:: calculation
2014
Загаловак text
Рамесны рэнесанс?
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
18.10.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Рамесны рэнесанс?

№ 42 (1168) 18.10.2014 - 24.10.2014 г

Погляды майстроў на развіццё традыцый і саміх профіВыстаўка-конкурс “Лазовы кош” у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці сабрала майстроў з трынаццаці раёнаў Віцебшчыны і дала магчымасць прадэманстраваць талент рамеснікаў рэгіёна. Па выніках конкурсу былі адзначаны, сярод іншых, Міхаіл Гільніч з Наваполацка і Валерый Давыдаў з Браслава, якія сталі пераможцамі. Падзея зрабілася нагодай для больш грунтоўнай гутаркі па тэме развіцця рамёстваў. З названымі майстрамі я пагутарыла, але тэмы, што здаваліся мне спачатку даволі простымі, аказаліся вострымі і сур’ёзнымі. Але пра ўсё — па парадку.

Міхаіл Гільніч. Размова № 1.

Майстра Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка я заспела на рабочым месцы. Гул майстэрні чуўся пад час усёй нашай размовы, але Міхаіл ветліва пагадзіўся адарвацца ад работы ды
пагутарыць.

“Пра сябе расказваць не люблю. Нарадзіўся, ажаніўся, пахрысціўся… Як і ўсе людзі. Працаваць пачаў у савецкія часы, калі ў крамах не было чаго купляць. Тое, што зараз называюць “бізнесам”, раней мела іншае імя — “спекуляцыя”, Але, што рабіць, хацелася, каб усё патрэбнае было пад рукамі… — распавядае рамеснік. — Рабіў і раблю розную мэблю з цікавых прыродных матэрыялаў: лаза, чарот. Выкарыстоўваю ўсё тое, што ў свабодным доступе і не пашкодзіць майму эканамічнаму становішчу”.

Міхаіл Гільніч даволі неахвотна пракаментаваў сённяшнюю сітуацыю, звязаную з народнымі рамёствамі: “Склалася адчуванне, што рамяство зараз нікому не патрэбна”. Я здзіўляюся, але слухаю далей: “Навошта вылузвацца са скуры, калі людзі ўсё роўна ў першую чаргу пойдуць набываць прадукты? Але і мне хочацца працаваць не за “дзякуй”. Калі я меў магчымасць нешта прадаць, то і ў працы быў сэнс, а зараз раблю ў асноўным для сябе”.

На пытанне аб паслядоўніках пачула наступнае: “Раней у мяне было шмат вучняў. Праводзіліся форумы, майстар-класы, вучыў іх. І зараз, бывае, прыходзяць. Але няма ажыятажу ў гэтых гуртках. Я працую менавіта таму, што мне гэта падабаецца, не дзеля грошай, але ўявіце сабе майстра, якому патрэбна карміць дзяцей!”

Пытаюся пра тое, дзе можна набыць вырабы Міхаіла Гільніча, і разумею, што нідзе, акрамя Наваполацка — толькі ў маленькай краме пры Цэнтры рамёстваў. Ну, ці “па тэлефоне можна дамовіцца, але хутчэй за ўсё сюды давядзецца ехаць ці перадаваць праз трэція рукі”.

Канешне, не адкрываю даросламу чалавеку Амерыку, але прапаноўваю Міхаілу звярнуцца да маркетынгавай сістэмы ды паспрабаваць прасоўваць свой тавар, на што ён зазначае: “Разумееце, разгортваць гандаль я не маю ні магчымасці, ні жадання. Калі мне трэба нешта прадаць, то я сам спраўляюся. За такую “дапамогу” таксама трэба плаціць грошы, а з мяне шмат не возьмеш”.

Заканчвае рамеснік размову наступнай высновай: “Мы — у замкнёным коле: я залежу ад эканамічных абставін, як і мае патэнцыйныя пакупнікі ці паслядоўнікі. Магчыма, жыццё з часам зменіць такую сітуацыю…”

Валерый Давыдаў. Размова № 2.

З браслаўскім майстрам Валерыем Давыдавым я звязвалася з жаданнем пачуць нешта больш жыццесцвярджальнае. Бо калі ўжо знакамітыя рамеснікі такія безапеляцыйныя
ў сваіх выказваннях, то што
ж насамрэч адбываецца ў беларускай народнай вытворчасці?

Майстар у гэты час падарожнічаў па Брэстчыне: “За жыццё я шмат кім працаваў: эканамістам у саўгасе, старшынёй калгаса, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі, апошняе месца работы — у банку… Таму асноўная мая дзейнасць — далёкая ад творчасці. За некалькі гадоў да пенсіі пачаў думаць аб тым, чым заняць сябе ў будучыні, каб не было сумна, бо ляжаць на канапе не зусім мне ўласціва. Дарэчы, не ўвесь свой вольны час я прысвячаю рамяству, — таксама люблю рыбалку, лецішча ды іншае.

А з ужываемым мной відам пляцення я пазнаёміўся ці не выпадкова. Дачка мне сказала, што да нас у горад прыехала жанчына з Латвіі і дае майстар-клас па пляценні з лазы стужкамі. Я пахадзіў некалькі разоў — і ўцягнуўся. Раблю дэкаратыўныя кошыкі, вазачкі для цукерак або печыва. Вельмі эстэтычныя атрымліваюцца хлебніцы ды розная іншая прыгожая дробязь з лазовых
стужак”.

З надзеяй цікаўлюся, ці ёсць у нашага героя паплечнікі або, можа, вучні, але адказ нагадвае наваполацкую сітуацыю: “Напачатку нас было шэсць чалавек… А зараз працуем толькі мы з дачкой. Дарэчы, у яе фантазія лепш працуе, я ж раблю інтуітыўна. Але яна амаль увесь час занята на працы, таму рамяство для яе — у рэдкія вольныя хвіліны”.

Пытаюся і ў Валерыя пра тое, як можна набыць яго вырабы: “Каб прадаваць маштабна, трэба задзейнічаць нейкую структуру, канешне ж. Я спрабаваў праз браслаўскую краму працаваць, дык, ведаеце, мой тавар вельмі доўга стаяў на паліцах. Летам яшчэ куды ні ішло, але зімой гандлю няма. Займацца маркетынгам? Я не вялікі спецыяліст, але гурток для людзей ладзіў бы, так”.

Вырашыла падзяліцца з Валерыем Давыдавым думкамі наконт маёй размовы з яго калегам Міхаілам Гільнічам з Наваполацка, на што майстар мне адказаў з гумарам: “Ведаеце, я сёння ў Баранавічах быў. Дык не ведаў, дзе мне машыну пакінуць, бо ўсё занята іншымі. Дык хіба нашы людзі так ужо дрэнна жывуць?” Але сапраўдны адказ я ўсё ж такі атрымала, спытаўшы ў Валерыя, ці можа беларускі рамеснік пракарміць сябе сёння:
“О, не! Не! Пра што вы?..”

А зараз усё стала на свае месцы ці не? Зверымся з “Хэдлайнам рэгіёна”.

Аліна САЎЧАНКА

 

Хэдлайн рэгіёна

Мае контраргументы

Сёння купіць керамічныя вырабы — праблема для спажыўца невялікая. Літаральна ў кожным супермаркеце можна ўбачыць кітайскую “штампоўку” з выявамі славутасцей роднага краю, а таксама сучасных брэндаў — тых жа зуброў, хакеістаў…

А вось знайсці прадукцыю аўтарскую, па-мастацку аздобленую і “каб у адзіным экзэмпляры” — справа ўжо значна больш клопатная. Нават у Мінску такое дэкаратыўна-прыкладное мастацтва можна адшукаць хіба ў некалькіх месцах. І то спачатку гэтыя месцы трэба знайсці. Яскравыя ўзоры народных майстроў (хаця, хутчэй, іх можна назваць мастакамі) на паліцах не залежваюцца, а гэта азначае не што іншае, як іхнюю надзвычайную запатрабаванасць — не толькі ў замежных турыстаў, але і ў нашых суайчыннікаў.

А цяпер пра саміх майстроў. Заўсёды з вялікай павагай ставіўся да працы ганчароў, керамістаў — працы нялёгкай і, разам з тым, творчай, можна сказаць, крэатыўнай. Доўгі час з разуменнем ставіўся і да тэзіса, што, маўляў, сапраўдны мастак не павінен займацца камерцыяй, бязмежна павялічваць аб’ёмы прадукцыі на карысць спажыўцам. І ўсё ж у сённяшніх варунках, перакананы, тэзіс гэты абсалютна няслушны. Пакуль сам мастак (а тым больш — народны майстар) не парупіцца пра сябе, то няма чаго і наракаць на свой цяжкі лёс.

Можна крыўдзіцца на мае словы, але, калі нейкі ўмоўны рамеснік стварае аднатыпны гліняны посуд і просіць за свае вырабы сумы, якія не па кішэні нават прадстаўнікам сярэдняга класа, то супраць яго выступае старадаўні закон: попыт нараджае прапанову. Такое адчуванне, што некаторыя народныя майстры (а такіх вельмі шмат) лічаць, што лепш прадаць вельмі дорага адзін глечык, чым танней, але з дзясятак. Яно, можа, і так, скажаце вы, навошта ж марнаваць свой каштоўны час? Але з існаваннем падобнай пазіцыі ў нашым грамадстве ніколі не адновяцца традыцыі выкарыстання глінянага посуду ў побыце, як гэта адбываецца ў той жа Румыніі, дзе аналагічныя вырабы каштуюць у разы танней.

А цяпер пра “мастацкую гліну”. У час камандзіровак пашчасціла сустракацца з людзьмі, якія здолелі ператварыць сваё “керамічнае хобі” ў прыбытковы бізнес. Што для гэтага спатрэбілася той жа сям’і Салейкаў са Слоніма? Найперш, стварыць свой адметны індывідуальны стыль, “зрабіць” сабе імя і ўжо потым прадаваць творы мастацтва — нават у замежжы. Маюцца такія прыклады і на Лагойшчыне (адзін народны майстар пастаўляе сваю керамічную прадукцыю ў салоны Масквы), і на Брэстчыне, якая на ўзроўні ўстаноў культуры актыўна супрацоўнічае з польскім бокам.

Перакананы, што ганчарства як рамяство не толькі не знікне ў нашай краіне, не стане элітарным, але і яшчэ больш будзе папулярызавацца сярод моладзі як прэстыжная ды прыбытковая прафесія.

Кастусь АНТАНОВІЧ

 

Кажа эксперт

Юрый БОЎДА,народны майстар Беларусі:

— У керамістаў, канешне ж, свае асаблівасці працы, таму што мы павінны мець базу. А зараз усё каштуе надта дорага: і арэнда памяшкання, і матэрыялы, і печы. Мы наўпрост залежым ад дабрабыту нашых людзей. Але трэба разумець, што той, хто робіць нешта сваімі рукамі, ніколі не будзе багацеем. Ва ўсе часы рамеснік быў сераднячком…

Сітуацыю з арэндай я для сябе вырашыў наступным чынам: працую на ўласным лецішчы, дзе абсталяваў творчую майстэрню. А тыя, хто толькі пачынае, сутыкаюцца з гэтай праблемай і адразу ж рэціруюцца. Змяняюць прафесію. Я выпусціў нямала вучняў, аднак магу згадаць толькі адзінкі з тых, хто застаўся ў кераміцы. Астатнія ж — у іншых сферах. Саюз майстроў — гэта адзіная дапамога, згуртаваны калектыў, які падтрымлівае ў нялёгкія хвіліны.

Ёсць яшчэ адзін непрыемны момант: чамусьці народны мастак — гэта ганарова, а народны майстар — ужо не. Не магу сказаць, што правы ў нас аднолькавыя. Я пры сваіх заслугах, званнях і статусах з гэтага нічога не атрымліваю. З усімі цяжкасцямі ў жыцці трэба весці барацьбу, хаця для гэтага павінен быць і характар, і смеласць. Але я перакананы: калі хочаш працаваць — будзеш!..

Аўтар: Аліна САЎЧАНКАжурналістАўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 09.03.2018 10:14:12