:: calculation
2014
Загаловак text
Медыятар — нарубы
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
26.04.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Медыятар — нарубы

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Адна з загадак палескай пахавальнай аўтэнтыкіПахавальныя звычаі і абрады — частка чалавечай культуры, якая адлюстроўвае складаны комплекс уяўленняў нашых продкаў. Галоўны ўплыў на характар пахавання рабілі рэлігійна-міфалагічныя ўяўленні, што вызначалі тып апошняга. Таксама на аздабленне могілак уплывае этнакультурная традыцыя ды прыродныя ўмовы мясцовасці.

Незвычайныя прадметы на палескіх могілках.

На беларускіх землях пахавальныя звычаі зведалі шэраг істотных эпахальных трансфармацый і былі звязаны са зменамі ідэалагічных, этнакультурных комплексаў — ад язычніцкага трупаспалення з палямі 7пахавальных урнаў (клошаў), курганамі, ямкамі да хрысціянскага пахавання цела ў курганах, дамавінах, могілках з прамакутным абмураваным насыпам… Сярод гэтых разнастайных аздабленняў вылучаюцца могілкі Палесся — аднаго з найбольш багатых этнакультурных рэгіёнаў Еўропы. У пачатку ХХ ст. Г.Стаянаў надрукаваў у санкт-пецярбургскім часопісе “Прырода і людзі” нататку “Арыгінальныя пахавальныя помнікі”, дзе апісаў знешні выгляд арыгінальных палескіх пахаванняў ды прадставіў іх фотаздымкі.

На вясковых могілках за крыжамі клалі вялікія абсечаныя калоды, падвоеныя на адным канцы. На зрэзах верхняга рага былі выразаны крыжы ці ўстаўлены іконы. Як адзначае аўтар, калоды называліся па-рознаму, да прыкладу, у Кобрынскім павеце — “нарубы”. Іх клалі на могілкі пасля таго, як устанаўлівалі крыж, у час бліжэйшага Наўскага Вялікадня — дня, калі паміналі нябожчыкаў на могілках ежай і пітвом, пакідалі ім ежу. Г.Стаянаў прыводзіць магчымыя тлумачэнні звычаю: надмагільныя калоды — гэта своеасаблівыя сталы ці нават лаўкі, бо балоцістая глеба не дазваляла сядзець на зямлі. “Нарубы” — гэта і рэшткі старога звычаю закрываць пахаванне каменнем ці вялікімі кавалкамі дрэва, каб захаваць ад дзікіх жывёл, у прыватнасці — ваўкоў.

Прамыя аналагі гэтага звычаю знайсці складана. Масіўныя прадметы, рэчы маглі ўстанаўлівацца ў старажытнасці над асобнымі могілкамі. Гэта і каменныя кладкі, і камяні з рунамі ў датчан, і хаты-дамавіны ў пэўных беларускіх раёнах. Увогуле, семантыка пахавальных калод знаходзіцца ў сістэме беларускіх традыцыйных міфалагічна-магічных уяўленняў. Перш-наперш тое тычыцца магічнага значэння калоды, палена. У беларускай абраднасці дадзеныя прадметы былі ўключаны ў разнастайную рытуалістыку: калода, праз якую скакалі, звяртаючыся са слоўнай формулай да загадкавага язычніцкага бажаства, палена з сучкамі, якім чэрці падменівалі немаўлятку. “Калодку” прывязывалі да нагі дзяўчыны ці, радзей, хлопца, што доўга не бралі шлюб, паленам падпіралі дзверы дзяўчыны, каб яна не пайшла ў шлюб, і г.д. Так ці інакш, калода, палена — семантычная мяжа, прадмет-медыятар паміж светам рэальным і сакральным, нормай і яе парушэннем.

Мадыфікацыя калоды — зроблены з выламанага кавалка дрэва, абструганы без нажа крыж меўся ў пахавальнай абраднасці беларусаў. Такі крыж называўся “кладкай”. Ён не ставіўся, а клаўся на пахаванне “грэшнай” жанчыны (крыж з дрэва мог замяняцца крыжом з цаглін і камянёў). У дадзеным выпадку пакладзены на магілку драўляны ці каменны крыж мае негатыўны змест: пакуты душы за грахі.

У сваю чаргу, Г.Стаянаў не сведчыць, былі “нарубы” паўсюднай з’явай ці ставіліся на асобных пахаваннях. У тым выпадку, калі праўдзіва другое, магчыма, што функцыя калод — адзначыць асобных нябожчыкаў.

Як адзначана ў апісанні Г.Стаянава, адзін канец калоды — падвоены, што выводзіць на семантыку падвоеных на канцы прадметаў у беларускай традыцыйнай культуры. Гэта спарыш — падвоеныя каласы на сцябле, вілка кажана (костка гэтай істоты, распаўсюджаная прылада для магічных дзеянняў). Дадзеныя прадметы традыцыйна надзяляліся магічнымі якасцямі. Асобна адзначым Спарыш — міфалагічны персанаж, які атрымаў назву і якасці магічнага падвоенага коласа. Як лічыць беларускі этнолаг Т.Валодзіна, Спарыш звязаны з душамі нябочыкаў, продкамі, а спарыш-сноп і спарыня-“барада” суадносяцца з апошнімі каласамі на полі і праз гэта з продкамі, бажаством паміраючай і ўваскрасаючай расліннасці.

Па форме пахавальная колода нагадвае масіўны рагач сахі з дзвюма ручкамі. Апасродкавана саха звязана са смерцю; лічылася, што калі араць першы раз зямлю вясной чорным ці палавым валом, дык у сям’і нехта памрэ. У беларускіх міфах у саху прымусова запрагаюць звязанага са светам нябожчыкаў змея, які арэ вялікія абшары і пасля памірае.

Асаблівае значэнне мае тое, што “нарубы” клаліся на Наўскі Вялікдзень (Нябожчыцкі Вялікдзень) — свята шанавання нябожчыкаў, якое адбывалася ў розных мясцінах у чацвер пасля Вялікадня, На радаўніцу, у чацвер (Наўскі Чацверг) тыдня пасля Троіцы (на Палессі). Г.Стаянаў адносіць свята да чацвярга Перадвелікоднага тыдня, што з’яўляецца памылкай ці, магчыма, мясцовай асаблівасцю. Асноўны змест свята складала трапеза са спецыяльнымі стравамі на могілках, “частаванне” нябожчыка ежай. У кантэксце свята размяшчэнне памінальных калод мае значэнне ўсталявання звышрэальнай сувязі з нябожчыкам, магчыма, яго ачышчэння. Бо наўкамі ў славянскай, у тым ліку беларускай традыцыі называліся і небяспечныя нябожчыкі — крывасмокі. На Беларусі наўка — нябожчык першага года пасля смерці, і, магчыма, пахавальная калода — медыятар у містычнай сувязі з ім ды, адначасова — абярэг ад ператварэння ў злога і небяспечнага нябожчыка.

Праблема палескіх “нарубаў” патрабуе далейшага вывучэння, бо звязана з арыгінальным аўтэнтычным звычаем, які складаў адметную спецыфіку нашай культуры.

Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 11.05.2018 09:52:58