:: calculation
2014
Загаловак text
Турпатэнцыял абрадаў: а ці ёсць ён?
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
15.03.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Турпатэнцыял абрадаў: а ці ёсць ён?

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры БеларусіМасленічны тыдзень — такі час, калі этнолагу проста не сядзіцца ў горадзе. Сёлета атрымалася з’ездзіць на масленічныя абрады ў некалькі вёсак.

На Гарадоччыне Масленка пачынаецца і заканчваецца... пахаваннямі. Не палохайцеся, пахаванні гэтыя — сімвалічныя. У першы дзень Масленічнага тыдня тут спрадвеку праходзіў абрад “Пахаванне Дзеда”, а ў панядзелак пасля Масленкі — “Пахаванне Бабы”. Дзед і Баба — гэта рытуальныя лялькі ў рост чалавека. Яны сімвалізавалі абуджэнне плоднасці зямлі, надыход цёплых веснавых дзён.

“Хавалі Дзеда” ў Гарадоцкім раёне і сёлета. Летась абрад быў узяты пад ахову дзяржавы як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Па словах метадыста Раённага цэнтра народнай творчасці Ліліі Рэзкінай, да 2013 года абрад прыцягваў увагу навукоўцаў, але журналісты ім асабліва не цікавіліся. Сёлета ж прысутнічалі супрацоўнікі ажно чатырох выданняў. У такой сітуацыі паўстае пытанне этыкі паводзін у час традыцыйных святаў. З аднаго боку, абрад з’яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю ўсяго беларускага народа, і чым больш людзей будзе пра яго ведаць, тым лепш. З іншага ж, “Пахаванне Дзеда” да сённяшняга дня ладзіцца ў вясковай хаце, дзе не так шмат месца. Журналісты замінаюць адно аднаму, трапляюць у кадр.

Калі казаць пра патэнцыял абраду для этнатурызму, то пытанняў яшчэ больш. У вясковую хату на кірмаш магло з’ехацца вельмі шмат родных і сваякоў, і ўсіх прымалі, але для турыстаў патрэбна інфраструктура. Да таго ж, ці можа быць у традыцыйнага абраду назіральнік? Ці толькі ўдзельнік? І ці этычна гэта, калі выканальніц абраду можа аказацца менш за турыстаў-“гледачоў”?

У чацвер Масленічнага тыдня, 27 лютага, выпраўляемся на Ліёзненшчыну. У Выхадцах захаваўся абрад “Цягаць калодкі”. Традыцыйна калодкай быў кавалак дрэва, які чаплялі хлапцам, што доўга не жаніліся. Цяпер ролю “калодкі” адыгрывае стужка з прымацаванымі да яе абаранкамі, цукеркамі і кветкамі з тканіны. Калодкі робяць загадзя. Захоўвае абрад фальклорны гурт Сельскага дома культуры вёскі Барсеева. Аднак усе ўдзельніцы гурта, як і мастацкі кіраўнік Юлія Гусакова, родам з суседняй вёскі Выхадцы, дзе няма клубнай установы. Таму калодкі цягаюць па саміх Выхадцах. Праз тое, што ў вёсцы практычна няма нежанатых хлапцоў, абрад мадэрнізаваўся: калодку вешаюць кожнаму сустрэчнаму любога полу — жанатаму і нежанатаму — як пажаданне дабрабыту. Абыход вёскі заканчваецца сумесным застоллем, якое складаецца з “адкупнога” і таго, што ўдзельнікі прыносяць з сабой, у складчыну. Застолле адбываецца ў нежылой хаце. Бабулі з Выхадцаў кажуць: “Клуба няма ў нас, але вось, хата засталася, яна ў нас як сацыяльная...”

У “сацыяльнай хаце” вяскоўцы часта збіраюцца на розныя святкаванні. Застолле суправаджаюць танцы і песні. На святкаванні прысутнічае Таццяна Шульган, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ліёзненскага райвыканкама. Яна распавядае аб тым, што раён даўно прапаноўвае розныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны для надання статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, але пакуль ніводны элемент не ўзяты пад ахову дзяржавы.

Старажылы Выхадцаў і суседніх вёсак памятаюць, як цягалі калодкі з самаробнага печыва. Аднак песень масленічных акапэльна ўжо ніхто не пяе. Ці можа абрад у такім выглядзе, як ён бытуе сёння, атрымаць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці — вырашаць экспертам.

Што ж да патэнцыялу абраду “Цягаць калодкі” для этнатурызму, то перспектывы, здаецца, ёсць. Абрад ладзіцца пераважна на вуліцы — кожны турыст можа далучыцца: атрымаць калодку і адкупіцца за яе пачастункам.

У нядзелю, 2 сакавіка, атрымалася наведаць вёску Тонеж Лельчыцкага раёна. Масленку тут завяршае абрад “Чырачка”, што сёлета прайшоў 2 сакавіка. Назву ён атрымаў ад печыва ў выглядзе птушак-чырачак, якія раздаюць усім удзельнікам свята, і ад адной з асноўных абрадавых песень. (Апісанне дзеі можна прачытаць у "К" № 10 за 2014 г.)

Мясцовая супольнасць у Тонежы — вельмі моцная, але асноўная частка спявачак ужо ва ўзросце. Таму дапамога загадчыка сельскага Дома культуры Тамары Прыбаловіч у арганізацыі свята аказваецца вельмі дарэчы.

Сёлета пад час абраду кінастудыя “Беларусьфільм” здымала дакументальнае відэа, якое будзе выкарыстана для надання абраду статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Абрад “Чырачка” мае вялікі патэнцыял для выкарыстання ў этнатурызме. Ён праходзіць на вуліцы, шляхоў далучэння турыстаў да абрадавай дзеі вельмі шмат (карагоды, гульні, катанне з горкі, частаванне).

Падзяліцца

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 16.03.2018 09:15:03