:: calculation
2013
Загаловак text
Раздзялавіцкія рабінкі і дубкі
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
22.11.2013
Катэгорыя category
рэпартажы
Поўны тэкст text

У Раздзялавічах, што ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, як і шмат дзе на Палессі, апошні раз памінаюць продкаў позняй восенню, перад Піліпаўкай. І, што цікава, у пятніцу гатуюць посную вячэру і памінаюць памерлых мужчын свайго роду, таму гэты дзень называецца Дзеды, а ў суботу скаромным памінаюць жанчын і называюць гэты звычай Бабы. Між тым яны, далёкія і блізкія продкі, спачываюць спакойна на могілках, што ў цэнтры сяла. Раней, калі хавалі жанчыну, садзілі на магіле рабінку, а калі мужыка — дуб. Адпаведна, і жывых называлі рабінкамі і дубкамі.

Сёння захавальніцы мясцовых абрадаў і звычаяў, песень і танцаў — гэта фальклорна-этнаграфічны гурт “Завіца” (што на мясцовай гаворцы азначае “залоўка”). Ён створаны ў 1990 годзе. Пяць жанчын, як і кіраўніца гурта, носяць прозвішча Рабцэвічы, і ўсе паміж сабой радня. У большасці з іх вялікія сем’і, таму змоладу яны выбралі сабе высокааплачвальную работу цялятніц. Пры сумеснай рабоце і спеліся, асабліва пакуль чакалі машыну, якая везла іх на ферму і з фермы дадому. А як спяваюць! Што арган гучаць іх галасы. Песні жанчыны захоўваюць унікальныя. Часта выступаюць з канцэртамі, і тады ім дапамагае іх музычны кіраўнік Раман Іванавіч Сімановіч. Аднавясковец, які пачынаў граць як самавук з 13 гадоў, а затым атрымаў сярэднюю музычную адукацыю. Некалі на танцах, на вяселлі або якой іншай пагулянцы музыканту надзявалі адмысловы галаўны ўбор. Як і сама балотная расліна, з якой ён зроблены, той называецца “кузьма”. На канцэртах і ў святы жанчыны ўзнаўляюць музычную спадчыну сваёй вёскі, дэманструючы, якая яна была багатая, а сельскае жыццё — цікавае, вясёлае, творчае. Адны толькі танцы “Каза” ды “Мікіта” чаго вартыя — жываты парвуцца ад смеху і ў тых, хто скача, і ў гледачоў. Безумоўна, і ў маладосці, і цяпер клопатаў вяскоўцам хапае. Трымаюць гаспадарку, сеюць поле і агарод з дапамогай дзяцей. Добра, што дзеці жывуць у вёсцы або ў раённым цэнтры, а якія далей — наведваюць, дапамагаюць у вялікіх сезонных клопатах. Удзельніцы гурта “Завіца”, як і іх мужыкі, — людзі працавітыя, на ўсе рукі майстры. Мужчыны сваімі рукамі хаты збудавалі, некаторыя мэблю зрабілі, гаспадарскі посуд. А іх жонкі доўгімі зімовымі вечарамі пралі, ткалі, вышывалі. Ва ўсіх захоўваюцца калекцыі тканага і вышывак. Сваіх, а таксама бабуль і мацярок. Соф’я Мікалаеўна такія цудоўныя паясы пляце рукамі на дошчачках! А яе ложак з пышнымі падушкамі ў вышыўках гладдзю — гонар гаспадыні. Некалі пайшла замуж у сям’ю, дзе жыло ў адной хаце 15 чалавек. І дружна жылі, паважалі і любілі адно аднаго. У самой 5 сыноў і дачка, 14 унукаў, 1 праўнучка. Дзеці і ўнукі кажуць, што смачнейшага хлеба за той, што пячэ бабуля, няма на свеце. Соф’я Мікалаеўна — лідар гурта, выдатная расказчыца і захавальніца мясцовых скарбаў. Каля яе гуртуюцца астатнія. Ганна Аляксееўна — жонка мужавага брата. На мясцовай гаворцы яны называюцца “ятраўкі”. І ў Ганны Аляксееўны тканага, вышыванага — поўная шафа. А якія карункі яна вяжа — вачэй не адвесці. На кожным ручніку, настольніку або вышытай прасціне — новы ўзор. З сямі гадоў расла сіратой, то вучылася спяваць ад дзядзінай, а пасвячы кароў, развівала голас. Браты Рабцэвічы — мужыкі рукастыя, але апошнім часам пачалі хварэць на сардэчныя хваробы. Пастарэлі дубкі… Гэта іхным рабінкам шмат жалю задае. Але не здаюцца, змагаюцца з немаччу Рабцэвічы. Спадзяюцца, што яны ж крэпкага кораню галіны. Таццяна Васільеўна з мужам трымае, як і астатнія, і каня, і карову з цялушкай, свіней, курэй, але паспявае яшчэ і вышываць па канве і гладдзю. Соф’я Фёдараўна нарадзілася і жыла да замужжа на хутары — кажа, зручней, чым у вёсцы, гаспадарку весці.

Трэба адзначыць, што сяло Раздзялавічы — незвычайнае. За царом сюды ссылалі разжалаваных рускіх афіцэраў. Яны і заснавалі паселішча, пабралі замуж мясцовых дзяўчат. Можа, таму ўсе раздзялавіцкія мужыкі крэпкія, цягавітыя, загартаваныя працай. Зямля, навакольны лес і балота заўсёды кармілі, давалі здароўе. Кажуць, Рабцэвічы — прозвішча шляхетнае, яго носіць большасць вяскоўцаў, адрозніваюць адно аднаго па мянушках. Вёска проста ўпіраецца ў Выганашчанкае балота, адзін яе канец так і называецца — Канец, а другі — Даліна. У адным і ў другім канцы спрадвеку стаялі аброчныя крыжы, на змену якім паставілі новыя. Праз рачулку Бобрык быў драўляны масток — месца танцаў і пагулянак моладзі, дык яго і цяперашняя моладзь аблюбавала для спатканняў. Хоць у Раздзялавічах вельмі прыгожы і прасторны дом культуры, але ж трэба захоўваць традыцыі…

З усіх традыцый у сяле, якое стала аграградком, ёсць унікальны калядны абрад: на Шчодры вечар з Казой, апрануўшыся ў вывернутыя кажухі, абыходзяць вёску шчадравальнікі і нясуць на высокім кіі гарбуз са свечкай у ім. Адкуль такі звычай, ніхто не ведае, але ён тут існуе спрадвеку. Запісваюць Каляды тут таксама цікава: гаспадар ставіць крыжы нажом на усіх дзвярах і вокнах, абсыпае іх куццёй. А ў хаце сыплюць куццю дзяўчынкам у фартушкі, а тыя раскідаюць па хаце: каб пчолы добра раіліся і вырас добры ўраджай. Дзень называецца Паабедкаляда. Вясну сустракаюць на Стрэчанне вельмі прыгожай песняй. А там і птушак сустракаюць печывам на 40 святых 22 сакавіка — таксама з песнямі. Летам 2014 года “Завіцу” запрасілі ў Польшчу на фальклорны фестываль. Іх там ужо добра ведаюць, бо спявачкі выступалі ў Любліне, а гэтым летам іх наведалі польскія даследчыкі фальклору. Дай Божа здароўя раздзялавіцкім спявачкам таго года дачакаць і ў Польшчы паспяваць, патанцаваць. Гэтыя людзі з палескіх балот асаблівыя.

Фота: Аляксей Сталяроў

 

 

Тэгі: Берасцейшчына

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 11.01.2018 10:48:10