::
2018.11.18 — Батлейка на Смаргоншчыне / Беларускае Радыё Рацыя (racyja.com)
Загаловак
Батлейка на Смаргоншчыне
Спасылка
Дата публікацыі
18.11.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Батлейку на Смаргоншчыне пачалі адраджаць у 1980-х Яўгенія Ліс і Алесь Лось. Яны ж 35 гадоў таму стварылі першы тэатр лялек «Батлейка» ў вёсцы Зарудзічы – зусім побач з маёнткам Міхала Клеафаса Агінскага. Ці існавалі батлеечныя традыцыі на Смаргоншчыне яшчэ за польскім часам, у 1930-х?

Падчас юбілейнай імпрэзы ў залескім Доме культуры распавядае Алесь Лось.


Алесь Лось са сваімі лялькамі. Залессе, 2018 г.

Мы з Жэняй – амбітныя маладыя мастакі! Захапіліся батлейкай яшчэ ў студэнцтве – увесь Менск гудзеў ад батлейкі! Потым пераехалі ў Зарудзічы. Вёска напачатку не разумела нас і не хацела прымаць… Маўляў, што вы робіце тут, маючы кватэру ў сталіцы?! Мы ж гарэлі справай, мелі на мэце адраджаць батлеечныя традыцыі і ствараць музей батлейкі ў кальвінскім зборы Смаргоні (у той час там быў нейкі склад…)


Яўгіня Ліс і Алесь Лось з дзіцячай трупай народнага тэатра ''Батлейка'' з Залесся ў парку М.К.Агінскага, 1986 г.

На ровары і пехатой я аб’ездзіў, абышоў усю Смаргоншчыну, вывучаючы гісторыю батлейкі… Ці была яна тут? Дзе? Аднойчы сядзеў у смаргонскім парку за касцёлам і зачапіў пажылога дзядка, які пакурваў папяроску… І ён распавёў мне, што была тут батлейка, “Бэтлеем” быў да вайны! І вёска Клідзеняты, напрыклад, абшывала батлейшчыкаў (20 артыстаў!) смаргонскіх, якія хадзілі з калядой, паказвалі сцэнкі з царом Ірадам, чортам, саладатам…

І яшчэ цікавая гісторыя, ужо з вёскі Зарудзічы. Аказваецца сюды ў 1930-х гадах таксама завітваў батлейшчык з медзьведзяняткам і лялькамі. Са скрынкай за спінай. Паказваў “Шпянькі” – тую ж батлейку з царом Ірадам і чортам! Пасярэдзіне вёскі была вялікая габрэйская карчма… Дык вось батлейшчык навязваў мядзведзя за плот і ішоў у карчму… А потым доўга шукаў па Зарудзічах і лялек (іх разбіралі па хатах дзеці!), і мядзведзіка, які лётаў з калком ад плоту па вёсцы, пужаючы людзей. 1932-33 гг.    


Выступ нашай "Батлейкі" ў Смаргоні на кірмашы, кастрычнік 1983 г.

Дарослая трупа тэатра ''Батлейка'' з выбітным скрыпачом Антонам Адольфавічам Высоцкім, 1986 г.

 


Лялькі

Спадар Алесь зайграў польку паспаліту, пачутую ім больш за 30 гадоў таму ад таленавітага самадзейнага скрыпача з вёскі Пярэбнавічы Смаргонскага раёна Антона Адольфавіча Высоцкага – таксама ўдзельніка народнага тэатра.

“Батлейка” адзначыла свой юбілей (35 гадоў) і працягвае працаваць у Доме культуры Залесся. Рэжысёр новай залескай “Батлейкі”– Таццяна Нясцюрына.

 

Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя, Смаргонскі раён  

Фота з архіва Алеся Лася

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 16.01.2019 07:12:16

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.