:: calculation
2013
Загаловак text
Які «куст» без «радзюжкі»?!
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
12.09.2013
Катэгорыя category
рэпартажы
Анатацыя text

Пра абрад 12.06.2011. Публікацыя з'явілася на сайце толькі ў 2013 г. Водзіць гурт, які цяпер завецца "Вытокі". У 2011-м, мабыць, яшчэ заваўся "Світанак". 

Поўны тэкст text

У вёсцы Дзятлавічы Лунінецкага раёна навідавоку дыялог розных эпох, якія ўвасоблены гэтым суперхуткасным матацыклам і старажытным абрадам пад назваю «Куст». Менавіта дыялог, а не канфлікт. Вёска жыве па сучасных законах і імкнецца не адстаць ад хады часу. І разам з тым не адмаўляецца ад спадчыны мінулых стагоддзяў, захоўвае вытокі народнай культуры. Летні абыходны абрад «Куст», які штогод тут ладзіцца — толькі адна з праяў палескай самабытнасці. А колькі ёсць іншых традыцый і звычаяў, якія вылучаюць Дзятлавічы сярод населеных пунктаў са страчанымі назаўсёды адметнасцямі!.. Кіраўнік невялікага прадпрыемства ў Дзятлавічах Аляксей Кацуба (на фотаздымку) лічыць добрай прыкметай сустрэчу з «кустом» — сапраўдным помнікам мінуўшчыны.


«Куста ў нас водзяць на другі дзень «Трэйцы», — сказала па тэлефоне завадатарка народных абрадаў Алена Яскевіч. — Спачатку апранаем жанчыну ў лісце, потым вядзём па вёсцы, заходзім нават у тыя двары, дзе нас не чакаюць. «Куст» спрыяе дабрабыту і здароўю, як яго не чакаць?! А як «накустуемся», ідзём да ракі і працягваем святкаваць на «радзюжцы».

Я не стаў разважаць над тым, ці трэба ехаць здымаць амаль зніклы абрад. У Беларусі засталіся адзінкі месцаў, дзе яго яшчэ можна заспець. І адно — на лунінецкай зямлі, у Дзятлавічах. А наконт адлегласці… Падумаеш, дзвесце пяцьдзясят кіламетраў ад сталіцы.

«Мы радзімо Куста
З зялёнага клёну.
Дай нам, пане,
Хоць па залатому…»

Пад спевы гэтай песні дзятлавіцкая настаўніца Галіна Брэзіна літаральна знікала пад убраннем з кляновага лісця, ператваралася ў непазнавальны, бадай міфалагічны вобраз. З галавы да пят у зялёным. На галаве кляновы вянок. Сёлета яна выконвала ролю чараўніцы, якая здольная перадаваць энергію дабрыні і любові, такія неабходныя ў нашы дні. Менавіта так рабілі «кусты» сто, а мо і тысячу гадоў таму.


Спачатку «куста» павялі па шырокай неасфальтаванай вуліцы, і, каб не сілуэты сучасных будынкаў Дома культуры і школы, я мог бы лёгка паверыць, што апынуўся ў пазамінулым стагоддзі. Першым на шляху «куста» быў двор Лідзіі Кацубы, якая не разгубілася і хуценька вынесла на ганак засланы стол з чарачкамі і прысмакамі. Усе хатнія таксама павысыпалі на двор вітаць зялёную госцю і дзякаваць за спевы. Удзельніцы не прымусілі чакаць:

«… А ў нашага Куста
Невялічкі ножкі.
Да вэн не боіцца
Вялікай дарожкі…»

«Куст» падобны на Каляды тым, што за песні і пажаданні гаспадары дзякуюць грашыма ці нечым смачным. Цяпер стала абавязкам класці ў мех ці кош яшчэ і пляшку гарэлкі. А таксама ўдзельнікі абраду могуць перакрыць дарогу, і тады кіроўцы павінны «адкуплівацца». За гэта як абярэг атрымліваюць галінку клёну. Транспарту ў Дзятлавічах, па сучасных мерках, аж занадта. І «куст», які б зялёны ні быў, хутка агаляецца. Вуліц і падворкаў, якія трэба абавязкова наведаць, яшчэ шмат. Як не завітаць да Ніны і Мікалая Канапацкіх, Вольгі Косач, Георгія Чарнавокага, Паўла Чарнавокага, Кацярыны Чарнавокай, Васіля і Кацярыны Молчанаў, Аляксандра і Наталлі Насковічаў, Аляксандры Кацубы… Яны ж такія паважаныя і шчырыя людзі!

Старэйшая жыхарка вёскі Харціна Кацуба пасцяліла перад ганкам ручнік, каб можна было, як раней — паставіць «куста» на ручнік. Галіна Брэзіна скідвае басаножкі і асцярожна становіцца на бялюткі саматканы твор народнага мастацтва. Па просьбе гаспадыні пачынае спяваць «Падаляначку». Удзельніцы гурта «Світанак» падхопліваюць:

«Да пасвіла Подоляночка вола,
Да ехалі казакі з зялёнай дубравы.
«Кідай, кідай, Подоляночка, вола
дай поедэмо з намі…»


У жанчын-паляшучак, якія пражылі доўгае і нялёгкае жыццё, на вачах блішчаць слязінкі. Песня зноў кранула іхнія душы, нагадала пра маладосць. Яны цалуюць «куста» за імгненні шчасця.


Зусім блізка да ракі. «Куста» вядуць на бераг, каб кідаць у Цну вянкі.


Алена і Мікалай Яскевічы — кіраўнікі дзятлавіцкага Цэнтра культуры — тлумачаць, што «кустом» можа быць шчаслівая ў шлюбе і сям’і жанчына, добрая гаспадыня, выдатная маці. Галіна Брэзіна — шматдзетная маці і ўжо бабуля, роля «куста» — яе роля.


«Трэйца», як кажуць у Дзятлавічах, завяршаецца на «радзюжцы» — разасланай даматканай коўдры ці абрусе. Выстаўляюцца ўсе «кустовыя» пачастункі. А які абрус без песні?!

«… Да горэ тому жыці,
Хто жонкі не мае.
Выйдзеш за ворота —
Траўка зелянее.
Да за хорошым мужэм
Жонка молодзее.
А за нядобрым мужам
Лічанько марнее…»

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.
Лунінецкі раён.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.03.2018 23:33:23