:: calculation
2017
Загаловак text
Сюрпрызы Каляднага фэсту
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
17.12.2017
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text
  •  
  •  

Калядны фэст сёлета пройдзе ў дзясяты раз і збярэ шмат легендарных гуртоў. З чым СТАРЫ ОЛЬСА, ЯВАРЫНА і АДАРВІРОГ выступяць на юбілейным Калядным фэсце? Некаторыя з удзельнікаў падзяліліся з НЧ планамі на выступ і на жыццё, а таксама распавялі, чым запомніўся 2017 год.

Гурт СТАРЫ ОЛЬСА на Дударскім фэсце, 2017 год

Гурт СТАРЫ ОЛЬСА бадай і прадстаўляць не трэба. Пачынальнік і ўжо класік медывальнага накірунку ў Беларусі, выпусціў шмат альбомаў, тры разы гастраляваў у ЗША.

Прывядзем толькі некалькі цікавых фактаў, якія не ўсе ведаюць:

  • Назва гурта паходзіць ад наймення рэчкі, што працякае ў Клічаўскім, Бярэзінскім і Кіраўскім раёнах і ўпадае ў Бярэзіну.
  • Ужо 10 гадоў у складзе «Старога Ольсы» шэсць чалавек.
  • Музыка з’яўляецца асноўнай крыніцай даходу ўдзельнікаў.


Зміцер Сасноўскі, лідар гурта СТАРЫ ОЛЬСА, вядоўца Каляднага фэста:

— Сёлета прайшло двое нашых амерыканскіх гастроляў: узімку і ўвосень. Чамусьці шмат хто думае, што ў ЗША мы граем рок-класіку ў сярэднявечнай апрацоўцы. Не, там вельмі шмат гуртоў, што выконваюць каверы, а сярэднявечную музыку амаль ніхто не грае. Як і ў Еўропе, там часцей сустрэнеш камерныя аркестры з рэпертуарам Рэнесанс-Барока-класіка. Сярэднявечную, гарадскую, вулічную музыку граюць мала. Амерыканцам гэта вельмі цікава. На 2018 год планавалася тры нашыя туры ў ЗША, але мы не пацягнем, таму будзе два. У першы ляцім ужо 17 студзеня.

Беларусаў на нашы амерыканскія канцэрты прыходзіць няшмат. Звычайна ў зале адна-дзве беларускія сям’і, можа, тры, астатнія нашы слухачы — амерыканцы. У ЗША нашы суайчыннікі, як і па ўсім свеце, вельмі раз’яднаныя. Ёсць некалькі згуртаваных суполак, як у Нью-Ёрку, Чыкага. Вельмі шмат зямляцтваў, накіраваных на выхадцаў з былога СССР, тых, хто ўмее гутарыць па-руску. 

Зміцер Сасноўскі на Дударскім фэсце. 2017 год.


Сёлета ў нас выйшаў альбом застольных песень, што выконваліся ў розных месцах — ад карчмы да замка — «Вада, хмель і солад». Кампазіцыі мы збіралі чатыры гады, самі таго не ведаючы, і вось яны тэматычна аб’ядналіся. Гэты альбом, як і мінулы, спачатку выдадзены ў ЗША, і толькі потым у Беларусі. Але я хацеў бы працытаваць адміністратара кавярні «Грай», які, пабачыўшы мяне пасля гастроляў, сказаў: «Вось цяпер я веру, што вы патрыёты! Тры разы ездзілі ў ЗША і ўсе вярнуліся!».

На Калядны фэст мы падрыхтавалі песню «Курдыш», напісаную Францішкам Багамольцам у XVIII стагоддзі, з альбома «Вада, хмель і солад». Яна выконвалася ў Нясвіжскім замку падчас візітаў гасцей, у тым ліку Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай. Яшчэ выканаем калядны кант ХVI стагоддзя «Дзікова галава», які адзін беларускі студэнт знайшоў у бібліятэцы Оксфардскага ўніверсітэта і выслаў нам. На Калядным фэсце гэта кампазіцыя прагучыць упершыню. Гэта старажытная традыцыя, калі галаву дзіка гатавалі, упрыгожвалі ўсялякімі зёлкамі ды ўносілі ў залу, дзе святкавалі Каляды. Ну і, канечне, на фэсце будзем граць усялякія вясёлыя мелодыі. 

Мы актыўна займаемся падборам апаратуры — звычайная для перадачы тэмбраў музычных інструментаў не вельмі пасуе. Задумваемся пра тое, каб мець у ЗША дадатковы набор і апаратуры, і інструментаў, бо іх перавоз самалётам дужа шмат каштуе. Інструмент нельга надоўга пакідаць, але калі ён захоўваецца, скажам, пару месяцаў, то за гадзіну грання яго ўласцівасці аднаўляюцца. 

Гурт ЯВАРЫНА на Днях жывой археалогіі ў Кярнаве, Літва. 2017 год. На пярэднім плане – Маргарыта Кубенкевіч.



Гурт ЯВАРЫНА — камерцыйны праект, мае сярэднявечную, рэнесансную праграмы, выконвае танцы народаў свету. У складзе — музыкі, танцоры, фаершчыкі. Удзельнічаў у першым Калядным фэсце.

Маргарыта Кубянкевіч, лідарка гурта ЯВАРЫНА:

— Мы даволі даўно не выступалі ў Мінску на зборных канцэртах. Гралі ў Дудутках, на Суле, на розных рыцарскіх фэстах, пераважна за межамі Беларусі: у Аўстрыі, Літве, Польшчы. Звычайна нас запрашаюць паўторна, лета-2018 ужо амаль цалкам распісанае. Бывае так, што, выступіўшы, нават не паспяваем пераапрануцца, сядаем у аўтобус і едзем на наступны фэст.

Мы радыя сёлета зноў выступіць на Калядным фэсце. Абавязкова сыграем самыя папулярныя мелодыі, каб можна было адарвацца, павесяліцца. Не абыйдзецца без новых твораў. У залежнасці ад дыспазіцыі на сцэне, магчыма, будзе паказальны танцавальны выступ. Абавязкова зладзім майстар-клас на танцполе. Галоўнае, што мы будзем рабіць свята! Забаўляць і весяліць публіку, бо такі фармат фестывалю.

Танцавальны майстар-клас гурта ЯВАРЫНА на Днях жывой археалогіі ў Кярнаве, Літва. 2017 год.

У планах ЯВАРЫНЫ — выпуск студыйнага альбома. Пакуль у нас ёсць толькі адзін live-запіс. Мы з’яўляемся камерцыйным праектам (выступаем прафесійна за грошы). Атрымліваем не мільёны, канечне. Але гэта добры стымул абнаўляць інструменты, строі, прафесійна паводзіць сябе на сцэне, рабіць майстар-класы. Што да танцаў, на мой погляд, прафесіяналы адрозніваюцца ад аматараў тым, што вучаць іншых. Аматары танчаць для сябе, хіба выпадкова нехта далучыцца. А калі адзін танцор вучыць 200 чалавек, гэта ўражвае. Гэта, канечне, іншая падача, не такая, як на вечарынах. Запомнілася, як я адна неяк вучыла некалькі соцень танцораў на фестывалі ў польскім Біскупіне. Як сёлета на свяце ў гонар бітвы на Нямізе 3 сакавіка публіка нас падтрымала, скакала ў пухавіках, цяжкіх ботах. Таму прыходзьце на Калядны фэст, патанчым!

Гурт АДАРВІРОГ выступае на мінскай Пешаходцы. 2017 г.



Гурт АДАРВІРОГ — бадай, самы малады ўдзельнік Каляднага фэста. Сёлета выпусціў дэбютны альбом «Край паданняў», натхнёны творамі Уладзіміра Караткевіча. Грае ў стылі melodic folk-metal. 

Дудар гурта АДАРВІРОГ Віктар Лагацкі:

— Галоўным вынікам году для Адарвірога стаў выпуск нашага альбома, да якога мы так доўга крочылі. І першая палова году, канечне, праходзіла пад знакам завяршальнай працы, усе турбаваліся пра гук, мастэрынг, выданне дыскаў і да т.п. Ну і самае непараўнальнае пачуцце — гэта яго рэліз. На Калядным фэсце выканаем некалькі кампазіцый з альбома. Можа не ўсё атрымалася так, як мы жадалі, але мы зрабілі высновы і будзем працаваць над памылкамі. Цяпер асноўныя турботы – падтрыхтоўка да Лютага фэсту, каб ён сапраўды стаў лютым.
Фота Алены Ляшкевіч

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Звязаныя сэрыі app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 25.04.2018 21:18:09