::
2018.12.16 — У Раўбічах адкрылася выстава памяці Лявона Баразны (фота) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
У Раўбічах адкрылася выстава памяці Лявона Баразны (фота)
Спасылка
Дата публікацыі
16.12.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Лявон Баразна быў мастаком, этнографам, грамадскім дзеячам. Верагодна, яго забілі на замову КДБ. Ён адным з першых падняў тэму спадчыны Францішка Скарыны, беларускіх народных строяў, арнаменту.
На выставе ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея ў Раўбічах, што адкрылася 15 снежня, можна пабачыць рэдкія фота з сямейнага архіву, у тым ліку, дзе Баразна зняты разам з Караткевічам і Барадуліным. Экспануюцца этнаграфічныя замалёўкі, карціны, габелен Лявона Цімафеевіча.

4 снежня Лявону Баразне споўнілася б 90 гадоў. Праўда, яго жонка Марыя казала, што мастак нарадзіўся 3 снежня, гэта дата пазначаная на яго помніку, што паставілі сябры. Малая радзіма Лявона Цімафеевіча — вёска Новае сяло Талочынскага раёна. Ён вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы і ў тэатральна-мастацкім інстытуце, працаваў у Белпрамсавеце і Мастацкім фондзе БССР, быў сябрам Саюза мастакоў.

Не маючы фотаапарату, Лявон Баразна, як і Язэп Драздовіч, вандраваў з эцюднікам па вёсках, замалёўваючы мясцовыя ўзоры і агульны від народнага адзення. У фондах мастацкага музея захоўваюцца альбомы яго малюнкаў «Беларускі народны арнамент Палесся» (1957) і «Беларуская народная вопратка» (1958). Іх часткі экспануюцца ў Раўбічах. Баразна падрыхтаваў таксама альбом «Арнамент Гродзеншчыны» (1960). Замалёўкі дасюль не выдадзенныя.

На адкрыцці выставы прысутнічалі родныя і сябры этнографа, вядомыя мастакі і грамадскія дзеячы. Ініцыятарам мерапрыемства выступіў мастак Мікола Купава. У свой час Лявон Баразна моцна сябраваў з Уладзімірам Караткевічам, той быў хросным яго дачкі Алены. На адным з фота, што экспануюцца, яны выяўлены ўтрох, разам з Рыгорам Барадуліным.

У 1969-м Баразна разам з Зянонам Пазьняком выступілі супраць руйнавання вуліцы Няміга, і яно спынілася на тры гады. У 1972-м Баразна рыхтаваў новую акцыю ў абарону Нямігі, але 15 жніўня быў забіты пры нявысветленных абставінах. Суд над забойцамі пастанавіў, што гэта быў звычайны крымінал, але сябры Лявона Баразны лічаць, што руку да забойства прыклала КДБ. Усяго некалькі дзён мастак і даследчык не дачакаўся выхаду сваёй манаграфіі «Гравюры Францішка Скарыны». Нясшытыя аркушы кнігі паклалі яму ў труну.


Выстава ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах працуе да 3 лютага.
Фота Міхася Аракчэева

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 27.04.2019 06:36:42

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.