:: calculation
2014
Загаловак text
Ёсць што паказаць. Іншая справа — як...
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
15.03.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Ёсць што паказаць. Іншая справа — як...

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

А калі менавіта этнатурызм — рэсурс культурнай ідэнтыфікацыі Гомельшчыны?2014-ты ў Рэспубліцы Беларусь абвешчаны Годам гасціннасці. Безумоўна, вялікая роля тут надаецца арганізатарам культуры і клубным установам розных тыпаў. Разам з імі каардынуюць працэс зараджэння туріндустрыі раённыя арганізацыйна-метадычныя цэнтры і наш Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці, гісторыя якога набліжаецца сёлета да 75-годдзя. Размова ідзе аб перспектыўным уключэнні Гомельшчыны ў больш глыбінны турыстычны працэс. Для гэтага ў вобласці паступова ствараюцца перадумовы, якія павінны развівацца і надалей. ГАЦНТ разам з РАМЦ і сельскімі культработнікамі праводзіць экспедыцыі па вывучэнні ды зборы абрадавых і фальклорных традыцый. Пасля распрацоўваюцца найбольш верагодныя версіі іх бытавання — як у актыўнай, так і ў пасіўнай формах. Інакш кажучы, мы вызначалі для кожнага раёна свае прыярытэты, культурныя, духоўныя каштоўнасці ў развіцці туріндустрыі.

Ці пажадаюць удзельнікі абраду "Юр'я" на Жыткавіччыне наплыву турыстаў у сакральны для іх час?

Па маршруце спадчыны

У раёнах вобласці былі складзены турмаршруты. Напрыклад, у Рагачоўскім на тэрыторыі Збароўскага сельскага савета можна наведаць археалагічныя і ваенныя помнікі, пазнаёміцца з майстрамі. Клубныя работнікі Турскага СДК Гадзілавіцкага сельскага савета звяртаюць увагу на асаблівасці прыроды свайго краю: лячэбныя сапрапелевыя гразі, а таксама прапануюць гістарычны экскурс па сваёй малой Радзіме. Найбольш цікавым падаўся маршрут, падрыхтаваны клубнікамі Курганскага сельскага дома народнай творчасці разам з бібліятэкай: ён прысвечаны жыццю і дзейнасці земляка і пісьменніка, публіцыста і палітычнага дзеяча ХІХ стагоддзя Уладзіміра Кінг-Дзедлава. Да таго ж, маршрут уключае багаты прыродны ландшафт.

Хто такая камень-баба?

У населеных пунктах Гомельшчыны ёсць свае вясковыя святыні — язычніцкія і хрысціянскія. Да першых прылічваюць “камень-бабу”, або, як яго яшчэ называюць у народзе, “Еву” ці “Марыю”. Знаходзяцца гэтыя каменныя ідалы ў Данілевічах і ў лесе ля вёскі Баравое Лельчыцкага раёна. Каля культавых аб’ектаў праходзяць аброчныя абрады. Людзі беражліва ахоўваюць іх, а разам з імі — і легенды, паданні, звязаныя з гэтымі мясцінамі. Не менш цікавыя і аб’екты хрысціянскай культуры, да прыкладу, — абеліск мітрапаліту Макарыю Кіеўскаму ля вёскі Скрыгалаў Мазырскага раёна.

Клубныя, бібліятэчныя і музейныя работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брагінскага райвыканкама вызначылі свае мясцовыя “Сем цудаў”, сярод якіх — і “камень кахання” ў выглядзе вялікага сэрца. Размясціўся ён у парку вёскі Тэльман побач з райцэнтрам. Людская памяць беражліва захоўвае паданне: быццам бы Ілжэдзмітрый каля гэтага каменя прызнаваўся ў каханні Марыі Мнішак...

Найбольш вядомыя крыніцы — у горадзе Гомелі, Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім і Кармянскім раёнах, якія таксама з’яўляюцца сакральнымі месцамі.

Брэнды працуюць на нас

Брэндаў у нас шмат: згадайма фестывальныя дзеі ў Акцябрскім, Петрыкаўскім, Ельскім, Жыткавіцкім, Рагачоўскім, Чачэрскім раёнах... Вялікае значэнне мае і нацыянальная кухня, асабліва “местачковая.” Але, мяркую, сёння варта гаварыць аб сумяшчэнні наведванняў аб’ектаў прыроды, сакральных месцаў з “падзейным” турызмам, а дакладней — этнатурызмам, што прадугледжвае і наведванне колішніх каляндарных святаў і абрадаў.

Складзём этнапраект?

Што да ўласна этнатураў, то трэба ўлічваць матывацыю турыстычных наведванняў. Напрыклад, турыст хоча пабываць на ўваскрашэнні векавой традыцыі — старажытным рытуальным свяце ці абрадзе. Яму хочацца змяніць абставіны, набрацца новых адчуванняў, уражанняў. Для носьбітаў жывога абрадавага элемента ўсё гэта — не забаўка, а святая вера. Для гэтага яны і робяць пэўныя і рытуальныя дзеянні, суправаджаюць іх песнямі, замовамі і г.д. Таму жывы абрад для носьбітаў з’яўляецца сакральным. Гэтыя фактары заўсёды трэба ўлічваць пры складанні маршрутаў. Сёння існуе патрэба ў прадуманым фарміраванні этнапраектаў, таму ў адраджэнні этнатурызму павінны быць зацікаўлены самі жыхары населенага пункта.

Калі агратурызм існуе для забаўкі (паляванне, рыбалка, лазня), то этнатурызм — спазнанне старажытных абрадавых і фальклорных, рамесніцкіх традыцый і традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, удзел запрошаных гасцей з замежжа, “іміджавая палітыка рэгіёна”. Дадзены напрамак турызму прадугледжвае знаёмства замежнікаў з беларусамі як з народам, нацыяй.

Спецыялісты ГАЦНТ сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хойніцкага райвыканкама распрацавалі першы ў рэспубліцы праект “Этнатурыстычны маршрут па Хойніцкім раёне”. Этнатур уключае стражытны абрад “Провады русалкі” і павінен садзейнічаць культурнай самаідэнтыфікацыі ды індэнтыфікацыі, служыць інструментам у працэсе канструявання іміджа краіны для знешніх і ўнутраных аўдыторый.

Праект уяўляе з сябе арганізацыю турыстычнага маршруту з занясеннем на карту важных сацыяльна-культурных аб’ектаў. Мэта праекта: стварэнне новых форм трансляцыі іміджавай культуры Гомельшчыны. Сярод задач — аналіз “механізмаў дзеяння” турмаршруту, правядзенне цыкла адкрытых семінараў і лекцый спецыялістаў рознага кірунку.

Ці ёсць праблемы?

У раённых арганізацыйна-метадычных цэнтрах адсутнічаюць адзінкі менеджараў і культуролагаў. А менавіта апошнія павінны наладзіць арганізацыйны працэс этнатураў. Не вырашана пытанне і з экскурсаводамі: ці патрэбны яны пад час правядзення каляндарнага свята, абраду? Колькі апанентаў, столькі і адказаў на гэтае пытанне. Хранічна не хапае спецыялізаваных стаянак для экскурсійных аўтобусаў. Трэба будзе шукаць для этнатураў і інвестыцыі...

Інвентарызацыя цікавага

У працэсе інвентарызацыі народных святаў і абрадаў Гомельшчыны, а таксама правядзення іх маніторынгу, абазначыліся наступныя сегменты сельскай культуры.

Гэта Благавешчанскі карагод; абрад Ваджэння і пахавання стралы (Казацкія Балсуны), дарэчы, штогод праходзіць і ў Неглюбцы, Пералёўцы, Стаўбуне; Свята сена ў Старым Сяле Веткаўскага раёна; Сула ў Маркавічах Гомельскага; Грамніцы (Новае Палессе) і веснавы абрад “Чырачка” (Тонеж); аброчны — "Каменныя дзевачкі" (Данілевічы і Баравое) Лельчыцкага раёнаў.

У абрадах валачобнікаў на Вялікдзень удзельнічаюць жыхары вёсак Грабава, Верасніца, Семурадцы, Старажоўцы. Каляды і Юраўскі карагод адзначаюць у Пагосце Жыткавіцкага раёна. Вясну сустракаюць гуканнем вясны і карагодам “Луца” жыхары Акцяброва Кармянскага раёна. Жыхары Навінак Калінкавіцкага раёна на другі дзень Троіцы заўсёды пераносяць свячу з дома ў дом. Свята Юр’е праходзіць у Малых Зімовішчах, Троіца — у Бабранятах, Барыскавічах, Загорынах Мазырскага раёна.

У старажытным абрадзе Провадаў русалкі штогод удзельнічаюць жыхары Вялікага Бору Хойніцкага і Усохі-Буды Добрушскага раёнаў. Абрад — адзін з самых прыгожых і заўжды выклікае цікавасць у гасцей.

2014-ты ў Рэспубліцы Беларусь абвешчаны Годам гасціннасці. Безумоўна, вялікая роля тут надаецца арганізатарам культуры і клубным установам розных тыпаў. Разам з імі каардынуюць працэс зараджэння туріндустрыі раённыя арганізацыйна-метадычныя цэнтры і наш Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці, гісторыя якога набліжаецца сёлета да 75-годдзя. Размова ідзе аб перспектыўным уключэнні Гомельшчыны ў больш глыбінны турыстычны працэс. Для гэтага ў вобласці паступова ствараюцца перадумовы, якія павінны развівацца і надалей. ГАЦНТ разам з РАМЦ і сельскімі культработнікамі праводзіць экспедыцыі па вывучэнні ды зборы абрадавых і фальклорных традыцый. Пасля распрацоўваюцца найбольш верагодныя версіі іх бытавання — як у актыўнай, так і ў пасіўнай формах. Інакш кажучы, мы вызначалі для кожнага раёна свае прыярытэты, культурныя, духоўныя каштоўнасці ў развіцці туріндустрыі.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота Ірыны ГЛУШЭЦ

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 11.05.2018 09:41:36