::
2018.12.08 — Чаму вучыць этнаакадэмія? / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
Чаму вучыць этнаакадэмія?
Спасылка
Дата публікацыі
08.12.2018
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

Як даведацца больш пра нацыянальную культуру не выходзячы з дому? Як падабраць сапраўдны народны строй, а не псеўдавышыванку? Што трэба ведаць пра нацыянальную кухню? На гэтыя і многія іншыя пытанні вы зможаце атрымаць адказы, калі запішацеся ў этнаакадэмію.


У Еўропе ўсё большую папулярнасць набываюць так званыя народныя ўніверсітэты, дзе дарослыя людзі могуць атрымліваць дадатковую адукацыю на працягу ўсяго жыцця. Віртуальныя студэнты слухаюць відэалекцыі, выконваюць тэставыя заданні, адказваюць на пытанні і атрымліваюць балы. І хоць слухачам народных універсітэтаў не выдаюць дыпломаў, веды, засвоеныя такім чынам, могуць быць даволі карысныя, тым больш што ў сеціва трапляюць у тым ліку і відэазапісы лекцый выкладчыкаў з класічных універсітэтаў.

Дзякуючы Студэнцкаму этнаграфічнаму таварыству падобны кантэнт з'явіўся і ў Беларусі. Праект «Этнаакадэмія: анлайн-курсы па этнаграфіі, народных рамёствах і народным мастацтве» дазволіць больш даведацца пра нашу культуру. Ужо знята 150 урокаў, і, як запэўніваюць арганізатары, работа ў гэтым кірунку будзе працягнута.

Дзякуючы гэтаму праекту ахвотныя змогуць засвоіць восем курсаў, якія будуць выкладацца ў інтэрнэт паступова. Самы першы прысвечаны беларускай міфалогіі. Яго аўтар — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і Сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ Зміцер Скварчэўскі паспрабуе пазмагацца са стэрэатыпамі, якія склаліся ў адносінах да беларускай міфалогіі. Гэта актуальна, бо, на жаль, экскурсаводы, блогеры, гаспадары аграсядзіб часта выкарыстоўваюць недакладную ці нават скажоную інфармацыю пра беларускіх міфічных істот.


Таксама ў этнаакадэміі будуць курсы, якія раскажуць пра беларускі драўляны посуд, традыйцынае вяселле, народны строй, беларускую кухню... Не разлічвайце, што тут адразу навучаць шыць ці гатаваць. Пакуль аўтары курсаў знялі толькі «тэарэтычныя» ролікі (але ў будучым плануюць зрабіць і практычны дадатак). Затое вы навучыцеся ацэньваць рэчы, якія бачыце на кірмашах, адрозніваць добрую кашулю і шырспажыў. Курс, прысвечаны нацыянальнай кухні, не забяспечыць рэцэптамі, але ён будзе карысны гаспадарам аграсядзіб, людзям, якія працуюць у пунктах харчавання, тым больш што яго ў этнаакадэміі выкладае аўтар «гастранамічных» кніжак Алесь Белы, у якога гісторый пра розныя стравы набярэцца пад сотню. Алесь упэўнены, што выкарыстанне этнаграфічных звестак будзе заахвочваць людзей цікавіцца нацыянальнымі стравамі і напоямі. А без такога інтарэсу на сучасным рынку цяжка прадаць нацыянальныя прадукты. Важна, каб такія веды падаваліся ў прафесійнай адукацыі кухараў, тэхнолагаў, улічваліся пры распрацоўцы меню рэстаранаў, пры стварэнні новых страў.

Этнаакадэмія адкрыта для ўсіх, заняткі ў ёй бясплатныя — яны размешчаны на МООС-платформе stеріk.оrg.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Усё пра міфалогію і кухню

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя сэрыі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.02.2019 10:20:33

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.