::
2018.12.26 — Калядны фэст: музычная ВДНГ (фота, відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Калядны фэст: музычная ВДНГ (фота, відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
26.12.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

У мінскім клубе Re:public традыцыйна 25 снежня прайшоў ужо адзінаццаты Калядны фэст. Атрымалася такая сабе выстава дасягненняў народнай гаспадаркі ў галіне сярэднявечнай і фолк-музыкі. Большасць гуртоў-удзельнікаў прэзентавалі новыя песні і хваліліся скарэннем новых творчых вяршынь.

Гурт Irdorath

Штогод арганізатара імпрэзы Віталя Супрановіча пыталі, чаму на Калядным фэсце няма новых імёнаў. Сёлета сітуацыю выправілі. Напярэдадні фэсту абвясцілі конкурс для маладых гуртоў на ўдзел у канцэрце. Народным галасаваннем гонар выступіць з ветэранамі айчыннай сцэны выпаў праекту Vodar. 


Жарсці вакол галасавання кіпелі зусім не жартоўныя. У выніку іншыя гурты, што набралі не нашмат меней галасоў, таксама атрымалі ўзнагароды: праект Патрыцыі Свіцінай выступіць на Калядным фэсце-2019, а тройка лідараў, у якую ўвайшоў яшчэ гурт «Варона», атрымае падтрымку ў запісу па адной песні.


Гурт Osimira

Экс-магілёўскі гурт Osimira сабраўся міжгарадскім і нават міжнародным складам: з Магілёва цяпер толькі гітарыст, цымбалістка з Ліды, астатнія ўдзельнікі з Санкт-Пецярбурга і Мінска. 


Гурт прэзентаваў новыя кампазіцыя, у тым ліку на калядную тэматыку. Вядоўца Каляднага фэсту Зміцер Сасноўскі параўнаў іх музыку з творчасцю Эміра Кустурыцы.


"Зайчыкі" са студыі "Калібры"


У перапынку гледачоў забаўлялі выхаванцы танцавальнай школы «Калібры» пад кіраўніцтвам лідаркі гурта «Яварына» Маргарыты Кубянкевіч. Дзеткі танчылі ў касцюмах зайцаў. Падавалася б, мала сувязі з Калядамі, але не ўсё так відавочна. Зайчык — адзін з герояў беларускіх калядак («А ў заенькі тры думачкі» ды іншыя).


Гурт Rokash

Гурт Rokash сыграў новую песню — апрацоўку традыцыйнай калядкі. Лідар і гітарыст гурта Лявон Казакоў, каб узмацніць інтрыгу, заявіў, што гэта, магчыма, першае і апошняе выкананне кампазіцыі. На бубнах музыкам дапамагаў Аляксандр Дземідзенка, лідар і бубнач гурта Re1ikt


Вядоўца фэсту Зміцер Сасноўскі узгадваў, як Rokash быў акустычным вакальна-гітарным дуэтам Лявона і Паліны. Быццам бы пацвярджаючы прамоўленае, музыкі выканалі некалькі старых хітоў.


Легендарны "Стары Ольса"

Трэнд прэзентаваць новае і ўзгадваць добра забытае старое падтрымаў і «Стары Ольса», удзельнік усіх без вынятку Калядных фэстаў. Прагучала самая старая з вядомых беларускіх застольных песень «Келіх кола» (гурт узяў яе са зборніка «Куранты», што датуецца XVII стагоддзем). Прагучала таксама застольная «Пена цёмнага піва», якую гурт не выконваў жыўцом 19 год. Гэта, лічы, ніколі, бо ў лістападзе 2019-га «Стары Ольса» адсвяткуе 20-годдзе. Потым хто не ведаў, даведаўся, а хто забыўся, узгадаў, што «Маразулю» можна не толькі танчыць, але і спяваць.

«Стары Ольса» прэзентаваў кавер на песню ірландскага гурта The Cranberries «Zombie». Спяваў Алесь Чумакоў. «Zombie» была напісана ў 1993 годзе як пратэст супраць тэракту Ірландскай рэспубліканскай арміі. Выйшаўшы ў складзе альбома «No Need to Argue» (1994), песня стала адной з самых вядомых кампазіцый The Cranberries, скарыўшы музычныя чарты многіх еўрапейскіх краін і нават Аўстраліі. Кавер ад «Старага Ольсы» бачыцца данінай памяці лідаркі The Cranberries і аўтаркі песні «Zombie» Далорэс О’Рыадан, якая памёрла сёлета 15 студзеня.

Па завядзёнцы на фэст завіталі каляднікі з зоркай, Казой і Мядзведзем. Сёлета гэта быў гурт мінскай Школы традыцыйнага мастацтва і ўдзельніцы варштатаў традыцыйных спеваў Вікторыі Міхно.

Ветэраны беларускай метал-сцэны гурт Znich

Znich парадаваў старымі хітамі, тэматычнай «Калядзец» і новай песняй, прысвечаннай нараджэнню дачкі ў лідара і вакаліста Алеся Таболіча. Нягледзячы на зусім малы ўзрост (усяго некалькі месяцаў), дзяўчынка прысутнічала на канцэрце. Гурт падтрымлівалі таксама іншыя маленькія фанаткі.

Гурт Irdorath

Судзячы па апытанцы ва Укантакце, самым чаканым на Калядным фэсце быў выступ Irdorath. Музыкі літаральна на днях вярнуліся з Берліна, дзе выступілі ў сапраўднай кірсе разам з легендамі медывальнай музыкі Corvus Corax. Гурт прадставіў новую ўдзельніцу, віяланчэлістку Аляксандру, і прэзентаваў новую песню «Русалка».

Фота і відэа Алены Ляшкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.10.2019 21:19:50

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.