::
Цэнтр этнакасмалогіі „Крыўя“ / KRYŬJA
Назва
Цэнтр этнакасмалогіі „Крыўя“ / KRYŬJA
Тып
творчыя аб’яднанні
Лога, фота
Апісанне

Гісторыя Цэнтра

Цэнтр этнакасмалогіі «KRYŬJA» дзейнічае з 1988 г.

За час свайго існавання Цэнтрам былі арганізаваныя тры міжнародныя навуковыя канферэнцыі. Першая з іх — «Балты і этнагенез беларусаў» адбылася 21–23 траўня 1993 г. у Менску і была прысвечаная праблеме вывучэння балцкага субстрату ў фармаванні беларускага народу.

Наступная канферэнцыя «Этнакасмалогія Усходняй Еўропы: Балтыйская мадэль свету», прайшла ў Менску 20 — 23 верасня 1994 г. На канферэнцыях выступілі 44 даследніка з Беларусі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Расіі.

Трэцяя канферэнцыя «Беларусь у сістэме транс’еўрапейскіх сувязяў у 1 тыс. н. э.», што ладзілася ў Менску 12 — 15 сакавіка 1996 г., была арганізаваная супольна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі.

На гэтых прадстаўнічых навуковых форумах было абмеркаванае шырокае кола пытанняў, датычных праблемаў этнагенезу беларусаў, этнічнай атрыбуцыі археалагічных культураў, дахрысціянскіх культаў і веранняў, міжкультурных кантактаў у Цыркумбалтыйскім рэгіёне, праблемаў этналінгвістыкі, этнасеміётыкі, этнамузыкалогіі, палеаастраноміі і фізічнай антрапалогіі. Канферэнцыі 1993, 1994 гг. сталі прарыўнымі для беларускай гуманітарнай навукі, бо нарэшце была цалкам легалізаваная тэма ўдзелу даўніх балтаў у этна-, глота- і культурагенезе беларусаў.

Матэрыялы канферэнцый друкаваліся ў «Гістарычна-археалагічным зборніку» Інстытута гісторыі НАН Беларусі, часопісе KRYŬJA: Crivica. Baltica. Indogermanica, а таксама былі скарыстаныя пры напісанні артыкулаў для энцыклапедычных слоўнікаў «Беларуская міфалогія» (Мн.: Беларусь, 2004; 2-е выданне 2006) і «Міфалогія беларусаў» (Мн.: Беларусь, 2011).

На працягу пяці гадоў (1990–1995) ЦЭК «KRYŬJA» праводзіў рэгулярныя семінары дзеля абмеркавання розных аспектаў захавання, вывучэння, рэканструкцыі і развіцця традыцыйнай культурнай спадчыны беларусаў. У семінарах прымалі ўдзел многія прадстаўнікі сучаснай беларускай навукі. Для некаторых удзельнікаў семінара іх выступы сталі своеасаблівай апрабацыяй абароненых пазней дысертацый.

З ЦЭК «KRYŬJA» звязанае з’яўленне гэткіх творчых калектываў, як спеўныя гурты «GUDA» і «ESSA», супольнага беларуска-літоўскага інструментальнага фолк-джаз праекту «TYLOS LABANORO», martial i dark ambient праекту «PRAGNAVIT». 

У 1992 і 1993 гг. пры беспасярэднім удзеле Цэнтра і яго супрацоўнікаў у Менску былі праведеныя I і ІІ «Балтыйскія дударскія фэсты», яікя мелі станоўчы розгалас сярод шырокага кола этнографаў, фалькларыстаў, гісторыкаў і шматлікіх аматараў. У 2006 г. пры падтрымцы аднаго з арганізатараў і аўтараў ідэі першых імпрэзаў Тодара Кашкурэвіча, традыцыя міжнародных дударскіх фэстаў была адроджаная.

З 2006 г. ЦЭК «KRYŬJA» супольна з часопісам STIGMATA і лэйблам «CRIVIA Records» ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні адзінага ў Беларусі фэсту этнічнай і неафолкавай музыкі CRIVIA AETERNA. На гэты момант адбылося ўжо пяць фэстаў, на якіх выступілі амаль два дзясяткі гуртоў і праектаў з Беларусі, Літвы, Расіі, Нямеччыны.

З 2005 г. Цэнтрам выдаецца канцэптуальны навукова-публіцыстычны альманах «DRUVIS», у якім асвятляюцца розныя аспекты этнічнага космасу, гісторыі і вытокаў беларускага народа, а таксама распрацоўваюцца і абгрунтоўваюцца ідэі ў кантэксце філасофіі традыцыяналізму. Выйшлі тры нумары.

З пачатку 2008 г. ЦЭК «KRYŬJA» былі адноўленыя рэгулярныя семінарскія паседжанні.

22 верасня 2008 г. у дзень асенняга раўнадзенства і Дзень балцкага адзінства па адрасе http://kryuja.org распачаў працу афіцыйны сайт Цэнтра этнакасмалогіі «KRYŬJA». На момант адкрыцця на сайце былі даступныя каля 200 публікацый рознага кшталту, а таксама каля 20 старонак інфармацыі аб Цэнтры, ягоных сябрах і дзейнасці.

Сайт kryuja.org перастаў падтырмлівацца ўвосень 2012 года.

Пра цэнтр

Цэнтр створаны як нефармальны каардынацыйны асяродак даследаванняў беларускай даўніны і рэкрэацыі старажытнага светагляду, дахрысціянскай рэлігіі і традыцыйных каштоўнасцяў аўтахтоннага насельніцтва Беларусі (у яе этнаграфічных межах), а таксама балтыйскага рэгіёну.

Тэрмін этнакасмалогія быў абраны для абагульненага азначэння адмысловага даследніцкага поля, паўсталага ў выніку інтэграцыі праблемных колаў шэрагу гуманітарных, грамадазнаўчых і прыродазнаўчых дысцыплін у той меры, у якой яны дапасоўваюцца да этнакультурнай праблематыкі. Гэта праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі, этнасеміётыкі і этналінгвістыкі, этнапсіхалогіі, кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралогіі, тыпалогіі культур, фізічнай антрапалогіі, археалогіі, палітычнай гісторыі, сацыяльнай філасофіі, астраноміі (палеаастраноміі), палеабіялогіі ды інш.

Такім чынам, ключавы спакмень зацікаўленняў сяброў ЦЭК „KRYŬJA” - этнічны Космас ва ўсёй мнагастайнасці яго праяў і ва ўсіх модусах яго існавання — ад максімальна сакралізаваных да прафанных, побытавых, абыдзённых.

Нам рупіць не толькі даўніна і архаіка, але і той свет, у якім мы жывем зараз. І тое, чым мы займаемся, мае не толькі акадэмічны характар, бо нясе ў сабе пэўны экзістэнцыяльны сэнс і светаглядны змест. Іх сутнасць у тым, што мы свядома культывуем Традыцыю — пазачасавую, перманентную з'яву, якая існуе ў нас самых. Гэта мае на ўвазе праекцыю традыцыйных культурных каштоўнасцяў на сучаснікаў ды сукрэвічаў — беспасярэдніх спадкаемцаў усяго радаводу тутэйшых людзей.

Найменне Kryŭja (Крыўя / Крывія) выкарыстоўваецца намі як адмысловае слова-сімвал, што адсылае да тых першых імпульсаў развіцця нашай культуры, якія не згасаюць ужо колькі тысячагодзьдзяў і, спадзяемся, ніколі не згаснуць.

Крыўя не абмяжоўваецца для нас адно вузкарэгіянальнымі межамі, гэта той сакральны архетып, прыкметы якога можна знайсці ў кожным кутку нашага краю.

Крывія, Krieva — гэта не толькі крыніца рамантычнага натхнення, спаконвечнае імя, але яшчэ і духоўнае імкненне да вытокаў, да спазнання пакрыёмага сэнсу нашага быцця, гэта легендарны край, што месціцца нібы побач, але ў які не трапіць “ні зямлёю, ні вадою”.

Як вяшчаў Вацлаў Ластоўскі, «Глыбока ў народнай свядомасці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго уваскрэшання, напоў містычнае імя “Крывія”, якому празначана ў жыцці народу замкнуць круг гісторыі, быць ачышчаючым агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэння Народу».

Мэты і кірункі

Рэлігія

  • даследаванне і вывучэнне традыцыйнай этнічнай релігіі (паганства)
  • працяг і адраджэнне традыцыйнай абрадавай практыкі
  • распрацоўка паганскай тэалогіі
  • крытыка тэалогій абрамічнага кола

Філасофія

  • рэканструкцыя «этнафіласофіі» і «кагнітыўнай гісторыі» беларусаў, а таксама традыцыйнага беларускага светагляду
  • выпрацоўка аўтэнтычных форм сучаснага філасофскага дыскурсу
  • рэцэпцыя і пераасэнсаванне на тутэйшай глебе асноўных дасягненняў філасофіі еўрапейскага традыцыяналізму
  • крытыка філасофій «пост»

Навука

  • франтальныя штудыі па тэме «Crivica (Albaruthenica)-Indogermanica» з асаблівай увагай да тэмаў «Crivica (Albaruthenica)-Baltica», «Crivica (Albaruthenica)-Thracica», «Crivica (Albaruthenica)-Arica»
  • стварэнне базы дадзеных і слоўніка «Беларускія лексічныя балтызмы»
  • франтальныя штудыі па тэме «Studia mythologica Crivica»
  • стварэнне базы дадзеных і энцыклапедыі «Традыцыйны крыўскі космас»
  • даследаванне балцкай асновы ў этнагенезе беларусаў
  • распрацоўка тэорыі «паўночнай» прарадзімы індаеўрапейцаў
  • падтрымка новых і перспектыўных падыходаў у этналогіі, фалькларыстыцы, гістарычнай навуцы ды інш. дысцыплінах

Этыка, мараль і права

  • вывучэнне і рэактуалізацыя нормаў традыцыйнай маральнасці і звычаёвага права
  • культываванне арыстакратычных каштоўнасцяў і этасу

Літаратура і мастацтва

  • захаванне і адраджэнне этнічнай музычнай традыцыі
  • распрацоўка і ўвасабленне новых формаў сінтэзу традыцыйнай творчасці і сучаснай
  • пашырэнне традыцыйнай сімволікі ў мастацкіх творах, літаратуры і дызайне

Традыцыйнае здольніцтва

  • спрыянне ўзнікненню здольніцкіх асяродкаў па стварэнні твораў ужытковага мастацтва паводле традыцыйных узораў
  • увасабленне «семіётыкі рэчаў» у штодзённым жыцці

Ідэалогія і метапалітыка

на падставе ўсяго вышэй пералічанага:

  • крытыка паноўных ідэалогій сучаснасці
  • выпрацоўка аўтэнтычных форм сучасных ідэалагічнага і метапалітычнага дыскурсаў
  • абгрунтаванне і пашырэнне кансерватыўнага светагляду
  • распрацоўка канцэпцыі «Еўропы этнарэгіёнаў»
  • канструяванне «рэгіёну Вялікага Княства Літоўскага» і абгрунтаванне цыркумбалтыйскай геапалітычнай арыентацыі
  • карэгаванне і фарміраванне новай этнакультурнай ідэнтычнасці беларусаў 
Спасылкі
Год заснавання
Звязаныя лакацыі

Персаналіі 2 (праз поле „Звязаныя калектывы“)

  1. Кашкурэвіч Т. А.
  2. Санько Сяргей Іванавіч

Выданні 6 (праз поле „Калектывы (выдаўцы, установы)“)

  1. Druvis: almanach centru etnakasmalogiji Kryuja. 2005. № 1
  2. Druvis: almanach centru etnakasmalogiji Kryuja. 2008. № 2
  3. Druvis: almanach centru etnakasmalogiji Kryuja. 2011. № 3
  4. Цэнтар Этнакасмалегіі "Крыўя" №1(2) / Менск: НВФ "Ваўкалака", 1996.122с.
  5. Цэнтар Этнакасмалегіі "Крыўя" №1/ Менск: НВФ "Ваўкалака", 1994.224 с.
  6. Цэнтр Этнакасмалёгіі "Крыўя" №1(3)/ Менск: НВФ "Ваўкалака", 1998. 164с.

Сэрыі 2 (праз поле „Звязаныя калектывы“)

  1. Druvis, перыядычнае выданне
  2. Крыўя, кніжная сэрыя

Відэатэка 4 (праз поле „Звязаныя калектывы“)

  1. 2009 - "Таямніцы Калядаў" — лекцыя Аляксея Дзерманта ў Лінгвістычным Універсітэце, Мінск, 23.12.2009 [лекцыі, майстар-класы]
  2. 2013 - Тодар Кашкурэвіч: "Спаміж ці пасярод. Традыцыйная культура ў горадзе" [лекцыі, майстар-класы]
  3. 2015 - "Чорным па белым" / Кірунак: Усход [перадача]
  4. 2016 - «Крыўя» як нацыянальны праект (З гісторыі ідэй Беларусі) [лекцыі, майстар-класы]

Падзеі 1 (праз поле „Арганізатары (спасылка)“)

  1. Дыскусія "КРЫЎЯ як нацыянальны праект. (З гісторыі ідэй Беларусі)"
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 10.10.2019 10:20:34

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.