:: calculation
2013
Загаловак text
Чалавек-аркестр з Баброў
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
17.02.2013
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Пажылы дзядзька Яўген завіхаўся дзесьці на вялізным двары. Таму на тэлефонны званок адказала яго жонка Зінаіда Андрэеўна. Як магла, патлумачыла дарогу, пажадала ўдачы ў пошуках. І мы рушылі. Рэдакцыйная машына мінула прыціхлую перадзімовую Анцэлеўшчыну, схавалася ад вачэй рэдкіх вяскоўцаў сярод маляўнічых навакольных узгоркаў. З кожным кіламетрам дарога ўсё больш рабілася падобнай на сцяжынку, і нарэшце вадзіцель мусіў спыніцца.

Далейшы шлях у таямнічыя, схаваныя ад старонніх Бабры, дзе жыве чалавек-аркестр Яўген Іванавіч ЗІНКЕВІЧ, мэта майго падарожжа, я пераадольваў пехатой, то пераскокваючы праз рудыя лужыны, то спатыкаючыся аб асаковыя купіны.

Канчаткова разгубіўшыся сярод раскіданых у хмызняковых шапках двароў, я дастаў мабільны тэлефон і зноў набраў нумар. Гаспадыня загадала спыніцца каля электрычнага слупа з трансфарматарам і чакаць. Я абвёў вачыма наваколле. Некалькі старэнькіх хат выглядалі з-за пакрытых зжаўцелай травой і лазой узгоркаў. Было ціха. Занадта ціха для жылой вёскі. Толькі невялічкая таблічка на калочку з самаробным надпісам «Бабры» выдавала прысутнасць чалавека. «Напэўна, няшмат засталося тут людзей», – падумаў я і пачуў за спінай вясёлы мужчынскі голас. «А што – згубіліся ў нашай пустэльні?» – перада мной стаяў жвавы пажылы мужчына з усмешкай артыста.

Пакуль мы тупалі па мокрай зямлі ў двор Яўгена Іванавіча, ён паведаміў мне, што апошні час вёсачка зусім апусцела. З сямі двароў толькі адзін застаўся жылы – той, дзе гаспадарыць сам музыка. Ды і стаяць Бабры на водшыбе, не заўсёды машынай дабрацца можна, за хмызняком незнаёмы з мясцовасцю чалавек нават і не заўважыць. Вось і паставіў дзядзька Яўген маленькія шыльдачкі са стрэлкай і надпісам. Адзін з такіх знакаў мы сапраўды бачылі на пад’ездзе да вёскі, другі ж сустрэў мяне ў хмызняку ля электрычнай падстанцыі. «Якія дзіўныя ў чалавека візітныя карткі!» – чамусьці падумалася мне.

Гармонік з куфра

Свой першы гармонік маленькі Яўген зрабіў сам з… паперы. На пачатку пяцідзясятых гадоў сям’я жыла ў далёкім паўночным Карэла-Фінску. Прызванне будучага музыкі ўжо пачало неўсвядомлена ажываць у душы васьмігадовага беларускага хлапчука – ён самастойна распрацаваў тэхналогію вырабу цацачных гармонікаў з кавалкаў шчыльнай паперы, драўляных дошчачак і гузікаў. Лялечныя інструменты атрымліваліся настолькі падобнымі на сапраўдныя, што аднагодкі Яўгена з ахвотаю набывалі іх у маленькага майстра. Атрыманыя грошы ішлі большаю часткай на цукеркі. З працы ўласных рук былі набыты і першыя лыжы, гэтак неабходныя на снежнай поўначы.

Аб сапраўдным гармоніку Яўген не наважваўся нават марыць. І раптам у адзін з летніх дзён пяцьдзясят першага года інструмент сам з’явіўся ў доме. Вось толькі яго шчаслівым уладаром стаў не будучы музыка, а яго старэйшая сястра. Бацька зрабіў шыкоўны падарунак дачцэ, але ж паколькі тая не валодала майстэрствам ігры, ён адправіўся да іншых дзявочых каштоўнасцяў пад замок у куфар.

Спакуса была занадта вялікай, і аднойчы ўночы Яўген, прасачыўшы, куды сястра хавае ключ ад сваёй «скарбніцы», не стрымаўся і на некалькі гадзін завалодаў прадметам сваёй мары. Пад раніцу інструмент вярнуўся на месца, але ж пачатак быў пакладзены. Усё тое лета Яўген штоноч выкрадаў гармонік, уцякаў з ім з двара ў патаемны куток і з карысцю скарыстоўваючы белыя ночы, упарта і цалкам самастойна асвойваў новую справу. Але ж, як то гавораць, не бывае нічога тайнага, што калісьці не зрабілася б яўным.

Аднойчы, ужо бліжэй да восені, маці папрасіла малога Яўгенку застацца на цэлы дзень дома і папільнаваць чараду коз. Няўрымсліваму малому дужа не хацелася так надоўга заставацца на адным месцы, і ён высунуў сустрэчныя ўмовы – пагадзіўся застацца за казінага пастуха толькі ў выпадку, калі маці дазволіць узяць на цэлы дзень  гармонік сястры. Ці то справы ў жанчыны былі дужа неадкладныя, ці то ўмеў хлапец быць пераканаўчым, але ж пад акампанемент матчыных уздыхаў інструмент перайшоў у рукі сыну.

Якім жа было здзіўленне маці, калі вярнуўшыся пад вечар дадому, яна не толькі знайшла хлопчыка на лаве ля ганку з гармонікам у руках, але ж яшчэ падыходзячы да двара, здалёк пачула складны, мілагучны спеў інструмента. Жанчына моўчкі прысела побач і доўга слухала сынаву ігру, не верачы ўласным вушам. Калі ж пазней вярнуўся з працы бацька, жонка ўрачыста пасадзіла яго на кухні і паклікала малога Яўгенку з гармонікам. Уражаны бацька, які таксама нічога не ведаў аб амаль двухмесячных штоночных рэпетыцыях, адразу ж дазволіў таленавітаму сыну вольна карыстацца інструментам.

Сястры падобнае рашэнне прыйшлося зусім не даспадобы. Некалькі тыдняў яна сварылася з гэтай нагоды з маці, крыўдзілася на бацьку ды страшэнна злавала на брата. Але вельмі хутка змяніла гнеў на ласку, калі аднойчы ўвечары знайшла маленькага брата з гармонікам у вясёлым атачэнні танцуючых пад яго музыку юнакоў і дзяўчат. Так, ледзь пачаўшы вучыцца, Яўген ужо сабраў сваю першую ўдзячную аўдыторыю.

У наступным годзе, калі пальцы зрабіліся спрытнейшымі, рэпертуар пашырыўся, а старэйшы брат навучыўся няблага падыгрываць на бубне, попыт на Яўгенаў талент стаў настолькі вялікім, што каб рэпеціраваць, хлопцам даводзілася хавацца ад дзяўчат – аматарак іх творчасці на старым гарышчы. Калі ж праз некалькі гадоў сям’я вярнулася ў родную Беларусь, багаж маладога музыкі складаўся з двух гармонікаў, яскравага выканаўчага майстэрства і прыемнага ўнутранага адчування чалавека, які ведае свой шлях у жыцці.

Па жыцці – з інструментам!

Вандраваць па свеце Яўгену Зінкевічу давялося шмат. Спачатку, яшчэ ў дзяцінстве, быў Карэла-Фінск. Пазней, у 1959 годзе сям’я зноў рушыла на новае месца, гэтым разам на цаліну. Атрымаўшы свае першыя рабочыя спецыяльнасці – трактарыста і шафёра, юнак пайшоў у армію. Адслужыўшы, доўгія гады працаваў вадзіцелем на радзіме.

Нягледзячы на тое, што з гармонікам Яўген не расставаўся ніколі, працу большай часткай не звязваў з музычным талентам. Толькі зусім коратка пашчыраваў на пасадзе кіраўніка гуртка мастацкай самадзейнасці ў вясковым ДК. Былі ў паслужным спісе і графы «слесар», «цясляр» – усё, што патрабавала ўмелых рук, было пад сілу маладзёну. Дарэчы, хату, ва ўтульных пакойчыках якой распавядаў гасцінны гаспадар аб сваім багатым жыцці, ён таксама збудаваў сваімі рукамі.

Але ж музыка заўсёды заставалася для Яўгена Іванавіча неад’емнай часткай самой яго асобы. Таму і не пакідаў ён граць ніколі, радуючы талентам не толькі самога сябе, але ж і ўсіх тых, хто быў побач. А збіралася людзей вакол адоранага музыкі заўсёды шмат. Бывала, вяртаецца ён пад вечар з працы, а каля хаты ўжо цэлая чарга стаіць – людзі прыйшлі прасіць «маэстра» пайграць ці то на вяселлі, ці то на якім іншым хатнім свяце. А ў час, калі музыка з электроннай скрыні яшчэ не замяніла сабой жывы голас інструмента ў руках майстра, гэткія падставы здараліся ледзь не кожны дзень. У выніку цяжка і ўзгадаць хоць які пятнічны, суботні ці нядзельны вечар, у які б Яўген Зінкевіч не граў, напаўняючы музыкай сямейныя ўрачыстасці па ўсім наваколлі.

Але ж не толькі для тутэйшага люду гучаў музыкаў талент. Яўген Іванавіч з усмешкай расказвае аб сваіх «гастролях» за межы Беларусі. Аднойчы давялося граць на вяселлі на далёкай Украіне, куды ён паехаў на госці да сястры. Вынікам стала не толькі поўная шапка яшчэ «савецкіх» капеек, што ад захаплення накідалі людзі, але ж і афіцыйнае запрашэнне перабрацца на новае месца і ўзначаліць ансамбль тамтэйшага дома культуры. Але ж родная зямелька паказалася тады нашаму земляку і прыгажэйшай, і цяплейшай для душы.

Іншага разу невялічкі гурт валожынскіх музыкаў на чале з Яўгенам Зінкевічам трапіў на вяселле ў суседнюю Латвію. Па прапанове беларускага маэстра вясельны картэж на чале з невялічкім ансамблем прайшоў па галоўнай вуліцы маленькага гарадка. Напэўна, і дагэтуль не ведае тое паселішча больш нечаканай і запамінальнай падзеі. Літаральна ўсе жыхары навакольных дамоў высыпалі на ганкі і балконы, «прыліплі» да аконных шыб, каб пачуць жывую беларускую музыку і ўбачыць тых, з кім яна прыйшла. «Нібыта касманаўтаў якіх сустракалі!» – жартуе дзядзька Яўген.

Яшчэ шмат у якія куткі былой агромністай краіны прынёс голас беларускага гармоніка Яўген Іванавіч за доўгія гады свайго надзвычай багатага жыцця. І паўсюль слухачы з радасцю і ўдзячнасцю прымалі яго творчасць. Але ж якім бы цёплым ні быў прыём, заўсёды з ахвотаю вяртаўся музыка ў родную старонку.

І швец, і жнец, і АДМЫСЛОВЫ ігрэц

У вачах Яўгена Іванавіча Зінкевіча дагэтуль гарыць маладое святло. Нягледзячы на немалады ўзрост – гэтым годам маэстра спраўляе сямідзесяцігадовы юбілей – ён па-ранейшаму несупынна завіхаецца ў прасторным двары. З жыўнасці тут ёсць сабака, дзве казы, немалая пасека. Карову здалі літаральна пару месяцаў таму. Пляцецца вінаград, цягнуцца галлём да сонейка дрэвы грэцкага і манчжурскага арэхаў. Бліскае сонечнымі зайчыкамі невялічкае штучнае возера з рыбай. Маецца і лазня, і нават надзейны самаробны трактар. Усё, што трэба, гаспадар робіць сваімі рукамі. Але ж самае каштоўнае – разнастайныя музычныя інструменты – захоўваецца ў асобным пакойчыку ўтульнай хаты і ніколі не пакрываецца пылам.

Яўген Іванавіч прыносіць у цёплую залу пару акардэонаў, вялікі барабан, талеркі, бярэ ў вусны адмысловую самаробную «дудачку» з раструбам, на пару секунд замірае. І раптам цішыня ўзрываецца жывой, іскрыстай музыкай. Мелодыі змяняюць адна адну, і здаецца, што нават прыціхлыя на холадзе хмызнякі за вокнамі пачынаюць ажываць. Дзіўная сумесь радасці і гонару за родную зямлю і яе людзей напаўняе грудзі. І становіцца зразумела, чаму гэтага ўнікальнага музыку называюць «чалавек-аркестр». Пачуўшы імправізацыі Яўгена Іванавіча ў запісе, мала хто здолеў бы здагадацца, што грае не цэлы гурт, а ўсяго толькі адзін чалавек з тых, пра каго кажуць: музыка ад Бога.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.06.2018 18:22:29