:: calculation
2014
Загаловак text
Хто эфектыўна зробіць рэкламу аўтэнтычнаму гурту?
Дата публікацыі date
25.10.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Поўны тэкст text

Нядаўна пашчасціла наведаць раённы фэст аўтэнтычнай песні “Бабулі” ў вёсцы Закальное Любанскага раёна. Цудоўныя гурты з вёсак Ямінск, Обчын, Закальное, Рачэнь, Дарасіно, Пласток, Атраднае. Дзякуючы таму, што бабулі былі “ў сваім”, без сцэнічных строяў, публіка рэагавала вельмі жыва, канцэрт быў больш падобны да цёплых пасядзелак, чым сцэнічнага выступу.

Любы з гуртоў, што выступілі, акрамя хіба дзіцячага “Емельянаўна” (але ж патэнцыял ёсць!) мог бы стаць цвіком праграмы якога еўрапейскага фальклорнага фестывалю. Для еўрапейцаў і суседзяў з усходу Беларусь – анклаў архаікі ў цэнтры Еўропы. Сюды едуць даследчыкі і аматары фальклору, запісваюць гігабайты матэрыялу, выдаюць зборнікі, ладзяць фотавыставы, мантуюць фільмы, пераймаюць песні… І прыязджаюць не па адным чалавеку. Часта гэта групы, хай невялікія, але зацікаўленыя. Адкуль ім даведацца пра імпрэзы кшталту фэсту “Бабулі”? Палякі дык дакладна гатовыя ездзіць цэлым аўтобусам ад аднаго сельскага клуба да іншага, каб толькі хто арганізаваў.

Дык хто ж павінны займацца рэкламаваннем фальклорных мерапрыемстваў? Як атрымалася з “Бабулямі”: Сяргей Георгіевіч Выскварка, загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага дома культуры, даслаў абвестку знаёмым па Беларусі, тыя павесілі на даступныя ім рэсурсы. Такім чынам сабралася 5 чалавек на канцэрт, усе з Мінска. Зала, канечне, не была пустой: публіка на Любаншчыне любіць фальклор, прывучаная да аўтэнтычнага гучання. Узгадваецца Купалле ў любанскім парку, 2011 год. Хэдлайнеры – гурты “Юр’я” і “Альтанка”. Так, яны даўно супрацоўнічаюць з мясцовымі работнікамі культуры, запісалі тут шмат песень, запрашаюць бабуль у Мінск, і вось, сабраліся і самі з канцэртам у Любань. Публіка, не зразумеўшы творчых апрацовак фальклору і авангардных вынаходніцтваў, між тым, крычала не “Далоў са сцэны!”, не. Людзі перамаўляліся між сабой: “Нешта нашы бабулі мала выступілі. А гэтыя мінчукі – дык ужо паўгадзіны адно і тое ж”. Сяргей Георгіевіч Выскварка апавядае, што аўтэнтычны фальклор у праграму гарадскіх святаў імкнуліся ўводзіць паступова: спачатку па пары песень, потым болей. І вось, у выніку шматгадовай працы, любанская (самая шырокая!) публіка гатова выседзець паўнавартасны канцэрт на гадзіну-паўтары, слухаючы аўтэнтычны фальклор без аніякай апрацоўкі. Ці назіраючы танцы пад гармонік.

Але вернемся да фэсту “Бабулі”. Дык хто ж павінны займацца рэкламай? Зразумела, што гэта не самі работнікі культуры, у іх і так шмат працы. Акрамя фальклору, метадыст у раённай установе культуры займаецца ўсім, чым заўгодна: арганізацыяй дзяржаўных і гарадскіх святаў, юбілеяў арганізацый, упрыгожваннем памяшканняў да Новага году… Так што ім вялікі дзякуй за арганізацыю такіх вялікіх фальклорных імпрэз, улічваючы агульную загружанасць. Энтузіясты са сталіцы – таксама не прафесійныя піяршчыкі. І пазакідаць туды-сюды абвесткі – гэта яшчэ не гарантыя таго, што людзі зацікавяцца і паедуць. Таму маё асабістае меркаванне: піярам фальклорных імпрэз (канцэртаў, святаў, што носяць адкрыты характар) павінны займацца тыя, хто можа зарабіць на гэтым грошы. Аграсядзібы, турфірмы… Як ім даведацца пра тое, што ў той ці іншай вёсцы будзе цікава турыстам? Тут, на мой погляд, вялікая роля прэсы. Не работнікі ж культуры будуць ганяцца за бізнэсмэнамі. А тыя, хто зарабляе грошы на аграэкатурызме, прачытаўшы якасна зроблены матэрыял, павінны задумацца: “А як то выйсці на гэты раён? Як знайсці там чалавека, які б пагадзіўся арганізаваць усё на месцы?”. Выплывае пытанне інфраструктуры, канечне. Дзе карміць тых турыстаў, якія прапанаваць сувеніры. Зноў жа можна дамовіцца на месцы. У сакавіку, напрыклад, РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” зладзіла для сваіх сяброў паездку ў в. Обчын Любанскага раёна. Абралі Обчын, бо мясцовы гурт “Павалякі” з’яўляецца носьбітам песеннага стылю выканання, што мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, як і стыль выканання яшчэ двух гуртоў на Любаншчыне. Обчынскія песні дзяўчатам, што наведвалі гурток па спевах, спадабаліся, таму вырашылі: едзем! Пра начлег і харчаванне дамовіліся з бабулямі пры дапамозе Сяргея Георгіевіча Выскваркі і мастацкага кіраўніка Обчынскага клуба Наталлі Аляксандраўны Акуліч. Замовілі маршрутку ў мясцовага кіроўцы. Канечне, гэта каштавала нейкіх грошаў. Але які турыст не ўкладае грошы ў свае вандроўкі? У выніку атрымалася душэўная сустрэча, паспявалі разам з бабулямі, пакаштавалі вясковых прысмакаў. Для обчынцаў і гасцей бабулі разам з любанскімі танцорамі далі канцэрт і майстар-клас па танцах. Выдатныя выходныя! Да таго ж бабуль з Восьмым сакавіка павіншавалі. А ўвага для іх вельмі істотная…

Дзякуючы высілкам Сяргея Георгіевіча Выскваркі, энергіі работнікаў культуры ў сельскіх клубах, падтрымцы раённага кіраўніцтва, асабіста загадчыка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіля Сцяпанавіча Каткаўца, традыцыйная культура на Любаншчыне не занепадае. Я часта чую ад работнікаў культуры з іншых раёнаў нешта кшталту "А, Любань... Дык там бабуль шмат". Няпраўда, бабуль у Любанскім раёне столькі ж, колькі ўсюды. Яны сыходзяць адна за адной, і застаюцца адно рамесныя вырабы, што захоўваюць цеплыню іх рук, а таксама песні, казкі, танцы, запісаныя энтузіястамі.

На Любаншчыне заўсёды рады гасцям. Тут ладзяцца святы народнага календара, захаваныя носьбітамі традыцый ці адноўленыя па іх расповядах: Каляды, Масленка, Гуканне вясны, Вялікдзень, Русальная нядзеля, Пятроўскі фэст, Макавей. Практыка іх узнаўлення вартая пераймання ў іншых раёнах. Са складанай дэмаграфічнай сітуацыяй у вёсках часта сіл аднаго населенага пункта не хапае для таго, каб зладзіць свята. Таму некалькі клубаў яднаюцца і робяць свята разам. Такая традыцыя мае даўнія карані ў гасцявых кірмашах, калі на пэўнае свята родныя і суседзі з усяго наваколля з’язджаліся ў пэўную вёску: напрыклад, на Пятра – у Шыпілавічы, на Троіцу – яшчэ кудысь…

Прыязджайце! Раён чакае турыстаў.

 

Алена Ляшкевіч

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.03.2018 23:33:52