:: calculation
2013
Загаловак text
Сорак птушак на Соракі
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
30.03.2013
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Сорак птушак на Соракі

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Крычаўшчына: фольк-імпрэзы

У аграгарадку “Касцюшкавічы”, што непадалёк ад Крычава, днямі адзначылі Соракі: спявалі песні-вяснянкі, бавілі час у гульнях, вадзілі карагоды ды пяклі “жаваранкаў” з цеста. Тэатралізаваная сюжэтна-гульнёвая праграма “Сорак птушак спяклі мы на Соракі” была арганізавана работнікамі культуры СДК.

Прысвятак Саракі (на Магілёўшчыне часта кажуць “Соракі”) адзначаецца 22 сакавіка — у дзень вясновага раўнадзенства. Па ўсёй Беларусі вядомае павер’е, што на Соракі з цёплых краін на нашу старонку вылятае сорак выраяў птушак. І менавіта таму “птушынаму” печыву надавалі цудадзейную сілу…

Гэты абрад і аднавілі ў Касцюшкавічах. Свята прайшло ў адпаведнасці з мясцовымі традыцыямі: з песнямі, гушканнем на арэлях, нязменным “саракоўскім пачастункам”, а таксама — з вясёлымі гульнямі, спаборніцтвамі ды іншымі забаўкамі. У святкаванні Соракаў прынялі ўдзел мясцовыя жыхары, а менавіта — удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў СДК. Дзеці і падлеткі прымалі ўдзел у шматлікіх конкурсах: прэзентавалі лепшую птушку, вырабленую з саломкі, на хуткасць елі абрадавае печыва, мераліся сілаю, кідалі на даўжыню пруткі, згадвалі народныя прыказкі ды прымаўкі і г. д. А пераможца спаборніцтваў выканаў ганаровую місію: залез на дрэва і ўладкаваў там драўлянае кола, вакол якога астатнія дзеці вадзілі карагод ды спявалі. Галінкі ўпрыгожваліся каляровымі стужкамі, каб здзейснілася жаданае.

Арганізацыя фальклорнага свята стала выдатнай ілюстрацыяй таго, якая грунтоўная, маштабная краязнаўчая і этнаграфічная работа праводзіцца работнікамі Касцюшкавіцкага СДК ды ўдзельнікамі клубных фарміраванняў. Для таго, каб пабачыць на свае вочы вынікі гэтай працы і пераняць каштоўны вопыт у калег, 22 сакавіка ў СДК завіталі спецыялісты ўстаноў культуры Крычаўшчыны і Абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Для іх праводзіўся метадычны дзень па тэме “Экспедыцыйная работа па зборы прадметаў культуры і побыту нашых продкаў як складнік краязнаўчай работы клубнага фарміравання”.

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 11.05.2018 08:51:11