце. Пад барабан Лекара ці пад гармонік яны маршыруюць ад хаты да хаты. Баба робіць выгляд, што мяце дарогу перад гуртом. Калі цямнее, Цары запальваюць паходні.

 

 



 

 Сені ў хаце Вольгі Дзмітрыеўны Мацкевіч.

У хатах ці ў двары разыгрываецца сцэнка двубою цароў Максіміліяна і Мамая. Потым Лекар-«гамбургскі аптэкар» жартам лякуе «параненых». Традыцыйна Цары часцей за ўсё выступалі ў сенях, якія ў семежаўскіх хатах былі даволі вялікімі. Цяпер хаты часта перабудоўваюцца.

 

 

Цары заходзяць да ўсіх, хто іх запрашае. Раней абыходзілі хаты, дзе жывуць незамужнія дзяўчаты . Таму хлопцы, якія выконвалі ролі Цароў, імкнуліся апрануцца як мага прыгажэй, з форсам (удзельнічалі толькі нежанатыя). Як паведаміла дырэктарка Капыльскага раённага цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло, па расповедах старажылаў, на 22 вуліцах Семежава можна было сустрэць 12 гуртоў Цароў. Хлопцы, што жылі на пэўнай вуліцы, абыходзілі яе ці суседнія, завітваючы да «сваіх» дзяўчат. Потым забіралі наведаных на супольнае застолле, дзе спажывалі падараваную гаспадарамі ежу. Цяпер у гурце Цароў праз дэмаграфічную сітуацыю ўдзельнічаюць і жанатыя хлопцы. Малодшы гурт складаецца са старшакласнікаў.

 

 

Народная драма «Цар Максіміліян», варыянтам якой з’яўляецца прадстаўленне ў Семежаве, узнікла ў XVII стагоддзі. Хутчэй за ўсё, няма адзінай крыніцы яе паходжання: называюць апакрыфічную літаратуру («Жыціе святога Мікіты»), школьную драму XVIII стагоддзя, рускія пераклады рыцарскіх раманаў… Драму ставілі ў рускіх гарадскіх і ў езуіцкіх тэатрах, яна была папулярнай сярод салдатаў і рабочых, якія рабілі аматарскія спектаклі.

 

 

У беларускую вёску драма «Цар Максіміліян» трапіла, верагодна, у часы Расійскай імперыі праз салдат, што скончылі службу, і рабочых-адыходнікаў, якія вярнуліся з фабрык дамоў. У XIX – ХХ стагоддзях спектакль «Цар Максіміліян» быў вядомы ў Расіі, Украіне і Беларусі; у нас яго выкананне зафіксавана на тэрыторыі Капыльскага, Слуцкага, Нясвіжскага, Рэчыцкага, Івацэвіцкага, Шчучынскага раёнаў.

 

 

 

 

 

Цары ў Семежаве хадзілі да 1950-х, потым абрад забаранілі як рэлігійны, але яго працягвалі таемна ад прадстаўнікоў савецкай улады праводзіць жыхары Семежава і суседніх невялікіх вёсак. Паступова традыцыя заняпала і была адноўлена ў 1997-м намаганнямі работнікаў культуры з дапамогай даследчыцы з Акадэміі навук Таццяны Кухаронак, што запісала аповеды ўдзельнікаў каляднага дзеяння. Сёння ў Семежаве застаўся толькі адзін дзядуля, які сам хадзіў у Цары, — 82-гадовы Леанід Іванавіч Кіеня.

 

 

Як распавядае Галіна Гурло, якая ўсё жыццё працуе ў сістэме культуры і займалася аднаўленнем «Цароў», увага да абраду з боку турыстаў і прэсы значна ўзрасла пасля ўнясення яго ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі (2007 г.) і асабліва ў спіс UNESCO (2009 г.). Былі гады, калі 13 студзеня Семежава прымала паўтысячы гасцей.

 

 

Гурты Цароў пачынаюць рэпетаваць з восені, іх часта запрашаюць на здымкі, якія адбываюцца, канечне, не 13 студзеня. Да такога парушэння традыцыі мясцовыя жыхары спачатку ставіліся насцярожана, цяпер усё ж пускаюць здымачныя групы ў хаты.

 

 

 

 

Асімілюючыся на беларускай глебе, драма «Цар Максіміліян» увабрала вобразы і сітуацыі з лялечнага тэатра — батлейкі, школьнай драмы, больш старажытных калядных абыходаў. У варыянтах драмы сустракаюцца персанажы Цыган, Жыд, Чорт. Часам персанажы Цары без вылучанага драматычнага дзеяння ўваходзілі ў склад калядных гуртоў, пра іх казалі «вадзіць цара Максіміліяна» так жа, як «вадзіць Казу» ці Мядзведзя.

 

 


 

Сцэнар каляднага абыходу з Казой, што памірае, — бадай самы шырока вядомы ў Беларусі і сустракаецца пераважна на Палессі. Між тым, калядныя абыходы з самымі рознымі персанажамі характэрныя для ўсёй тэрыторыі краіны і семежаўскія Цары таму вельмі яскравы прыклад.

 

 

Даследчыкі звяртаюць увагу на падабенства народных драм «Цар Максіміліян» і «Цар Ірад», што дакладна мае карані ў спектаклях батлейкі. Этнограф Еўдакім Раманаў пісаў, што ў пачатку ХХ стагоддзя ў Беліцы (цяпер Жлобінскі раён) гэтыя спектаклі ставіліся разам.

 

 

 

 

 

Лялькі з батлейкі в. Бялевічы Слуцкага раёна

Недалёка ад Семежава, у вёсцы Бялевічы Слуцкага раёна, «Цара Ірада» на Каляды ставілі як батлейку, а на сюжэт «Цара Максіміліяна» адбываўся спектакль з жывымі акторамі. Падчас спектакля ў Бялевічах гучала песня «Равела бура, гром грымеў», што часта сустракаецца ў іншай народнай драме, «Лодка», якая больш распаўсюджана ў Расіі. Семежаўскія ж Цары выконваюць песню «Пасею лебяду на берагу», таксама рускага паходжання.

 

 


13 студзеня ў Семежаве акрамя двух гуртоў Цароў можна сустрэць шматлікіх шчадроўнікаў-дзяцей, якія выконваюць песні і, бывае, трошку маскіруюцца. Падарункаў ад шчодрых гаспадароў хапае ўсім. Дзецям выносяць збольшага цукеркі і садавіну, а Царам — больш пажыўныя прадукты і «галоўнае», як жартуюць, — гарэлку. Калі механоша назбірае ўжо даволі вялікі і цяжкі мех, пачынаюць жартаваць: «Ці ваша галоўнае не пацякло яшчэ?»

 

 

 

 

Семежаўскія ручнікі. Фота з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны

 


 

 

Семежаўскія куфры

 

Акрамя Цароў Семежава вядома адметнымі тэкстыльнымі вырабамі і куфрамі, у якіх іх захоўвалі, строем, кухняй. Шыфраваную мову семежаўскіх жабракоў на пачатку ХХ ст. апісаў Еўдакім Раманаў.

 

 

 

 

 

 

 Драўляная забудова Семежава. Фота 2012 г.

 

 


Гуляючы па Семежаве, варта звяртаць увагу на драўляную архітэктуру. У вёсцы яшчэ ёсць сляды забудовы «пагонам» — калі хата і гаспадарчыя будынкі станавіліся ў адзін шэраг пад супольным дахам. Цікава разглядаць дэталі: тут і шалёўка (упрыгожванне дошчачкамі), і прапілаваная разьба, і адзінарныя вільчыкі (разное ўпрыгожванне на самым версе фасада). Сустракаюцца стрэхі, крытыя драўлянай дахоўкай, кансолі, шулы (вертыкальныя бярвёны, якія злучаюць усечаныя ў іх з абодвух бакоў гарызантальныя). Насупраць некаторых хат можна заўважыць свірны (гаспадарчыя пабудовы, што даўней выкарыстоўваліся для захавання збожжа).

 

 

У Семежаве можна таксама паглядзець экспазіцыю Цэнтра ткацтва. Да таго ж вёска мае багатую гісторыю: згадваецца ўжо ў XV стагоддзі, у 1578-м атрымала статус мястэчка, а ў XVII стагоддзі — Магдэбургскае права на самакіраванне (да таго належала Радзівілам). У 1920-м у Семежаве змяшчалася камандаванне войск Слуцкага збройнага чына, тут жа фармаваўся Грозаўскі полк БНР.

 

 

Фота і відэа Алены Ляшкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 28.01.2019 11:04:14

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.