:: calculation
2015
Загаловак text
Былыя гаспадары
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
24.10.2015
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Былыя гаспадары

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Навошта ведаць колішніх уласнікаў музейных сядзіб?У 1976-м для стварэння Дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту загадам Міністэрства культуры арганізавана рабочая група, у склад якой увайшлі архітэктары, гісторыкі і этнографы. Перад яе ўдзельнікамі стаяла галоўная мэта: вывучыць, знайсці, зафіксаваць і перавезці помнікі народнай драўлянай архітэктуры, прадметы побыту. Але часта гісторыя людзей, жыццё якіх было звязана з помнікамі архітэктуры, заставалася па-за ўвагай музейшчыкаў. Натуральна, з цягам часу “сваімі” сядзібамі пачалі цікавіцца былыя гаспадары.

Самай першай з былых уладальнікаў помнікаў-сядзіб у музей наведаць родную хату ў свой час прыехала з вёскі Заброддзе Стаўбцоўскага раёна Гелена Валяр’янаўна Бець. Унікальны чалавек, яна нарадзілася ў 1914 годзе і пражыла доўгае жыццё — амаль 100 гадоў, была вельмі паважаным чалавекам, а яе хата — своеасаблівым цэнтрам жыцця ўтульнай вёскі з дагледжанымі дамамі, брукаванай дарогай і прыдарожнымі разнымі крыжамі. Супрацоўнікі музея атрымалі ад Гелены Валяр’янаўны каштоўны комплекс прадметаў: сямейны архіў, які складаецца з дзясяткаў дакументаў канца ХІХ — 30-х гадоў ХХ стагоддзяў. Сярод іх — страхоўкі, дакументы па судовых справах, планы забродскай сядзібы, кнігі і часопісы, ашчадныя кніжкі, папяровыя грошы і векселі, фотаздымкі. Налета супрацоўнікамі музея плануецца экспанаванне гэтага сямейнага архіва ў экспазіцыі хаты з Заброддзя, каб стварыць дакументальна пацверджаную, дакладную карціну паўсядзённасці, якая існавала ў канкрэтным месцы сто гадоў таму.

Дзякуючы колішнім гаспадарам сядзіб, раскрываюцца праўдзівыя гісторыі з лёсаў музейных хат. Так здарылася з музейнай сядзібай з вёскі Садавічы Капыльскага раёна. Праз Алену Гуцановіч — праўнучку Платона Гуцановіча, які ў пачатку ХХ стагоддзя будаваў гэтую хату, супрацоўнікі звязаліся з Вольгай Мароз, якая жыла ў гэтай хаце і добра памятае свайго дзеда.

Платон Гуцановіч, па сведчанні Вольгі Рыгораўны, нарадзіўся ў 1850-х, быў чалавекам пісьменным, набожным, добрым гаспадаром. У самым пачатку ХХ стагоддзя ён паехаў на заробкі ў Амерыку. У Чыкага засталіся яго старэйшыя дзеці, сам Платон вярнуўся на радзіму, пабудаваў хату, якая зараз экспануецца ў музеі. У Платона і яго жонкі Ульяны было 16 дзяцей, выжыла з якіх толькі восем.

Вольга Рыгораўна распавяла пра гісторыю сям’і, лёс дзяцей, унукаў Платона. Аб тым, што Вальдамар Гуцановіч — унук Платона, які на той час працаваў генеральным канструктарам на заводзе “Форд” у Чыкага, у 1960-х здзяйсняў турнэ па краінах Еўропы, быў у СССР — у Маскве, Ленінградзе, Мінску. На малую радзіму яго не пусцілі, а на сустрэчу ў Мінску дазволілі прыйсці толькі стрыечнаму брату...

Пасля смерці Платона ў хаце гаспадарыў яго сын Серафім са сваёй сям’ёй, разам з імі ў каморцы жыла сястра Серафіма — Зося. У музеі можна ўбачыць гэтае жыллё, а таксама прадметы ткацтва, вырабленыя яе рукамі. Калі не стала Зосі, Серафіма, яго жонкі, хата трапіла ў калгас, а пасля — у музей.

Некалькі іншая гісторыя з’яўлення ў музеі хаты з вёскі Агароднікі сучаснага Слуцкага раёна. Хату, згодна тэстаменту Франі Савановіч, перадалі ў музей яе дзеці. Савановічы да гэтага часу жывуць у Агародніках Падзерскіх (на Случчыне ёсць яшчэ Іванаўскія Агароднікі і Цараўскія Агароднікі). У адну з кастрычніцкіх субот музей наведаў са сваёй сям’ёй Мікалай Савановіч. Ён падарыў фотаздымак 1954 года, на якім каля роднай хаты, што зараз на тэрыторыі ўстановы, сямігадовы Мікалай на руках у бацькі — Васіля Аляксеевіча (1889 — 1963), яго маленькая сястрычка Святлана на руках у маці — Франі Паўлаўны (1900 — 1988). На другім плане стаяць старэйшыя дзеці — Мацвей, Вова, Ларыса.

Цікавасць такіх сустрэч для супрацоўнікаў музея і ў тым, што па ўспамінах былых гаспадароў сядзіб можна ўзнавіць некаторыя часткі экспазіцыі. Так, Мікалай Васільевіч згадаў, як у хаце віселі абразы. Асаблівы інтарэс выклікаў расповед пра размяшчэнне іх у сенцах.

Музей сябруе з сем’ямі былых гаспадароў сядзіб. Так, напрыклад, Вольгу Гуцановіч адміністрацыя музея ў гэтым годзе віншавала з 80-годдзем. Мы плануем збіраць людзей, якія могуць расказаць пра сваё жыццё ў гэтых хатах, на святы для расповеду наведвальнікам пра тагачасны побыт, гісторыю сядзіб.

Помнікі, прадстаўленыя ў Музеі народнай архітэктуры і побыту, — аўтэнтычныя. Яны моцна звязаныя з лёсамі людзей. Кожнае бервяно помніка, кожны прадмет захавалі энергію рук людзей, якія іх стваралі. Гэта нябачная энергія ўражвае, кранае сэрцы. Хочацца, каб музейныя хаты не былі безаблічнымі, каб у іх распавядалася таксама і пра колішніх гаспадароў. Жадаем таксама, каб не перарывалася сувязь з роднымі тых людзей, якія будавалі хаты, жылі у іх, працавалі, паміралі. Само жыццё падказвае кірунак далейшага развіцця скансэна.

Установа вядзе работу па пошуку людзей, звязаных з помнікамі архітэктуры, якія экспануюцца ў музеі. Калі чытачы “К” валодаюць інфармацыяй: ведаюць гісторыі з жыцця музейных помнікаў, знаёмыя з людзьмі, якія могуць распавесці пра іх, захоўваюць прадметы побыту, — просім звязацца з намі праз электронную пошту museum@etna.by, а таксама праз старонкі музея ў сацыяльных сетках.

Аляксандр ІСАКАЎ, намеснік дырэктара па навуковай рабоце,

Наталля ГЕРМАЦКАЯ, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.05.2018 03:21:04