:: calculation
2014
Загаловак text
Чым сагрэемся?
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
15.03.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Чым сагрэемся?

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

8 сакавіка на 81 годзе пайшла з жыцця Зінаіда Якаўлеўна МАЖЭЙКА — вядучы беларускі этнамузыколаг, вядомы славіст і беларусіст, доктар мастацтвазнаўства. Для навукі яна пакінула працы, што ўвайшлі ў залаты фонд славянскай музычнай фалькларыстыкі і ў многім вызначылі высокі ўзровень этнамузыкалогіі ў другой палове ХХ і на пачатку ХХІ стагоддзяў. Менавіта Зінаіда Мажэйка першай на Беларусі пачала сцвярджаць ідэю неабходнасці папулярызацыі музычнага фальклору на навуковай аснове і канцэпцыю самадастатковасці музычнай культуры вуснага тыпу. Яна распрацавала праграму па аўдыявізуальнай антрапалогіі і па ўласных сцэнарыях зняла сем дакументальных музычна-этнаграфічных фільмаў. Як навуковец яна адстойвала неабходнасць экалагічнай абароны вясковай народна-песеннай культуры... Паплечнікі і вучні Зінаіды Мажэйка сёння ўспамінаюць пра яе.

Зінаіда Мажэйка са спявачкай Ганнай Вянгура.

Крыніца

— У кожнай галіне навукі і культуры ёсць флагманы, — кажа Тамара ВАРФАЛАМЕЕВА, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства. — У сферы этнамузыкалогіі і народнай культуры ўвогуле такім флагманам, знакавай фігурай для ўсіх нас была Зінаіда Мажэйка. І кожнаму з нас прысвяціла частку свайго жыцця, кожнага ўзбагаціла. Любыя творчыя зносіны з ёю заўсёды неслі не проста станоўчы эмацыйны зарад (хоць і гэта вельмі важна!) — гэта былі стасункі высокіх сэнсаў, што датычыліся гістарычнага лёсу традыцыйнай культуры, лёсу навукоўцы ў наш час, лёсу сістэмы адукацыі і перадачы ведаў… Яна была неўтаймоўным натхняльнікам на творчую работу. Сама аддала навуцы пяцьдзясят гадоў жыцця. Яе працы, на якіх студэнты вучацца і па сёння, сталі сапраўднымі эталонамі навуковага пошуку ды мастацкай творчасці. Перастала бруяць крыніца, з якой жывіліся многія з нас…

Абавязак

— Зінаіда Мажэйка заўжды вызначалася актыўнай пазіцыяй у дачыненні да прадмета сваіх даследаванняў. Яна была пераканана, што абавязак сапраўднага навукоўцы, які лічыць сябе фалькларыстам, антраполагам, — не толькі даследаваць культуру, але і выхоўваць на яе высокіх прыкладах, — адзначае Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. — Культура для яе не была абстрактнай. Зінаіда Якаўлеўна заўжды рабіла акцэнты не на нейкія фармальныя адзнакі беларусаў. Народнае мастацтва для яе жыло і знаходзіла працяг у канкрэтных вясковых выканаўцах. І яна ставілася да іх з самай вялікай павагай. Людзі гэта цудоўна адчувалі і цалкам раскрываліся ў сваіх непаўторных талентах... Калі захварэў вядомы творца Сцяпан Дубейка, спевы якога Зінаіда Якаўлеўна пастаянна запісвала, ён сказаў, што памерці не можа, бо не пабачыўся ў апошні раз з Зінаідай Мажэйка...

Пачуцці

— Нават не магу сказаць, колькі мы былі з ёй знаёмы, — згадвае Валянціна ЯШЧАНКА, выкладчык прыватнай ВНУ, кандыдат мастацтвазнаўства. — Такое ўражанне, што ўсё жыццё. Гэта былі стасункі не аспіранткі і яе кіраўніка, а вельмі добрыя сваяцкія сувязі. А як яна даглядала нас, аспірантак, пад час экспедыцый! Паехалі мы неяк разам у Шклоўскі раён. Прыходзім да спявачкі, а той патрэбна сяброўцы дапамагчы жыта жаць. Кажа: “Пагуляйце пакуль, паглядзіце, чым сяло наша жыве”. Гуляем, а насустрач — атара авечак на чале з рагатым ваяўнічым баранам. Той убачыў нас і капытом зямлю пачаў біць. Зінаіда Якаўлеўна: “Валя, уцякаем!” Беглі аж да лесу. Баран адстаў. Ледзь супакоіліся. Зінаіда Якаўлеўна рачулку нейкую знайшла, замілавана на масток-жэрдачку ўзышла. Ад радасці песню заспявала, а тая жэрдачка пад ёй і падламілася... Высыхала пад сонейкам, ішла па лесе, спявала, збірала грыбы, ды ўсе — неядомыя... Пасля такой экспедыцыі смяяліся мы яшчэ доўга… Была Зінаіда Якаўлеўна гараджанкай, але вельмі любіла беларускую вёску, яе таленавітых людзей. Усе яе грунтоўныя навуковыя працы сагрэты менавіта гэтым пачуццём...

Гонар

— Сястра таленавітая з дзяцінства, — дзеліцца Валянціна ШАСЦЯРЭНЬ, дваюродная сястра Зінаіды Мажэйка. — Пайшла ў першы клас, а навучальны год скончыла ў трэцім. Услед за настаўніцай вершаваныя казкі Пушкіна паўтарала на памяць. Была вясёлай, знаходлівай, але — і прынцыповай. Вельмі ганаруся сваёй сястрой…

Небасхіл

— Вельмі ўдзячны Зінаідзе Якаўлеўне за тое, што яна зрабіла ў навуцы, — сказаў Іван КІРЧУК, выкладчык кафедры тэорыі, гісторыі і методыкі выкладання мастацтваў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, лідар этна-трыа “Троіца”. — На яе фільмах я вучу студэнтаў старадаўнім палескім спевам. Песні Сцяпана Дубейкі, майго любімага выканаўцы, якога запісала Зінаіда Мажэйка, я вучыў сам. Праграма “Спадчына загінулых вёсак” пабудавана менавіта на палескіх песнях. Гурт “Троіца” ў сваёй творчасці, у праграме “Зімачка”, таксама выкарыстоўваў тыя песні, якія запісвала Зінаіда Якаўлеўна. Светлая ёй памяць. Такія людзі — як зорачкі на небасхіле...

Аўтар: Яўген РАГІН

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app